У мінскіх пакунках з-пад малака, аформленых на кітайскай мове, прадаюць горацкія вяршкі

Праблемы з пакункамі TetraPak дабраліся і да «Малочных горак». Гэта прадпрыемства знаходзіцца ў райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне.

Мясцовыя спажыўцы малочнай прадукцыі звярнулі ўвагу, што ў пакунках, прызначаных для малака разлітыя вяршкі 10-працэнтнай тлустасці. Тое ўдакладняла налепка.

Сама ж упакоўка была не з «Малочных горак», а «Малочнага гасцінца», прадпрыемства з Мачулішчаў Мінскай вобласці. Акрамя расейскай мовы на этыкетках меўся надпіс на кітайскай мове, паведамляе рэсурс Horki.info.

Праблемы з упакоўкай днямі прызнаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка.

«Ёсць пэўныя складанасці з тэтрапакам, але гэтае пытанне вырашаецца» – запэўніваў ён.

Раней беларускую прадукцыю з кітайскай мовай на этыкетках прадавалі ў Магілёве і Бабруйску. У тамтэйшыя крамы малако пастаўляла акцыянернае таварыства «Бабушкіна крынка», пісаў Магілёў.media.

Яе прадстаўнікі тлумачылі, што ў продаж прадукцыя з кітайскай мовай трапіла, бо прадпрыемства збіралася супрацоўнічаць з Кітаем.

 

На Магілёўшчыне Блакітную крыніцу апанавалі сучасныя пілігрымы, якія спадзяюцца ўратавацца ад немачы. Фотарэпартаж

Лічыцца, што чалавек, які тройчы перайшоў Блакітную крыніцу, надоўга засцеражэ сябе ад хворасці, а жыццё будзе доўгім і здаровым.

Штогод пад Слаўгарад на Мядовы спас крыніца, якую яшчэ называюць Сінім калодзежам, збірае немалую грамаду людзей. Да мясцовага прыроднага феномену прыязджаюць здалёк. Іхная мэта – прайсці праз крыніцу і запасціся вадою з яе. Лічыцца, што 14 жніўня яна мае асаблівую гаючую моц.

Раней з крыніцы неслі і гліну. Цяпер тое катэгарычна забаронена рабіць. Навукоўцы даказалі, што яна хвароб не лечыць.

Штогод ля крыніцы гандляры разгортваюць кірмаш, а праваслаўныя святары ладзяць набажэнствы. Сёлетні Мядовы спас не стаў выключэннем.

Блакітная крыніца для Ўсходне-Еўрапейскай раўніны – ўнікальная прыродная з’ява. Вада ў ёй блакітна-бірузовага колеру з высокім утрыманнем фтору і крэмнію, з 180,6 мг/л раствораных рэчываў.

Лічыцца, што гэта мясціна была сакральнай для радзімічаў – тут, нібыта, было іхнае капішча. Паводле легенды, у крынічнай вадзе ў 988 годзе прадстаўнікі гэтага племяннога аб’яднання прынялі хрышчэнне.

З прыходам хрысціянства крыніцу асвяцілі, а побач з ёю ўзвялі царкву. 14 жніўня, на праваслаўны Макавей, тут ладзяцца малебны. На свята збіраюцца тысячы паломнікаў.

Больш пра Блакітную крыніцу чытайце ў матэрыяле Магілёў.media, клікнуўшы па спасылцы.

У Горках для хлопчыка з інваліднасцю зрабілі пандус… Праз пяць гадоў просьбаў. Фотафакт

Умяшанне журналістаў дапамагло развязаць праблему. Цяпер у доме, дзе жыве сям’я Артура, хлопчыка з дыягназам ДЦП, ёсць парэнчы, адкідны шчыт для выхаду на вуліцу і зручны спуск да ходніка.

Маці Артура ўпершыню звярнулася ў мясцовыя камунальныя службы яшчэ ў 2018 годзе, як толькі стала вядома пра хваробу малечы.

У 2019 годзе старшыня райвыканкаму даручыў адпаведным службам зрабіць на ўваходзе ў пад’езд пандус. Але і тады камунальнікі не выканалі даручэння.

Замест пандуса яны зрабілі парэнчы, і толькі ўнутры пад’езда. Дзесяць прыступак ад кватэры да вуліцы маці Артура адольваць, несучы спачатку сына, дваццаці кілаграмовую каляску і торбы з прадуктамі.

Сітуацыю змагла скрануць з мёртвай кропкі публікацыя ў мясцовай газеце «Узгорак». Як паведамляла Магілёў.media , пасля асвятлення праблемы, камунальнікі правялі апытанне жыхароў пад’езда і ўзвялі пандус.

фота: horki.info

У Быхаве бядуюць, што вандалы зламалі альтанку і не зважаюць на разбурэнне мясцовага замку і будынку сінагогі

Альтанку паставілі ў парку 50-годдзя Перамогі гады тры таму і, як кажуць мясцовыя жыхары, для іх яна была ўлюблёным месцам адпачынку. Яе выкарыстоўвалі для сваіх выступленняў мясцовыя музыкі на гарадскіх святах. Упадабала яе і моладзь, якая вечарамі гуртавалася ў ёй.

bykhov.by

«Можна падумаць, што тут пранёсся ўраган. Скасавураную канструкцыю бачна здалёк. Цалкам вырваны цэлы пралёт. Унутры і звонку раскіданы рэшткі агароджы», – апісвае стан альтанкі мясцовая раёнка «Маяк Прыдняпроўя».

Адзначаецца, што ў парку высаджвалі сямейныя алеі, ставілі арыгінальныя лаўкі «прымірэння і сяброўства». Шмат моладзі прываблівала воркаўт-пляцоўка. А нядаўна тут адкрылі інтэрактыўную пляцоўку «Сувязь пакаленняў». Усё гэта ўпарадкоўвалася вакол альтанкі.

Паводле «Маяка Прыдняпроўя», мясцовая міліцыя разбіраецца ў сітуацыі. Матэрыялы аб пашкоджанні дзяржаўнай маёмасці перададзеныя ў РАУС.

Мясцовыя жыхары, аднак, звяртаюць увагу, што першай ад вандалаў пацярпела не альтанка, а таямніча зніклі лаўкі на Алеі Гарадоў, падораныя Быхаву да Дня пісьменнасці ў 2013 годзе.

На падрыхтоўку Быхава да Дня пісьменнасці ў 2013 годзе было выдзелена 200 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Запомніўся той фэст тым, што мясцовыя помнікі архітэктуры, на рэстаўрацыю якіх сродкаў няма, «упакавалі» банернымі сеткамі. 

Банэрамі былі схавалі будынак сінагогі і муры замку. На яго тэрыторыі паказушна адрамантавалі дзве вежы. Помнікі архітэктуры закансерваваныя. Уваходы заблакаваныя, бо знаходзіцца ў будынках небясьпечна. 

Пашкоджаная альтанка знаходзіцца за некалькі сот метраў ад знакавых для Быхава камяніц. Яны стаяць у горадзе некалькі сот гадоў і славяць яго ня столькі сваёй прыгажосьцю, колькі станам.

фота: hawat.by

Дзяржкантроль выявіў хіб у рэгіянальнай эканоміцы: замала інвестпраектаў

У некаторых распрацаваных інвестпраектах не могуць разабрацца кантралёры.


Інвестыцыйны праект – гэта комплекс узаемазвязаных захадаў, скіраваных на дасягненне канкрэтна вызначаных мэтаў. Ён – аснова для прыцягнення інвестыцыяў на канкрэтнае прадпрыемства ці ў галіну ў цэлым. Пісьменна складзены інвестыцыйны праект – найлепшы інструмент для паскарэння прыняцця інвестарам рашэння адносна мэтазгоднасці ўкладання сродкаў у тое ці іншае прадпрыемства.


Паводле Дзяжкантролю, рэгіянальнай эканоміцы бракуе інвестыцыйных праектаў, якія прадугледжваюць стварэнне новых і мадэрнізацыю існуючых прадпрыемстваў.

Ведамства ўгледзела, што спыненая рэалізацыя шэрагу інвестпраектаў з-за адсутнасці рэальных крыніц фінансавання. А таксама, парушэння тэрмінаў выканання прац праекціроўшчыкамі і будаўнічымі падрадчыкамі ў іх ажыццяўленні, ды складанасцяў з лагістыкай у пастаўцы абсталявання, якое закупляецца ў рамках інвестпраектаў, піша “Маяк Прыдняпроўя”.

Паводле кіраўніка Камітэту дзяржкантролю Васіля Герасімава у Магілёве прыдумалі праект з сумнеўнымі інавацыйнасцю і злабадзённасцю. Ва «Удасканаленне сістэмы зімовага ўтрымання рэспубліканскіх аўтамабільных дарог на тэрыторыі асобна ўзятай Магілёўскай вобласці» закладзеная сума ў 11 мільёнаў рублёў.

«Разбіраючыся, а што яны ўвогуле збіраюцца рабіць і вывучаць за такія грошы, я да канца зразумець так і не змог», – прызнаўся Герасімаў на пасяджэнне Савету Міністраў, дзе старшыняваў Аляксандр Лукашэнка. Шчыраванні кіраўніка камітэту дзяржкантролю падае  тэлеканал «ОНТ».

фота: mobile.twitter.com/goscontrolrb

У Горках вырасцілі гіганцкі памідор – амаль рэкордны для Беларусі

Вага самага вялікага з памідораў — амаль адзін кілаграм.

Галінка таматаў з неверагоднымі пладамі вырасла ў цяпліцы мясцовай жыхаркі Дзіны Маўло.

«900 грамаў і яшчэ больш» – такімі словамі апісвае ўраджай гаспадыня, якую цытуе рэсурс Horki.info.

Для Беларусі гэта амаль рэкордная вага. Так, на фестывалі ў Іўеўскім раёне, прысвечаным культывацыі таматаў, самы вялікі памідор заважыў 1 070 грамаў – паведамляла БелТА. Другое месца заняў плод вагою ў 976 грамаў.

Самы вялікі памідор у свеце быў вырашчаны Дэнам Сазэрлэндам у ЗША ў паселішчы Ўола-Ўола каля Вашынгтона ў 2020 годзе. Ён важыў 4 кілаграмы 896 грамаў.

фота з рэсурсу: horki.info

20 п’яных кіроўцаў, 33 п’яных пешаходы – як прайшлі выходныя на дарогах вобласці

Упраўленне ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму лаканічна падвяло вынікі працы за выхадныя дні. 6 і 7 жніўня было зарэгістравана ўсяго 2 ДТЗ, у якіх пацярпелі 2 чалавекі.

Паводле прэс-службы  ведамства ў рэгіёне было зарэгістравана 1121 парушэнне правілаў дарожнага руху, у тым ліку ДАІшнікі спаймалі 20 п’яных кіроўцаў і 44 бяспраўніка. Былі пакараныя 33 пешаходы, якія ў нецвярозым стане парушалі правілы дарожнага руху.

Фота ілюстрацыйнае, узятае з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

Сучасныя “калгасы”. Работнікі не носяць спецадзення і працуюць на няспраўнай тэхніцы 

Тэхнічныя інспэктары з афіцыйнага прафсаюзу  ў 60 гаспадарках Магілёўшчыны выявілі больш за 400 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы.

Сярод найбольш распаўсюджаных – невыкарыстанне работнікамі спецадзення, неўкамплектаванасць аптэчак, праца на няспраўнай тэхніцы, несвоечасовае правядзенне інструктажаў па ахове працы, даводзіць інфармацыйнаму агенцтву “БелТА” тэхнічны інспектар абласнога аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Сяргеенка.

Паводле яго, з пачатку года ў Магілёўскай вобласці назіраўся рост вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі і гібельлю работнікаў. Цяпер, настойвае ён, сытуацыя стабілізавалася.

За першае паўгоддзе 2022 года адбыліся 54 няшчасныя выпадкі, за аналагічны перыяд 2021-га – 55

фота ілюстрацыйнае

У Клімавічах на пяць месяцаў закрыюць мост у цэнтры гораду, для пешаходаў наладзяць пантон

Абяцаюць, што за рамонт маста цераз раку возьмуцца з гэтага тыдня.

Знаходзіцца пераправа на цэнтральнай вуліцы райцэнтру вуліцы Леніна. Каля праблемнага ўчастка дарогі для пешаходаў разгорнуць пантон, а для транспарту прадугледжаны аб’езд, піша  мясцовая раёнка «Родная ніва».

Рамонт маста будзе трываць 5 месяцаў. За працу ўзялася мінскае прадпрыемства «Спецмостбуд».

Сёлета ў сакавіку паведамлялася, што на рамонт маста збіраліся «накіраваць 800 тысяч рублёў». Адзначалася, што выдзяленне фінансавых сродкаў «добрая навіна для клімаўчан».

«Вялізная запазычанасць, нас высяляюць». Бабруйская арганізацыя дапамогі бяздомных жывёлам просіць аб дапамозе

Грамадская суполка «Дабрачыннасць» – гэта прытулак для бадзяжных і кінутых жывёлаў. Яе заснавальнікі пішуць, што «рахункі пустыя, ежу купляць няма за што, аплачваць гаспадарчыя выдаткі мы не можам».

«Жывёлы асуджаныя! Мы молім, падтрымайце нас! Не дапусціце высялення 80 сабак з перабывання! Не дапусціце голаду ў прытулку» гаворыцца ў звароце арганізацыі на яе старонцы «Укантакце».

«Дабрачыннасць» – недзяржаўная ўстанова, паўсталая з ініцыятывы невялікай групы людзей. Арганізацыя юрыдычна зарэгістраваная.

Прытулак не мае дзяржаўнага фінансавання. Ён арандуе больш за 11 сотак зямельнай дзялянкі, на якой размешчаныя вальеры. Яго дзейнасць трымаецца на працы валанцёраў, якія не маюць заробкаў.

У прытулку стэрылізуюць як бадзяжных, так і свойскіх жывёлаў. Акрамя прыгляду за гадаванцамі валанцёры займаюцца асветніцкай і агітацыйнай дзейнасцю. Праводзяць урокі дабрачыннасці ў школах, акцыі, экскурсіі.

фота: vk.com/public_dobrodetel