У Быхаве бядуюць, што вандалы зламалі альтанку і не зважаюць на разбурэнне мясцовага замку і будынку сінагогі

Альтанку паставілі ў парку 50-годдзя Перамогі гады тры таму і, як кажуць мясцовыя жыхары, для іх яна была ўлюблёным месцам адпачынку. Яе выкарыстоўвалі для сваіх выступленняў мясцовыя музыкі на гарадскіх святах. Упадабала яе і моладзь, якая вечарамі гуртавалася ў ёй.

bykhov.by

«Можна падумаць, што тут пранёсся ўраган. Скасавураную канструкцыю бачна здалёк. Цалкам вырваны цэлы пралёт. Унутры і звонку раскіданы рэшткі агароджы», – апісвае стан альтанкі мясцовая раёнка «Маяк Прыдняпроўя».

Адзначаецца, што ў парку высаджвалі сямейныя алеі, ставілі арыгінальныя лаўкі «прымірэння і сяброўства». Шмат моладзі прываблівала воркаўт-пляцоўка. А нядаўна тут адкрылі інтэрактыўную пляцоўку «Сувязь пакаленняў». Усё гэта ўпарадкоўвалася вакол альтанкі.

Паводле «Маяка Прыдняпроўя», мясцовая міліцыя разбіраецца ў сітуацыі. Матэрыялы аб пашкоджанні дзяржаўнай маёмасці перададзеныя ў РАУС.

Мясцовыя жыхары, аднак, звяртаюць увагу, што першай ад вандалаў пацярпела не альтанка, а таямніча зніклі лаўкі на Алеі Гарадоў, падораныя Быхаву да Дня пісьменнасці ў 2013 годзе.

На падрыхтоўку Быхава да Дня пісьменнасці ў 2013 годзе было выдзелена 200 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Запомніўся той фэст тым, што мясцовыя помнікі архітэктуры, на рэстаўрацыю якіх сродкаў няма, «упакавалі» банернымі сеткамі. 

Банэрамі былі схавалі будынак сінагогі і муры замку. На яго тэрыторыі паказушна адрамантавалі дзве вежы. Помнікі архітэктуры закансерваваныя. Уваходы заблакаваныя, бо знаходзіцца ў будынках небясьпечна. 

Пашкоджаная альтанка знаходзіцца за некалькі сот метраў ад знакавых для Быхава камяніц. Яны стаяць у горадзе некалькі сот гадоў і славяць яго ня столькі сваёй прыгажосьцю, колькі станам.

фота: hawat.by

Крымінальны трэш дня – п’яная цяжарная на восьмым месяцы за рулём матаблоку, і чарговыя крадзяжы ў разявак

Цяжарная жанчына, жыхарка адной з вёсак Бабруйскага раёну адправілася на матаблоку на рыбалку. Там выпіла два літры піва і на тым жа транспартным сродку а дзясятай вечара вярталася дахаты, калі яе спыніў экіпаж ДАІ – паведамляе прэсс-служба абласнога УУС. Праверка паказала 1,5 праміле ў крыві жанчыны, што знаходзілася на восьмым месяцы цяжарнасці.

Разявакі сталі ахвярамі зламыснікаў за апошні час ажно тройчы ў Магілёве. На пасядзелках у адным з дамоў на Дняпроўскім бульвары двое прыяцеляў выпівалі, а калі адзін з іх страціў пільнасць, то другі незаўважна выцягнуў у яго і прысабечыў мабільны тэлефон коштам у 200 рублёў.

Падобны выпадак адбыўся ў адным з бараў гораду ноччу – паведамляюць у міліцэйскай прэс-службе. Маладая жанчына пакінула на барнай стойцы свой тэлефон, коштам у 1 300 рублёў. Гэта заўважыў 34-гадовы, раней судзімы мужчына, што адпачываў побач. Ён незаўважна забраў тэлефон і пакінуў бар. Аднак, аператыўнікі здолелі ўстанавіць яго асобу па гарачых слядах і арыштаваць.

63-гадовы магілёвец паскардзіўся ў аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС. Як высветлілася, мала знаёмай яму жанчыне ён аддаў у часовае карыстанне сваю банкаўскую картку, і з яе знікла каля 900 рублёў. З жанчынай яны пазнаёміліся за некалькі дзён да гэтага, калі разам вярталіся з прадуктовай крамы. Разгаварыліся і вырашылі разам выпіць. Каб схадзіць за дабаўкай мужчына аддаў новай знаёмай сваю картку, а калі яна вярнулася з крамы, забыў забраць картку назад.

Жанчына некалькі дзён потым карысталася карткай самастойна, бо мужчына пасля сыходу новай знаёмай так і не змог успомніць яе імя і прозвішча, каб знайсці і папрасіць вярнуць карту.

Адзначым, што ў міліцэйскіх зводках гэтая гісторыя праходзіць пад грыфам «Кіберзлачынства».