Святочныя мерапрыемствы ў Чавусах і раёне пройдуць на бліжэйшых выходных 24 і 25 чэрвеня.
Яны распачнуцца ў суботу а 19:00 у Ратушным скверы. Тут пройдзе раённы фестываль-конкурс маладзёвай творчасці “Агонь маладзёжных талентаў”.
На наступны дзень, 25 чэрвеня, у Дзень вызвалення Чавускага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбудуцца аўтапрабег Чавусы – в. Дрануха, мітынг на месцы ўсталявання памятнага знака загінуўшым байцам Чырвонай Арміі ў 1943-1944 гадах у баях на рацэ Проня, канцэрты, дзіцячы фестываль яркіх фарбаў, дыскатэка.
Нагадаем, што 25 чэрвеня 1944 года, пасля 9-месячнага стаяння фронта, Чавусы былі вызвалены часткамі 330-й і 385-й стралковых дывізій 50-й арміі.
За праяўлены гераізм у баях за вызваленне раёна больш за 40 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Больш за 18 000 воінаў загінулі ў баях на тэрыторыі раёна.
За гады акупацыі фашыстамі былі пакараныя 1 786 жыхароў раёна, 3 472 былі сагнаны ў Германію. Больш за 25 000 чавушчан загінулі на франтах Айчыннай вайны, у партызанскіх атрадах і падполлі. Поўнасцю спалены 22 вёскі раёна.
На цёплы перыяд года рашэннямі адміністрацый раёнаў і гарадоў Магілёўскай вобласці вызначана 61 месца адпачынку каля водных аб’ектаў з арганізацыяй купання – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Для параўнання: у 2022 годзе такіх месцаў было 50.
Сярод дадаткова абсталяваных 11 месцаў адпачынку з арганізацыяй купання значацца наступныя.
Сажалкі ў раёне Брады ў Магілёве, у в. Ольніца Глускага, в. Красуліна Глускага, «Мікалаеўскія сажалкі» Круглянскага, у в.Путнікі Шклоўскага раёнаў, па вуліцы Казлоўскай у г. Асіповічы. Участак прыбярэжнай зоны заліва Дняпро ў раёне магілёўскай вуліцы Фаціна. На Чыгірынскім вадасховішчы каля в. Падлужжа Кіраўскага раёна. Палужскае вадасховішча каля в. Дзярновая Краснапольскага раёна. Пляж на р.Бясядзь «Ластаўка» ў раёне вуліцы Берагавой у г.п.Хоцімск. Вадасховішча Рудэя, Чавускі раён.
Па стане на 31 мая дазволы на працу пляжаў падпісаны на 55 зон рэкрэацыі: 6 – у Бялыніцкім раёне, 5 – у Магілёве, па 4 – у Бабруйску, Горацкім, Быхаўскім, Касцюковіцкім раёнах, па 3 – у Крычаўскім, Чэрыкаўскім, па 2 –у Магілёўскім, Глускім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Клімавіцкім, Круглянскім, Мсціслаўскім, Хоцімскім, Шклоўскім, па 1 – у Бабруйскім, Клічаўскім, Асіповіцкім, Чавускім раёнах.
У купальны сезон, з 1 чэрвеня, установамі дзяржсаннагляду ўведзены штотыднёвы адбор пробаў вады з вадаёмаў з мэтай лабараторнага кантролю якасці вады. Інфармацыя аб выніках праведзеных даследаванняў будзе размяшчацца на сайтах цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі.
Міжнародны дзень джазу (International Jazz Day, з 2011 года).
Упершыню слова “джаз” было выкарастана ў друку 2 красавіка 1912 года, а ў 1917 годзе амерыканскі часопіс “Literary Digest” аўтарытэтна тлумачыў, што “джаз – гэта музыка, якая прымушае людзей трэсціся, скакаць і курчыцца”.
Дзень устаноўлены Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА. Мэта святкавання Дня – павышэнне ступені інфармаванасці міжнароднай грамадскасці аб педагагічнай ролі джаза як сілы, якая садзейнічае міру, адзінству, дыялогу і пашырэнню кантактаў паміж людзьмі.
Джаз узнік у канцы XIX–пачатку XX стагоддзя ў ЗША як сінтэз афрыканскай і еўрапейскай музычных культур і да гэтага часу застаецца унікальнай формай музычнага мастацтва, якая аб’ядноўвае расы і нацыянальнасці і сцірае мяжы паміж людзьмі і дзяржавамі. Асноўныя рысы джаза – галоўная роля рытму, меладычныя акцэнты, якія спараджаюць адчуванне хвалепадобнага руху, імправізацыйны пачатак.
Сусветны дзень пародненых гарадоў (World Day of United Сities).
Праводзіцца ў апошнюю нядзелю красавіка па рашэнні Сусветнай федэрацыі пародненых гарадоў (World Federation of United Cities), заснаванай у 1957 годзе.
Сусветная федэрацыя пародненых гарадоў – міжнародная няўрадавая арганізацыя, мэтай якой было – умацаванне дружалюбных сувязяў паміж гарадамі розных дзяржаў. Аб’ядноўвала звыш 3 500 гарадоў больш за 160 краін свету.
Магілёў мае 19 гарадоў-пабрацімаў і 26 гарадоў-партнёраў.
З пачаткам уварвання Расіі ва Украіну, пабрацімскія адносіны з Магілёвам скасавалі літоўская Клайпеда і ўкраінскі Мікалаеў.
311 год. Кіраўнік Усходняй Рымскай імперыі, ганіцель хрысціян Галерый падпісаў эдыкт, які ўпершыню дазволіў насельніцтву адкрыта вызнаваць хрысціянства.
Галерый доўгі час з’яўляўся адным з самых перакананых і паслядоўных супернікаў хрысціянства ў рымскай гісторыі. Ён браў удзел у пераследах хрысціян, якія пачаліся ў 303 годзе (першы эдыкт супраць хрысціян – 23 лютага 303 года).
Галерый “памяняў” свае перакананні з-за хваробы, верагодна, спадзяючыся на “удзячнасць у адказ” Бога хрысціян. Але спадзяванні яго не спраўдзіліся: праз некалькі дзён пасля падпісання эдыкта ён памёр.
1881 год. Нарадзіўся Янка Журба (Іван Івашын, 1881–1964).
Беларускі паэт, этнограф, друкаваўся ў газеце “Наша ніва”, пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага “Бедныя людзі”.
Настаўнічаў ва Украіне, Беларусі, Расіі, працаваў у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, інспектарам Бабруйскага, Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы (1923–1927), выкладчыкам Чэрыкаўскай сямігодкі, Магілёўскага медвучылішча (1927–1934), супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР, настаўнікам спеваў у Чашніцкім раёне.
Апошнія гады жыцця правёў у в. Слабада пад Полацкам, у Полацку ў сваякоў і манашак зачыненага Свята-Еўфрасінеўскага манастыра, у доме састарэлых.
Пахаваны на полацкіх Ксавер’еўскіх могілках.
Аўтар этнаграфічных нарысаў, вершаў 5 зборнікаў паэзіі, 3 кніг вершаў для дзяцей. У 1950 выйшлі Выбраныя творы. У яго гонар названы вуліцы ў Полацку, Магілёве, некаторых іншых гарадах.
1900 год. Гавайскія астравы, якія былі анэксіраваны ЗША ў 1898 годзе, атрымалі статус самакіраванай тэрыторыі.
Калі прэзідэнт ЗША У. Мак-Кінлі падпісаў “дагавор” аб анэксіі Гавайскіх астравоў, мясцоваму насельніцтву ўдалося сарваць яго ўступленне ў сілу, прад’явіўшы 38 000 подпісаў пад петыцыяй пратэсту. У выніку, анэксія была зацверджана толькі прыняццем у абедзвюх палатах Кангрэса адпаведнай «рэзалюцыі Ньюлэндса» 4 ліпеня 1898 года.
З 1901 па 1902 год першым старшынёй сената Гавайскіх выспаў быў ураджэнец Магілёва, рэвалюцыянер-народнік Мікалай Судзілоўскі-Русель (1850–1930), вядомы таксама пад імем Каўка Лукіні, які за час знаходжання на пасадзе паспеў правесці рэформы ў падтрымку канакоў, але не змог супрацьстаяць уплыву ЗША і быў пазбаўлены амерыканскага грамадзянства за антыамерыканскую дзейнасць.
У 1959 годзе Гавайскія астравы сталі 50-м штатам ЗША.
1930 год. У кітайскім Шанхаі памёр магілёвец Мікалай Судзілоўскі (1850–1930).
Урач, прыродазнавец, рэвалюцыянер, удзельнік грамадcка-палітычных рухаў у Еўропе, ЗША, Японіі, Кітаі, падарожнік-географ, этнограф. Прэзідэнт Сената Гавайскіх астравоў.
Адкрыў шэраг астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна, пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпінаў.
Доктар, з імем якога звязаныя пэўныя дасягненні ў хірургіі, тэорыі туберкулёзу і іншых хвароб. Яму належаць некалькі важных прац па медыцыне. Быў таксама членам Амерыканскага таварыства генетыкаў, некалькіх навуковых таварыстваў Японіі і Кітая.
Валодаў васьмю еўрапейскімі мовамі, а таксама японскай і кітайскай. У гонар вучонага ў Магілёве названа вуліца.
1901 год. У Пінску нарадзіўся амерыканскі эканаміст Сайман (Сямён) Сміт Кузнец (1901–1985).
Нобелеўскі лаўрэат, аўтар паняцця “валавы ўнутраны прадукт”. Доктар філасофіі. Член Нацыянальнай Акадэміі навук ЗША.
Вучыўся ў Харкаве, скончыў Калумбійскі ўніверсітэт. Працаваў у Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў, прафесарам універсітэтаў штата Пенсільванія, Дж. Гопкінса, Гарвардскага, старшынёй камітэта па эканамічным росце пры ўрадзе ЗША, эканамічным саветнікам урадаў Кітая, Японіі, Індыі, Тайваня і Ізраіля. Прэзідэнт Амерыканскай статыстычнай, Амерыканскай эканамічнай асацыяцый.
Адкрыў 20-гадовы перыяд ваганняў хуткага і павольнага эканамічнага росту (цыкл Кузнеца, 1930), залежнасць паміж няроўнасцю даходаў і эканамічным ростам краін, якія развіваюцца (крывая Кузнеца). Адным з першых раскрыў ролю капіталаўкладанняў у чалавечы фактар як аснову сучаснага эканамічнага росту.
Яго імя ў 2013 годзе прысвоена Харкаўскаму нацыянальнаму эканамічнаму ўніверсітэту.
1910 год. Па шляху ў Полацк, з Кіева ў Магілёў па Дняпры прыбыў параход “Галавачоў” з машчамі Еўфрасінні Полацкай.
Рака з машчамі знаходзілася да 2 мая ў кафедральным Іосіфаўскім саборы, дзе праводзіліся літургіі і службы. Магілёў наведала 75 000 вернікаў.
1921 год. Уступіла ў дзеянне Рыжская мірная дамова паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, якая падзяліла Беларусь на дзве часткі. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску.
Дамова бакамі была падпісана 18 сакавіка 1921 года.
Была пацверджана “незалежнасць” БССР. Мяжа ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёна чалавек.
Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР.
Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.
1945 год. У сваім бункеры ў Берліне скончыў жыццё самагубствам Адольф Гітлер.
Гітлер разам са сваёй жонкай Евай Браўн паміж 15:26 і 15:30 скончыў жыццё самагубствам, папярэдне забіў любімага сабаку Блондзі.
У савецкай гістарыяграфіі зацвердзіўся пункт гледжання, што Гітлер прыняў яд (цыяністы калій). Аднак, паводле сведчанняў відавочцаў, ён застрэліўся. Існуе таксама версія, паводле якой Гітлер, узяўшы ў рот і раскусіўшы ампулу з ядам, адначасова стрэліў у сябе з пісталета.
1945 год. Савецкія воіны ўзнялі Сцяг Перамогі над рэйхстагам у Берліне.
У 14:25 байцы роты старшага сяржанта С’янава з баямі прарваліся па лесвіцы и дасягнулі купала рэйхстага.
Лейтэнант А. Бераст, чырвонаармеец М. Ягораў і малодшы сяржант М. Кантарыя ўстанавілі сцяг: над будынкам германскага парламента ўзвіўся сцяг СССР.
Усе трое былі прадстаўлены камандаваннем да звання Герой Савецкага Саюза, аднак украінец А. Бераст быў выкраслены з узнагароднага спісу і афіцыйнай версіі ўзняцця сцяга Перамогі.
1961 год. У ноч з 30 красавіка на 1 мая на савецкай антарктычнай станцыі “Новалазараўская” урач Леанід Рагозаў сам сабе зрабіў аперыцыю па выдаленні апендыкса.
Падчас аперацыі яму асістыраваў ураджэнец в. Сенькаўка Клімавіцкага раёна, палярны гідраметэаролаг Фёдар Кабат (1921–1995).
1994 год. Набыла сілу Канстытуцыя Беларусі, прынятая 15 сакавіка.
У Беларусі дзейнічае Канстытуцыя 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 1996 і 2004 гадоў. Яна з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай Канстытуцыяй Беларусі, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання.
Партал Booking.com апублікаваў топ-10 самых гасцінных гарадоў свету. Клайпеда ў гэтым рэйтынгу займае ганаровае 5-е месца.
Здавалася б, што аб’ядноўвае Клайпеду з тым жа шматмільённым Мехіка? 232 мільёны апытаных падарожнікаў сцвярджаюць, што менавіта тут турыстам рады, як нідзе ў свеце. І відавочна, што галоўны сакрэт гасціннасці – у мясцовых жыхарах.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
“Горад”, “Мора” і “Лес” – тры асноўныя восі партовага горада. І старая, і новая візуальная ідэнтычнасць сканструяваны на гэтай аснове – мяркуе мясцовы экскурсавод Крысціна Садаўскене, аўтар кнігі «Альтэрнатыўны клайпедскі гід».
Што прыцягвае замежных турыстаў ў Клайпедзе, што могуць наведаць у горадзе магілёўцы.
Самыя наведвальныя аб’екты Клайпеды: узмор’е Куршскага заліва Балтыйскага мора, порт, Тэатральная плошча, паруснік «Мерыдыянас», Стары горад з яго скульптурамі, архітэктурай, гарадзішчам. Літоўскі марскі музей, Музей гісторыі Малой Літвы з яго філіяламі, гарадскі парк адпачынку, вуліца Саламеяс – з мноствам дрэў, хмызоў, кветак, разнастайнасцю будынкаў розных архітэктурных стыляў, са старым будынкам былой настаўніцкай семінарыі (цяпер – факультэт сацыяльных і гуманітарных навук Клайпедскага ўніверсітэта). Наогул у горадзе аддаюць перавагу “павольнаму” турызму.
Фішка гарадскіх экскурсій.
У горадзе экскурсаводы імкнуцца не абмяжоўваюцца толькі афіцыйным бокам гісторыі, культуры, эканомікі Клайпеды, а дзяліцца з гасцямі і асабістымі гісторыямі гараджан аб іх месцах першага спаткання, аб дварах дзяцінства, сямейных кутках адпачынку, бо ў горадзе лічаць, што без асабістых гісторый горад – толькі дэкарацыя.
Горад – гэта людзі, а не толькі будынкі, дрэвы, музеі, гістарычныя разваліны, могілкі.
Турыстам тут даюць пэўны набор фактаў, дат, архітэктурных стыляў, якія ажываюць у сувязі з рэальным жыццём гараджан, даюць гасцям магчымасць адчуць чалавечую сувязь з месцам.
Немалаважную ролю на экскурсіі адыгрывае гід – пасол свайго горада і краіны. Быць гідам – гэта не толькі задавальненне, але і вялікая адказнасць.
Менш бюракратыі, больш жыцця.
У Клайпедзе максімальна давяраюць культурнай і творчай супольнасці горада ў стварэнні адкрытых цэнтраў прыцягнення. Тут карыстаюцца правілам: менш бюракратыі, больш жыцця.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Займаўся аднаўленнем Віленскага кафедральнага сабора, кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для многіх касцёлаў абразы. Зрабіў замалёўкі пейзажаў Белавежскай пушчы, ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны.
330 яго твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі і экспануецца ў Вільнюскай мастацкай галерэі, але значная частка твораў знікла.
На знакамітай карціне, якая экспануецца ў мінскім доме-музеі Ваньковічаў, “Літоўка з вербамі”мастак адлюстраваў дзяўчыну ў беларускім нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала.
Памёр 21 жніўня 1860 года.
1887 год. У Новым Быхаве нарадзіўся ЯўгенБычкоў.
Беларускі педагог, выкладчык геаграфіі і гісторыі, другі дырэктар Магілёўскага настаўніцкага інстытута і першы рэктар Магілёўскага педінстытута.
У 1921 годзе ўзначаліў барацьбу педкалектыву і студэнтаў за захаванне інстытута ў Магілёве за што быў арыштаваны, але адпушчаны, узначальваў інстытут да яго закрыцця ў 1923 годзе.
Працаваў ў Магілёўскім педтэхнікуме, аддзеле кадраў Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, на рабфаку адноўленага ў 1930 годзе педінстытута.
Арыштаваны ДПУ 3 верасня, расстраляны 4 лістапада 1937 года.
Фота: Партрэт Я. Бычкова магілёўскага мастака Зм. Пухоўскага (1966-2022)
1891 год. Нарадзіўся Фабіян Ярэміч.
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.
Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), сябра прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Рады БНР (1918).
Быў дэпутатам сейма Польшчы (1922-1935), старшынёй Беларускага пасольскага клуба, лідарам Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Выдаваў газету «Сялянская ніва» (1925-1930).
Удзельнік ІІ Усебеларускага кангрэса (1944).
У 1945 годзе рэпрэсаваны і зняволены да 1956 года савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Памёр 29 чэрвеня 1958 года.
1892 год. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч.
Беларускі мовазнавец, палітычны дзеяч, пісьменнік, перакладчык. Акадэмік АН Беларусі.
Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.
Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у Пецярбургскім універсітэце, Мінскім настаўніцкім інстытуце, дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, у Беларускім пасольскім клубе.
Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў.
У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча.
У СССР працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве.
Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.
Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.
6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Даследчык Л. Маракоў мяркуе, што Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў 29 лістапада 1938 года.
Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.
1892 год. Нарадзіўся Рыгор Шырма.
Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.
Аарганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970).
Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень.
Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая.
Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме, у 1942 г. быў арыштаваны НКУС, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа і П. Панамарэнкі і высланы ў Казахстан.
Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом» (1964).
Па ўспамінах З. Пазняка, у сярэдзіне 1970-х, Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.
Памёр 23 сакавіка 1978 года.
1913 год. Нарадзілася Ларыса Алексютовіч.
Беларуская танцоўшчыца, балетмайстар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
Працавала ў балетнай групе Беларускага драмтэатра (Купалаўскага), у аб’яднанні музычных эстрадных і цыркавых работнікаў, у Ансамблі беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі.
У 1950-1973 гадах працавала балетмайстрам ансамбля танца БДУ, выкладчыкам Беларускага харэаграфічнага вучылішча.
Ставіла шэраг сцэнічных танцаў на традыцыйнай аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні», кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях».
Памерла ў 2003 годзе.
1919 год. Адкрыты Беларускі абласны музей у Мінску.
З 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.
Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы К. Маркса, 12.
У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі — гэта каля 400 000 адзінак захоўвання.
У структуру музея ўваходзяць 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.
1922 год. У Стаўрапалі з голаду памёр Еўдакім Раманаў.
Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, прафесар, настаўнік, “чалавек-універсітэт”.
Аўтар дадаткаў да слоўніка І. Насовіча, 15-ці томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.
Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя працы. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі.
Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.
Імя вучонага носяць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, бібліятэка і вуліца ў Гомелі, праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні. Усталяваны мемарыяльныя шыльды ў яго гонар у Магілёве на будынку абласнога краязнаўчага музе, у Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла №3.
1949 год. Памёр Юзаф Пузына.
Польскі і беларускі гісторык, пісьменнік, паэт. Доктар філасофіі. Працаваў у міністэрстве замежных спраў Польшчы, рэдактарам міністэрскага часопіса “Messager Polonais”, членам рэдакцыі “Miesięcznik heraldyczny”, кіраўніком аддзела культуры магістрата Чанстаховы.
Аўтар лірычных і сатырычных вершаў, патрыятычных паэм, гімнаў, паэтычных драм, аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх палітычную ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар вялікай працы “Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга”, мемуараў пра пісьменніцу М. Радзевіч.
1960 год. У БССР ліквідавана Маладзечанская вобласць.
Заснавана 4 снежня 1939 года як Вілейская, 20 верасня 1944 года пераўтворана ў Маладзечанскую. 20 раёнаў вобласці перададзены ў тры іншыя вобласці.
У Мінскую вобласць уключаныВілейскі, Валожынскі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Радашковіцкі. У Віцебскую – Браслаўскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пліскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі. У Гродзенскую – Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі, Юрацішскі.
У краіне засталося 7 сучасных рэгіёнаў: Мінск і 6 абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская.
1961 год. Нарадзіўся Сяргей Тарасаў.
Беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, узначальваў аддзел археалогіі сярэдневяковага перыяду. Спецыяліст у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX – XVIII стагоддзяў, прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі, спалучэння і ўзаемаадносін хрысціянства і паганства, узнікнення і развіцця культавага дойлідства XI – XIII стагоддзяў, пісьменнасці і эпіграфікі.
Даследаваў археалагічныя помнікі старажытнага Полацка, Мінска.
Суаўтар навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска. Аўтар больш чым 50 навуковых прац, падручніка «Мая Радзіма – Беларусь» для 4-га класа школ, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў, суаўтар мастацкіх зборнікаў.
У 1987 – 1999 гадах быў аўтарам і вядучым шэрага праграм Беларускага тэлебачання: «Крок», «Вецер вандраванняў», «Скарбы беларускай гісторыі», «Кола гадзіны», «Беларуская хата».
Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў: «Иди и смотри», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Оршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і іншых.
1970 год. Устаноўлена званне Ганаровы грамадзянін Магілёва.
Рашэнне прынята Пятай сесіяй Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў. Прысвойваецца за выбітны ўклад у развіццё і росквіт горада Магілёва.
Першым Ганаровым грамадзянінам стала ў 1970 годзе Заслужаны настаўнік Лізавета Казлоўская, апошнім – у 2022 годзе – дырэктар ААТ «Мажэліт» Вікенці Ермалёнак.
Усяго 31 ганаровы грамадзянін: удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – 12, прадстаўнікі адукацыі, культуры, спорта – 10, дзяржаўныя дзеячы – 4, прамыслоўцы і Героі Сацыялістычнай працы – 5.
Новая Інструкцыя аб парядку прысваення звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” прынята рашэннем гарсавета 21 красавіка 2022 года.
2005 год. Зацверджаны гербы шэрагу гарадоў Віцебскай вобласці.
На сельскім сходзе ў аграгарадку Мілаславічы пад Клімавічамі прагучалі нечаканыя звесткі.
Падчас сходу старшыня Мілаславіцкага сельскага Савета дэпутатаў Мікалай Людагоўскі агучыў колькасць асацыяльных асоб на тэрыторыі сельсавета – 125 чалавек – піша газета “Родная ніва”.
І гэтая лічба ўражвае, бо ўсяго ў сельсавеце 12 населеных пунктаў і 893 жыхары (на 1.01.2022 года). Сярод жыхароў 511 чалавек працаздольнага ўзросту, 228 пенсіянераў. Дык вось атрымліваецца, што з 739 чалавек дарослых – 125 асацыяльных тыпаў, што выглядае зашмат, бо гэта 17% насельніцтва, а калі ад працаздольнага – амаль усе 25%.
У цэлым асацыяльнасць паводзін на вёсцы нарастае, разам з нарастаннем сацыяльна-эканамічных праблем. Раней некаторыя эксперты казалі аб долі асацыяльных элементаў да 7-10%, але ў Міласалавічах мы бачым іншыя лічбы, няхай гэта не 25%, а 17%, усё роўна гэта страшная статыстыка.
Наша даведка. Мілаславічы – старое пасяленне, за 23 кіламетры ад райцэнтра, вядомае з ХVІ стагоддзя. У аграгарадку 210 двароў, 504 жыхары. У 1773–1777 гадах мела статус горада, у 1784-1935 гадах – мястэчка. Былі значным і ўплывовым мясцовым культурна-гаспадарчым цэнтрам і ў 1924–1927 гадах цэнтрам Мілаславіцкага раёна. Мілаславічы былі ў 1943 годзе спалены фашыстамі, пасля вайны адноўлены.