Наступіў купальны сезон, на Магілёўшчыне вызначана 61 месца для купання.

На цёплы перыяд года рашэннямі адміністрацый раёнаў і гарадоў Магілёўскай вобласці вызначана 61 месца адпачынку каля водных аб’ектаў з арганізацыяй купання – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Для параўнання: у 2022 годзе такіх месцаў было 50. 

Сярод дадаткова абсталяваных 11 месцаў адпачынку з арганізацыяй купання значацца наступныя.

Сажалкі ў раёне Брады ў Магілёве, у в. Ольніца Глускага, в. Красуліна Глускага, «Мікалаеўскія сажалкі» Круглянскага, у в.Путнікі Шклоўскага раёнаў, па вуліцы Казлоўскай у г. Асіповічы. Участак прыбярэжнай зоны заліва Дняпро ў раёне магілёўскай вуліцы Фаціна. На Чыгірынскім вадасховішчы каля в. Падлужжа Кіраўскага раёна. Палужскае вадасховішча каля в. Дзярновая Краснапольскага раёна. Пляж на р.Бясядзь «Ластаўка» ў раёне вуліцы Берагавой у г.п.Хоцімск. Вадасховішча Рудэя, Чавускі раён.

Па стане на 31 мая дазволы на працу пляжаў падпісаны на 55 зон рэкрэацыі: 6 – у Бялыніцкім раёне, 5 –  у Магілёве, па 4 – у Бабруйску, Горацкім, Быхаўскім, Касцюковіцкім раёнах,  па 3 – у Крычаўскім, Чэрыкаўскім, па 2 –у  Магілёўскім, Глускім,  Дрыбінскім, Кіраўскім, Клімавіцкім, Круглянскім, Мсціслаўскім, Хоцімскім, Шклоўскім, па 1 – у   Бабруйскім, Клічаўскім, Асіповіцкім, Чавускім раёнах. 

У купальны сезон,  з 1 чэрвеня, установамі дзяржсаннагляду ўведзены штотыднёвы адбор пробаў вады з вадаёмаў з мэтай лабараторнага кантролю якасці вады. Інфармацыя аб выніках праведзеных даследаванняў будзе размяшчацца на сайтах цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі.

Фота з адкрытых крыніц

Пракуратура стварае пад Палыкавічамі новае гісторыка-мемарыяльнае пахаванне

У Магілёўскім раёне Генпракуратура ініцыюе прысваенне статусу гісторыка-мемарыяльнага месца брацкім магілам каля Палыкавіч – паведамляе БелТА.

Каля Палыкавічаў, што пад Магілёвам, знаходзіцца месца масавага расстрэлу і спалення больш як 10 000 мірных жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Даследчыкі мяркуюць, што большая частка пахаваных тут людзей, гэта ахвяры Халакосту. У афіцыйных жа крыніцах у апошнія гады нацыянальная прыналежнасць забітых не праблематызуецца, іх усіх агулам залічваюць да ахвяр “генацыду беларускага народа”.

Пры Міністэрстве абароны па ініцыятыве Генпракуратуры створана міжведамасная камісія, якая вызначае памятныя ўзбуйненыя месцы пахаванняў астанкаў ахвяр генацыду.

Фота мае ілюстрацыйны характар.

Па Індэксе чалавечага развіцця Беларусь 60-я, ваюючая Украіна – 77-я

Паводле апублікаванага рэйтынгу індэксу чалавечага развіцця (ІЧР) на 2023 год, Беларусь заняла 60 радок. Гэта рэзкае падзенне: у 2014, 2021 гадах была 53-й, у 2020 – 50-й са 191 краіны. 

Развіццё чалавека ў самым агульным разуменні – гэта здольнасць чалавека, па-першае, доўга жыць, па-другое, далучацца да культурных здабыткаў чалавецтва, па-трэцяе, набываць неабходныя сродкі для выжывання.

Для параўнання: Эстонія – 31, Польшча – 34, Літва – 36, Латвія – 39, Расія – 51, Казахстан – 56, Україна – 77 (у 2010 годзе- 69, у 2020 – 74), Малдова – 81, Арменія – 85.

Індэкс чалавечага развіцця  разлічваецца  для супастаўлення краін па сацыяльна-эканамічным развіцці. 

Аб’яднаны Індэкс для кожнай краіны разлічваецца па наступных паказчыках: сярэдняя працягласць жыцця людзей (ацэньвае даўгалецце), сярэдняя колькасць гадоў, выдаткаваных на навучанне (характарыстыкі пісьменнасці насельніцтва). Сярэдні даход на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці (адлюстроўвае ўзровень матэрыяльнага забеспячэння людзей).

Топ-10 краін з самым высокім індэксам чалавечага развіцця:

  1. Швейцарыя — 0,962
  2. Нарвегія — 0,961
  3. Ісландыя — 0,959
  4. Ганконг (Кітай) — 0,952
  5. Аўстралія — 0,951
  6. Данія — 0,948
  7. Швецыя — 0,947
  8. Ірландыя — 0,945
  9. Германія — 0,942
  10. Нідэрланды — 0,941

ІЧР большасці развітых краін складае 0,8 і вышэй. У гэтых краінах стабільныя ўрады, шырока распаўсюджаная даступная адукацыя і медыцынскае абслугоўванне, высокая чаканая працягласць і якасць жыцця, а таксама растучая магутная эканоміка.

«Нізкі ўзровень чалавечага развіцця» – узровень ніжэй за 0,55. У такіх краінах грамадства сутыкаецца з нестабільнымі ўрадамі, шырока распаўсюджанай галечай, адсутнасцю доступу да медыцынскага абслугоўвання і дрэннай адукацыяй. Акрамя таго, у гэтых краінах нізкі даход і нізкая чаканая працягласць жыцця ў спалучэнні з высокім узроўнем нараджальнасці.

Топ-10 краін з самым нізкім індэксам чалавечага развіцця:

  1. Паўднёвы Судан — 0,385
  2. Чад — 0,394
  3. Нігер — 0,400
  4. Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка — 0,404
  5. Бурундзі — 0,426
  6. Малі — 0,428
  7. Мазамбік — 0,446
  8. Буркіна-Фасо — 0,449
  9. Емен — 0,455
  10. Гвінея — 0,465.

Фота з адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар.

Дняпро. Пачынайма дзень з прыгожага відэа пра Магілёў

Наш горад вечны, пакуль праз яго цячэ велічны Дняпро. Ён асноўны сімвал Магілёва. Многія з нас, тлумачачы, дзе месціцца горад, пасля згадкі пра Беларусь, абавязкова называюць Дняпро. Ён сёлета хоць і абмялелы, але сваім лёсам абнадзейвае нас і запэўнівае, што найлепшае наперадзе.