5 ліпеня ў гісторыі. Аб’яднанне цэркваў. Першае турагенства. «Хатынь». Помнік Э. Севеле. Нарадзіліся У. Вараксін, Л. Рублеўская.

1439 год. Падпісана Фларэнційская царкоўная унія аб аб’яднанні праваслаўнай і каталіцкай цэркваў пад уладай папы рымскага.

Мітрапаліт Ісідар Кіеўскі разам з грэчаскім арцыбіскупам Васілём Бесарыёнам падпісаў царкоўную унію аб аб’яднанні праваслаўнай і каталіцкай цэркваў пад уладай рымскага папы. Іх рашэнне было прадыктавана жаданнем аб’яднаць хрысціянскія цэрквы перад пагрозай туркаў, якія ўварваліся ў Візантыю.

Аднак у дзеянне гэтая унія не ўступіла, так і застаўшыся на паперы. Па вяртанні ў Маскву мітрапаліт Ісідар быў варожа сустрэты царом Васілём II, паўстаў перад царкоўным судом і быў заключаны ў турму. 

Праз 3 гады Ісідар уцёк, дабраўся да Рыма, стаў кардыналам і атрымаў ганаровы тытул канстанцінопальскага патрыярха. Але да таго часу Канстанцінопаль ужо быў захоплены туркамі.

1818 год. Нарадзіўся Антон Яленскі (1818-1874).

Грамадскі дзеяч, кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў на Міншчыне. 

Пакараны 15 гадамі катаргі ў Сібіры.

Паўтарыў грамадзянскі подзвіг свайго старэйшага брата Яна (1809-да1848), які браў удзел у паўстанні 1830-1831 гадоў, шматлікіх сваіх сваякоў.

1847 год. Адкрыта першае ў свеце турыстычнае агенцтва і арганізавана першая турпаездка.

33-гадовы баптысцкі прапаведнік і актыўны змагар з павальным у тагачаснай Англіі п’янствам Томас Кук арганізаваў турыстычнае таварыства і першую ў свеце групавую турыстычную паездку. Па яго замове чыгуначная кампанія Midland Counties Railway прадаставіла спецыяльны цягнік з 9 адкрытымі вагонамі для “безалкагольных” 570 працоўных па маляўнічым маршруце паміж гарадамі Лейстэр і Лафбара ў Сярэдняй Англіі.

У далейшым у рэкламных мэтах чыгункі сталі прадастаўляць Куку скідкі, якія дазвалялі арганізоўваць забаўляльныя паездкі і для людзей з самымі абмежаванымі фінансавымі магчымасцямі. Таму кліентаў былі тысячы. Яго экскурсіі засноўваліся на прынцыпе: “Атрыманне максімальнай выгады для максімальнай колькасці людзей па мінімальным кошце”. Так быў пакладзены пачатак сусветнаму групавому турызму.

Лічыцца, што Томас Кук быў першым мэнэджэрам у галіне турызму. Кук распрацаваў маршруты па многіх еўрапейскіх гарадах. У 1865 годзе ён адкрыў для суайчыннікаў Новы Свет, а для амерыканцаў – радзіму іх продкаў. Дзейнасць ажыццяўлялася праз агенцтва “Томас Кук і сын”. Адным з першых амерыканскіх кліентаў фірмы стаў Марк Твен.

Кук быў прызнаны “вынаходнікам турызму”, а заснаванае ім турыстычнае агенцтва Thomas Cook and Son заваявала сусветную вядомасць. Праз пяць дзясяткаў гадоў яго фірма валодала 84 аддзяленнямі, 85 агенцтвамі, і яе паслугамі скарысталіся больш за 3 мільёны чалавек.

1901 год. Нарадзіўся Уладзімір Вараксін (1901-1980).

Беларускі савецкі архітэктар, педагог. Заслужаны будаўнік.

Скончыў омскі мастацка-прамысловы тэхнікум, Ленінградскі інстытут інжынераў камунальнага будаўніцтва. Працаваў у Белдзяржпраекце, выкладаў у Беларускім політэхнічным, Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытутах.

Сярод асноўных даваенных прац –  будынак педтэхнікума ў Крычаве (1937, цяпер блок СШ № 1 за палацам Пацёмкіна), будынак ЦК КПБ (з А. Воінавым) у Мінску, кінатэатр «Радзіма», комплекс будынкаў прамкамбіната (1939), жылы пасёлак аўтарамонтнага завода (1941) у Магілёве.

Пасля вайны спраектаваў будынкі Беларускага інстытута народнай гаспадаркі, Белкамунбанка, жылыя дамы па вул. К. Маркса, Маскоўскай, Захарава, А. Кашавога ў Мінску, тыпавыя праекты будынкаў раённых камітэтаў КПБ для Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцей.

Памёр 2 студзеня 1980 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Юрый Лістапад (1897-1938).

Беларускі настаўнік, кіраўнік беларускага руху на Случчыне. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, 1-я Беларускія педагагічныя, Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. Працаваў настаўнікам на Случчыне, заснаваў 8 беларускіх школ, выкладаў на Слуцкіх педагагічных курсах. Блізкі сябар Якуба Коласа.

Быў перекладчыкам у мінскіх беларускіх выдавецтвах. Пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Караленкі «Бяз мовы», камедыі А. Астроўскага, падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана.

Арыштоўваўся ДПУ у 1925, 1930, 1933 гадах.

Расстраляны ў Байкала-Амурскім канцлагеры.

1938 год. У Магілёве створаны Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці і Цэнтральны гістарычны архіў.

У 1956-1960 гадах Цэнтральны гістарычны архіў размяшчаўся ў касцёле Св. Станіслава, потым – пераехаў у Мінск, а замест яго ў будынак сабора пераехаў Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. У гэты перыяд храм страціў частку роспісаў, быў беззваротна страчаны арган з рэдкімі керамічнымі трубамі.

Зараз галоўным архівам вобласці з’яўляецца Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці (знаходзіцца ў канцы вуліцы Чалюскінцаў, на выездзе у бок Бабруйска).

1941 год. Пачалася нямецка-фашысцкая акупацыя Клічаўскага раёна.

Пад акупацыяй раён знаходзіўся да 28 чэрвеня 1944 года. Радзіма партызаншчыны на Магілёўшчыне. Цэнтрам партызанскага базіравання сталі Усакінскія лясы.

Тут з’явілася першая партызанская зона ў Беларусі – на тэрыторыі Клічаўскага і Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага раёнаў.

Зона з’явілася па выніках нарады пад кіраўніцтвам маршала К. Варашылава, якая адбылася 1 ліпеня 1941 года ў штабе Заходняга фронту пад Магілёвам. 3 красавіка 1942 года партызаны абвясцілі, што на тэрыторыі Клічаўскага раёна адноўлена Савецкая ўлада.

Клічаўскую партызанскую зону (у розны час ад 2 да 3 тыс. кв. км) абараняла 18 тысяч чалавек, якія былі аб’яднаны ў 5 брыгад і 16 атрадаў. У вялікіх сёлах партызаны стварылі 40 узброеных атрадаў самаабароны.  На тэрыторыі дзейнічаў Магілёўскі падпольны абкам партыі і абкам камсамола, штаб Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы, Бялыніцкі, Бярэзінскі, Магілёўскі і Клічаўскі падпольныя райкамы партыі і камсамола, іншыя ваенныя фарміраванні і органы грамадзянскай улады. У лясной друкарні выдаваліся падпольныя газеты: абласная “За Радзіму”, клічаўская “Голас партызана”.

У «партызанскай сталіцы» – Усакіна дзейнічае мемарыяльны комплекс.

1969 год. Адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплекса «Хатынь».

Ён паўстаў на месцы знішчанай 22 сакавіка 1943 года разам з жыхарамі нямецкімі карнымі падраздзяленнямі пры ўдзеле 118-га паліцэйскага батальёна вёскі Хатынь.

Комплекс “Хатынь” – ушанаванне памяці аб спаленых разам з жыхарамі 186 беларускіх весак, якія не аднавіліся пасля вайны, аб ахвярах 66 найбуйнейшых лагераў (з 270) смерці і месцаў масавай загубы грамадзян, аб 433 вёсках, знішчаных разам з жыхарамі і адроджаных пасля вайны.

Аўтары: скульптар С. Селіханаў, архітэктары Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін.  Ленінская прэмія 1970 года.

1965 год. Нарадзілася Людміла Рублеўская (Шніп).

Беларуская паэтэса, пісьменніца, літаратурны крытык.

Працавала ў газетах «Наша слова», «Літаратура і мастацтва». 

Аўтарка папулярнай серыі раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча». Яе гісторыяцэнтрычныя творы параўноўваюць з «меладраматычнымі інтэрпрэтацыямі» мастацкіх ідэй Ул. Караткевіча.

1970 год. Нарадзіўся Андрэй Лукашэвіч.

Беларускі гісторык, картограф. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Даследчык ваеннай і палітычнай гісторыі Беларусі, Расіі і Польшчы XVIII-пачатку XX стагоддзяў, аўтар прац па вайне 1812 года,  1-й сусветнай вайны.

1994 год. Памёр Барыс Сачанка (1936-1994).

Беларускі пісьменнік, перакладчык і выдавец.

Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, загадчык рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». Аўтар больш за 20 кніг.

У сааўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным пад псеўданімамі І. Сібарсач ці Р. Сібарсач змяшчалі ў «Вожыку» вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі.

1996 год. Памёр Васіль Вітка (Цімох Крысько, 1911-1996).

Класік беларускай дзіцячай літаратуры, літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, драматург, педагог. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Занесены  ў Ганаровы спіс Х. Андэрсена (1978).

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у газетах «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Пасля вайны прааваў у часопісе «Беларусь», галоўным рэдактарам  «Літаратура і мастацтва», «Вясёлка».

Паводле ўспамінаў унучкі, культуролага Ю. Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання. Беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.

Аўтар больш за 10 зборнікаў вершаў, зборніка сатыры і гумару, каля 20 кніг паэзіі і вершаваных казак  для дзяцей,  п’ес «Прамень будучыні», «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (пастаўлена купалаўскім тэатрам), кніг дзённікаў, нарысаў і апавяданняў, суаўтар чытанак «Роднае слова» для малодшых школьнікаў, перакладаў. У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

2005 год. Памёр Яўген Ціхановіч (1911-2005).

Беларускі мастак мастак і мемуарыст. 

Аўтар дзесяткаў палотнаў, у тым ліку партрэтаў пісьменніка В. Быкава, драматурга У. Галубка, скульптара А. Глебава, сотняў графічных твораў, краявідаў, ілюстрацый да кніг.

2016 год. У Бабруйску ўсталяваны помнік Эфраіму Севеле (Яфім Драбкін, 1928-2010).

Беларускі, рускі, амерыканскі, ізраільскі пісьменнік, акцёр, кінарэжысёр і сцэнарыст.

Нарадзіўся 8 сакавіка 1928 года ў Бабруйску ў сям’і кадравага афіцэра, пасля – трэнера па класічнай барацьбе. Падчас вайны з маці і малодшай сястрой паспеў эвакуіравацца з Бабруйска, аднак падчас бамбёжкі быў скінуты выбуховай хваляй з платформы цягніка. Бадзяжнічаў, у 1943 стаў «сынам палка» і з артпалком дайшоў да Германіі. Узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Скончыў БДУ, працаваў карэспандэнтам газеты “Моладзь Літвы”, затым пераехаў у Маскву. Дэбютаваў кінасцэнарыем да карціны “Нашы суседзі”, знятай на “Беларусьфільме” ў 1957 годзе.

Пад псеўданімам Севела ўпершыню быў згаданы як адзін са сцэнарыстаў фільма «Пакуль не позна» (Літоўская кінастудыя). Пад ім жа напісаў сцэнарыі да камедыйных фільмаў на франтавую тэматыку, у тым ліку «Моцны арэшак» (1967) і «Годны да нестраявой» (1968, рэжысёр, сцэнарыст, акцёр).

У 1971 годзе высланы з СССР. У 45 гадоў, праз два гады пасля прыезду ў Ізраіль, удзельнічаў у вайне Суднага дня, і на другі дзень вайны «падбіў з савецкай „базукі“ два танкі Т-54 і супрацьтанкавую гармату», быў паранены. 

У 1977-1990 гадах жыў у ЗША, часта выязджаў працаваць у Лондан, Заходні Берлін, Парыж. У Парыжы  напісаў кнігу апавяданняў «Легенды Інваліднай вуліцы» (пра даваенны Бабруйск, бабруйчан). 

Да кінематографа зноў звярнуўся ў 1986 годзе, зняўшы ў Польшчы фільм «Калыханка», які складаецца з трох лірычных кінанавел, аб’яднаных тэмай жыцця ў гета падчас Другой сусветнай вайны.

З 1990 года жыў у Расіі, паставіў пяць фільмаў па ўласных сцэнарах – “Папугай, які гаворыць на ідыш”, “Ноеў каўчэг” і іншыя.  У 1995 годзе зняў свой апошні аўтадакументальны фільм «Госпадзе, хто я?».

Памёр 18 жніўня 2010 года ў Маскве.

Фота з адкрытых крыніц.

1 ліпеня ў гісторыі. Люблінская ўнія. Першая Энцыклапедыя. Візіт Р. Ніксана ў Мінск. Самы доўгі мост Еўропы. Дэнамінацыя.

Міжнародны Дзень Дняпра (з 2003 года, першая субота ліпеня).

Прысвечаны адной з самых спакойных і велічных раўнінных рэк, 4-й у Еўропе па даўжыні пасля Волгі, Дуная і Урала. Даўжыня ракі 2201 км, у тым ліку 595 км – па Беларусі.

У Беларусі знаходзіцца верхняя плыня. Да басейна ракі адносіцца 51% тэрыторыі краіны. Па тэрыторыі Магілёўскай вобласці цякуць буйныя прытокі Дняпра – Сож, Бярэзіна. На Дняпры стаіць не толькі Магілёў, але і сталіца Украіны – Кіеў.

Ярылін дзень (народны каляндар).

Дзень пякучага сонца. “Усім дням дзень”. Гэты дзень славяне прысвячалі Богу Ярыле, ладзілі кірмашы і гулянні.

Калі ўвечары зара залаціста-жоўтага колеру і адлівае ружовымі водбліскамі, то варта разлічваць на паляпшэнне надвор’я.

Зялёная афарбоўка вакол Месяца прадвесціць моцную засуху, а туман з самай раніцы кажа, што дзень будзе гарачым і сонечным.

1569 год. Дэпутатамі польскага і літоўскага соймаў зацверджана Люблінская ўнія.

Акт федэрацыйнага аб’яднання дзвюх дзяржаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў.

Унія заключана ў цяжкі час для ВКЛ у Лівонскай вайне. З канца XV стагоддзя ВКЛ было вымушана весці цяжкія войны супраць Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі краіны.

1751 год. У Францыі пабачыў свет першы том першай у свеце «Энцыклапедыі».

Ініцыятар выдання кнігавыдавец Луі Брэтон, кіраўнік праекта – Дэні Дзідро (прысвяціў “Энцыклапедыі” 25 гадоў жыцця).

Асноўны корпус “Энцыклапедыі” склалі 35 тамоў: 17 тамоў тэксту (60 тысяч артыкулаў) і 11 тамоў ілюстрацый да тэксту.

Увогуле самыя першыя зборнікі энцыклапедычнага тыпу з’явіліся яшчэ ў Старажытных Егіпце, Кітаі.  

Першая універсальная «Беларуская савецкая энцыклапедыя» друкавалася ў 1969-1975 гадах, а 18-томавая «Беларуская энцыклапедыя» – у 1996–2004.

1855 год. Заснавана Магілёўскае Аляксандраўскае рэальнае вучылішча.

Яно было 7-класным, размяшчалася ва ўласным будынку (на сучаснай пл. Арджаникідзэ), пабудаваным згодна з праектам магілёўскага губернскага інжынера В. С. Мілянаўскага

У штатах вучылішча знаходзіліся дырэктар, 4 настаўнікі Закона Божага, 8 настаўнікаў навук і моў, настаўнік чыстапісання і малявання, 7 класных настаўнікаў, 2 памочнікі класных настаўнікаў і 4 іншыя службовыя асобы. Урокі доўжыліся па 55 хвілін з 9 раніцы да 14.30 шэсць дзён у тыдзень. У першым класе было па чатыры ўрокі ў дзень, а ў астатніх – па пяць.

Летам 1904 года зроблена двухпавярховая мураваная прыбудова.

Выкладаліся: матэматыка, руская мова, Закон Божы, гісторыя, геаграфія, геаметрычнае чарчэнне, фізіка, касмаграфія, прыродазнаўства, нямецкая і французская мовы, маляванне, чыстапісанне, законазнаўства.

У 1918 годзе пераўтворана ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча. Яго будынак захаваўся да сённяшняга дня, і зараз у ім размешчаны Магілёўскі дзяржаўны сацыяльна-гуманітарны каледж.

1903 год. У в. Прокшанічы (цяпер Магілёўскі раён) нарадзіўся Іван Ільюшын (1903-1997).

Беларускі філосаф і савецкі дзяржаўны дзеяч, міністр асветы БССР. Член-карэспандэнт АН БССР.

Скончыў БДУ. Працаваў вучоным сакратаром, дырэктарам Інстытута філасофіі, загадчыкам кафедраў у інстытуце фізічнай культуры, радыётэхнічнага інстытута. У Ташкенцкім фінансава-эканамічным інстытуце, у Бухарскім абкаме кампартыі Узбекістана, у ЦК КПБ, галоўным рэдактарам часопіса «Бальшавік Беларусі», намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР.

Аўтар каля 50 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій.

Памёр 5 кастрычніка 1997 года.

1913 год. Адкрыты Магілёўскі настаўніцкі інстытут і пры ім гарадское вучылішча.

Размяшчаўся ў цагляным трохпавярховым доме стацкага саветніка Гартынскага па Быхаўскай вуліцы (праз некалькі месяцаў – на Вялікай Садовай, зараз корпус №2 МДУ імя А. Куляшова), арэндная плата складала 3900 рублёў у год. На ўтрыманне інстытута і вучылішча адпускаліся сродкі: з казны – 31 900 руб., ад земства – 1 000 руб., ад горада – 1 000 руб.

Дырэктарам інстытута стаў Ул. Тычынін.

Студэнты інстытута за навучанне плацілі 25 руб., вучні вучылішча – 15 руб. на год.

У 1913-1914 навучальным годзе ў адзіным класе інстытута налічвалася 35 навучэнцаў, усе праваслаўнага веравызнання, ва ўзросце 20-30 гадоў. Гэта былыя настаўнікі пачатковых народных і царкоўнапрыходскіх школ, са стажам працы ў іх не менш за 2 гады. У гарадскім вучылішчы навучалася 34 чалавекі – дзеці дваран, мяшчан і сялян.

Пасля 1917 года інстытут быў перададзены ў распараджэнне Наркамасветы.

1927 год. Нарадзілася Зора Кіпель (Савёнак, 1927-2003).

Беларускі грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША, літаратуразнавец, публіцыстка.

У 1936-1941 гг. жыла ў Крычаве. Скончыла Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу, Цюбінгенскі, Лювенскі, Ратгерскі ўніверсітэты.

Адна з ініцыятараў увядзення камп’ютарнай каталагізацыі ў бібліятэчнай сістэме ЗША. Рэдактар газеты «Беларус», член Рады БНР, аўтар «Бібліяграфіі беларускага і беларусаведнага друку на Захадзе», прац па гісторыі Беларусі, літаратуры, асвеце. 

1941 год. Пачалося фарміраванне магілёўскага народнага апалчэння.

Доўжылася да 12 ліпеня. Створана з асобаў непрызыўнога ўзросту пад кіраўніцтвам ваеннага камісара вобласці І. Ваяводзіна ў складзе палка і 14 батальёнаў – 12 000 чалавек.  Апалчэнне прымала ўдзел у абароне Магілёва 3-26 ліпеня 1941 года.

У 1974 г. у абласным цэнтры з’явілася вуліца Народнага апалчэння (800 м, раён Юбілейны).

1970 год. Памёр Аляксандр Мазалёў (1910-1970).

Беларускі савецкі жывапісец, графік, педагог.

Скончыў Ленінградскі інстытут пралетарскага мастацтва. Выкладаў у Віцебскім, Мінскім мастацкіх вучылішчах, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Падчас вайны прымаў удзел у дзейнасці падпольнай арганізацыі. Быў арыштаваны акупантамі і адпраўлены ў канцлагер. Пасля вызвалення з канцлагера ў 1944 годзе ваяваў у Чырвонай Арміі.

Працаваў у галіне станковых жывапісу і графікі, у пейзажным, партрэтным, бытавым і батальным жанрах. Быў аўтарам тэматычных карцін, у якіх вельмі ёміста ўвасабляліся характэрныя прыкметы таго часу і галоўныя грамадскія ідэалы.

Сярод творчай спадчыны мастака таксама шмат эцюдаў, накідаў і замалёвак. Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

А. Мазалёў. На канікулах. 1966 год.

1974 год. Адбыўся першы афіцыйны візіт дзейнага прэзідэнта ЗША ў Беларусь – Рычарда Ніксана.

Да гэтага ён 22 мая 1972 года сустракаўся з кіраўніцтвам СССР у Маскве. 

Госця прынялі ва ўрадавай рэзідэнцыі “Заслаўе”. Ніксан азнаёміўся з горадам, усклаў вянок да падножжа манумента на плошчы Перамогі, наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. 

Падчас абеду ў тосце ён ушанаваў подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і дадаў: “Я раней думаў, што Мінск і Беларусь увогуле знакамітыя толькі тым, што тут вырасла маленькая дзяўчынка Вольга Корбут”. 

А яшчэ ён разгадаў хітрыкі савецкіх палітыкаў: замест Катыні, яго прывезлі ў Хатынь.

Адзіны за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прыезд кіраўніка ЗША ў асобе Біла Клінтана адбыўся 15 студзеня 1994 года.

1976 год. Заснаваны Магілёўскі абласны тэатр лялек.

Заснаваны групай выпускнікоў культурна-асветнай школы і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці на чале з рэжысёрам Мікалаем Кулагам. 23 мая 1977 года адбыўся першы спектакль «Ціграня Петрык» паводле п’есы Г. Янушэўскай і Я.Вількоўскага.

У 2009 годзе будынак тэатра адкрыўся пасля рэканструкцыі на сродкі, ахвяраваныя бабруйскім прадпрымальнікам Мешчараковым. Была ўзведзена прыбудова, дзякуючы якой глядзельная зала была пашырана, у сутарэнных памяшканнях размясціліся майстэрні, гардэроб і прыбіральні.

Рэпертуар тэатра – гэта пастаноўкі для дзяцей і дарослых, творы класікаў і сучасная драматургія. Спектаклі “Беласнежка і Гномы”, “Чароўны пэндзаль”, “Самы маленькі самалёт на свеце” – пераможцы прэстыжных міжнародных фестываляў, форумаў, тэатральных прэмій. Аднак асаблівае месца ў жыцці тэатра займаюць пастаноўкі для дарослых, такія як “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Гамлет”, “На дне”, “Сіняя-сіняя”, “Кандыд, або Аптымізм”.

Пастаноўкі тэатра – гэта заўсёды смелыя творчыя рашэнні па чытанні твораў беларускіх і замежных класікаў, а таксама работ драматургаў-сучаснікаў.

2000 год. Адкрыўся самы доўгі мост у Еўропе – Эрэсунскі мост, які злучыў Данію са Швецыяй.

Аўтамабільныя і чыгуначныя пуці, якія ідуць па гэтым мосце, пачынаюцца ў шведскім партовым горадзе Мальмё і заканчваюцца на штучным востраве пасярэдзіне Эрэсунскага праліва, а затым спускаюцца ў тунэль, які выходзіць побач з капенгагенскім аэрапортам. Дзякуючы будаўніцтву гэтага новага шляху праехаць з адной краіны ў другую можна ўсяго за 20 хвілін.

2016 год. У Беларусі адбылася дэнамінацыя нацыянальнай валюты.

Таксама былі ўведзены новыя грашовыя знакі ўзору 2009 года і ўпершыню ўведзены манеты (да гэтага выпускаліся толькі памятныя).

Суадносіны абмену старых на новыя банкаўскія знакі склалі 1 да 10 000. Манеты (1, 2, 5 капеек пакрыты меддзю; 10, 20, 50 капеек — меддзю і латунню; 1 рубель – меддзю і нікелем; 2 рублі – біметал, медзь і нікель, кальцо – медзь і латунь) былі адчаканены на Літоўскім манетным двары і Манетным двары Крэмніцы.

Дзень у гісторыі. 19 чэрвеня. Вымярэнне радыуса Зямлі. Уцёкі караля. Трагедыі дэпартацыі, Курапатаў, Дальвы. Нарадзіўся В. Быкаў

240 год да н.э. Упершыню быў вылічаны радыус Зямлі.

Гэта было зроблена географам і астраномам Эратасфенам Кірэнскім (276-194 гг. да н. э.) у дзень летняга сонцастаяння ў Александрыі пры дапамозе скафіса – вертыкальнай тычкі-гномана, умацаванага на дне чары (паўсферы).

Скафіс усталёўваюць так, каб гноман прымаў строга вертыкальнае становішча (быў накіраваны ў зеніт). Асветленая сонцам тычка адкідвае цень на падзеленую на градусы ўнутраную паверхню скафіса. 

Эратасфен параўнаў вышыню Сонца ў адзін і той жа момант часу ў двух гарадах – Александрыі і Сіене (Асуан). Пасля вымярэння кут аказаўся 7 градусаў 12 хвілін, гэта значыць 1/50 акружнасці. Такім чынам Сіена адлягае ад Александрыі на 1/50 акружнасці Зямлі. 

Адлегласць паміж гарадамі лічылася роўнай 5 000 стадыям, значыць акружнасць Зямлі – 250 000 стадыяў, а радыус тады складае 39 790 стадыяў. Невядома, якім значэннем стадыя карыстаўся Эратасфен. Калі грэцкім (178 м), то радыус Зямлі 7 082 км, калі егіпецкім, то – 6 287 км. Сучасныя вымярэнні даюць велічыню радыуса 6 371 км – дакладнасць вымярэння проста дзіўная!

1574 год. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Валуа тайна пакінуў Кракаў.

Генрык (1551-1589), герцаг анжуйскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1574), кароль Францыі (1575-1589) Генрых ІІІ.

На элекцыйным сойме ў Варшаве 11 мая 1573 года быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. 24 лютага 1574 года ў Кракаве адбыліся яго каранацыя і прысяга ў адпаведнасці з «Генрыкавымі артыкуламі».

Яго абранне выклікала незадавальненне значнай часткі эліт, шляхты. У шмат якіх ваяводствах пачаўся рух за пазбаўленне Генрыка кароны. Незадавальненне выклікала і яго нежаданне ажаніцца з Ганнай Ягелонкай.

30 мая 1574 года ў Францыі памёр Карл IX і Генрык вырашыў пакінуць польскі сталец.

У Францыі Генрыка абралі каралём пад імем Генрыха III. У Рэч Паспалітую ён не вярнуўся, але да канца жыцця карыстаўся тытулам караля польскага і вялікага князя літоўскага.

1669 год. Каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ абраны Міхал Вішнявецкі.

Апошні прадстаўнік малодшай лініі княжацкага роду Вішнявецкіх герба «Карыбут» (Гедзімінавічы). Вучыўся ў Празе, Дрэздэне і Вене. Ведаў некалькі замежных моў.

У лістападзе 1663 браў удзел у вайсковай кампаніі супраць маскоўскіх войскаў, камандаваў уласным палком пяхоты з 600 чалавек.

Улетку 1672 года ўкраінска-турэцкая армія, захапіўшы крэпасць Хацін, уступіла ў Галічыну. Пасля кароткачасовай аблогі Львова Міхал быў вымушаны заключыць ганебны Бучацкі мір, па ўмовах якога Украіна станавілася незалежнай дзяржавай пад пратэктаратам Турцыі, а Падолле адыходзіла да Асманскай імперыі.

Але сойм Рэчы Паспалітай не зацвердзіў мірнага дагавора, і вайна аднавілася. Па дарозе ў войска, якое збіралася каля Хаціна, Міхал Вішнявецкі памёр у Львове 10 лістапада 1673 года. 

1898 год. У в. Расасна Горацкага павета (зараз – Дубровенскі раён) нарадзіўся Маркел Савіцкі (1898-1975).

Раслінавод, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар БСГА. 

Аўтар больш за 120 навуковых працаў, шэрагу выданняў на беларускай мове.

Распрацаваў методыку сортавыпрабавання, якая на сортавыпрабавальных участках сельскагаспадарчай выставы (Масква) дала ў 1937 годзе 99,8 ц/га, а ў 1940 годзе – 110,9 ц/га азімай пшаніцы.

1912 год. Нарадзіўся Пятро Бітэль (1912-1991).

Беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік, святар. У 1950 годзе арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Сібіры і Казахстане.

Аўтар паэм «Замкі і людзі», «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага». Перакладчык на беларускую мову твораў А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ю. Крашэўскага, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, Т. Шаўчэнкі, Ё. Гётэ, Ф. Шылера і іншых.

Рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» зроблены ў ГУЛАГу на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

1923 год. У Бабруйску нарадзіўся Жозэф Хоцька.

Беларускі геафізік, адзін са стваральнікаў нацыянальнай школы геафізікі. Займаўся пытаннямі сейсмалогіі, зямнога электрамагнетызма. Стваральнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі (1958). 

Кандыдат геолага-мінералагічных наук.

Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя.

1924 год. Нарадзіўся  Васіль Быкаў (1924-2003).

Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай працы. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, Дзяржаўных прэмій СССР і  БССР, Ленінскай прэміі.

Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

Адзін з заснавальнікаў БНФ. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Народны дэпутат СССР.

Большасць твораў — аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.

Па яго творах пастаўлены 14 кінафільмаў, у тым ліку «Альпійская балада». На беларускай мове з ўсіх экранізацый зняты толькі два фільмы – «На чорных лядах» і «Народныя мсціўцы».

Многія яго аповесці былі інсцэніраваны тэатрамі СССР, па іх створаны балет, сюіта, опера.

Працуюць мемарыяльны Музей-сядзіба В. Быкава ў в. Бычкі Ушацкага раёна і Музей-дача ў Ждановічах, пастаўлены помнік ва Ушачах.

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродне, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі.

У Віцебску, Мінску, ва ўкраінскай вёсцы Вялікая Севярынка ўсталяваны мемарыяльныя дошкі, ва Ушачах – помнік.

1941 год. Апошняя перадваенная масавая дэпартацыя ў Сібір і Казахстан.

Была скіраваная супраць «варожых элементаў» і іх сямей у заходніх абласцях Беларусі, Украіны, Малдавіі.

За 19-20 чэрвеня толькі з Беларусі высланыя ў Сібір і Казахстан 22 000 чалавек.

1941 год. Нарадзіўся Іван Ласкоў (1941-1994).

Беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык, рэдактар якуцкага эпасу. Дзяцінства правёў у в. Беразякі Краснапольскага раёна і Магілёўскім дзіцячым доме і № 1, вучыўся ў СШ №2 Магілёва. 

Аўтар «фінскай» канцэпцыі паходжання беларусаў, даказваў, што літва не была балцкім племем.

1943 год. Адбылося Івянецкае паўстанне пры ўдзеле партызанскага атрада з Цэнтра Арміі Краёвай “Стоўбцы”.

Івянец быў захоплены на 18 гадзін, вызвалены вязні турмы, ад 100 да 200 супрацоўнікаў Беларускай дапаможнай паліцыі добраахвотна перайшлі на бок польскага атраду. 

Атрад партызан налічваў каля 150 чалавек (нямецкі гарнізон каля 500 чалавек), большасць з якіх мелі толькі пісталеты і гранаты. Камандаваў атакай паручнік Каспер Мілашэўскі.

Партызаны АК “Стоўбцы”

1944 год. Нацысты знішчылі вёску Дальва на Лагойшчыне разам з яе жыхарамі.

Фашысты сагналі 44 жыхары вёскі ў хату В. Кухаронка і спалілі жыўцом. Загінула 29 дзяцей, 13 жанчын і два мужчыны. Выжыў толькі 13-гадовы М. Гірыловіч, які ў той дзень пасвіў каня за вёскай.

На месцы спаленай вёскі 15 ліпеня 1973 года адкрыты мемарыяльны комплекс – філіял комплекса «Хатынь».

У 1968 годзе пісьменьнік І. Пташнікаў выдаў аповесць «Тартак», прысвечаную Дальве.

1953 год. У ЗША па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць СССР пакараныя смерцю Юліус і Этэль Розенберг.

Іх справа дагэтуль застаецца адным з загадкавых крымінальных працэсаў у гісторыі. Ніхто не ведае напэўна, паведамлялі яны саветам сакрэт атамнай бомбы ці не. Муж і жонка да канца адстойвалі сваю невінаватасць.

У дзень пакарання Розенбергам дазволілі патэлефанаваць у міністэрства юстыцыі. Калі б яны вырашылі прызнацца ў шпіянажы, то выратавалі сваё жыццё. Аднак, замест размовы з міністрам Розенбергі ў апошні раз аддалі перавагу пацалаваць адзін аднаго. Перад смерцю Этэль напісала сынам: “Заўсёды памятайце, што мы былі невінаватыя і не маглі пайсці супраць свайго сумлення”.

1976 год. Нарадзіўся Уладзімір Каткоўскі (1976-2007).

Беларускі блогер, вэб-рэдактар, заснавальнік беларускай Вікіпедыі. Распрацоўшчык беларускамоўнага інтэрфейсу Google, супрацоўнік беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» (з 2002).

Скончыў Амерыканскі універсітэт у Балгарыі па спецыяльнасці «інфарматыка». Працаваў камп’ютарным спецыялістам у Будапешце (Фонд Сораса), Франкфурце-на-Майне.

16 чэрвеня 2006 трапіў у аўтамабільную катастрофу, знаходзіўся ў глыбокай коме. Памёр 25 мая 2007 года.

1988 год. У Курапатах адбыўся першы масавы мітынг памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

У Мінску праходзіць марш, потым – пратэстны мітынг у Курапатах, на якія прыходзіць каля 10 000 чалавек. Менавіта там упершыню паднімаецца нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, і гучаць антысавецкія лозунгі. 

Вось як падзеі ўзгадвае Зянон Пазняк:”Дзень 19 чэрвеня 1988 году, калі адбылося масавае шэсце на Курапаты і мітынг там, жыве ў маёй свядомасці выразна і моцна. Тысячы людзей зайшлі ў Курапацкі лес і ўсе рассыпаліся. Між дрэваў і кустоў ішлі моўчкі, у поўнай цішыні… І толькі крокі і шоргат лясной травы пад нагамі. Мне пачулася ў гэтым нешта містычнае. Я адчуў, што адбываецца нешта, чаго я ня змог растлумачыць. Гэты шоргат людской лавіны – гэты вобраз стаіць у мяне ўвушшу, уваччу, жыве ў маёй свядомасці.”

Паводле розных крыніц інфармацыі, з 1937 па 1941 год толькі ў Курапатах па палітычных матывах забіта ад 40 да 200 тысяч мірных грамадзян.

2019 год. Памерла Іраіда Царук (1928-2019).

Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар. Родная сястра палітыка Сяргея Прытыцкага.

Даследчыца гісторыі і культуры Заходняй Беларусі. Дэкан гістарычнага факультэта БДУ (1973-1986).

Дзень у гісторыі. 15 чэрвеня. Утварэнне Полацкай акадэміі, УЕФА. Бітва на Косавым полі. Трагедыя Борак. “Goodbye my Love, Goodbye”.

Сусветны дзень ветра (World Wind Day, з 2007 года).

Азначаецца па ініцыятыве Еўрапейскай асацыяцыі ветраэнергетыкі і Сусветнай рады па энергіі ветра.

Мэта – прыцягненне ўвагі грамадскасці да вялізнага патэнцыялу ветраэнергетыкі.

Развіццё ветраэнергетыкі дапаможа вырашыць вялікае кола праблем не толькі энергетычнага, але і эканамічнага, экалагічнага характару.

На сёння ветраэнергетычныя ўстаноўкі паспяхова дзейнічаюць амаль у 120 краінах свету.

Некаторыя цікавосткі.

Першыя сапраўдныя вятракі з’явіліся ў VII стагоддзя на мяжы Ірана і Афганістана.

Сіла ветра аналізуецца паводле шкалы Бофарта (0-12 балаў).

Самы небяспечны і грозны паток паветра бушуе ў Антарктыдзе: хуткасць 60 км/гадзіну ды яшчэ ў спалучэнні з 60 градуснай вільготнай сцюжай.

Кожнае тарнада эксклюзіўна ў прыродзе. Кожнае з іх мае сваё гучанне, пах, тон, выгляд. Двух аднолькавых няма.

У Беларусі каля 120 ветраэнергетычных ўстановак. Па колькасці іх (50%) і па ўсталяванай магутнасці лідзіруючыя пазіцыі займае Магілёўская вобласць. 

Самы вялікі ветрапарк вобласці размешчаны ў в. Пудаўня Дрыбінскага раёна.

Самы высокі вятрак у Беларусі знаходзіцца ў в. Асмаловічы Мсціслаўскага раёна, вышыня вежы – 142 м. 

Самы магутны вятрак – у Лёзненскім раёне, магутнасць 3,5 МВт.

Русальчыны розыгрышы (народны каляндар).

Трэба засцерагацца русалак.

Русалкі (сірэны, ундзіны) – персанажы міфалогіі, чалавекападобныя істоты ці духі, што жывуць у вадзе або каля вады. Яны могуць знешне амаль не адрознівацца ад людзей, а могуць мець у ніжняй частцы цела замест ног плоскі хвост, падобны да хваста рыбы.

Ва ўсходнеславянскай міфалогіі русалкі пераважна – жанчыны (тапеліцы), у заходнееўрапейскай – звычайна жанчыны з рыбінымі хвастамі.

1389 год. Сербы і баснійцы былі разбітыя асманамі на Косавым полі.

Нягледзячы на гераічнае супраціўленне аб’яднанага войска сербаў і баснійцаў пад кіраўніцтвам князя Лазара, туркі-асманы султана Мурада І атрымалі перамогу, якая фактычна ператварыла Сербію ў васала Асманскай імперыі.

У 1459 годзе Сербія была канчаткова ўключана ў яе склад больш як на 400 гадоў.

1812 год. Адкрыццё Полацкай езуіцкай акадэміі (універсітэта).

Адкрыта на базе Полацкага езуіцкага калегіума (з 1581 года). Мела правы ўніверсітэта. Складалася з факультэтаў тэалагічнага, філасофскага, свабодных навук і старажытных і сучасных моў. 

Установа дала сотні выбітных прафесіяналаў, сярод якіх пісьменнік Я. Баршчэўскі, мастак В. Ваньковіч, філосаф А. Доўгірд.

Акадэмія мела найбуйнейшую ў краіне бібліятэку з 40 000 тамоў. Нашчадак акадэміі – Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

1831 год. Нарадзіўся  Вінцэнт Каратынскі (1831-1891).

Беларускі і польскі пісьменнік і перакладчык, краязнавец, літаратуразнавец.

Быў памочнікам-сакратаром у У. Сыракомлі. Выдаў збор твораў У. Сыракомлі.

Аўтар паэтычнай кнігі з прадмовай Сыракомлі – «Чым xата багата, тым рада».

У гонар прыезду ў Bільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе, напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе нагадаў пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса.

На беларускую мову ягоныя творы перакладаліся шматлікімі перакладчыкамі, у тым ліку Р. Баравіковай, Р. Барадуліным.

Памёр 7 лютага 1891 года.

1909 год. У г. Круглае нарадзілася Валянціна Філіповіч (1909-1942).

Географ, геамарфолаг, другая беларуская жанчына-геолаг апасля Ганны Місуны, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт.

Загадчык кабінета геамарфалогіі Ленінградскага ўніверсітэта.

Адзін з праектантаў Вялікага Архангельска, даследчыца Ніжняга Прыамур’я.

Рэпрэсавана органамі НКУС.

план Вялікага Архангельска

1936 год. Нарадзіўся Мікола Гіль (1936-2022).

Беларускі пісьменнік, журналіст, перакладчык. Родны брат Ніла Гілевіча, бацька пісьменніка Міколы Віча (М. М. Гілевіч).

Працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на рыдыё, у часопісах “Бярозка”,  “Родная прырода”,  галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” і часопіса “Мастацтва”.

Аўтар больш за 10 кніг, аўтар кнігі “У времени в плену: Страницы жизни Геннадия Карпенко”.

Перакладаў на беларускую мову творы літоўскіх, венгерскіх і шведскіх пісьменнікаў.

Памёр 14 сакавіка 2022 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Антон Платун (1896-1938).

Беларускі прафсаюзны, палітычны дзеяч. Быў наркамам асветы пры недахопе асабістай асветы, нават акадэмікам.

Удзельнік рэпрэсій супраць беларускіх нацыянальных дзеячаў навукі і адукацыі. Ініцыятар “чыстак” у наркамаце.

Рэпрэсаваны сам і двое яго родных братоў.

1942 год. Нацысцкія карнікі вынішчылі разам з 2027 жыхарамі в. Боркі і навакольныя пасёлкі Кіраўскага раёна Магілёўшчыны.

Адзначыўся батальён “Дырлевангер”, які пазней, у сакавіку 1943 года знішчыў Хатынь.

Пасля вайны Боркі былі адноўлены, але суседнія 6 пасёлкаў не адрадзіліся. Аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” напісана на аснове тых страшных падзей. 

На месцы найбуйнейшай па колькасці ахвяр карнай аперацыі супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў в. Боркі ў Кіраўскім раёне створаны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” (у памяць аб 112 знішчаных вёсках Магілёўшчыны). Рэканструяваны ў 2020 годзе.

1946 год. Нарадзіўся Дэміс Русас (1946-2015).

Вядомы грэчаскі спявак, любімы многімі пакаленнямі беларусаў.

Выдаў каля 40 альбомаў.

Самым папулярным у нашых суграмадзян з’яўляецца ягоны хіт “Goodbye my Love, Goodbye”.

1954 год. У швейцарскім Базелі заснаваны УЕФА.

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (Union of European Football Associations) аб’ядноўвае нацыянальныя футбольныя асацыяцыі еўрапейскіх краін.

Штаб-кватэра з 1995 года знаходзіцца ў швейцарскім Ньёне (раней – ў Парыжы). Беларусь далучылася да УЕФА ў 1993 годзе.

1954 год. Нарадзіўся Іван Крук.

Беларускі фалькларыст.

Даследуе беларускі фальклор, народную культуру, беларускі народны каляндар. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл», «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія».

1979 год. Нарадзілася Юлія Несцярэнка.

Беларуская лёгкаатлетка, алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 метраў.

Бронзавая прызёрка чэмпіянату свету і Еўропы, пераможца міжнародных спаборніцтваў серыі Гран-пры. Майстар спорту Беларусі, майстар спорту Беларусі міжнароднага класа, заслужаны майстар спорту Беларусі. Ганаровы грамадзянін горада Брэста.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 5 чэрвеня. Дзень Еўфрасінні Полацкай. Нарадзіліся мастакі Ю. Пэн, В. Занковіч, вучоны В. Еўмянькоў. Расстраляны ксёндз Р. Зямацкі.

Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя (World Environment Day, з 1972 года).

Канчатковая мэта Дня –  прыцягнуць насельніцтва свету да вырашэння экалагічных праблем, даць зразумець, якія праблемы існуюць і якія ёсць шляхі іх вырашэння.

У  Беларусі асабліваахоўваемыя прыродныя тэрыторыі займаюць 9% агульнай плошчы краіны. У краіне 4 Нацыянальныя паркі, 1 біясферны запаведнік, больш за 230 заказнікаў, каля 850 помнікаў прыроды.

У праваслаўных і грэка-каталікоў Дзень ушанавання апякункі Беларусі – святой Еўфрасінні Полацкай (1104-1173).

Полацкая князёўна і ігумення, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе паломніца. У сваё паломніцтва ў 1167 (1173?) годзе ішла па Дняпру, праходзіла месца, дзе зараз стаіць Магілёў. 

У 1187 годзе яе мошчы былі перанесены з Ерусаліму ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 годзе пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы Магілёва. 

Перанос машчэй Еўфрасінні Полацкай ў Полацк. 1910 год.

1854 год. Нарадзіўся Юдаль Пэн (1854-1937).

Беларускі, рускі, яўрэйскі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч “яўрэйскага рэнесансу” ў беларускім мастацтве пачатку XX ст.

Уладальнік першай у Расіі прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897-1918). Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі, у тым ліку Восіп Цадкін,  Леў Лейтман, Марк Шагал, Саламон Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937 года мастак быў забіты ў сваёй віцебскай хаце. Паводле некаторых версій, да забойства мог быць датычны НКУС.

У гонар мастака ў Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка. 

1863 год. Расійскімі карнікамі расстраляны ў Вільні Раймунд Зямацкі (1810-1863).

Ксёндз расстраляны толькі за тое, што зачытаў у Ваверскім касцёле (цяпер Лідскі раён) маніфест паўстання.

Яго старэйшы брат Юзэф загінуў у час паўстання 1830-1831 гадоў.

Па вызвольным паўстанні, у час якога атрымаў цяжкія раненні, паступіў у Віленскую семінарыю. Служыў вікарыем у касцёле Святога Рафала ў Вільні, пробашчам у Ваверцы.

У ноч з 4 на 5 лютага 1863 года атрымаў копію Маніфэста Літоўскага паўстанцкага ўраду з загадам зачытаць яго ў нядзелю перад парафіянамі. Падтрымаў паўстанне і зачытаў Маніфест, за што быў схоплены рускімі карінікамі, змешчаны ў віленскую турму.

Смяротны вырак атрымаў ад расійскага суда разам са святарамі С. Ішорам і А. Фалькоўскім, якія таксама зачытвалі Маніфест.

Пасля расстрэла таемна пахаваны на Трохкрыжовай гары.

Расстрэл ксяндза Р. Зямацкага.

1870 год. Нарадзіўся Зыгмунт Лазінскі  (1870-1932).

Беларускі каталіцкі рэлігійны дзеяч, біскуп мінскі (1918-1925) і пінскі (1925-1932).

Святар з 1895 года. Быў пробашчам кафедральнага сабора ў Мінску,  прафесарам Магілёўскай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, кіраўніком адноўленай Мінскай архідыяцэзіі (1917-1920), першым біскупам навастворанай Пінскай дыяцэзіі (1925-1932).

У 1909-1911 гадах суправаджаў магілёўскага біскупа Яна Цепляка ў наведванні парафій Расійскай імперыі.

Спрыяў усталяванню беларускай мовы ў касцёле. Арганізатар беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску (пазней пераведзена ў Навагрудак, затым – у Пінск).

У 1920 годзе арыштаваны камуністычнымі ўладамі, 11 месяцаў правёў у маскоўскай «Бутырцы», пасля быў вымушаны з’ехаць у Заходнюю Беларусь.

1937 год. Нарадзіўся Валянцін Занковіч.

Беларускі архітэктар і скульптар, лаўрэат прэмій Ленінскай і ЛКСМБ. Стрыечны брат грамадскага дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША Анатоля Занковіча.

Скончыў Беларускі політэхнічны, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытуты. Працаваў у праектным інстытуце «Мінскпраект».

Вядомы па працах: мемарыяльныя комплексы “Кацюша” ў Оршы,  Хатынь (Ленінская прэмія), “Брэсцкая крэпасць-герой», “Беларусь партызанская” у Мінску і іншых. У Магілёве знаходзіцца яго праца “Ручнікі” на фантане каля Палаца культуры вобласці.

1942 год. Нарадзіўся Вячаслаў  Рагойша.

Беларускі філолаг, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Член вучонай рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы, арганізатар міжнароднай навуковой канферэнцыі “Ракаўскія чытанні” (з 1996).

Першым дасканала даследваў рукапісы Янкі Купалы, даследчык паэтыкі Максіма Танка.

Аўтар звыш 800 навуковых публікацый і даследаванняў па гiсторыi i тэорыi беларускай лiтаратуры, беларуска-славянскiх лiтаратурных узаемасувязяў, па вершазнаўстве, праблемах тэорыi i практыкi мастацкага перакладу, паэтыцы лiтаратурнага твора, з якiх амаль 300 – асноўныя навуковыя працы, у тым лiку 16 манаграфiй.

1948 год. Заснавана Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ).

Гэта адбылося на з’ездзе дзеячоў царквы ў Заходняй Германіі.

Мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Беларусі. Богаслужэнні вядуцца на беларускай мове.

БАПЦ займаецца і культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную духоўную спадчыну.

У традыцыі БАПЦ выводзіць сваё паходжанне ад Наваградскай мітраполіі, створанай у 1330 годзе Канстанцінопальскім патрыярхам па просьбе вялікага князя Гедзіміна.

Кафедральны Сабор Святога Кірылы Тураўскага, Нью-Ёрк

1951 год. Нарадзіўся Уладзімір Шанцаў.

Магілёўскі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут, Усесаюзны завочны фінансава-эканамічны інстытут.

Працаваў на Магілёўскім «Хімвалакно», у дзяржаўнай падатковай інспекцыі,  дырэктарам ТАА “Катэм”, філіяла ААТ «Белэканінвест», прадстаўніцтва ЗАСТ «Кентаўр», у Магілёўскім гарвыканкаме,  індывідуальным прадпрымальнікам. Выбіраўся дэпутатам Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.

1965 год. Заснавана Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Ёрку.

Займаецца культурна-асветнай дзейнасцю сярод беларускіх эмігрантаў у ЗША.

Сярод найбольш актыўных членаў, акрамя старшыні Кастуся Мерляка, былі Васіль Шчэцька, Пётр Мільяновіч, Васіль Захаркевіч, Васіль Юрцэвіч, Ян Казлякоўскі, Пётр Зыбайла і  іншыя.

1977 год. У Магілёве нарадзіўся Віталь Еўмянькоў (1977-2022).

Беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік, журналіст.

Скончыў МДУ імя А. Куляшова, у якім працаваў з 1999 да 2021 года. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Абараніў дысертацыю па тэме «Адам Міцкевіч і духоўна-эстэтычныя пошукі ў літаратуры Беларусі XIX ст.».

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, асабліва часу Рэчы Паспалітай.

Выкладаў журналістыку. Рэдагаваў сайт City.mogilev.by і гарадскі партал Mycity.by (2009-2012).

Напісаў мастацкія апавяданні, аповесць «Пялёсткі белай ружы», гістарычныя паэмы «Хоцімская вайна», «Філаматы». Друкаваўся ў магілёўскім гадавіку «Брама» і часопісе «Маладосць». Перакладаў з польскай мовы.

Вясной 2021 звольнены з універсітэта па палітычных матывах разам з іншымі прафесарамі.

Памёр на сваё ўлюбенае свята 25 снежня 2022 года.

2012 год. У Смалявіцкім раёне створаны Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень».

Займае плошчу ў 113 квадратных кіламетраў. «Жамчужына Эканамічнага пояса Шаўковага Шляху», «Смарагд эканамічнага росту Беларусі», «Беларускі Ганконг». Канцэпцыя парка – стварэнне новага экагорада, у якім спалучаецца вытворчая, жылая, адміністратыўная інфраструктура з экалагічнай накіраванасцю.

У 2022 годзе ў парку зарэгістраваны 85 рэзідэнтаў з КНР, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Расіі, Ізраіля, Літвы, Швейцарыі, Беларусі.

Боркі – “старэйшая сястра” Хатынскай трагедыі

Cёння адзначаецца 80-я гадавіна хатынскай трагедыі. 

Хатынь – адна з 9097 вёсак, якія былі спалены фашыстамі на тэрыторыі Беларусі. 

“Старэйшай сястрой” страшэннай трагедыі лічыцца вёска Боркі – месца найбуйнейшай па колькасці ахвяр карнай аперацыі супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 15 чэрвеня 1942 года нацысцкія карнікі вынішчылі яе разам з 6 навакольнымі пасёлкамі Кіраўскага раёна Магілёўшчыны, забіўшы 2027 жыхароў. 

Батальён “Дырлевангер”, які здзейсніў расправу над жыхарамі Борак знішчыў і Хатынь. 

Пасля вайны Боркі былі адноўлены, але суседнія пасёлкі не адрадзіліся. Аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” напісана на аснове тых страшных падзей. На месцы трагедыі ў в. Боркі ў Кіраўскім раёне створаны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” (у памяць аб 112 знішчаных вёсках Магілёўшчыны). 

Фота. Mogilev.media

Дзень у гісторыі. 22 сакавіка. Брэсцкі манетны двор. Пакараны К. Каліноўскі. Хатынская трагедыя. M.@rt.кантакт. Нарадзіліся кароль Ян Казімір, паэт А. Пысін.

Сусветны дзень вады (World Water Day, з 1993 года).

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН.

У рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі прапанавана дзяржавам праводзіць у гэты дзень мерапрыемствы, прысвечаныя захаванню і засваенню водных рэсурсаў.

Па велічыні водных рэсурсаў рэк Беларусь займае чацвёртае месца ў Еўропе пасля Нарвегіі. 

Патэнцыял водных рэсурсаў Беларусі: 20 000 рэк і ручаёў, 11 000 азёр, 85 вадасховішчаў, 1 500 сажалак.

Разведаныя запасы прэсных падземных вод – 6,35 млн куб.м/суткі (609 радовішчаў).

Міжнародны дзень Балтыйскага мора (Baltic Sea Day, з 1986 года).

Абвешчаны ў 1986 годзе на 17-м пасяджэнні Хельсінкскай Канвенцыі ў гонар падпісання самой канвенцыі па Балтыйскаму мору ў 1974 годзе.

49% тэрыторыі Беларусі адносіцца да басейна Балтыйскага мора, рачных басейнаў Нёмана, Заходняй Дзвіны, Заходняга Буга.

Рака Заходняя Дзвіна

Сорак сарокаў (народны каляндар). 

Прыход вясны пасля раўнадзенства і сустрэча птушак з цёплых месцаў. “Жаўрукі прыляцелі, на галоўку дзецям селі”.

У хрысціянстве шануюць памяць сарака пакутнікаў Севастыйскіх – воінаў-хрысціян, якія прынялі пакутніцкую смерць. Усе яны былі родам з Кападокіі і служылі ў рымскім войску. Ваеначальнік запатрабаваў, каб хрысціяне разам з астатнімі салдатамі прынеслі ахвяру паганскім багам. Пасля адмовы іх падвергнулі катаванням, а потым распранулі і прымусілі стаяць у пакрытым лёдам возеры на працягу ночы. Да раніцы адзін з воінаў не вытрымаў – і пабег да цёплай лазні. Аднак яго месца сярод пакутнікаў заняў рымлянін Аглай, якога ўразіла стойкасць духу хрысціян.

У народзе гэты дзень лічыўся днём другой сустрэчы вясны (першая была на Грамніцы, трэцюю чакаюць на Дабравешчанне), адным з самых вялікіх свят у годзе. Сяляне казалі, што “на Сарокі дзень з ноччу мераецца, зіма канчаецца, вясна пачынаецца”. А прадвеснікамі вясны былі жаўрукі (хоць на Сарокі, па павер’і, з-за мора прыляталі 40 розных птушак).

Гаспадыні загадзя выпякалі з цеста печыва ў выглядзе птушак, як правіла, 40 штук – па колькасці загінулых пакутнікаў.

У гэты дзень вернікі прыходзяць у храм і ставяць 40 свечак у памяць аб загінуўшых.

Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце,

А зімачку прыбярыце,

Бо зімачка надаела,

Нам хлебушак пераела.

1609 год. Нарадзіўся Ян Казімір Ваза (1609–1672).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1648–1668), апошні манарх з дынастыі Ваза.

У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, са Швецыяй. 

Пры ім былі страчаны Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна. 

Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі прывялі да адрачэння ад трона і эміграцыі ў Францыю ў верасні 1668 года.

1619 год. Кароль Жыгімонт III Ваза перадаў усе магілёўскія праваслаўныя цэрквы уніятам.

Гэта адбылося па скарзе уніяцкага арцыбіскупа І. Кунцэвіча на бясчынствы часткі гараджан супраць уніатаў. 

Указам караля прадпісвалася ўдзельнікаў узброенага выступу ў Магілёве ў 1618 годзе супраць уніятаў пакараць смерцю, на жыхароў накласці штраф, усе праваслаўныя цэрквы перадаць уніятам.

1659 год. Пастанова Сойма Рэчы Паспалітай аб біцці меднага шэлега (барацінкі) і заснаванні Брэсцкага манетнага двара.

Падчас правядзення грашовай рэформы 1659–1666 гадоў для выпуску меднага соліда (барацінкі) пачалося будаўніцтва манетнага двара ў Брэсце. Ён працаваў з 4 снежня 1665 да 16 снежня 1666 года і выбіў каля 241 мільёна медных солідаў на суму 2 674 268 злотых 10 грошаў.

На аверсе размяшчаўся бюст Яна II Казіміра Вазы, пад якім ініцыялы TLB (арандатара меднага двара). На рэверсе быў герб ВКЛ “Пагоня”, пад ім манаграма І. Кіршэнштэйна. Соліды брэсцкага двара падобныя на медныя соліды Віленскага меднага двара. 

Ёсць меркаванне, што большая частка тыражу мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.

1864 год. Публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні Кастусь Каліноўскі (1838–1864).

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, прымаў удзел у таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі З. Серакоўскі і Я. Дамброўскі. 

На Гародзеншчыне ствараў рэвалюцыйныя арганізацыі, у 1862 годзе з паплечнікамі распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» – першай у гісторыі газеты на беларускай мове. У 1862 годзе ачоліў Літоўскі правінцыяльны камітэт па падрыхтоўцы паўстання, у студзені 1863 распачаў паўстанне, 1 лютага 1863 года узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі.

29 студзеня 1864 года выдадзены царскім уладам камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам. 

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай улады. Усе магілы былі зроўнены з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы у Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе ва Украіне створаны беларускі полк імя Каліноўскага.

1865 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, Стары Улас.

Беларускі паэт.

Дэбютаваў вершамі ў 1907 годзе ў «Нашай ніве». Шэраг вершаў надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969).

У 1990 годзе выйшла яго кніга вершаў і публіцыстыкі «Год беларуса».

Памёр 30 верасня 1939 года.

1882 год. Нарадзіўся Эдуард Будзька.

Беларускі грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік.

Аўтар і папулярызатар «Нашай нівы». Член  прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта,  член Вялікай беларускай рады, сакратар Камісіі па стварэнні БДУ.

Удзельнічаў у стварэнні беларускіх школ, Будслаўскай беларускай гімназіі. Удзельнік беларускага нацыянальнага руху ў Літве, Латвіі, ЗША.

У час Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі Беларусі, працаваў настаўнікам у Мінску і Баранавічах. Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

Цяжка хворы выехаў у Канаду, потым у ЗША. Актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай эміграцыі ў ЗША. Апублікаваў свае ўспаміны ў месячніку «Бацькаўшчына».

Памёр 14 жніўня 1959 года ў Чыкага.

1920 год. У в. Высокі Барок (цяпер Краснапольскі раён) нарадзіўся Аляксей Пысін.

Беларускі паэт. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні».

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў у газэце ў Бельску на Беласточчыне. Удезльнік Другой сусветнай вайны.

Працаваў у краснапольскай газеце «Чырвоны сцяг», у чэрыкаўскай раённай газеце, магілёўскіх абласных «За Радзіму», «Магілёўская праўда». З 1974 года да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза Пісьменнікаў.

Аўтар 12 кніг паэзіі, 4 зборнікаў вершаў для дзяцей, кніг вершаў і паэм, кнігі пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот». Двойчы выходзілі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля, зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам».

Памёр 27 жніўня 1981 года ў Магілёве. Пахаваны на каталіцкіх могілках.

У яго гонар названа школа (у ёй мемарыяльны музей паэта) у Палужы Краснапольскага раёна, вуліца ў Магілёве. На доме, у якім ён жыў па праспекце Міра, 35А ўсталявана мемарыяльная дошка. Магілёўская абласная бібліятэка арганізуе Пысінскія чытанні.

1943 год. Разам з жыхарамі спалена Хатынь.

У гэты дзень 149 жыхароў вёскі былі спалены жыўцом або расстраляны нямецкімі салдатамі і дапаможным паліцэйскім батальёнам за аказанне жыхарамі вёскі дапамогі партызанам. 

У карнай аперацыі ўдзельнічалі 118-ы батальён шуцманшафта і асобны карны батальён СС «Дырлевангер».

Апошні сведка трагедыі, Віктар Жалабковіч, памёр у 2020 годзе.

У 1969 годзе створаны мемарыял у памяць аб 9200 беларускіх вёсках, знішчаных нацыстамі.

1998 год. Памёр Пятро Шасцерыкаў (1919–1998).

Беларускі пісьменнік. Выхаванец магілёўскага педінстытута (1941), сакратар Магілёўскага аддзялення  Саюза пісьменнікаў, аўтар твораў на мясцовую тэматыку.

Яго пяру належаць шматлікія кнігі, аповесці, апавяданні. Ён з’яўляецца аўтарам літаратурнай апрацоўкі кніг успамінаў “Салдатамі былі ўсе”, “Арлы”, тэкстаў да фотаальбомаў “Магілёў”, “Магілёўская вобласць”.

Яго імем названа вуліца ў Магілёве.

2006 года. У Магілёве стартаваў Першы Міжнародны маладзёжны тэатральны форум M.@rt.кантакт.

У першы год у ім прынялі ўдзел 10 тэатраў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы.

Мінулым годам, у сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны, тэатральны форум з міжнароднага ператварыўся ў форум тэатраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Сёлета з 20 па 27 сакавіка праводзіцца XVI Міжнародны форум. У асноўнай праграме запланавана 19 спектакляў калектываў з Беларусі, Расіі, Казахстана і Балгарыі.

Дзень у гісторыі. 1 сакавіка, або 16 лютага 7531. Прароцтвы Настрадамуса. Трыбунал ВКЛ. Нарадзіўся акцёр Ф. Шмакаў. Забойства мастака І. Пэна

Сусветны дзень камплімента (World Compliment Day).

Няма дакладных звестак аб тым, кім і калі заснавана гэта свята, але галоўнае вядома, што гэта было спантаннае жаданне простых людзей зрабіць адзін з дзён у годзе больш яркім, цёплым, запамінальным і збліжальным.

Французскае “compliment” – асаблівая форма пахвалы, выказванне адабрэння, прызнання, ветлівыя, прыемныя словы. Пры дапамозе кампліменту можна лёгка паказаць канкрэтнаму чалавеку сваю павагу, выказаць захапленне, прадэманстраваць сімпатыю.

Камплімент – просты, але магутны сродак, які дапамагае ўсталёўваць добрыя адносіны з іншымі людзьмі. Камлімент, які своечасова прагучаў, можа разрадзіць абстаноўку, пераламаць напружаную сітуацыю і нават паўплываць на асабістае жыццё і кар’еру. Нядзіўна, што мастацтва рабіць кампліменты даўно ўжо стала неад’емнай часткай бізнэс-культуры.

Найважнейшая ўмова эфектнага кампліменту – гэта шчырасць.

Цікавы эксперымент праводзілі японскія генетыкі. Двум галінкам сакуры цэлы тыдзень казалі: адной, што яна – “гадасць, пачвара”, а другой: “прыгажуня, разумніца!” Да канца эксперыменту першая зачахла, а другая зацвіла пышным колерам.

Гэтае свята лішні раз нагадвае нам аб вялікай сіле слова, якое сказана шчыра і ад чыстага сэрца! 

Цікавыя факты. 

41% жанчын лічаць, што камплімент гэта найлепшы падарунак, што здольны надоўга ўзняць настрой.

Для мозгу атрыманне кампліменту – такая ж грамадская ўзнагарода, як узнагароджанне грашыма.

Сусветны дзень грамадзянскай абароны ( World Civil Defense Day, з 1990 года).

Заснаваны па рашэнні Генеральнай асамблеі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны (МАГА) ў мэтах прыцягнення грамадскай увагі да важных задач, якія выконваюцца нацыянальнымі службамі грамадзянскай абароны і абароны – выратавання жыцця і навакольнага асяроддзя.

Датай свята выбраны дзень уступлення ў сілу ў 1972 годзе статута Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны.

Сярод напрамкаў дзейнасці МАГА: падрыхтоўка нацыянальных кадраў у галіне кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый; аказанне тэхнічнай дапамогі дзяржавам у стварэнні і ўдасканаленні сістэм папярэджання надзвычайных сітуацый і абароны насельніцтва; прапаганда досведу і ведаў па грамадзянскай абароне і пытаннях кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый.

Дзень «Нуль дыскрымінацыі» (Zero Discrimination Day, з 2014 года)

У гэты дзень святкуецца індывідуальнасць і непаўторнасць кожнага. Дзень «Нуль дыскрымінацыі» – гэта магчымасць аб’яднацца супраць дыскрымінацыі і адзначыць права кожнага жыць з годнасцю паўнавартасным і прадуктыўным жыццём. Пол, нацыянальнасць, узрост, асаблівыя патрэбы, паходжанне, рэлігія, мова, колер скуры або любая іншая прыкмета не павінна быць прычынай для дыскрымінацыі.

Сімвалам нулявой дыскрымінацыі з’яўляецца малюнак матыля як знака пераўтварэнняў.

5509 год да нашай эры. Пачатак старажытнай эры ад “стварэння свету” па ўльтрасакавіцкім стылі. 

Ультрасакавіцкі стыль – гэта гістарычны каляндарны стыль, які ўжываўся ў даўніну разам з вераснёўскім і сучасным студзеньскім. Пачатак года тут прыпадаў на 1 сакавіка. Выкарыстоўваўся ў старажытных беларускіх княствах, Маскоўскай дзяржаве і Венецыянскай рэспубліцы, у Паўночнай Італіі і Англіі. 

Стыль ужываўся з летазлічэннем «ад стварэння свету» (Канстанцінопальская эра), а таксама і «ад Раства Хрыстовага». У ўсходнеславянскіх народаў існаваў да 1492, у гарадах Паўночнай Італіі і Англіі да 1752 года.

Пачатак года 1 сакавіка паходзіць са старажытнарымскага рэспубліканскага календара Нумы Пампілія. Паколькі год пачынаўся з сакавіка, нумары месяцаў з верасня (“сёмы”) па снежань (“дзесяты”) адпавядалі іх назвам. Толькі пасля рэформы Юлія Цэзара яны зрушыліся на дзве пазіцыі, бо год пачаў пачынацца са студзеньскіх календ (1 студзеня).

З 1492 (7000–7001) года пераважным стаў вераснёўскі год.

Сёння 1 сакавіка 2023 года адпавядае “ультрасакавіцкаму” 16 лютага 7531 года.

Стварэнне свету. Мініяцюра сярэднявечнага рукапісу, XIII стагоддзе

1555 год. У Ліёне апублікавана кніга прароцтваў Настрадамуса.

Мішэль дэ Нотрдам апублікаваў свае першыя прадказанні ў кнізе пад назвай “Прароцтвы Мішэля Настрадамуса” у форме рыфмаваных чатырохрадкоўяў (катрэны), якія былі згрупаваны ў цэнтурыі (сотні ці стагоддзі). Акрамя гэтага ўсе свае прадказанні Настрадамус старанна зашыфраваў і запісаў на міксе чатырох моў – лацінскай, старафранцузскай, італьянскай і грэцкай.

У кнізе практычна не ўказвалася ніякіх дат, часовая паслядоўнасць не выконвалася, ды і самі катрэны былі пераблытаныя. І, тым не менш, даследнікамі творчасці Настрадамуса прыкмячаецца даволі шмат цікавых і дакладных гістарычных супадзенняў.

Настрадамус звяртаўся пры складанні прадказанняў да планетарных схем, якія, паводле некаторых меркаванняў, лічаць, што нябесныя целы аказваюць уплывы на справы людзей. З пункта гледжання сучаснай навукі дадзенае сцвярджэнне малаверагодна.

Вялікая частка крытыкаў сыходзіцца ў меркаванні, што працы Настрадамуса ўяўляюць сабой толькі асабістыя здагадкі і інтуітыўныя прагнозы.

Некаторыя з прадказанняў Настрадамуса.

2016. Еўропа амаль бязлюдная.

2018. Новай сусветнай дзяржавай становіцца Кітай. Краіны, якія развіваюцца, ператвараюцца з эксплуатуемых у эксплуататараў.

2028. Стварэнне новай крыніцы энергіі. Голад паступова пераадольваецца. Стартуе пілатуемы касмічны карабель да Венеры.

2046. Вырошчваюцца любыя органы. Замена органаў становіцца адным з найлепшых метадаў лячэння.

2066. Падчас нападу на мусульманскі Рым ЗША ўжываюць новы від зброі – кліматычны. Рэзкае пахаладанне.

2480. Сутыкнуцца два штучныя Сонцы. Зямля ў прыцемках.

1581 год. У Вільні створаны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

Вышэйшы апеляцыйны суд, пастановы якога мелі сілу пастановаў сойма, пачаў працу ў 1582 годзе. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сойміках са шляхты па два ад кожнага павету тэрмінам на адзін год (з 1588 яшчэ выбіраліся тры дэпутаты ад зямлі Жамойцкай).

Трыбунал разглядаў апеляцыі на рашэні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэні павятовай адміністрацыі. Да юрысдыкцыі трыбуналу адносіліся таксама справы духоўных асоб; пры разглядзе такіх спраў удзельнічалі дэпутаты ад духавенства.

Сесіі трыбуналу праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся большасцю галасоў на аснове Статутаў ВКЛ, соймавых канстытуцыяў і звычаёвага права. Сесіі трыбуналу праходзілі ў Вільні, Менску, Наваградку, Троках, Гродна.

1881 год. Ігнат Грынявіцкі бомбай смяротна параніў рускага цара Аляксандра II. І сам атрымаў смяротнае раненне.

Рэвалюцыянер-царазабойца нарадзіўся ў 1856 годзе ў фальварку Басін (цяпер у складзе в. Калінаўка Клічаўскага раёна) у сям’і каталіцкага шляхціца. 

Студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута ўдзельнічаў у польска-беларускіх і расійскіх рэвалюцыйных гуртках, быў членам партыі «Народная воля», сузаснавальнікам яе беларускай фракцыі.

У. Караткевіч прысвяціў Грынявіцкаму верш «Смяротная страта (1 сакавіка 1881 г.)». У 1975-1998 гадах яго імя насіў мост у Санкт-Пецярбургу (цяпер Нова-Канюшанны мост).

1917 год. Нарадзіўся Фёдар Шмакаў.

Беларускі акцёр, рэжысёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Ганаровы грамадзянін Віцебска.

Пасля заканчэння Ленініградскага тэатральнага інстытута, з 1939 года працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі ў Магілёве, з 1941 года, больш за 60 год, працаваў у трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. 

На яго творчым рахунку каля 200 роляў у тэатры і каля 30 роляў у кіно.

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, прэміяй «За духоўнае адраджэнне», прызам «Крыштальная Паўлінка».

Самыя запамінальныя яго ролі ў тэатральных пастаноўках – «Несцерка», «Пяюць жаваранкі», «Сэрца на далоні», «Кастусь Каліноўскі», «А досвіткі тут ціхія…», «Гамлет», «Сямнаццаць імгненняў вясны». Сярод фільмаў трэба выдзеліць «Узнятая цаліна», «Мора ў вагні», «Доўгія вёрсты вайны», «Час выбраў нас»,  «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы», «Плач перапёлкі».

Памёр 2 мая 2009 года.

1933 год. Памёр у ссылцы Уладзімір Жылка (1900-1933).

Беларускі паэт, перакладчык, крытык.

Працаваў у мінскай 21-й беларускай пачатковай школе, аграномам, наведваў клуб «Беларуская хатка», супрацоўнічаў з Ядвігіным Ш., Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам.

З 1920 года вёў падпольную, культурна-асветніцкую дзейнасць у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі. Працаваў у віленскай беларускай кнігарні, апекаваў  тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаў з газетамі «Наша будучыня» і «Новае жыццё», рэдагаваў пражскі часопіс «Прамень».

У 1926 годзе пасля ўдзелу ў мінскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, застаўся ў БССР. Працаваў у Інбелкульце, газетах «Беларуская вёска», «Звязда», у Мінскім музычным тэхнікуме, на Белдзяржкіно. Член аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў вершаў, многіх артыкулаў, у тым ліку, «У справе ацэнкі беларускага адраджэння», артыкулаў пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзій на творы сучаснікаў, гісторыка-філасофскага эцюда «Беларусь-Крыўя», перакладаў еўрапейскіх паэтаў.

У 1930 года арыштаваны ДПУ, у 1931 прыгавораны да 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ва Уржуме Кіраўскай вобласці.

Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках.

1936 год. Нарадзілася Лідзія Савік.

Беларускі літаратуразнавец, крытык. Кандыдат філалагічных навук. Адна з арганізатараў і сакратар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Працавала ў школах, у акадэмічных Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Коласа, Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсаваных і эмігранцкіх пісьменнікаў. 

Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Я. Нёманскага, С. Баранавых, Б. Мікуліча і іншых, нарысы жыцця і творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, У. Дудзіцкага, Хв. Ільяшэвіча, У. Случанскага.

Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць сучасных аўтараў, у тым ліку В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, У. Караткевіча, Л. Геніюш.

Аўтар, суаўтар манаграфій, кніг, у тым ліку «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў», «Сыны і пасынкі Беларусі», «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы», «Культура беларускага замежжа», «Космас беларуса: жыццяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта».

1937 год. У Віцебску забіты Іегуда Пэн. (1854-1937). 

Беларускі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч “яўрэйскага рэнесансу” ў беларускім мастацтве пачатку XX стагоддзя. Уладальнік першай у Расіі віцебскай прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897–1918).

Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі, у тым ліку В. Цадкін, Л. Лейтман, М. Шагал, С. Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка забіты ў сваёй віцебскай хаце. Існуе версія, што да забойства  датычны НКУС.

У гонар мастака ў Віцебску адчынена  мемарыяльная дошка.

2014 год. Памёр Леанід Левін (1936-2014).

Беларускі архітэктар, скульптар. Заслужаны архітэктар. Лаўрэат Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Акадэмік Міжнароднай і Беларускай акадэміі архітэктуры.

Працаваў у Інстытуце «Мінскпраект», кіраваў Майстэрняй па забудове цэнтра Мінска, «Творчай майстэрняй архітэктара Л. Левіна».

Член Савета Сусветнага кангрэса рускамоўнага яўрэйства, Генеральнага Савета Еўраазіяцкага яўрэйскага Савета. Старшыня Беларускага аб’яднання яўрэйскіх арганізацый і абшчын, Мінскага яўрэйскага дабрачыннага фонду «Хэсэд-Рахамім», гістарычнага таварыства «Трасцянец», Міжнароднай яўрэйскай акадэміі мастацтва.

Аўтар, суаўтар мемарыяльных комплексаў “Хатынь”, ахвярам халакоста «Яма», у п. Красны Бераг Жлобінскага раёна, «Праклён фашызму» (Докшыцкі раён),, «Прарыў» каля г.п. Ушачы і іншых, шматлікіх помнікаў, у тым ліку Я. Купале, Я. Коласу ў Мінску, К. Заслонаву, «Кацюша» ў Оршы, М. Гастэлу ў Радашковічах.

Аўтар праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра Мінска, рэгенерацыі Траецкага прадмесця, Верхняга горада, Нямігі, Ракаўскага прадмесця

Аўтар сцэнаграфіі спектакля «Палёты з Анёлам».

Аўтар кнігі «Хатынь».

2015 год. Памерла ураджэнка Магілёва Вікторыя Мазур (1946-2015).

Беларуская артыстка аперэты, лірыка-драматычнае сапрана, салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Народная артыстка.

Скончыла Магілёўскае музычнае вучылішча, Беларускую кансерваторыю.

Больш за 30 гадоў служыла ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры з самага пачатку яго заснавання, першая яго прыма. Згуляла больш за 40 роляў у аперэтах, музычных камедыях, мюзіклах, выступала на шматлікіх канцэртах перад гледачамі Беларусі і замежных краін.

2021 год. Памёр Барыс Нешатаеў (1947-2021). 

Расійскі, украінскі і беларускі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар. Нарадзіўся ў г. Кудымкар Пермскага края. 

У 1958–1963 гадах з бацькамі жыў у Магілёве. Пасля сканчэння Пермскага ўніверсітэта, працаваў настаўнікам у школе, у Пермскім, Сумскім, Смаленскім універсітэтах. У 1995-1996 – прафесар кафедры біялогіі і хіміі, стваральнік і загадчык (1996-2002) кафедры геаграфіі і аховы прыроды Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, браў удзел у мерапрыемствах Магілёўскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства, член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, даследчык Магілёўскай вобласці, рэчышных працэсаў. 

Пахаваны ў г. Сумы (Украіна).

Дзень у гісторыі. 9 студзеня. Прэм’ера фільма “Ідзі і глядзі”. Нарадзіліся Рычард Ніксан, кампазітар Уладзімір Солтан. Памёр святар Юзэф Булька

Сцяпан, Стэфан (народны каляндар). 

«На святога Сцяпана вышэй слуга за пана». Дзень найму парабкаў, слугаў, пастухоў. У пастухі наймешся – уся вёска ў цябе ў абавязку.

Прыйшоў Стэфан – на ім чырвоны жупан (марозны дзень).

У гэты дзень праводзілі абрады абароны ад сурокаў. За вёскай на заснежанай Чырвонай горцы сяляне ставілі 12 калоў ці жэрдак. Каля гэтых калоў дзяўчыны злівалі ваду ў чару згубную, нібы змывалі нуду з сэрца і выплюхвалі яе ў сярэдзіну кола.

Клапаціліся аб канях, паілі іх праз срэбра – вадой, прапушчанай праз срэбнае сіта.

На Сцяпана па ўсіх кутах двара ставілі асінавыя калы – каб ведзьмы не маглі падысці.

Час, калі пачыналіся маладзёвыя вечарынкі, хадзілі калядоўшчыкі па дварах.

1801 год. Нарадзіўся Восіп Кавалеўскі. 

Беларускі філолаг, манголазнавец. Акадэмік Пецярбургскай Акадэміі навук.

Удзельнічаў у тайных таварыствах філаматаў і філарэтаў, за што быў арыштаваны царскімі ўладамі і  высланы ў Казань. Падарожнік па Манголіі і Кітаі (1829).

Рэктар Казанскага ўніверсітэта (1855-1860). Прафесар і дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (з 1862).

Аўтар «Кароткай граматыкі мангольскай кніжнай мовы», «Мангольскай хрэстаматыі», «Мангольска-руска-французскага слоўніка».

Памёр 21 кастрычніка 1878 года ў Варшаве.

1913 год. Нарадзіўся Рычард Ніксан. 

36-ы віцэ прэзідэнт (1953-1961) і 37-ы прэзідэнт (1969-1974) ЗША. Першы прэзідэнт ЗША, які наведаў Беларусь – 1 ліпеня 1974 года. Пры Ніксане палепшыліся адносіны з Кітаем, было падпісана Парыжскае пагадненне 1973 года пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме, заключаны шэраг дагавароў з СССР пра абмежаванне стратэгічных узбраенняў, прадухіленне ядзернай вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры.

Пры наведванні Беларусі, госця прынялі ва ўрадавай рэзідэнцыі “Заслаўе”. Ніксан азнаёміўся з горадам, усклаў вянок да падножжа манумента на плошчы Перамогі, наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Падчас абеду ў тосце ён ушанаваў подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і дадаў: “Я раней думаў, што Мінск і Беларусь увогуле знакамітыя толькі тым, што тут вырасла маленькая дзяўчынка Вольга Корбут”. А яшчэ ён разгадаў хітрыкі савецкіх палітыкаў: замест Катыні, яго прывезлі ў Хатынь.

Адзіны за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прыезд кіраўніка ЗША у асобе Біла Клінтана адбыўся 15 студзеня 1994 года.

1927 год. Памёр ураджэнец Ружанаў Аляксандр Дунін–Гаркавіч. 

Член геаграфічнага таварыства, даследчык Поўначы Заходняй Сібіры, краязнавец, лесазнавец.

Герой руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў, узнагароджаны медалём “За адвагу”. Працаваў ляснічым у Самарскай, Ніжагародскай, Разанскай, Табольскай губернях. 

За даследаванні прыроды, насельніцтва Поўначы ў 1904 годзе ўдастоены малым залатым і вялікім сярэбраным медалямі Рускага геаграфічнага таварыства. Выкладаў у Табольскім зааветтэхнікуме, з’яўляўся Ганаровым членам таварыства вывучэння краю пры Табольскім музеі Поўначы. 

Аўтар 67 прац па краязнаўстве, геаграфіі, этнаграфіі, карты Табольскай губерні, манаграфіі «Табольская Поўнач». Яму пастаўлены помнікі ў Табольску, Ханты-Мансійску, імем вучонага названа вуліца ў Ханты-Мансійску.

1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Солтан. 

Беларускі кампазітар. Выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі.

Аўтар шэрагу інструментальных і вакальных твораў разнастайных малых і буйных жанраў. Найзначнейшае творчае дасягненне – опера «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле матываў аповесці Уладзіміра Караткевіча,  найбольш папулярная беларуская опера у рэпертуары Тэатра оперы і балета Беларусі, атрымала Дзяржаўную прэмію БССР.

Сярод пазнейшых твораў У. Солтана – оперы «Пані Ядвіга» (паводле аповесці К. Тарасава «Чорны шлях»), «Mілавіца», вакальныя цыклы на вершы М. Багдановіча, А. Таркоўскага, пecні і музыка да некалькіх кінафільмаў, тэлесерыяла «Проклятый уютный дом» (34 серыi).

Загінуў 1 чэрвеня 1997 года ў дарожна-транспартным задарэнні.

1966 год. Трагічна загінуў ад рукі бандыта на падставе моўнай нянавісці Ігар Хадановіч (1940-1966). 

Беларускі пісьменнік. 

Скончыў аддзяленьне журналістыкі БДУ. Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і Мастацтва», у Мінскім абкаме камсамола.

1986 год. Адбылася прэм’ера мастацкага фільма рэжысёра Элема Клімава “Ідзі і глядзі”

Фільм пра падзеі ў 1943 годзе зняты на кінастудыях “Беларусьфільм”, “Масфільм”. Сцэнарысты: Алесь Адамовіч, Элем Клімаў. У фільме вясковага хлопца-партызана сыграў Аляксей Краўчанка.

Фільм узяў 1-ы прыз “Залатая пласціна” на ХХV Міжнародным кінафестывалі ў Авеліна, 1985, Галоўныя прэміі на I Міжнародным кінафестывалі ў Троі, Партугалія, 1985, на XIX кінафестывалі ў Алма-Аце, 1986, Залаты прыз на XIV Маскоўскім Міжнародным кінафестывале, 1985.

1993 год. Будынак мінскага Архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі вернуты каталікам. 

Кафедральны сабор Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у стылі віленскага барока.

Касцёл узведзены ў 1710 годзе як езуіцкая рэзідэнцыя, а касцёльныя вежы былі завершаны толькі ў 1730 годзе. У вежах былі ўстаноўлены прывезеныя з Данцыга гадзіннік і званы. 

Кафедральны сабор з 1798 года, у 1820 годзе пераасвячоны ў гонар Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Зачынены ў 1934 годзе і пераўтвораны ў гараж. 

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкая адміністрацыя дазволіла касцёлу функцыянаваць, але ў 1947 годзе зноў зачынены. У 1951 годзе будынак ператварылі ў спартыўны комплекс таварыства «Спартак». 21 кастрычніка 1997 года касцёл асвечаны нанова.

2004 год. Памёр Юрый Сідараў. 

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Працаваў у Гродзенскім абласным, Дзяржаўным рускім драматычных тэатрах, выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Яго творчасці ўласцівыя лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры нутранай напружанасці, дакладнасць дэталяў, пластычнасць мастацкага вобраза.

Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камедыйных роляў у пастаноўках па творах К. Губарэвіча, А. Петрашкевіча, В. Быкава і шматлікіх іншых. Удзельнічаў у тэлевізійных і радыёспектаклях.

2009 год. Памёр Аркадзь Жураўскі. 

Беларускі мовазнавец. Член-карэспандэнт АН БССР. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. 

Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і іншых).

Адзін са стваральнікаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1-13, 1982-1993).

2010 год. Памёр Юзэф Булька. 

Каталіцкі святар, пробашч касцёла святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна.

Нарадзіўся ў 1925 годзе ў Літве. Пасля сыходу на пенсію з віленскага завода электрычных лічыльнікаў, стаў ксяндзом і 22 гады служыў у Мосары. Прапагандыст здаровага ладу жыцця, зрабіў Мосар турыстычнай Мекай: антыалкагольны музэй, Алея цвярознікаў, Крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк, помнік Яну Паўлу II, капліцы.

У 2005 годзе стаў першым беларускім ксяндзом, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне», у 2006 годзе ўзнагароджаны медалём Францішка Скарыны.

Дзень у гісторыі. Паўстаў мемарыял «Хатынь». Расстраляны Лістапад. Заснаваны архіў, які ўратаваў каталіцкую святыню. Нарадзілася аўтарка «Авантур Пранціша Вырвіча»

5 ліпеня 1818 года нарадзіўся Антон Яленскі.

Грамадскі дзеяч, буйны землеўласнік кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў на Міншчыне.

Нарадзіўся ў сям’і буйнога землеўласніка Мазырскага павета Мінскай губерні.

Адмовіўся падпісаць вернападданства расійскаму цару Аляксандра II, што рабіла мясцовае дваранства ў 1863, і быў арыштаваны.

Пакараны 15 гадамі катаргі ў Сібіры. Былі канфіскаваны ўсе яго маёнткі, якія пасля планавалася прадаць альбо ўзнагародзіць бясплатна расійскіх афіцэраў, што прымалі ўдзел у здушэнні паўстання.

wikimedia.org


5 ліпеня 1901 года нарадзіўся Уладзімір Вараксін.

Архітэктар, Заслужаны будаўнік БССР.

Сярод яго праектаў: будынак педтэхнікума ў Крычаве (цяпер школа №1), кінатэатр «Радзіма», комплекс будынкаў прамкамбіната, жылы пасёлак аўтарамонтнага заводу ў Магілёве.

bis.nlb.by


5 ліпеня 1938 года расстраляны Юрый Лістапад.

Настаўнік, кіраўнік беларускага руху на Случчыне, удзельнік Слуцкага збройнага чыну. Блізкі сябар Якуба Коласа.

Актыўна ўдзельнічаў у працы слуцкіх беларускіх арганізацый.

Неаднаразова арыштоўваўся органамі савецкай улады. 31 сакавіка 1938 «тройкай» НКУС за «антысавецкую агітацыю сярод зняволеных» прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 16 ліпеня 1956 годзе.

wikimedia.org


5 ліпеня 1938 года ў Магілёве створаны Цэнтральны гістарычны архіў.

У былі захоўваліся ўсе дакументы з тэрыторыі БССР да 1917 году Архіў размяшчаўся ў будынку каталіцкага сабора Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Станіслава. Гэта ўратавала святыню ад разбурэння. Храм страціў частку роспісаў, рэдкі арган.

У 1963 годзе Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў быў пераведзены ў Мінск, а ў будынак касцёлу пераехаў Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці.

Цяпер Дзяржаўны архіў вобласці знаходзіцца на вуліцы Чалюскінцаў.

planetabelarus.by


5 ліпеня 1969 года адбылося адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Мемарыял паўстаў на месцы знішчанай гітлераўцамі 22 сакавіка 1943 году разам з жыхарамі вёскі Хатынь.

Комплексам «Хатынь» ушанаваная памяць аб 186 спаленых з жыхарамі вёсак, якія не аднавіліся пасля вайны і 433 паселішчах, знішчаных з жыхарамі, але адроджаных па вайне.

Таксама аб ахвярах 66 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння грамадзян.

sportedu.by


5 ліпеня 1965 года нарадзілася Людміла Рублеўская.

Паэтэса, пісьменніца, літаратурны крытык.

Працавала ў газетах «Наша слова», «Літаратура і мастацтва». Аўтарка папулярнай серыі раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча». Яе гісторыяцэнтрычныя творы параўноўваюць з «меладраматычнымі інтэрпрэтацыямі» мастацкіх ідэй Уладзімера Караткевіча.

wikimedia.org


5 ліпеня 1970 года нарадзіўся Андрэй Лукашэвіч.

Беларускі гісторык, картограф.

Даследчык ваеннай і палітычнай гісторыі Беларусі, Расіі і Польшчы XVIII-пачатку XX стагоддзяў.

Аўтар больш за 300 навуковых, навукова-метадычных і навукова-папулярных артыкулаў аб напалеонаўскіх войнаў, 1-й сусветнай вайне, фармаванні і ахове заходняй мяжы Расійскай імперыі, дзейнасці службаў разведкі і контрразведкі.

nashi-lyudi.by


5 ліпеня 1996 года пайшоў з жыцця Васіль Вітка (Цімох Крысько).

Паэт, перакладчык, драматург, класік беларускай дзіцячай літаратуры.

У час сталінскіх рэпрэсій, у 1937 годзе быў выключаны з камсамолу і выгнаны з рэдакцыі «Чырвонай змены» «за страту пільнасці і лібералізм».

Узначальваў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», часопісу «Вясёлка».

Паводле ўспамінаў унучкі, Юліі Чарняўскай, пасля рэферэндуму аб змяненні дзяржаўнай сімволікі, ініцыяванага Лукашэнкам, Васіль Вітка напісаў верш. Яго перасталі друкаваць, а па смерці не ўдалося дамагчыся ўсталявання мемарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу “Вікепедыя” і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц