У Палыкавічах гарэла кватэра, пацярпела дзяўчынка

Сям’я з пяці чалавек выратавалася на пажары ў Палыкавічах пад Магілёвам – паведамляе прэс-служба МНС. Спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, пагэтаму з пачаткам задымлення гаспадыня кватэры, трое яе дачок і сужыцель паспелі самастойна эвакуявацца з дома. Адна з дзяўчынак атруцілася дымам і была шпіталізаваная.

Фота: МНС

Два браты з Горак пабачылі дым, праязджаючы міма, і выратавалі сям’ю на пажары

Браты Сяргей і Дзмітрый Варанцовы ехалі на машыне каля вёскі Зайцава Горацкага раёна, калі пабачылі дым у прыватным доме. Жыхары Горак спыніліся і зайшлі ў будынак – дзверы былі не зачыненыя. На падлозе задымленай веранды яны сустрэлі п’яных жыхароў дома – гаспадыню 1954 года нараджэння і яе сужыцеля, што нарадзіўся ў 1964-м. Браты выцягнулі іх на свежае паветра і выклікалі ратавальнікаў. Калі прыехала пажарная брыгада, дом унутры ўжо палаў – паведамляе прэс-служба МНС. Гаспадары дома не пацярпелі, прычына ўзгарання высвятляецца.

Фота: МНС

Памерла жанчына з Дрыбіна, якая выпальвала сухую траву

Цэлы шэраг пажараў, што адбыўся на Магілёўшчыне ў першыя дні красавіка, прынёс першую ахвяру веснавых выпальванняў травы. Жанчына з Дрыбіна, у якой выпальванне сухой расліннасці на падворку выйшла з-пад кантролю, памерла ў лякарні – паведамляе прэс-служба МНС. 

75-гадовая пенсіянерка атрымала апёкі 95% цела падчас пажару на сваім участку. Жанчыну спрабавалі выратаваць суседзі, збіўшы агонь і выклікаўшы хуткую дапамогу, аднак атрыманыя апёкі апынуліся несумяшчальнымі з жыццём.

Фота: МНС

Веснавыя пажары ахапілі Магілёўшчыну

Палае па ўсім рэгіёне, лясны пажар пагражае перакінуцца з Расіі.

Пагрозу трансгранічнага пажару ў гэтыя хвіліны ліквідуюць супрацоўнікі лясной аховы адразу трох раёнаў Магілёўшчыны, Касцюковіцкага, Клімавіцкага і Чэрыкаўскага – паведамляе прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі. Пажар, які палыхае на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі на мяжы з Беларуссю, можа перакінуцца на тэрыторыю Панькаўскага лясніцтва Касцюковіцкага раёна. Сітуацыя ўскладняецца сухім надвор’ем з моцным ветрам, з-за чаго па ўсёй краіне на 2 красавіка абвешчана абмежаванне на наведванне лясоў.

Веснавыя пажары, нярэдка звязаныя з выпальваннем сухой расліннасці, здарыліся адразу ў чатырох раёнах Магілёўшчыны толькі за 1 красвіка – паведамляе прэс-служба МНС. Так, выпальваючы траву на прысядзібным участку, ледзь не загінулі два пенсіянеры ў Дрыбінскім раёне, муж і жонка. Жанчына была шпіталізаваная. Агонь перакінуўся на дом у Горацкім раёне, у Чавускім раёне гарэла ферма, а ў Глускім пажарны апавяшчальнік і суседзі выратавалі ад смерці пенсіянера 1960 года нараджэння.  

Фота ілюстрацыйнае

У Чэрыкаве падчас рамонта машыны загарэлася ўся гаспадарка, кіроўцу шпіталізавалі

58-гадовы жыхар Чэрыкава трапіў у лякарню пасля пажару, выкліканым зварачнымі работамі ў гаражы – паведамляе прэс-служба МНС. Мужчына рамантаваў свой “Volkswagen Passat” і ў нейкі момант агонь выйшаў з-пад кантроля. Загарэліся рэчы ў гаражы, полымя хутка перакінулася на дах прыватнага дома. На той момант, калі прыехалі ратавальнікі, жыхар Чэрыкава ўжо знаходзіўся на вуліцы, з апёкамі 3% цела і з атручваннем прадуктамі гарэння. Ён шпіталізаваны.

Фота: МНС

Прыкаваны да пасцелі пенсіянер загінуў на пажары ў Асіповічах – замкнула электрычную грэлку

Вечарам 2 сакавіка ў Асіповічах на пажары загінуў 75-гадовы мужчына. Пасля хваробы ён быў прыкаваны да пасцелі і жыў адзін, догляд за пенсіянерам ажыццяўлялі мясцовая жыхарка, суседзі і дочкі ахвяры. Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай пажару стала замыканне электрычнай грэлкі, якой часта карыстаўся мужчына – паведамляе газета “Асіповіцкі край”.

Фота: “Асіповіцкі край”

Мужчына загінуў на пажары ў Мсціслаўскім раёне

Трагедыя адбылася позна вечарам 28 лютага ў вёсцы Лютня Мсціслаўскага раёна. Прыватны дом на вуліцы Паўночнай гарэў адкрытым полымем, унутры ратавальнікі знайшлі цела 52-гадовага мужчыны, гаспадара. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

За суткі на Магілёўшчыне два чалавекі загінулі ў пажарах

У Глуску на пажары ў прыватным доме (на фота) загінула жанчына 1970 года нараджэння – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны трагедыі высвятляюцца. Вечарам 18 лютага пенсіянер 1957 года нараджэння загінуў на пажары ў вёсцы Цішоўка пад Магілёвам. Прычына пажару таксама пакуль невядомая. Ніжэй – аператыўнае відэа МНС.

Фота: МНС

У падвале дома ў Бабруйску знайшлі цела невядомага мужчыны

Позна вечарам 1 лютага жыхарка дома па вуліцы Арджанікідзэ ў Бабруйску заўважыла, што з падвальнага памяшкання ідзе дым. Калі на месца прыбылі ратавальнікі, падчас тушэння пажару яны знайшлі ў сутарэнні цела мужчыны. Яго асоба і прычына ўзгарання зараз высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

На пажары ў Кіраўскім раёне загінуў малады мужчына

Цела мужчыны 1987 года нараджэння было знойдзена на месцы пажара ў вёсцы Новая Добасна Кіраўскага раёна. Узгаранне адбылося ў дзве гадзіны ночы сёння, 27 студзеня – паведамляе прэс-служба МНС. Прычына пажару высвятляецца.

Фота ілюстрацыйнае.