Маці змагла вынесці толькі адну дачку з трох – у Касцюковічах на пажары пацярпелі дзеці

Медыкі змагаюцца за жыццё двух дзяўчынак, 6 гадоў і 2-х месяцаў – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Вечарам 1 ліпеня ў адной з кватэр 5-павярховага дома ў Касцюковічах успыхнуў халадзільнік, які стаяў у дзіцячым пакоі. Маці, якая была ў суседнім пакоі, адчула пах гары і пабачыла дым у пярэднім пакоі. Яна змагла вынесці з кватэры толькі адну з трох сваіх дачок, чатырохгадовую дзяўчынку, якая была разам з ёй. Суседзі выклікалі ратавальнікаў.

Работнікі МНС выратавалі яшчэ дваіх дзяцей гаспадыні кватэры (6 гадоў і 2 месяцы). На момант пажару яны былі ў дзіцячым пакоі і самастойна пакінуць кватэру не змаглі. У непрытомным стане дзяўчынкі перададзены медыкам. Цяпер за іх жыцці змагаюцца ўрачы.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

У Круглянскім раёне на пліце разарвала афганскі казан, двух чалавек шпіталізавалі

Днём 30 чэрвеня ў вёсцы Засіцце Круглянскага раёна ў прыватным доме падчас гатоўкі ежы на пліце разарвала афганскі казан – паведамляе прэс-служба МНС. Двух чалавек абдала гарачай парай – жонку гаспадара дома і яго брата. Абое былі шпіталізаваныя з апёкамі.

Фота ілюстрацыйнае

Так і не змог забрацца ў лодку – пад Клімавічамі патануў мужчына

Трагедыя здарылася на гэтых выхадных на вадаёме каля вёскі Мілаславічы Клімавіцкага раёна. 42-гадовы жыхар Касцюковіч адпачываў на беразе разам з сябрам, лавілі рыбу. У нейкі момант касцюкаўчанін захацеў паплаваць на лодцы. Адплыўшы на 50 метраў ад берага, мужчына звалтўся ў ваду. Самастойна вярнуцца ў лодку ён не здолеў, не змог яму дапамагчы і сябар. Назаўтра ратавальнікі знайшлі ў вадаёме цела мужчыны – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

У Чавусах гарэў цэх “Бабулінай крынкі”, загінуў галоўны інжынер

Днём 21 чэрвеня у будынку цэха па перапрацоўцы і захоўванні сухога малака на тэрыторыі Чавускага філіяла «Бабулінай крынкі» адбыўся пажар. На момант прыезду ратавальнікаў увесь будынак быў ахоплены дымам, полымя пашкодзіла дах і абсталяванне.

З памяшкання цэха ратавальнікі вынеслі ў непрытомным стане работніка прадпрыемства 1961 года нараджэння – галоўнага інжынера прадпрыемства. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі была канстатавана яго смерць – паведамляе прэс-служба МНС.

Папярэдне ўстаноўлена, што ў цэху прадпрыемства сіламі іншай арганізацыі ажыццяўляўся дэмантаж труб. З-за пажару ў цэху, дзе знаходзіцца каля 450 т сухой малочнай сумесі, часткова абрынуўся дах.

Фота: МНС

На пажары ў Клімавіцкім раёне загінуў пастух

Цела 50-гадовага пастуха было знойдзена ў старожцы – паведамляе прэс-служба МНС. 

Пажар вартоўні адбыўся апоўначы з 20 на 21 чэрвеня. Загарэлася старожка на полі каля прадпрыемства “Прымежны-Агра” ў аграгарадку Звянчатка Клімавіцкага раёна. Ратавальнікі знайшлі на месцы трагедыі 50-гадовага мясцовага жыхара, які працаваў пастухом і даглядаў статак цялят на летнім выпасе. Прычына пажару высвятляецца, але гледзячы па публікацыі навіны на сайце МНС, супалі такія частыя фактары, як алкаголь і неасцярожнасць з агнём.

Фота: МНС

Плавалі на самаробным плыце – у Магілёве патануў хлопчык

Некалькі гадзін дактары змагаліся за жыццё хлопчыка 2014 года нараджэння, але выратаваць яго не ўдалося.

Кампанія падлеткаў днём 20 чэрвеня каталася на самаробным плыце на дняпроўскай затоцы ў Магілёве каля гандлёвага цэнтра “Е-Сіці”. Плыт быў імправізаваным – шчыт з дошак. Сярод іншых, на плыце плавалі два браты 2010 і 2014 гадоў нараджэння. У нейкі момант малодшы з братоў зваліўся ў ваду і пачаў тануць – ён не ўмеў плаваць.

Кампанія падлеткаў не здолела выцягнуць хлопчыка з вады самастойна. Старэйшы брат патэлефанаваў ратавальнікам, астатнія спалохаліся і разбегліся. Яшчэ жывога, дзіцёнка даставілі ў абласную дзіцячую бальніцу. Медыкі змагаліся за яго жыццё некалькі гадзін, але выратаваць хлопчыка не ўдалося – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

У меліярацыйным канале ў Глускім раёне патануў мужчына

Вечарам 17 чэрвеня цела мужчыны 1975 года нараджэння было знойдзена ў меліярацыйным канале каля вёскі Яўсеевічы Глускага раёна – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае.

У Асіповічах на заводзе загарэліся пары бітума, верагодна, гэта прадпрыемства “Тэхнаніколь”

Позна вечарам 16 чэрвеня МНС атрымала паведамленне аб загаранні пароў бітуму, якія выходзілі з дыхальнай арматуры металічнага рэзервуара на заводзе ў Асіповічах Магілёўскай вобласці па вуліцы Чапаева. 

Работнікам МНС прыйшлося астуджаць рэзервуары на прадпрыемстве. У выніку загарання пацярпелых няма, прычына інцыдэнту высвятляецца – гаворыцца ў паведамленні ратавальнай службы.

МНС не ўдакладняе назву прадпрыемства, аднак найбольш верагодна, што такія сховішчы бітуму можа мець толькі буйны дахавы завод “ТэхнаНІКОЛЬ”, размешчаны па вуліцы Чапаева, 11.

Фота: “Тэхнаніколь”

Ад фумігатара супраць камароў пад Касцюковічамі загарэўся дом

Каля 2 гадзін ночы сям’я ў вёсцы Пралятарскае Касцюковіцкага раёна – гаспадыня 1957 года нараджэння і яе сын – прачнулася ад трэска, падаў і лопаўся шыфер. Гарэла іх веранда, і агонь ужо падбіраўся да жылых пакояў. Жанчына і мужчына змаглі самі выратавацца. Прычынай пажару стаў фумігатар ад камароў, пакінуты на ноч у разетцы – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Жанчына спакойна спала, пакуль гарэў яе дом – жыхарку Касцюковіч выратавалі пажарныя

Аўтаномныя апавяшчальнікі ў доме былі, але дапамаглі не яны – пажарная сігналізацыя нават не спрацавала, бо селі батарэйкі. Пра пажар у Касцюковічах, які ледзь не стаўся трагедыяй, паведамляе прэс-служба МНС.

 11 чэрвеня суседзі заўважылі, што загарэўся дом на вуліцы 2-ой Вакзальнай і выклікалі ратавальнікаў. Тыя знайшлі ў доме гаспадыню – яна спакойна спала на канапе і была дома адна. Жанчыну вывелі на вуліцу, яна не пацярпела, бо пажр адбыўся на паддашку.

Як высветлілася, дом быў абсталяваны ажно двума пажарнымі апавяшчальнікамі, але яны не спрацавалі – гаспадары не памянялі своечасова батарэйкі. Прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС