У Быхаве легкавушку выкінула на слуп з-за непагадзі

Машыну занесла на дарозе ў Быхаве так, што яна ледзь не склалася ад удару. 28-гадовая вадзіцельніца атрымала траўмы і была шпіталізаваная. Адзначаецца, што заднія калёсы на аўтамашыне Nissan не былі прыдатнымі для язды – піша БелТА са спасылкай на ДАІ аблвыканкама.

Фота: ДАІ

Ахвярай у смяротнай аварыі стала 18-гадовая дачка кіроўцы-ліхача – пракуратура

Пракуратура Магілёўскай вобласці абвясціла сваё абвінавачванне ў справе пра смяротную аварыю 22 лістапала мінулага года на дарозе Сялец-Дрыбін-Горкі. У той дзень, вечарам 46-гадовы вадзіцель на сваёй машыне Renault Espace ехаў па заснежанай трасе з перавышэннем дапушчанай хуткасці. Акрамя кіроўцы ў аўтамабілі на пярэднім сядзенні была яго 15-гадовая дачка, а на заднім старэйшая, 18-гадовая.

У пэўны момант праезд аўтамабілю перашкодзіў трактар, які рухаўся ў тым жа накірунку. Каб пазбегнуць сутыкнення з ім, кіроўцы выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з фурай.

І вадзіцеля і пасажырку на пярэднім сядзенні выратавалі паясы беспекі. Дзяўчына на заднім сядзенні не была прышпіленая, яе выкінула з салона машыны і ад атрыманых траўм 18-гадовая дачка вадзіцеля сканала на месцы. І кіроўца і малодшая дачка атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Паводле пракуратуры, віна за смяротнае ДТЗ ляжыць на вадзіцелі. Ён не ўлічыў пагодныя і дарожныя ўмовы – ападкі і заснежаную праезную частку. Акрамя таго, праігнараваў устаноўленае абмежаванне хуткасці і праявіў няўважлівасць да дарожна-транспартнай сітуацыі. 

Справа накіраваная ў суд – піша БелТА.

Фота: Следчы камітэт

Пад Магілёвам загінуў аўтамыйшчык без правоў, які катаўся на машыне кліента

Раніцай 23 сакавіка на ўчастку аб’язной дарогі пад Магілёвам, каля вёскі Паўлаўка 23-гадовы юнак не справіўся з кіраваннем і вылецеў у кювет. Машына некалькі разоў перакулілася, а кіроўца не быў прышпілены поясам бяспекі. Ад атрыманых раненняў ён памёр. 

Высветлілася, што юнак, які загінуў, працаваў на магілёўскай аўтамыйцы, а аўтамабіль Volkswagen Polo ён узяў без ведама гаспадара. Днём раней кліент пакінуў яму машыну для хімчысткі салона – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Правоў у мужчыны не было.

Фота: прэс-служба Магілёўскага абласнога УУС

У Магілёве сутыкнуліся тралейбус і дзве маршруткі, была пробка на кіламетр

Увага кіроўцам – у самым цэнтры Магілёва на скрыжаванні вуліц Першамайская і Ціміразеўская адбылася аварыя. Сутыкнуліся дзве маршруткі і тралейбус. Пробка ўтварылася ад Мінскага рынка да друкарні.

Фота: mogilev.media

П’яны на “Porsche” збіў насмерць чалавека, уцякаючы ад ДАІ ў Магілёве

Трагедыя адбылася позна ўвечары 20 сакавіка. П’яны вадзіцель аўтамабіля “Porsche Panamera” зладзіў уцёкі ад машыны ДПС, падчас якіх збіў прыпынак на вуліцы Будаўнікоў, у якім знаходзіўся мужчына. Як паведамляюць у магілёўскіх Тэлеграм-каналах, кіраўца быў п’яным настолькі, што ледзьве мог размаўляць. Мужчына на прыпынку загінуў.

На фота – меркаваны аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся п’яны кіроўца.

Афіцыйная інфармацыя з канала прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС: “20 сакавіка ў 22:40 у Магілёве на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў экіпаж ДПС падаў патрабаванне аб спыненні вадзіцелю Porsche Panamera, якое ён праігнараваў і ўчыніў пагоню на працягу 1,5 км. На вуліцы Будаўнікоў паблізу дома 14 вадзіцель не справіўся з кіраваннем і выехаў на тратуар, дзе збіў 30-гадовага магілёўца.

Парушальнікам аказаўся нецвярозы 28-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. Агляд паказаў наяўнасць 1,3 праміле алкаголю.”

Фота, відэа – Тэлеграм-каналы “ЧП Магілёў”, “ДПС, Магілёў, ДАІ”.

Жуткаватая аварыя ў Магілёве – сабралі поўнае відэа

12 сакавіка ў цэнтры горада на Першамайскай кіроўца Volkswagen Polo пры павароце налева каля рэстарана «Вінтаж» не саступіў дарогу сустрэчнай легкавушцы пад кіраваннем 29-гадовага магілёўца. Ад удару машына таксі вылецела на тратуар перад самым прыпынкам “Чырвоная зорка”. Відовішчнае відэа аварыі, сабранае з фрагментаў запісаў з відэарэгістратараў і камер назірання глядзіце на нашым Youtube-канале.

Відэа: https://youtu.be/xikTy61BGI8

Падчас аварыі цудам ніхто не пацярпеў, улічваючы, наколькі ажыўлены тратуар Першамайскай каля “Чырвонай зоркі”, на які вынесла машыну таксі.

Рэшткавы рысунак пратэктара і агульны стан маршрутак правяраюць на дарогах Магілёўскай вобласці

Пасля жудаснай аварыі з удзелам маршруткі пад Смалявічамі, у якой загінула 11 чалавек, пачаліся прэвентыўныя праверкі працы маршрутных таксі. Яны ўзмацніліся пасля таго, як напярэдадні ад’езду ў Кітай, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў асабіста разабрацца з маршруткамі. 

20 лютага на 9 кіламетры аўтадарогі Смалявічы – Шацак адбылося лабавое сутыкненне грузавога аўтамабіля МАЗ з маршрутным таксі. У дарожна-транспартным здарэнні загінулі 11 пасажыраў маршрутнага таксі, у тым ліку двое дзяцей. Аварыя мела шырокі грамадскі рэзананс. 

У сувязі з нядаўняй трагедыяй пачаліся прэвентыўныя рэйды супрацоўнікаў ДАІ на дарогах. Так, на шашы Вішоў – Круглае – Талачын супрацоўнікі мясцовага ДАІ ​​правялі адзін з рэйдаў, які накіраваны на перадухіленне інцыдэнтаў з удзелам маршрутных транспартных сродкаў. Як адбываюцца праверкі ў час рэйдаў, распавяла “Зара над Друццю”. 

Траса з Вішова на Круглае вузкая і звілістая, на ёй досыць інтэнсіўны рух транспартных сродкаў, у тым ліку маршрутных таксі. Правяраліся дазволы на мікрааўтобусы, умяшчальнасць транспарту, рэшткавы рысунак пратэктараў і агульны стан транспартных сродкаў. 

Па выніках праверкі парушэнняў выяўлена не было. Кожнаму вадзіцелю супрацоўнікі ДАІ раілі быць уважлівымі, прытрымлівацца абмежавання хуткасці руху на дарозе і памятаць, што яны нясуць адказнасць не толькі за сваё жыццё, але і за жыццё пасажыраў. 

Фота з адкрытых крыніц.

На Бабруйскай трасе правядуць следчы эксперымент, рух на ўчастку дарогі абмяжуюць

28 лютага з 19.30 да 21.00 будзе абмежаваны рух на трасе “Магілёў-Бабруйск” у раёне вёсак Глухская сяліба і Паплаўшчына – паведамляе Тэлеграм-канал “ЧП Могилев”. Тут запланавана правядзенне следчага эксперыменту для ўстанаўлення абставін ДТЗ, якое здарылася на абазначанымдадзеным участку. Рух паміж вёскамі Глухская сяліба і Паплаўшчына будзе цалкам заблакаваны.

 

Трактар пратараніў маршрутку пад Бабруйскам

Раніцай 24 лютага адбылася аварыя на трасе Р-55, што злучае Бабруйск і Глуск. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца трактара, выяжджаючы з другараднай дарогі, не прапусціў маршрутку, у якой ехалі 20 чалавек. Чатыры жанчыны, пасажыркі маршрутнага таксі, атрымалі траўмы сярэдняй цяжкасці і былі шпіталізаваныя. Усяго пацярпела 10 чалавек – паведамляе Telegram-канал прэс-службы абласнога УУС.

Фота: ДАІ

Жорсткая аварыя з самазвалам і таксі ў Магілёве, спынены рух тралейбусаў – фота

Аварыя на вуліцы Крупскай у Магілёве – раніцай 15 лютага адбылося сутыкненне аўтамабіля таксі і самазвала, прычым самазвал выехаў на тратуар і збіў слуп з электраправадамі. Пашкоджанне электралініі спыніла рух тралейбусаў №2 у мікрараёне “Восьмы”. З аўтамабілем таксі працавалі ратавальнікі. Пра пацярпелых пакуль не паведамляецца.

Фота з адкрытых крыніц.