У Крычаве руйнуюць былы маслазавод

Прадпрыемства перажыло распад СССР і квітнела, пакуль яго не далучылі да “Бабушкінай крынкі”.

Працы па знішчэнні прамысловай зоны былога маслазавода пачаліся яшчэ ў кастрычніку, аднак мелі павольны характар. Спачатку былі зруйнаваны толькі некаторыя склады. Актывізавалася праца ўжо ў лістападзе, калі была разламана і знішчана большая частка працоўных памяшканняў. На сённяшні дзень ад былога завода засталася адна чвэрць ўсіх збудаванняў, якія, можна меркаваць, будуць прыбраны да канца года.  

Мясцовы масларобчы завод лакалізаваўся  блізка каля маста праз Сож і меў гісторыю больш чым у паўстагоддзі – ён паўстаў у 1946 годзе. Былы маслазавод у Крычаве ўключаў шэраг вытворчых памяшканняў, складоў і нават ваданапорную вежу. 

Развал Савецкага Саюза ў свой час не стаў перашкодай для далейшай працы завода, як і для многіх прадпрыемстваў горада. Да сярэдзіны 2000-х гадоў малакаперапрацоўчы завод працаваў досыць стабільна, славіўся сваёй малочнай прадукцыяй, сырам, тварагом і нават марозівам. 

На чацвёрты квартал 2005 года на заводзе працавала 77 чалавек. Аднак у самым канцы 2005 года як самастойная адзінка прадпрыемства ліквідуецца і далучаецца да ААТ “Бабушкіна крынка”. З гэтага часу можна весці адлік паступовага паслаблення прадпрыемства, практычна да поўнага яго знішчэння на сённяшні дзень. 

Апошнімі гадамі былое прадпрыемства ператварылася ў прыёмны пункт, на якім працавалі адзінкі людзей. Увесь гэты час кіраўніцтва ААТ “Бабушкіна крынка” плаціла арэнду, аднак у рэшце рэшт прыняла рашэнне сысці з тэрыторыі былога прадпрыемства. Нягледзячы на гэта на сайце малочнага прадпрыемства “Бабушкіна крынка” да сённяшняга дня значыцца філіял холдынга ў Крычаве. 

У сваю чаргу мясцовая ўлада Крычава лепшага рашэння за простае зруйнаванне прамысловых памяшканняў былога маслазавода не знайшла. 

Фота: mogilev.media

Роўна сто год таму быў зроблены першы здымак чыгуначнага вакзала ў Крычаве

Чыгуначныя шляхі запачаткавалі новую гісторыю Крычава, без якіх горад бы выглядаў зусім іначай.

Сёлета першаму фотаздымку чыгуначнага вакзала ў Крычаве спаўняецца

роўна сто год. Гэта досыць важная і сімвалічная дата для горада, бо чыгуначная дарога істотна змяніла жыццё Крычава. Трэба прыгадаць, што на пачатку ХХ стагоддзя Крычаў меў статус мястэчка з шасцю тысячамі жыхароў і не адыгрываў асаблівай ролі ў рэгіёне.

Будаўніцтва чыгуначнай дарогі Орша-Крычаў-Унеча пачалося яшчэ ў 1908 годзе ў часы Расійскай імперыі. Аднак тэмпы працы былі дастаткова нізкімі, бо

выкарыстоўвалася пераважна ручная праца. У часы Першай сусветнай вайны будаўніцтва чыгункі спынілася і было адноўлена толькі ў 1920 годзе ўжо пры савецкай ўладзе. 

У 1923 годзе будаўніцтва чыгуначнай лініі Орша-Крычаў-Унеча было скончана, аднак лічыцца што ў Крычаў першы рабочы цягнік прыбыў яшчэ ў 1921 годзе.

Для патрэбаў пасажыраў быў пабудаваны на чыгуначнай станцыі будынак вакзала. На

сённяшні момант захаваўся фотаздымак вакзала прыпыначнага пункта, які датуецца 1922 годам. 

На ім выяўлены аднапавярховы будынак, што быў пабудаваны для патрэбаў пасажыраў. У ім размяшчаліся зала чакання на 95 пасажыраў, касы і буфет, даведачнае бюро і кладовая, а таксама кантора станцыі, дзяжурны і начальнік станцыі. Ад таго першаснага будынка не захавалася, але добра, што каштоўны здымак не знік. Наогул на сённяшні момант з’яўляецца праблематычным лакалізаваць стары будынак чыгуначнага вакзала. Трэба дадатковыя мэтанакіраваныя пошукі гісторыкамі і краязнаўцамі дакументаў у архівах, каб адказаць на пытанне ці быў стары будынак вакзала на месцы сучаснага.

З’яўленне чыгункі ў Крычаве ў пачатку 1920-х гг. паспрыяла не толькі развіццю горада, але і будаўніцтву новага гарадскога раёна – Вакзал. Без гэтага раёна на сённяшні момант ужо цяжка ўявіць гарадское жыццё.  

 

Палац Пацёмкіна-Галынскіх ў Крычаве адзначае свой юбілей, а стайні так і застаюцца разбуранымі

Стайні знішчылі падчас рэстаўрацыі комплекса, а яны маглі б стаць турыстычнай разынкай.

Архітэктурная перліна Крычава палац Пацёмкіна-Галынскіх адзначае 235 год з часу будаўніцтва, якое цягнулася на працягу 1778-1787 гг. па праекце Івана Старова. Доўгі час помнік знаходзіўся ў стане кансервацыі, аднак у другой палове 2000-х пачалося яго аднаўленне. Гісторыка-культурная каштоўнасць была адрэстаўравана ў 2008 годзе і тады ж у помнік архітэктуры пераехаў мясцовы музей.

Славутасць Крычава пераважна называюць палацам Пацёмкіна, рэдка згадваючы прозвішча Галынскіх. На шыльдзе, якая змешчана на сённяшнім палацы-музеі і пазначае назву аб’екта адзначана толькі “Палац Пацёмкіна”. У той час як гістарычна правільна і справядліва архітэктурную славутасць Крычава называць палацам Пацёмкіна-Галынскіх. 

Першапачаткова палац з садова-паркавым комплексам быў пабудаваны ў стылі класіцызма і з’яўляўся рэзідэнцыяй Пацёмкіна на далучаных землях былой Рэчы Паспалітай. Аднак праз дзясятак год Пацёмкін прадае свае ўладанні мясцоваму шляхцічу Яну Галынскаму. Такім чынам, з канца XVIII стагоддзя і па 1917 год палац належыў роду Галынскіх. 

Менавіта пры Галынскіх помнік архітэктуры зазнаў уплыў псеўдагатычнага стылю. Відавочна, што палац – гэта спадчына горада, якая засталася як ад расійскага князя Пацёмкіна, так і ад мясцовага шляхецкага рода Галынскіх, што праяўляецца ў эклектычным стылі гістарычнага помніка.  

Балючае пытанне што да захаванасці палацавага комплекса, гэта зруйнаваныя стайні – ўнікальная гаспадарчая пабудова канца XVIII стагоддзя. Падчас рэстаўрацыі палаца стайні практычна знішчылі, пакінуўшы толькі падмуркі. Нават пасля знішчэння існаваў праект па іх адбудове і размяшчэнні там коней. Для наведвальнікаў музейнага комплексу і асабліва замежных турыстаў, стайні былі б разынкай культурнай установы, што прыцягнула б  немалую колькасць падарожнікаў. Аднак праект так і застаўся на паперы, добрая і крэатыўная ідэя не была рэалізаваная. 

Фота: mogilev.media

Падмуркі ад былых стайняў, якія непасрэдным чынам адносіліся да палацава-паркавага комплексу, цяпер знаходзяцца за жалезным плотам музейнай тэрыторыі ў разбураным і занядбаным стане.

Фота: radzima.org

У Крычаве будуюць новы дом, ствараючы нязручнасці навакольным жыхарам

Горка з пяску і смецця на будоўлі нясе небяспеку для дзяцей.

Яшчэ з вясны 2022 года ў Крычаве мясцовая ўлада загаварыла пра планы пабудовы новага шматкватэрнага дома ў раёне дамоў № 8,9,30,34 па вул. Мікрараён Камсамольскі. Увесну было зладжана грамадскае абмеркаванне па новаму аб’екту, а таксама афіцыйная прэзентацыя архітэктурнага плана новага дома ў мясцовым райвыканкаме.

З пачатку лета пачалі рыхтаваць пляцоўку і пакрысе стартавалі будаўнічыя работы. Будучы дом №38 вырашылі ўзводзіць на месцы досыць зручных дарожак, дзіцячай пляцоўкі і зялёнай прасторы паміж дамамі, што адразу прынесла нязручнасці жыхарам некалькіх дамоў, якія цяпер вымушаны кругамі абыходзіць будаўнічую пляцоўку. 

На сённяшні дзень пабудавана палова сацыяльнага дома. Па планах яго трэба здаць да канца года.

Згодна архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі каля дома прадугледжваецца ўладкаванне парковак на 32 месца з бетоннай пліткі. На прылеглай тэрыторыі да новага дома плануюцца таксама пляцоўкі для дзіцячых гульняў і адпачынку. Праўда, зусім побач знаходзіцца прадуктовая крама і дарога, таму пакуль незразумела ці будзе зручна будучым жыхарам дома такое суседства.

У двух дзясятках метраў ад будаўнічай пляцоўкі знаходзіцца горка з пяску і будаўнічага смецця, на якую часта ўзбіраюцца дзеці. Яна не агароджаная, а гэта можа ўяўляць небяспеку для здароўя і жыцця дзяцей.

Адзначым дзіўны выбар месца для будаўніцтва дома, бо ў Крычаве няма праблем з прасторай і пабудаваць у горадзе на пустой тэрыторыі можна не толькі асобныя дамы, а нават цэлыя кварталы. Можна было працягнуць разбудоўваць новы міні-квартал Маладзёжны, які адносна нядаўна ўзнік каля гарадской школы №8. 

Замест гэтага мясцовае чынавенства вырашае ўшчыльніць забудову мікрараёна Камсамольскі, не асабліва ўлічваючы інтарэсы і не турбуючыся пра зручнасць жыхароў вакольных дамоў.

У Крычаве гібеюць яўрэйскія могілкі, дзе пахаваны сваякі Сідні Майера

Надмагільныя камяні выкідаюць у яр, на ўваходзе прымацавалі праваслаўныя крыжы.

Крычаў з’яўляецца горадам з багацейшай і доўгай яўрэйскай гісторыяй. Згодна з перапісам 1897 года ў Крычаве жыло 2 566 яўрэяў, ці 38,6 % ад насельніцтва горада. У горадзе быў не толькі асобны яўрэйскі квартал, дзе людзі жылі кагалам, але і немалыя па плошчы могілкі. 

Сучасныя вуліцы Савецкая і Жукоўскага, дзе да 1941 года жылі выключна яўрэі, мяжуюць з Аўражным завулкам, які вядзе на ўзвышша. Тут апошнія трыста год яўрэйскае насельніцтва Крычава хавала нябожчыкаў. Сёння яўрэйскія могілкі – ў незадавальняючым стане. Гэта звязана не толькі з тым, што яны слаба дагледжаны. Яшчэ ў 1990-х гг. тут пачалі хаваць праваслаўнае насельніцтва горада. 

З кожным годам расце колькасць хрысціянскіх пахаванняў, а вось надмагільныя камяні яўрэйскія пакрысе беззваротна знікаюць. Прычым цяпер нават уваход на могілкі маркіруюць два праваслаўныя крыжы, прымацаваныя да драўлянай агароджы. Як адзначаюць мясцовыя жыхары, яўрэйскія надмагіллі вывозяць за межы могілак ці проста скідваюць у роў. Такім чынам, знікае ўнікальны пласт мясцовай яўрэйскай культуры. 

Са знішчэннем і слабай дагледжанасцю яўрэскіх могілак мясцовая ўлада нічога не робіць. Абыякава да гэтага ставяцца і мясцовыя прадстаўнікі праваслаўнай царквы. Мясцовых жа яўрэяў у Крычаве па аб’ектыўных прычынах засталіся адзінкі, якія не ў сілах абараніць могілкі продкаў ад знішчэння.

Адзначым, што ў гістарычных адносінах яўрэскія могілкі ў Крычаве адны з найбагацейшых, якія захаваліся ў Беларусі. На іх не толькі даваенныя пахаванні, але і дарэвалюцыйныя. Надмагільныя пліты (мацэвы) пахаванняў, аздобленыя вяззю старажытнаяўрэскага алфавіта і традыцыйнай сімволікай, шмат могуць расказаць гісторыкам, этнографам і нават філолагам. 

На могілках пахаваны блізкія сваякі Сідні Майера, вядомейшага аўстралійскага бізнесмэма і філантропа, які паходзіў з крычаўскіх яўрэяў. Славуты ў будучыні прадпрымальнік Майер быў народжаным у шматдзетнай яўрэйскай сям’і і пражыў свае першых дваццаць год менавіта ў Крычаве. 

Крыніца ў крычаўскім гістарычным раёне Забялышан ператварылася ў сметнік

Вакол валяецца шмат рознага бруду: пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, мяшкі, непатрэбны посуд і нават парванае адзенне.

Засмечанасць натуральным чынам можа паўплываць на стан крынічнай вады, якая спажываецца жыхарамі горада. Гэта праблема ўжо існуе дастаткова даўно, але мясцовымі ўладамі не заўважаецца.

Забялышанская крыніца адрозніваецца добрай пітной вадой. Яна знаходзіцца на сутыку вуліц Рачной і Бялінскага, а таксама завулка Камарова. Гэтыя вуліцы знаходзяцца ў раёне старой часткі горада пад назвай Забялышанскі пасад. Водны аб’ект блізка размешчаны да Забялышанскіх могілак і лакалізуецца каля самага Сожа. 

Жыхары вакольных вуліц часта бяруць ваду з Забялышанскай крыніцы. Сама крыніца каптавана жалезабетонным кальцом і накрыта жалезнай пласцінай, у якой зроблена дзвёрка для набірання вады. 

Фота: mogilev.media

Графіці “Жыве Беларусь” у Крычаве яшчэ з 90-х – фотафакт

Наўздагон звесткам пра парозу пераследу за вокліч “Жыве Беларусь” – цікавоска ад нашых чытачоў. 

У Крычаве яшчэ з 1990-х гг. на адным з дамоў мікрараёна Камсамольскі знаходзіцца надпіс “Жыве Беларусь”. Ен застаецца нязменным ужо дзесяцігоддзямі і цешыць вока крычаўлянам. Дом, на якім знаходзіцца патрыятычны надпіс, знаходзіцца ў баку ад дарог. 

Горы будаўнічага смецця – што зараз ля былога Крычаўскага піўзавода

Артэзіянская скважына так і не атрымала інвестыцый.

Былая слава Крычаўскага піўзавода цяпер адно ва ўспамінах – два гады таму мясцовае чынавенства вырашыла канчаткова зруйнаваць рэшткі былога завода, пакішуўшы ад яго толькі кучы будаўнічага смецця, кавалкі сценаў і некранутыя падмуркі старой вінакурні. 

Праз два гады сітуацыя не змянілася: сярод травы і кустоўя валяюцца пабітыя рэшткі завода. Адзінае, што сведчыць пра былую веліч прадпрыемства так гэта назва раёна “Піўзавод” – фактычна, большая частка вуліцы Піянерскай. Адзіная каштоўнасць, якая засталася гэта завадская артэзіянская свідравіна. 

Пару год таму акцыянернае таварыства “Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця” прапаноўвала пабудаваць на тэрыторыі былога піўзавода лінію па выпуску бутыляванай пітной вады. Агенцтва ацэньвала прыблізны аб’ём інвестыцый для запуску вытворчасці ў 210 000$. Пры гэтым выручка ад рэалізацыі прадукцыі ацэньвалася ў 48 000 $ у год. Але інвестыцыяў магчымае новае прадпрыемства пакуль так і не дачакалася.

Нагадаем, што сам будынак меў гістарычную каштоўнасць для Крычава, бо веў сваю гісторыю яшчэ з XVIII стагоддзя, калі пры Галынскіх тут была адкрыта вінакурня (а пазней спіртзавод), якая праіснавала да 1940-х гг. 

radzima.org

У 1950 годзе быў уведёны ў эксплуатацыю Крычаўскі піваварны завод. Прадпрыемства варыла «Жыгулёўскае», «Маскоўскае» і нават «Мартаўскае» піва, а пазней cтала выпускаць таксама салодкія напоі. Завод папрацаваў да 1995 году і спыніў сваю дзейнасць. Спробы рэанімаваць завод у 2000-х гг. прывялі да бесталковай распродажы абсталявання мясцовай уладай. Афіцыйная ліквідацыя ААТ “Крычаўскі завод напояў” адбылася ў 2004 годзе.

На працягу ўсіх 2010-х гг. рэшткі былой вінакурні былі прывабным турыстычным месцам. Цяпер жа ад яго нічога не засталося, акрамя шматлікага будаўнічага смецця, кавалкаў сцен з арачнымі сводамі і падмуркаў, моцна парослых травой.   

Фота: mogilev.media

Пенсіянеры, чыноўнікі, БРСМ-аўцы і міліцыя – як у Крычаве адзначылі гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі

Іканаграфію аднаго асобна ўзятага панылага свята глядзіце ў нашым матэрыяле.

7 лістапада па Магілёўшчыне пракаціліся туманныя мітынгі з нагоды 105-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. У абласным цэнтры і раённых гарадах мерапрыемствы праводзіліся па адных лекалах. Бібліятэчны альбо музейны занятак напярэдадні і мітынг з ускладаннем кветак да помніка Леніна ў дзень афіцыйнага свята. Адны і тыя ж твары на ўсіх мерапрыемствах, панылыя і абыякавыя выразы на абліччах маладых удзельнікаў мітынгаў становяцца характэрнай рысай афіцыйнага свята, якому ўсё менш і менш павагі ў калектыўнай гістарычнай памяці беларускага народа.

2 лістапада ў гістарычным музеі Крычава адбылося мерапрыемства, прысвечанае 105-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. Супрацоўнікі гістарычнага музея нагадалі ўдзельнікам мерапрыемства аб крычаўлянах, што ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях 1917 года. Дэманстравалі таксама экспанаты музея, якія адносяцца да часу тых далёкіх падзей. У сценах параднай залы, дзе адбывалася тэматычнае мерапрыемства, немшматлікай публіцы былі прадстаўлены перанасныя стэнды з загалоўкам “Великая Октябрьская революция 1917 г”. Разынкай мерапрыемства сталіся песні рэвалюцыйнай тэматыкі і творчасць Міхаіла Сыча адпаведнага зместу. Актыўным удзельнікам мерапрыемства стала старшыня раённага Савета ветэранаў Зінаіна Скачкова.

7 лістапада ў горадзе быў праведзены маленькі мітынг, прысвечаны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён праходзіў каля помніка Леніну ў скверы гістарычнай памяці. На мерапрыемства сагналі моладзь і прадстаўнікоў працоўных калектываў. Кіраўніцтва раёна прадстаўляў Вадзім Рыськоў – начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама. “Хэдлайнерам” мітынга зноў стала адданая мясцовая камуністка Зінаіда Скачкова. 

Увесь электаральны патэнцыял падобных мерапрыемстваў добра бачны па ўдзельніках дзейства. Супрацоўнікі сілавых структур, БРСМ-аўцы, ветэраны працы, якія вызнаюць камуністычныя ідэі. І гэта выразна адлюстроўвае адсутнасць шырокай грамадскай павагі да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, што прынесла народам колішняй Расійскай імперыі не свабоду, а новы прыгнёт. Для большасці насельніцтва 7 лістапада – проста чарговы выхадны дзень. А яшчэ гэта дзень каб задумацца над прыродай рэжыма, што пануе ў грамадстве.


Цытата дня, ад рэдакцыі

 “Такія рэжымы, як камуністычны, здаюцца мне асабліва жудаснымі, паколькі дыктатуру там устанаўлівалі ў імя вызвалення” Д. Шарп


 

Крычаў апанаваў моцны туман

7 лістапада ў другой палове дня на Крычаў абваліўся моцны туман. Ён быў  настолькі моцны, што за 30-50 метраў не бачна было нават дарог, а некаторыя жылыя дамы і адміністрацыйныя будынкі хаваліся ў моцных клубах туману.  Нездарма на працягу дня назіралася рэдкае перасоўванне людзей па вуліцах і малая колькасць легкавога транспарту.