У Крычаве будуюць новы дом, ствараючы нязручнасці навакольным жыхарам

Горка з пяску і смецця на будоўлі нясе небяспеку для дзяцей.

Яшчэ з вясны 2022 года ў Крычаве мясцовая ўлада загаварыла пра планы пабудовы новага шматкватэрнага дома ў раёне дамоў № 8,9,30,34 па вул. Мікрараён Камсамольскі. Увесну было зладжана грамадскае абмеркаванне па новаму аб’екту, а таксама афіцыйная прэзентацыя архітэктурнага плана новага дома ў мясцовым райвыканкаме.

З пачатку лета пачалі рыхтаваць пляцоўку і пакрысе стартавалі будаўнічыя работы. Будучы дом №38 вырашылі ўзводзіць на месцы досыць зручных дарожак, дзіцячай пляцоўкі і зялёнай прасторы паміж дамамі, што адразу прынесла нязручнасці жыхарам некалькіх дамоў, якія цяпер вымушаны кругамі абыходзіць будаўнічую пляцоўку. 

На сённяшні дзень пабудавана палова сацыяльнага дома. Па планах яго трэба здаць да канца года.

Згодна архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі каля дома прадугледжваецца ўладкаванне парковак на 32 месца з бетоннай пліткі. На прылеглай тэрыторыі да новага дома плануюцца таксама пляцоўкі для дзіцячых гульняў і адпачынку. Праўда, зусім побач знаходзіцца прадуктовая крама і дарога, таму пакуль незразумела ці будзе зручна будучым жыхарам дома такое суседства.

У двух дзясятках метраў ад будаўнічай пляцоўкі знаходзіцца горка з пяску і будаўнічага смецця, на якую часта ўзбіраюцца дзеці. Яна не агароджаная, а гэта можа ўяўляць небяспеку для здароўя і жыцця дзяцей.

Адзначым дзіўны выбар месца для будаўніцтва дома, бо ў Крычаве няма праблем з прасторай і пабудаваць у горадзе на пустой тэрыторыі можна не толькі асобныя дамы, а нават цэлыя кварталы. Можна было працягнуць разбудоўваць новы міні-квартал Маладзёжны, які адносна нядаўна ўзнік каля гарадской школы №8. 

Замест гэтага мясцовае чынавенства вырашае ўшчыльніць забудову мікрараёна Камсамольскі, не асабліва ўлічваючы інтарэсы і не турбуючыся пра зручнасць жыхароў вакольных дамоў.