Дзень у гісторыі. 14 мая. Аблога Быхава. Дывізія Касцюшкі. Рэферэндум – 1995. Нарадзіліся ўсходазнавец К. Касовіч, мастак Я. Кругер, кампазітар Я. Жыновіч.

1659 год. Маскоўскія ваяводы Змееў і Лабанаў-Растоўскі пачалі аблогу Быхаўскага замка.

Аблога працягвалася да 4 снежня і закончылася начным штурмам Быхава. Карнікі, якія захапілі замак, у 1660 годзе самі апынуліся ў аблозе і ў снежні 1661 здаліся войску Рэчы Паспалітай на чале з гетманам Чарнецкім.

Замак стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы былога пасялення XIV-XV стагоддзяў.

Замкавы комплекс складаўся з некалькіх мураваных карпусоў, якія ўтваралі ў плане няправільны чатырохвугольнік памерамі 75х70 м.

З поўначы ўнутраны двор замыкаўся мураванай сцяной з выхадам на гарадскі вал. Заходні бок замкавага комплекса, павернуты да гандлёвай плошчы, быў забудаваны карпусамі казарм, меў пасярэдзіне ўязную браму з пад’ёмным мастом і фланкіраваўся па вуглах васьміграннымі абарончымі вежамі.

1814 год. У Полацку нарадзіўся Каэтан Касовіч (1814-1883).

Беларускі ўсходазнаўца, першы санскрытолаг у Расіі.

Скончыў Віцебскую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт.

Працаваў выкладчыкам ў Цвярской і 2-й Маскоўскай гімназіях. Вывучаў яўрэйскую і арабскую мовы, санскрыт. Перакладчык з санскрыта.

У Маскве быў рэдактарам навуковых прац пры публічнай бібліятэцы, прафесарам універсітэта, быў ганаровым доктарам Харкаўскага, прафесарам Пецярбургскага ўніверсітэтаў.

Выдаў “Санскрыцка-рускі слоўнік”, збор персідскіх клінападобных надпісаў, пераклад “Яўрэйскай граматыкі” Гезеніуса і “Яўрэйскай хрэстаматыі”, “Грэчаска-рускі слоўнік”.

Памёр 7 лютага 1883 года.

1869 год. У Мінску нарадзіўся Янкель Кругер (1869-1940).

Беларускі жывапісец і педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў, настаўнік знакамітых мастакоў.

Вучыўся ў Варшаве, у акадэміі Жуліяна ў Парыжы, у Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Падарожнік па еўрапейскіх краінах. Неаднаразова дэманстраваў свае палотны на Парыжскіх выстаўках.

У Мінску вёў курсы малявання і жывапісу. Меў шматлікіх вучняў, сярод якіх Г. Фімянтоўскі, В. Руцай, І. Ахрэмчык, І. Мільчын, З. Азгур, Х. Суцін, М. Кікоін, М. Станюта.

Працаваў у БДУ, у этнаграфічнай экспедыцыі Беларускага Дзяржаўнаг музея.

Аўтар партрэтаў І. Жухавіцкага, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Зм. Бядулі, С. Міхоэлса, навукоўцаў, палітычных савецкіх военачальнікаў і партыйных дзеячаў, жанравых карцін на тэмы працы, серыі карцін, якія адлюстроўваюць сцэны яўрэйскага побыту.

Я. Кругер. Янка Купала.

1885 год. Нарадзіўся Мікалай Крыленка (1885-1938).

Вярхоўны галоўнакамандуючы расійскай арміі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Кіраўнік ліквідацыі Стаўкі ў Магілёве ў 1917 годзе. Рэспрэсаваны.

У яго гонар у Магілёве названа вуліца, усталявана мемарыяльная шыльда.

Займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Удзельнік І Сусветнай вайны, прапаршчык.

У ліпені 1917 года быў арыштаваны ў Магілёве і абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе. 8 лістапада 1917 года ўвайшоў у першы склад Саўнаркама ў якасці члена Камітэта па справах ваенных і марскіх.

22 лістапада 1917 года прызначаны галоўнакамандуючым войск, 3 снежня адхіліў ад пасады генерала М. Духоніна і стаў камандуючым Стаўкі ў Магілёве.

Быў пракурорам РСФСР, народным камісарам юстыцыі РСФСР, СССР.

Актыўна змагаўся з Вышынскім і Вінакуравым (старшыня Вярхоўнага Суда СССР) за ўплыў у сістэме органаў юстыцыі СССР. Вынікам гэтай барацьбы стала гібель Крыленкі і яго людзей, перамога групоўкі Вышынскага.

Арыштаваны НКУС 31 студзеня 1938 года. Расстраляны 29 ліпеня 1938 года.

1899 год. Нарадзіўся Тодар Куніцкі (1899-1985).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, лекар, сузаснавальнік Беларускага Студэнцкага Саюза ў Вільні і Беларускага Сялянскага Саюза.

Працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, урачом на Беласточчыне.

3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР Указам № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю» загадаў спальваць усе кнігі Куніцкага.

У час Другой сусветнай вайны працаваў у Вільні, пасля вайны працаваў урачом у Гданьску. Памёр 5 сакавіка 1985 года.

Сябры Беларускага студэнцкага саюза, 1930-я гады.

1907 год. Нарадзіўся Язэп Жыновіч (Жыдовіч, 1907-1974).

Беларускі музыка-цымбаліст, дырыжор, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.

У 1922 годзе стаў салістам-цымбалістам у БДТ-1 (купалаўскі тэатр). Скончыў Мінскі музычны тэхнікум, БДУ, кансерваторыю (з яе выключаўся як сын кулака).

У 1930 годзе кіраўнік, саліст, канцэртмайстар і педагог створанага Дзяржаўнага ансамблю народных інструментаў БССР.

Падчас вайны працаваў у Казахскай філармоніі, у складзе канцэртнай брыгады выязджаў на фронт.

З 1946 года – мастацкі кіраўнік і дырыжор Дзяржаўнага народнага аркестра БССР. У Беларускай кансерваторыі аснаваў клас цымбалаў і кафедру народных інструментаў.

Напісаў музычныя творы: «Беларуская мелодыя» для ансамбля цымбалаў і 2 арфаў, «Сказ-быліна аб зямлі беларускай», канцэртныя апрацоўкі народных танцаў «Лявоніха» і «Мікіта».

Пераклаў для цымбалаў п’есы шматлікіх еўрапейскіх аўтараў.

Памёр у Мінску 13 студзеня 1974 года.

У Мінску названа ў яго гонар вуліца, а на доме, дзе жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

1943 год. У СССР пачалося фарміраванне 1-ай пяхотнай дывізіі імя Т. Касцюшкі Войска Польскага.

Дывізія фарміравалася ў Сялецкіх ваенных лагерах пад Разанню. 15 ліпеня 1943 года, у дзень гадавіны Грунвальдскай бітвы, дывізія прыняла прысягу. Дывізія мела штатны расклад савецкай стралковай дывізіі і ўключала тры пяхотныя палкі, асобны жаночы пяхотны батальён імя Э. Плятэр, полк лёгкай артылерыі, знішчальны супрацьтанкавы дывізіён, дывізіён мінамётаў, разведроту, роту сувязі, падраздзяленні зенітных сродкаў, часткі тылу.

Першым камандзірам дывізіі стаў палкоўнік Зыгмунт Берлінг. Па стане на 5 ліпеня 1943 года, дывізія мела 14 380 чалавек (13 520 палякаў, 439 яўрэяў, 209 украінцаў, 108 беларусаў, 112 рускіх і 1 азербайджанец).

12-13 кастрычніка 1943 года пад Леніна Горацкага раёна адбыўся першы бой дывізіі. Падчас баёў дывізія нанесла значны ўрон суперніку, заняла вёскі Трыгубава і Паўзухі. Тры байцы дывізіі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, 247 – узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

З. Берлінг.

1955 год. Утворана ваенная арганізацыя Варшаўскай Дамовы.

У яе склад увайшлі Албанія, Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, Румынія, СССР, Чэхаславакія. Скасавана ў 1991 годзе. Усе краіны, акрамя СССР, увайшлі ў НАТА (з былога СССР у НАТА – Эстонія, Літва, Латвія).

Трэцім галоўнакамандуючым Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі краінаў-удзельніцаў дамовы быў ураджэнец Горацкага раёна Маршал Савецкага Саюзу І. Якубоўскі (1967-1976), першым начальнікам штаба – ураджэнец Гродна, уладальнік ордэна Перамогі, генерал арміі – А. Антонаў (1955-1962).

І. Якубоўскі.

1973 год. Нарадзілася Наталі Касцюшка-Марызэ.

Францускі палітык, з беларускага роду Касцюшкаў. Былы міністар экалогіі ва ўрадзе Ф. Фіёна (2010-2012).

Скончыла Політэхнічную школу ў Парыжы, Нацыянальную школу лясных і водных інжынэраў.

Займала пасады дзяржаўных сакратароў дэпартамэнтаў экалогіі, планавання і развіцця лічбавай гаспадаркі, мэра Лянжумо.

1995 год. Па ініцыятыве А. Лукашэнкі прайшоў рэферэндум.  

На галасаванне выносіліся чатыры пытанні, першыя тры з іх – на абавязковы рэферэндум, пастанова якога насіла канчатковы характар, а чацвёртае – на кансультацыйны, пастанова якога насіла рэкамендацыйны характар:

  1. Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?
  2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
  3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?
  4. Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?[

Паводле афіцыйных звестак, па першаму пытанню “За” выступілі 88,3%, па другому падтрымка атрымана ў 75,1% галасоў, па трэцяму – 83,3%, па чацвёртаму – 77,7%.

Пытанні, вынесеныя на рэферэндум, супярэчылі прэамбуле і артыкулам 1, 2, 3 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, прэамбуле і артыкулам 17 і 78 Канстытуцыі Беларусі 1994 года, артыкулу 3 Закона «Аб усенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь».

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 30 красавіка. Эдыкт Галерыя. М. Судзілоўскі на Гаваях. Падзел Беларусі. Нарадзіліся паэт Янка Журба, эканаміст С. Сміт. Застрэліўся Гітлер.

Міжнародны дзень джазу (International Jazz Day, з 2011 года).

Упершыню слова “джаз” было выкарастана ў друку 2 красавіка 1912 года, а ў 1917 годзе амерыканскі часопіс “Literary Digest” аўтарытэтна тлумачыў, што “джаз – гэта музыка, якая прымушае людзей трэсціся, скакаць і курчыцца”.

Дзень устаноўлены  Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА. Мэта святкавання Дня – павышэнне ступені інфармаванасці міжнароднай грамадскасці аб педагагічнай ролі джаза як сілы, якая садзейнічае міру, адзінству, дыялогу і пашырэнню кантактаў паміж людзьмі.

Джаз узнік у канцы XIX–пачатку XX стагоддзя ў ЗША як сінтэз афрыканскай і еўрапейскай музычных культур і да гэтага часу застаецца унікальнай формай музычнага мастацтва, якая аб’ядноўвае расы і нацыянальнасці і сцірае мяжы паміж людзьмі і дзяржавамі. Асноўныя рысы джаза – галоўная роля рытму, меладычныя акцэнты, якія спараджаюць адчуванне хвалепадобнага руху, імправізацыйны пачатак.

Сусветны дзень пародненых гарадоў (World Day of United Сities).

Праводзіцца ў апошнюю нядзелю красавіка па рашэнні Сусветнай федэрацыі пародненых гарадоў (World Federation of United Cities), заснаванай у 1957 годзе.

Сусветная федэрацыя пародненых гарадоў – міжнародная няўрадавая арганізацыя, мэтай якой было – умацаванне дружалюбных сувязяў паміж гарадамі розных дзяржаў. Аб’ядноўвала звыш 3 500 гарадоў больш за 160 краін свету.

Магілёў мае 19 гарадоў-пабрацімаў і 26 гарадоў-партнёраў. 

Пабрацімамі з’яўляюцца нямецкія Лютэрштадт Вітэнберг, Айзенах, расійскія Пенза, Тула, Звянігарад, Сакаліная Гара, Омск, Астрахань, турэцкая Бурса, украінская Керч, французскі Вілербан, славацкі Бардэёў, балгарскі Габрава, сербскі Крагуевац, азербайджанскі Сумгаіт, кітайскія Чжэнчжоў, Нанкін, Чанша, іранскі Тэбрыз. 

З пачаткам уварвання Расіі ва Украіну, пабрацімскія адносіны з Магілёвам скасавалі літоўская Клайпеда і ўкраінскі Мікалаеў.

311 год. Кіраўнік Усходняй Рымскай імперыі, ганіцель хрысціян Галерый падпісаў эдыкт, які ўпершыню дазволіў насельніцтву адкрыта вызнаваць хрысціянства.

Галерый доўгі час з’яўляўся адным з самых перакананых і паслядоўных супернікаў хрысціянства ў рымскай гісторыі. Ён браў удзел у пераследах хрысціян, якія пачаліся ў 303 годзе (першы эдыкт супраць хрысціян – 23 лютага 303 года).

Галерый “памяняў” свае перакананні з-за хваробы, верагодна, спадзяючыся на “удзячнасць у адказ” Бога хрысціян. Але спадзяванні яго не спраўдзіліся: праз некалькі дзён пасля падпісання эдыкта ён памёр.

1881 год. Нарадзіўся Янка Журба (Іван Івашын, 1881–1964).

Беларускі паэт, этнограф, друкаваўся ў газеце “Наша ніва”, пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага “Бедныя людзі”.

Настаўнічаў ва Украіне, Беларусі, Расіі, працаваў у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, інспектарам Бабруйскага, Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы (1923–1927), выкладчыкам Чэрыкаўскай сямігодкі, Магілёўскага медвучылішча (1927–1934), супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР, настаўнікам спеваў у Чашніцкім раёне.

Апошнія гады жыцця правёў у в. Слабада пад Полацкам, у Полацку ў сваякоў і манашак зачыненага Свята-Еўфрасінеўскага манастыра, у доме састарэлых.

Пахаваны на полацкіх Ксавер’еўскіх могілках.

Аўтар этнаграфічных нарысаў, вершаў 5 зборнікаў паэзіі, 3 кніг вершаў для дзяцей. У 1950 выйшлі Выбраныя творы. У яго гонар названы вуліцы ў Полацку, Магілёве, некаторых іншых гарадах.

1900 год. Гавайскія астравы, якія былі анэксіраваны ЗША ў 1898 годзе, атрымалі статус самакіраванай тэрыторыі.

Калі прэзідэнт ЗША У. Мак-Кінлі падпісаў “дагавор” аб анэксіі Гавайскіх астравоў, мясцоваму насельніцтву ўдалося сарваць яго ўступленне ў сілу, прад’явіўшы 38 000 подпісаў пад петыцыяй пратэсту. У выніку, анэксія была зацверджана толькі прыняццем у абедзвюх палатах Кангрэса адпаведнай «рэзалюцыі Ньюлэндса‎» 4 ліпеня 1898 года. 

З 1901 па 1902 год першым старшынёй сената Гавайскіх выспаў быў ураджэнец Магілёва, рэвалюцыянер-народнік Мікалай Судзілоўскі-Русель (1850–1930), вядомы таксама пад імем Каўка Лукіні, які за час знаходжання на пасадзе паспеў правесці рэформы ў падтрымку канакоў, але не змог супрацьстаяць уплыву ЗША і быў пазбаўлены амерыканскага грамадзянства за антыамерыканскую дзейнасць. 

У 1959 годзе Гавайскія астравы сталі 50-м штатам ЗША.

1930 год. У кітайскім Шанхаі памёр магілёвец Мікалай Судзілоўскі (1850–1930).

Урач, прыродазнавец, рэвалюцыянер, удзельнік грамадcка-палітычных рухаў у Еўропе, ЗША, Японіі, Кітаі, падарожнік-географ, этнограф. Прэзідэнт Сената Гавайскіх астравоў.

Адкрыў шэраг астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна, пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпінаў.

Доктар, з імем якога звязаныя пэўныя дасягненні ў хірургіі, тэорыі туберкулёзу і іншых хвароб. Яму належаць некалькі важных прац па медыцыне. Быў таксама членам Амерыканскага таварыства генетыкаў, некалькіх навуковых таварыстваў Японіі і Кітая.

Валодаў васьмю еўрапейскімі мовамі, а таксама японскай і кітайскай. У гонар вучонага ў Магілёве названа вуліца.

1901 год. У Пінску нарадзіўся амерыканскі эканаміст Сайман (Сямён) Сміт Кузнец (1901–1985).

Нобелеўскі лаўрэат, аўтар паняцця “валавы ўнутраны прадукт”. Доктар філасофіі. Член Нацыянальнай Акадэміі навук ЗША.

Вучыўся ў Харкаве, скончыў Калумбійскі ўніверсітэт. Працаваў у Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў, прафесарам універсітэтаў штата Пенсільванія, Дж. Гопкінса, Гарвардскага, старшынёй камітэта па эканамічным росце пры ўрадзе ЗША, эканамічным саветнікам урадаў Кітая, Японіі, Індыі, Тайваня і Ізраіля. Прэзідэнт Амерыканскай статыстычнай, Амерыканскай эканамічнай асацыяцый.

Адкрыў 20-гадовы перыяд ваганняў хуткага і павольнага эканамічнага росту (цыкл Кузнеца, 1930), залежнасць паміж няроўнасцю даходаў і эканамічным ростам краін, якія развіваюцца (крывая Кузнеца). Адным з першых раскрыў ролю капіталаўкладанняў у чалавечы фактар як аснову сучаснага эканамічнага росту.

Яго імя ў 2013 годзе прысвоена  Харкаўскаму нацыянальнаму эканамічнаму ўніверсітэту.

1910 год. Па шляху ў Полацк, з Кіева ў Магілёў па Дняпры прыбыў параход “Галавачоў” з машчамі Еўфрасінні Полацкай.

Рака з машчамі знаходзілася да 2 мая ў кафедральным Іосіфаўскім саборы, дзе праводзіліся літургіі і службы. Магілёў наведала 75 000 вернікаў.

1921 год. Уступіла ў дзеянне Рыжская мірная дамова паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, якая падзяліла Беларусь на дзве часткі. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску.

Дамова бакамі была падпісана 18 сакавіка 1921 года.

Была пацверджана “незалежнасць” БССР. Мяжа ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёна чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1945 год. У сваім бункеры ў Берліне скончыў жыццё самагубствам Адольф Гітлер.

Гітлер разам са сваёй жонкай Евай Браўн паміж 15:26 і 15:30 скончыў жыццё самагубствам, папярэдне забіў любімага сабаку Блондзі. 

У савецкай гістарыяграфіі зацвердзіўся пункт гледжання, што Гітлер прыняў яд (цыяністы калій). Аднак, паводле сведчанняў відавочцаў, ён застрэліўся. Існуе таксама версія, паводле якой Гітлер, узяўшы ў рот і раскусіўшы ампулу з ядам, адначасова стрэліў у сябе з пісталета.

1945 год. Савецкія воіны ўзнялі Сцяг Перамогі над рэйхстагам у Берліне.

У 14:25 байцы роты старшага сяржанта С’янава з баямі прарваліся па лесвіцы и дасягнулі купала рэйхстага. 

Лейтэнант А. Бераст, чырвонаармеец М. Ягораў і малодшы сяржант М. Кантарыя ўстанавілі сцяг: над будынкам германскага парламента ўзвіўся сцяг СССР.

Усе трое былі прадстаўлены камандаваннем да звання Герой Савецкага Саюза, аднак украінец А. Бераст быў выкраслены з узнагароднага спісу і афіцыйнай версіі ўзняцця сцяга Перамогі.

1961 год. У ноч з 30 красавіка на 1 мая на савецкай антарктычнай станцыі “Новалазараўская” урач Леанід Рагозаў сам сабе зрабіў аперыцыю па выдаленні апендыкса.

Падчас аперацыі яму асістыраваў ураджэнец в. Сенькаўка Клімавіцкага раёна, палярны гідраметэаролаг Фёдар Кабат (1921–1995).

1994 год. Набыла сілу Канстытуцыя Беларусі, прынятая 15 сакавіка.

У Беларусі дзейнічае Канстытуцыя 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 1996 і 2004 гадоў. Яна з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай Канстытуцыяй Беларусі, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 18 сакавіка. Напад мангола-татараў. Рыжскі мірны дагавор. Наймагутны смерч. Нарадзіўся кампазітар М. Рымскі-Корсакаў

1241 год. У бітве пры Хмельніку пад Кракавам войска Залатой Арды перамагае польскае войска і мангола-татары працягваюць заваяванне Еўропы.

Перад гэтым частка войска мангола-татараў прайшлася па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне.

Кракаў быў амаль цалкам знішчаны манголамі.  У 1259 годзе горад зноў быў разрабаваны манголамі, у 1287 годзе мангольскі напад удалося адбіць.

1662 год. У Парыжы пачала дзейнічаць першая служба грамадскага транспарту.

Яна з’явілася па ідэі знакамітага вучонага Блеза Паскаля. 

Першыя транспартныя сродкі мелі восем сядзячых месцаў і курсіравалі па пэўным маршруце, у пэўныя гадзіны, нават калі яны не былі запоўнены пасажырамі. 

Такая карэта на пачатку XIX стагоддзя атрымала назву “омнібус”, што азначае “для ўсіх”.

1758 год. Памёр Тамаш Жэброўскі (1714–1758).

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

1844 год. Нарадзіўся Мікалай Рымскі-Корсакаў.

Расійскі кампазітар, педагог, дырыжор, музычны крытык, марскі афіцэр, удзельнік «Магутнай купкі». 

Паходзіць са старажытнага полацкага роду Корсакаў, з якім звязаны і Баркулаб Корсак (уласнік Баркалабава, заснавальнік Баркалабаўскага манастыра, дзе быў створаны Баркалабаўскі летапіс), і палітычныя і ваенныя дзеячы Рымскія-Корсакавы.

Аўтар 15 опер, 3 сімфоній, сімфанічных твораў, інструментальных канцэртаў, кантат, камерна-інструментальнай, вакальнай і духоўнай музыкі. 

У яго оперы «Казка пра цара Салтана» у 1916 годзе дэбютаваў у Марыінскім тэатры беларускі спявак Вячаслаў Селях-Качаньскі, які атрымаў сусветную вядомасць.  (Увага! Тут — важнае ўдакладненне)

Памёр 21 чэрвеня 1908 года.

1903 год. Нарадзіўся Міхась Маскалік.

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, уніяцкі святар, культурна-грамадскі дзеяч у Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог. Доктар філалогіі.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце,  берлінскай Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу, мюнхенскім Калегіуме Св. Андрэя, заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Германіі».

Быў святаром у Вільні, здзяйсняў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У 1943 годзе арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенгаўзен. Вызвалены намаганнямі Папскай місіі ў Германіі. 

З’яўляўся дэканам для беларусаў-каталікоў у Заходняй Германіі, заснавальнік і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеную на нямецкай мове ў 1961 годзе як манаграфія.

Памёр 25 верасня 1965 года.

Касцёл Св. Ганны у Вільні.

1904 год. Памёр Міхал Грушвіцкі, беларускі і польскі кампазітар (1828–1904).

Скончыў Шляхецкі інстытут у Вільні. Працаваў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губернатара, у Мінскім су­дзе, займаўся сельскай гаспадаркай у сваім маёнтку Выганічы пад Ракавам.

Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі. 

Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.

1916 год. Памерла ўраджэнка Гомельшчыны Зінаіда Радчанка (1839–1916).

Беларуская і ўкраінская фалькларыстка і этнограф. Член Рускага геаграфічнага таварыства

Падрыхтавала кнігу «Зборнік маларускіх i беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна», выдала зборнік «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)», які змяшчаў 676 песень і 83 прыказкі адной толькі воласці Гомельскага павета, этнаграфічную яго карціну. У прадмове да зборніка апісала побыт, абрады і звычаі сялян.

Усяго апублікавала каля 700 народных песень, у тым ліку 180 з мелодыямі.

Арнаменты Гомельшчыны.

1921 год. Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Граніца ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёны чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1925 год. Наймагутны з зарэгістраваных на тэрыторыі ЗША, а верагодна, і на ўсім зямным шары смерч пранёсся ў паўночна-ўсходнім напрамку праз штаты Місуры, Ілінойс і Індыяну. 

Да гэтага смерчы захопліваючы паласу шырынёй каля 400 м, рухаліся з хуткасцю парадку 70 км/г і, звычайна, кіламетраў праз 20 “выдыхаліся”. Але ж “трохштатны” (прыняты ў ЗША назоў) смерч імчаўся з хуткасцю звыш 100 км/г і на працягу 352 км буяніў у паласе шырынёй звыш 1 000 м.

Сумны вынік: загінулі 695 чалавек, каля 2 000 былі паранены, 50 000 пазбавіліся прытулку. Быў нанесены вялізны матэрыяльны ўрон – разбурана шмат дамоў і мастоў, пашкоджаны транспартныя сродкі.

1932 год. Нарадзіўся Эрнест Сабіла.

Беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзеяч, пастар Беларускай евангельскай царквы.

Маленства і юнацтва правёў у Бабруйску.  

У 1949 годзе на вучня Сабілу завялі крымінальную справу за імкненне стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў.

У 1951 годзе, калі быў  студэнтам Мінскага медінстытута, арыштаваны за «актыўную агітацыю з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў», прысуджаны да расстрэлу, але гэты прысуд заменены на 25 гадоў канцлагераў. Правёў 5 гадоў у турмах і лагерах, адкуль двойчы рабіў спробы ўцёкаў. Зноў стаў вязнем ГУЛАГ у 1957 годзе, у 1959 годзе абвінавачаны ў стварэнні няіснай Расійскай Прагрэсіўнай Партыі.

У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці, хаця знаходзіўся пад наглядам КДБ. 

З 1988 года прасвітар Евангельскай Царквы ў Мінску, выступае ў СМІ, становіцца сустаршанём Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. У 1989 годзе асвяціў першы з’езд БНФ, узначальваў адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Евангельская Царква (забаронена ў 2006 годзе). 

Каля 20 гадоў будаваў царкву ў Асіповічах, у якой, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, ладзіў сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкамі.

Памёр 5 лютага 2022 года.

1983 год. Нарадзіўся Віталь Воранаў.

Беларускі літаратар, перакладчык, выдавец. Папулярызатар беларускай дуды.

У 1996 разам з бацькамі эміграваў з Беларусі ў Польшчу. 

Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя Сшыткі».

Аўтар зборнікаў апавяданняў на матэрыялах фальклорных экспедыцыяў па Палессі і Падляшшы, кнігі «Дударская Глыбоччына».

Перакладчык з англійскай, чэшскай і польскай моў. 

Разам з брыт-поп гуртом «Hair Peace Salon» удзельнічаў у музычных праектах грамадскай кампаніі Будзьма Беларусамі! «Тузін. Перазагрузка», «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New», працаваў разам з Atlantica, Tanin Jazz ды іншымі.

1996 год. Адбылося здабыццё святых мошчаў арцыбіскупа Лукі, якія цяпер спачываюць у Свята-Траецкім кафедральным саборы Сімферопаля.

Арцыбіскуп Лука, у свеце Валянцін Война-Ясянецкі (1877–1961) – беларус, выхадзец са старажытнага беларускага роду, з сям’і ўраджэнцаў Магілёўскай губерні. 

Рэлігійны дзеяч, урач-хірург, вучоны і духоўны пісьменнік, аўтар прац па анестэзіялогіі і гнойнай хірургіі. Доктар медыцыны, доктар багаслоўя, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені за манаграфію “Нарысы гнойнай хірургіі”.

Арцыбіскуп Сімферопальскі і Крымскі, арцыбіскуп Тамбоўскі і Мічурынскі, арцыбіскуп Краснаярскі і Енісейскі, біскуп Ялецкі, Ташкенцкі і Туркестанскі.

Быў рэпрэсіраваны і правёў у спасылцы 11 гадоў.

Сінодам Украінскай праваслаўнай царквы ў 1995 годзе прылічаны да ліку святых.

Дзень у гісторыі. 13 сакавіка. Памёр Аляксандр Македонскі. “Дзядзечка Сэм”. Першае ўзбуйненне БССР. Пачатак татальнай русіфікацыі. Сель у Кіеве. Вынайдзены www. Фінал Варшаўскага Дагавора

323 да н.э. Памёр  Аляксандр Македонскі (356 год да н.э. – 323 год да н.э.).

Цар македонскі, адзін з найвядомейшых военачальнікаў і заваёўнікаў антычнасці.

Створаная ім у выніку ваенных паходаў дзяржава была самай вялікай у старажытным свеце, яе межы працягваліся ад Дуная да Інду. Пасля смерці Аляксандра яна хутка развалілася і на яе тэрыторыі ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.

Незвычайны вобраз Аляксандра Македонскага яшчэ ў старажытнасці паслужыў пісьменнікам для розных гісторыка-прыгодніцкіх твораў, якія былі шырока распаўсюджаныя ў літаратуры Грэцыі, Рыма, Блізкага Усходу. Сярод іх асаблівым захапленнем карыстаўся раман «Александрыя», які быў вельмі папулярны і на нашых землях, яго чыталі ўсе адукаваныя людзі таго часу, у тым ліку і Ф. Скарына. Пры гэтым беларускі першадрукар рэкамендаваў чытаць не «Александрыю», а біблейскую кнігу Макавеяў, дзе ўзгадваецца Аляксандр.

У ВКЛ былі вядомы розныя варыянты «Александрыі» – і пераклад з лацінскай мовы, які нёс адбітак еўрапейскага рыцарскага раману, і пераклад з грэчаскай мовы, захаваны ў Візантыі. Некаторыя сюжэты з жыцця Аляксандра трапілі ў беларускія народныя казкі і ў рэпертуар батлейкі.

1852 год. Нью-Ёркская газета “NY Lantern Weekly” апублікавала першую выяву дзядзечкі Сэма. 

Аднак папулярнай гэтая графічная выява стала ў 1860–1870-х гадах, калі дзядзю Сэма стаў адлюстроўваць карыкатурыст Томас Наст.

“Дзядзечка Сэм” стаў абазначэннем персаніфікаванай выявы ЗША і яго ўрада, быў упершыню згаданы ў амерыканскай прэсе на старонках штотыднёвіка “The Troy Post” горада Троя штата Нью-Ёрк у артыкуле аб вайне ЗША з Англіяй 7 верасня 1813 года.

Менавіта ў выкананні мастака Т. Наста Дзядзечка Сэм здабыў белую бараду і гарнітур, упрыгожаны палоскамі і зоркамі. Лічыцца, што выраз “Дзядзечкаа Сэм” – гэта жартаўлівая расшыфроўка скарочанай назвы краіны: Uncle SАm – USА.

Існуе версія, што выраз увайшоў ва ўжыванне ў 1812 годзе як вытворнае ад імя мясніка з Троі. Сэм Уілсан пастаўляў мяса ў амерыканскае войска ў скрынках з надпісам U.S., што азначала скарочаную назву краіны. Гэтыя літары супадалі з ініцыяламі Ўілсана, таму салдаты жартам пачалі казаць, што мяса да іх прыбыла ад Дзядзечкі Сэма.

1720 год. Памёр Казімір Ян Павел Сапега (1637/1642-1720).

Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, князь. Чашнік, падстолі вялікі літоўскі, падскарбі дворны літоўскі, гетман польны і вялікі літоўскі, ваявода полацкі, маршалак Трыбунала ВКЛ.

Валодаў шматлікімі беларускімі гарадамі і мястэчкамі, у тым ліку Старым і Новым Быхавам.

Удзельнічаў у выправах супраць туркаў у 1673 г. (камандаваў 3 харугвамі конніцы і 1 пяхоты, набранымі за кошт Сапегаў), 1674, 1683 (камандаваў 10-тысячным войскам), 1689, 1691, 1694 гадах (нанёс паражэнне каля Днястра).

На пачатку Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721) быў на баку шведаў, на пераломе 1709–1710 перайшоў на бок Аўгуста Моцнага, застаўся ваяводай віленскім.

Памёр у Гродна. Пахаваны ў Бярозе-Картузскай.

1922 год. Нарадзіўся Лявон Луцкевіч.

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, мемуарыст. Сын прэм’ер-міністра БНР А. Луцкевіча.

У Другую сусветную вайну настаўнічаў у Радашковічах і Баранавічах, прымаў удзел у нацыянальным падполлі, далучыўся да Беларускай Краёвай Абароны.

Арыштаваны савецкай дзяржбяспекай у Польшчы ў канцы 1945 года. Рэпрэсаваны па справе кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі, сасланы на Калыму.

Пасля вызвалення жыў у Вільні, дзе ў 1988 годзе стварыў беларускае культурнае таварыства, удзельнічаў у беларускім адраджэнскім руху.

Аўтар кнігі “Вандроўкі па Вільні”.

Памёр 28 ліпеня 1997 года.

Браты Юрка і Лявон Луцкевічы.

1924 год. Рэзалюцыяй VI Усебеларускага надзвычайнага з’езда Саветаў БССР і згодна з пастановай ЦВК РСФСР ад 3 сакавіка 1924 года, адбылося «першае ўзбуйненне» БССР.

У склад Беларусі былі вернуты шэраг паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, якія была прыхапіла РСФСР у 1919 годзе, у тым ліку Аршанскі, Быхаўскі, Горацкі, Калінінскі (Клімавіцкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі і сам горад Магілёў. 

Тэрыторыя БССР павялічылася ўдвая, з 52,4 да 110 тыс. км², а насельніцтва з 1,5 да 4,2 мільёна чалавек.  70,4 % насельніцтва БССР складалі беларусы. 

Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР (да 1926 года).

1935 год. Памёр Ян Міхал Развадоўскі (1867-1935).

Польскі мовазнавец-індаеўрапеіст, этнограф, тапаніміст. Член Кракаўскай, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэмій навук.

Прафесар Ягелонскага універсітэта, прэзідэнт Польскай Акадэміі навук.

Аўтар многіх прац па агульным, індаеўрапейскім, польскім мовазнаўстве, анамастыцы, этымалогіі, у тым ліку «Адносіны польскай мовы да іншых славянскіх», «Пра з’явы і развіццё мовы», «Даследаванні назваў славянскіх рэк».

1938 год. Руская мова ўведзена як абавязковы прадмет для вывучэння ва ўсіх школах СССР. Пачатак татальнай русіфікацыі.

З 1917 года савецкія грамадзяне абавязаны былі навучыцца пісьменнасці, але ў іх было права выбару мовы навучання. Развіваліся нацыянальныя школы: пікам стаў 1932 год, калі ў савецкіх школах выкладанне вялося на 104 мовах, у тым ліку некаторых сусветных.

Пад сцягам барацьбы з «вялікадзяржаўным шавінізмам» і «буржуазным нацыяналізмам», які загароджваў, паводле фармулёўкі Н. Крупскай, доступ беднякоў да рускай мовы, выкладанне родных моў сталі скарачаць.

Савецкія ўлады адштурхоўваліся ад трох асноўных прычын для ўвядзення абавязковага вывучэння мовы – руская мова ўвасабляла адзіны сродак зносін для шматнацыянальнай краіны, “садзейнічала гаспадарчаму і культурнаму росту народаў”, а таксама «веды рускай мовы забяспечвалі неабходныя ўмовы для паспяховага нясення ўсімі грамадзянамі СССР вайсковай службы».

Руская мова выступала як мова-«старэйшы брат» у сям’і савецкіх народаў. Тады як родныя мовы лічыліся “вясковымі”.

1940 год. Спектаклем «Каварства і каханне» Ф. Шылера ў Гродне адкрыўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР.

З лістапада 1939 года працаваў у Беластоку, потым у 1940-1941 гадах – у Гродна.

Заснавальнік і мастацкі кіраўнік А. Вянгерка (1893–1941). Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А. Фрэдры, «Пігмаліён» Б. Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П. Бамаршэ.

А. Вянгерка.

1961 год. У Кіеве здарылася самая буйная да Чарнобыля тэхнагенная катастрофа: сотні людзей былі забітыя селевым патокам з плаціны.

Па неафіцыйных толькі загінула каля 1500 чалавек.

У пачатку 1950-х гадоў у сумна вядомы Бабіны Яр вырашана было звозіць адыходы ад вытворчасці цэглы. Гэтыя адыходы змешвалі з вадой, а затым змывалі па трубах. Надзейныя здавалася б земляныя дамбы павінны былі заступаць шлях назапашанаму бруду.

А 8:45 13 сакавіка, у гадзіну пік, калі людзі ішлі на працу, дамбу прарвала. Гразевы паток, які дасягаў у вышыню 14 м, з хуткасцю да 60 км/г, рынуўся на горад, хаваючы пад сабой усё жывое. 

Ён змыў трамвайнае дэпо, некалькі вуліц, стадыён, завод, бальніцу, 80 жылых дамоў раёна Куранёўкі. З-за ўзніклых з прычыны аварыі электрычных замыканняў тут і там узнікалі ўзгаранні. 

Праз некаторы час вада, змяшаная з глінай, пачала застываць. Яшчэ нядаўна рухомы паток ператвараўся ў камень. Людзей, жыўцом пахаваных пад пластом пульпы, даводзілася літаральна выкалупваць з яе. Каўшы экскаватараў, якія ліквідавалі наступствы трагедыі, разрывалі трупы на кавалкі. Плошча каля 30 гектараў аказалася пакрытай 3-х метровым каменным пластом.

1989 год. Вынайдзена Сусветная павуціна (World Wide Web, WWW ці www), больш вядомая як Інтэрнэт.

Вынаходнік Інтэрнэту англійскі вучоны Цім Бернерс-Лі з калегамі з Еўрапейскага савета па ядзерных даследаваннях (CERN) у гэты дзень перадалі начальніку свайго аддзела дакумент, які называўся «Інфармацыйны менеджмент: некаторыя прапановы», у якім былі закладзены асноўныя прынцыпы www.

1991 год. Фармальна спынена дзейнасць Аб’яднаных узброеных сіл дзяржаў-удзельніц Варшаўскага Дагавора і іх органаў кіравання.

Варшаўскі дагавор аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, ГДР, Польшчай, Румыніяй, СССР і Чэхаславакіяй быў падпісаны на Варшаўскай нарадзе 14 красавіка 1955 года. Варшаўская Дамова – ваенна-палітычны абарончы саюз еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў. Ён быў заключаны на 20 гадоў з аўтаматычным падаўжэннем на наступныя 10 гадоў для тых дзяржаў, якія не дэнансуюць Дагавор за год да заканчэння гэтага тэрміну.

Зараз усе былыя краіны Варшаўскага Дагавора, акрамя правапрыемніцы СССР – Расіі, з’яўляюцца членамі НАТА. Лагічны вынік эвалюцыі.

У 1967–1976 гадах Галоўнакамандуючым Аб’яднаных узброеных сіл краін-удзельніц Варшаўскага дагавора быў ураджэнец Горацкага раёна Маршал Савецкага Саюза І. Якубоўскі, а начальнікам  штаба ў 1955-1962 гадах – ураджэнец Гродна, генерал арміі, кавалер ордэна Перамогі А. Антонаў (1896-1962).

генерал арміі А. Антонаў.

Дзень у гісторыі. 7 лютага. Першыя мемуары на беларускай мове. Магілёўская электрастанцыя дала ток. Дамова аб ЕС. Нарадзіліся паўстанец Сокал-Кутылоўскі, музыкант Алезіс Дземідовіч

1546 год. Нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі.

Грамадскі дзеяч ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст. Аўтар вядомага азначэння «Залаты век».

Удзельнік бітвы на Уле (1564), шэрагу войнаў. Прыхільнік пратэстантызму. М. К. Радзівіл Сіротка, Я. Хадкевіч, К. Астрожскі даручалі яму весці важныя судовыя справы.

Браў удзел у Люблінскім сойме 1569 года, у выпрацоўцы тэксту «Трыбунала» – статута вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ.

Аўтар першых мемуараў на беларускай мове. У «Гістарычных запіскахі» падаюцца апроч усяго звесткі пра асобныя гістарычныя падзеі ХVI–XVІІ стагоддзяў: бітвы Лівонскай вайны, прыёмы каралямі замежных паслоў, заключэнне Люблінскай уніі, выбары каралёў.

1881 год. Нарадзіўся Рамуальд Зямкевіч. 

Беларускі бібліёграф, адзін з аўтараў “Нашай Нівы”, гісторык беларускай літаратуры, перакладчык, калекцыянер кніг і рукапісаў.

У 1913-1914 гадах шукаў гісторыка-літаратурныя матэрыялы на Магілёўшчыне. 

Сабраў калекцыю беларускага народнага адзення, унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве, літаратуры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і іншых славян, вялікую калекцыю рукапісаў беларускіх пісьменнікаў, старадрукаў, у тым ліку «Біблія» Ф. Скарыны, Астрожская Біблія, «Лексікон» П. Бярынды, «Хроніка» М. Бельскага, кітабы, аўтографы шматлікіх пісьменнікаў.

Аўтар вершаў, перакладаў на беларускую мову, прац па гісторыі беларускай літаратуры, у якіх прывёў невядомыя звесткі пра беларускіх літаратараў, апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча, К. Каганца, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Лучыны, упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В. Цяпінскага.

Арыштаваны ў акупаванай нацыстамі Варшаве. Загінуў у канцлагеры каля 1942 года.

1891 год. Памёр Вінцэсь Каратынскі. 

Беларускі і польскі пісьменнік і перакладчык, краязнавец, літаратуразнавец.

Памочнік-сакратар Уладзіслава Сыракомлі. Аўтар паэтычнай кнігі з прадмовай Сыракомлі «Чым xата багата, тым рада». 

У гонар прыезду ў Bільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе нагадаў пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса. 

Выдаў збор твораў У. Сыракомлі. На беларускую мову ягоныя творы  перакладаліся шматлікімі перакладчыкамі, у тым ліку Р. Баравіковай, Р. Барадуліным.

1892 год. Нарадзіўся Антон Сокал-Кутылоўскі. 

Беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч, ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года, праваслаўны святар.

Скончыў геаграфічны факультэт Пецярбурскага ўніверсітэта (1914), Казанскае вайсковае вучылішча (1915).

Удзельнік І Сусветнай вайны, баёў пад Вільняй і ў Галіцыі. Капітан. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

У 1918-1920 гадах служыў ў войсках Дзянікіна, Юдзеніча.

Прыняў удзел у Слуцкім збройным чыне 1920 года: камандаваў батальёнам, 1-й Слуцкай брыгадай. Захаваў архіў брыгады, які перадаў Б. Тарашкевічу, і сцяг 1-га  Слуцкага Палка, які быў канфіскаваны польскай паліцыяй у 1931 годзе.

У 1921-1939 гадах служыў святаром у парафіях Навагрудскага і Слонімскага паветаў, настаўнічаў у школе, выступаў за ўжываньне беларускай мовы ў богаслужэннях. Член Беларускай нацыянальнай рады.

Арыштаваны НКУС 19 чэрвеня 1941 году, але праз нкалькі дзён уцёк з турмы. 

Быў намеснікам прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады па Ганцавіцкай акрузе, у Германіі выкладаў у школе афіцэраў БКА, з красавіка 1945 года камандаваў 1-м беларускім палком. Разам з дывізіяй «Беларусь» здаўся амерыканцам. 

30 красавіка 1945 года арыштаваны СМЕРШ. Вязень ГУЛАГ. У 1948 годзе зноў асуджаны. Амніставаны ў 1957 годзе.

Памёр 7 сакавіка 1983 года ў Шчэцыне.

Пакінуў успаміны аб Слуцкім паўстанні.

1901 год. Нарадзілася Вера Пола.

Беларуская актрыса. Народная артыстка. Прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Вучаніца рэжысёра і педагога Е. Міровіча.

Выконвала ролі ў пастаноўках па творах Э. Самуйлёнка, Янкі Купалы, А. Маўзона і іншых. За выкананне ролі Паўліны ў спектаклі Кандрата Крапівы «Спяваюць жаўрукі» атрымала Сталінскую прэмію. Здымалася ў кіно: «Хвоі гамоняць» (1929), «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Несцерка».

Памерла 15 кастрычніка 1989 года.

1910 год. Дала ток першая магілёўская электрастанцыя магутнасцю 90 кілават. 

Да 1913 года яе магутнасць узрасла да 400 кВт. Электрастанцыя была пабудавана на тэрыторыі так званай “плошчы гарэлых казармаў”, у Крутым завулку, за сучасным кінатэатрам “Чырвоная зорка”. 

Цяпер самай магутнай у Магілёве цеплаэлектрацэнтраллю з’яўляецца Магілёўская ЦЭЦ-2 з магутнасцю 347 000 кВт, Магілёўская ЦЭЦ-1 пасля мадэрнізацыі мае магутнасць 48 000 кВт, Магілёўская ЦЭЦ-3 – 19 500 кВт. Акрамя гэтага, у Магілёўскай вобласці працуюць Бабруйская ЦЭЦ-2 магутнасцю 186 000 кВт і Бабруйская ЦЭЦ-1 магутнасцю 12 000 кВт.

1926 год. Нарадзіўся Анатоль Фядосік. 

Беларускі фалькларыст. Заслужаны дзеяч навукі. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Падлеткам удзельнічаў у партызанскім руху, потым ваяваў на фронце камандзірам аддзялення разведкі. 

Працаваў у школах Палесся, намеснікам дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору акадэміі навук.

Даследаваў фальклорныя сатырычныя жанры, сямейна-абрадавую паэзію, літаратурна-фалькорныя сувязі, народную творчасць перыяду Вялікай Айчыннай вайны, гісторыю фалькларыстыкі, узаемасувязі славянскага фальклору.

Суаўтар кніг «А. К. Сержпутоўскі», «Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным», «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце», «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр», «Народная проза», вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ.

Складальнік тамоў «Сацыяльна-бытавыя казкі», «Жарты, анекдоты, гумарэскі» з серыі «Беларуская народная творчасць» (галоўны рэдактар зводу).

Памёр у 2005 годзе.

1929 год. Слупок тэрмометра ў Магілёве панізіўся да -37°С. 

У другі раз рэкорд паўтарыўся 17 студзеня 1940 года: тыя ж  -37°С.

1940 год. Нарадзіўся Рыгор Печнікаў. 

Беларускі мастак, графік.

Стварыў вялікую колькасць мастацкіх твораў: накідаў тушшу, гуашшу, пастэллю, алоўкам, карцін, абразоў. 

Займаўся аздабленнем інтэр’ераў у школах, музею ў пружанскім тэхнікуме. Распрацаваў праекты царскіх варотаў Свята-Мікалаеўскай царквы ў вёсцы Засімавічы, іканастасу Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Гарадзечна, помніку Сцяпану Гудзімаву ў скверы Пружан. 

Падчас працы выкладчыкам у пружанскай школе мастацтваў падрыхтаваў шмат таленавітых вучняў, некаторыя з якіх сталі вядомыя мастакамі.

1965 год. Нарадзіўся Алег «Алезіс» Дземідовіч. 

Беларускі музыка.

Бубнач гуртоў “Мроя” і “N.R.M” ад часу іх стварэння ў 1980 і 1994 гадах адпаведна. Браў удзел у складзе гурта “Новае Неба”, супольных музычных праектах “Народны Альбом”, “Я нарадзіўся тут”, часова граў у гуртах “ULIS”, “Garadzkija”, “Pete-Paff”.

1992 год. Падпісанне Маастрыхцкай дамовы аб Еўрапейскім Саюзе. 

Падпісана прадстаўнікамі 12 дзяржаў-удзельніц ЕС. Набыла моц 1 лістапада 1993 года.

ЕС – эканамічны і палітычны саюз 27 дзяржаў Еўропы, з насельніцтвам звыш 500 мільёнаў чалавек і з 22 % сусветнага ВУП. За ўсю гісторыю з арганізацыі выйшла толькі адна краіна – Вялікабрытанія (2021).

2018 год. Памёр Генадзь Гарбук.  

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст. Лаўрэат Дзяржпрэмій БССР і СССР. Працаваў у драмтэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.

Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхалагічнае спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Створаныя ім вобразы адметныя павышай драматычнай напружанасцю, эмацыянальнасцю, глыбокім псіхалагічным разуменнем характараў.

Найбольш яркія характары стварыў у нацыянальным рэпертуары: Васіль («Людзі на балоце» паводле І. Мележа, Дзяржаўная прэмія БССР), Андрэй Ходас (“Белыя росы”), Сымон («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М. Чарота і Далецкіх) і іншыя. 

Дзень у гісторыі. 13 снежня. Дзень апостала Андрэя Першазванага. Раскол Рады БНР. Дагавор аб Еўрапейскай супольнасці

Дзень святога апостала Андрэя Першазванага (праваслаўны каляндар).

Святы апостал Андрэй родам з Віфсаіды Галілейскай. Стаў першым вучнем Хрыста і першым вызнаў Яго Збаўцам, прывёў да Хрыста свайго старэйшага брата Сымона, будучага апостала Пятра.

Паводле паданняў Андрэй з пропаведзямі прайшоў Малую Азію, Фракію, Македонію, Скіфію, Прычарнамор’е, прайшоў па Дняпры – да месца, дзе цяпер Кіеў і паставіў крыж на кіеўскіх гарах, потым пайшоў да будучага Ноўгарада праз сучасныя беларускія землі. 

Пакутніцкую смерць прыняў у Патрасе. Тыран горада, язычнік Эгеат загадаў не прыбіваць рук і ног яго да крыжа, а прывязаць іх. Крыж меў форму літары “Х” і атрымаў назву “Андрэеўскі крыж”.

У 357 годзе мошчы святога апостала Андрэя Першазванага перанесены ў Канстанцінопаль у храм Святых Апосталаў, у 1208 годзе перавезены ў Італію і змешчаны ў кафедральным храме ў Амальфі.

У даўніну на Андрэя слухалі ваду: раніцай ішлі на раку, рабілі палонку, перш чым зачэрпнуць вады, апускаліся на калені на край палонкі, дакраналіся вухам да лёду і слухалі:

Калі шумная вада, то трэба чакаць завеі, сцюжы.

Калі ціхая вада на Андрэеў дзень, то зіма будзе ціхай, добрай.

 

Дзень святой Люсіі (у каталіцкай і пратэстанцкай царкве).

У гэты дзень ў 304 годзе забіта пасля асляплення за веру ў Хрыста пакутніца з Сіракузаў – Святая Люсія, (286-304). 

Апрача гэтага, існуе легенда, што нейкая Люсія жыла ў Сярэднявеччы і была жонкай шведскага рыбака. Аднойчы яе муж адправіўся ў мора, але разгулялася бура. Нячыстая сіла, якая гуляла па Зямлі ў гэтую ноч, пагасіла маяк, і тады Люсія выйшла на высокую скалу з ліхтаром, каб асвятляць любімаму дарогу да прычала. Чэрці раззлаваліся, напалі на дзяўчыну і адрэзалі ёй галаву. Але нават пасля смерці яе прывід стаяў на скале з ліхтаром.

У дзень святой Люсіі ў Стакгольме і Хельсінкі праходзяць цырымоніі выбараў і каранацыі Люсіі, якую ўпрыгожваюць у белую сукенку і апранаюць вянок з запаленых свечак, пасля чаго пачынаецца ўрачыстае карнавальнае шэсце дзяцей. У кожнай школе таксама выбіраюць сваю Люсію і ладзяць святы са спевамі традыцыйных гімнаў.

Фота: Святочная працэсія ў гонар Св. Люсіі, Швецыя, 2007

 

1581 год. У вёсцы Ківерава Гара каля Яма Запольнага, у 80 км ад Пскова, пачаліся руска-польскія перамовы.

У студзені 1582 года было заключана 10-гадовае Ям-Запольскае перамір’е з Рэччу Паспалітай. Маскоўская дзяржава адмаўлялася ад Лівоніі і беларускіх земляў.

 

1826 год. Пайшоў з жыцця Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. 

Беларускі рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец. Дзядзька В. Дуніна-Марцінкевіча.

У 1773 годзе стаў біскупам Беларускай дыяцэзіі, у 1780 – Магілёўскай архідыяцэзіі, з 1782 – архібіскупам Магілёўскім. З 1798 года – мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі. Спачуваў паўстанню 1794 года.

У Магілёве заснаваў друкарню, тэатр, бровар, суконную фабрыку, аранжарэю ў Буйнічах. Пабудаваў касцёл Святога Станіслава ў в. Маляцічы (зараз – Крычаўскі раён).

Аўтар вершаў, казанняў, паэм. Апекаваў навуцы. Старшыня Вольнага эканамічнага таварыства, прэзідэнт (1813) Імператарскай Акадэміі навук.

Адзін з заснавальнікаў ідэалогіі заходнерусізму. Аўтар «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам (пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская)

Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты. Аўтар «Гісторыі Таўрыды», «Гісторыі сарматаў і славян».

У Магілёве захаваўся будынак былога палаца Сестранцэвіча (вул. Ленінская, 25). У Пецярбургу ўстаноўлены  мармуровы бюст.

Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава.

https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/6f/Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG/280px-Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG

https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/6f/Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG/280px-Stanis%C5%82aw_Bohusz_Siestrze%C5%84cewicz.PNG

1887 год. Нарадзілася Луцыя Балзукевіч

Вядомая польская мастачка. Працавала на Гродзеншчыне. Дачка скульптара Вінцэнта Балзукевіча, сястра мастакоў Баляслава і Юзафа Балзукевічаў.

Працавала ў жанрах партрэта і пейзажа, кветкавым нацюрморце, пісала інтэр’еры архітэктурных помнікаў, займалася рэлігійным жывапісам, роспісам касцёлаў (“Помнік Тызенгаўзу ў фарным касцёле ў Гродне”, «Сакрыстыя ў касцёле бэрнардынаў у Вільні”).

Творы захоўваюцца ў музейных зборах Вільні, Варшавы, Коўна, у касцёлах Гродна.

Яе творы належаць розным напрамкам жывапісу: з мадэрністычнай дэкаратыўнасцю, сімвалічныя сваім містычным настроем, вытанчаныя па малюнку і каларыце сецэсійны абраз «Святы Губерт» і рэалістычныя партрэты Антонія Вівульскага і Вінцэнта Сляндзінскага.

Памерла  11 мая 1976 года ў польскім Любліне.

 

1901 год. Нарадзілася Барбара Вержбаловіч (Вербіч, Ганчарэнка). 

Беларуская оперная і канцэртная спявачка (мецца-сапрана).

Скончыла Беларускую кансерваторыю.

У 1939-1941 гадах салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нацыянальных спектаклях «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А. Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх.

Пад час акупацыі працавала ў Мінскім гарадскім тэатры, у 1943 годзе выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М. Шчаглова-Куліковіча.

3 чэрвеня 1944 года на эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатральнай групе «Жыве Беларусь» (пазней – Беларускі тэатр эстрады).  З 1954 года – сакратар, дыктар беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Запісала некалькі грампласцінак.

У 1950-1954 гадах жыла ў ЗША: канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў беларускага жаночага руху.

 Памерла 8 студзеня 1967 года ў Мюнхене.

магіла Барбары Вержбаловіч (Вербіч)
магіла Барбары Вержбаловіч (Вербіч)

 

1907 год. Нарадзіўся Мікалай Лапіцкі

Дзеяч беларускай эміграцыі, праваслаўны святар, публіцыст, педагог.

Актыўна ўдзельнічаў у Мінскім царкоўным саборы (1942), які абвясціў аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царквы.

У нямецкім Рэгенсбургу арганізаваў беларускі праваслаўны прыход, пабудаваў царкву Ефрасінні Полацкай, быў  дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы.

Настаяцель беларускай парафіі ў Саўт-Рыверы.

Памёр 8 жніўня 1976 года ў Беларускім адпачынкавым цэнтры «Бэлэр-Менск» каля Глен-Спэй, штат Нью-Ёрк. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

 

1919 год. Адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую Раду і Народную Раду БНР.

Прадстаўнікі партый сацыялістаў-рэвалюцыянераў і  сацыялістаў-федэралістаў абвінавацілі сацыял-дэмакратычнае кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польскімі акупацыйнымі ўладамі. У выніку бальшыня Рады (50 чалавек) засталася дзейнічаць пад неафіцыйнай назвай Народная рада БНР на чале з абраным старшынёй П. Крэчэўскім, а меншыня (37 чалавек) выйшла з яе складу і на наступны дзень, 14 снежня, сфарміравала Найвышэйшую раду БНР на чале з Язэпам Лёсікам.  Польскія ўлады прызналі апошнюю, аднак мала лічыліся з ёй. У чэрвені 1920 года Найвышэйшая рада патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР.

Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нацыянальна-палітычнай нарадзе 20 кастрычніка 1920 года ў Рызе, на якой Найвышэйшая Рада спыніла сваю дзейнасць.

 

Язэп Лёсік, старшыня Найвышэйшай Рады БНР

  

1942 год. У Магаданскім канцлагеры загінуў Яфім Бялевіч

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, удзельнік Першай сусветнай вайны (штабс-капітан).

Член прэзідыума І Усебеларускага з’езда ад вайскоўцаў-беларусаў, міністр юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе БНР, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне.

У 1920-1930-я гады служыў у Гомелі ў чыгуначных войсках, быў упаўнаважаным Наркамфіна БССР, працаваў у Белшвейаддзяленні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.

Арыштаваны ў 1932 годзе, асуджаны да 5 гадоў і этапаваны ў Свірскі канцлагер. Зноў арыштаваны ў 1936, асуджаны да 5 гадоў зняволення.

 

2007 год. Падпісаны Лісабонскі дагавор аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўрапейскім саюзе і Дагавор аб заснаванні Еўрапейскай супольнасці. 

Міжнародны дагавор, падпісаны на саміце ЕС у манастыры іеранімітаў ў Лісабоне.

Закліканы замяніць сабой Канстытуцыю ЕС, якая не ўступіла ў сілу, і ўнесці змены ў дзеючыя пагадненні аб Еўрапейскім саюзе ў мэтах рэфармавання сістэмы кіравання ЕС.

Набыў моц 1 снежня 2009 года.

 

У Беларусі з наступнага года ўводзяцца новыя правілы аказання турыстычных паслуг

Чакаем, што кантралёраў стане больш, магчыма стане яшчэ больш “парадку”, але дапускаем, што частка тых, хто плённа працаваў на рынку турпаслуг – сыйдуць.

Увядзенне новых Правіл аказання турыстычных паслуг прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 11 жніўня 2022 года № 523 паведамлялася яшчэ ў жніўні бягучага года. 

Прайшло два месяцы абмеркаванняў дакумента ва ўпраўленнях і аддзелах па спорту і турызму гарадскіх і раённых выканкамаў. Час дастатковы, каб разабрацца ў нюансах новага дакумента.

Цяпер толькі з заключэннем дамовы

Дакументам зацвярджаецца, што выканаўца абавязаны прадаставіць турыстам інфармацыю аб характарыстыцы месца размяшчэння турыстаў, у тым ліку яго месцазнаходжанні, класіфікацыі гатэля па заканадаўстве краіны часовага знаходжання, аб правілах часовага пражывання.

Выканаўца можа аказваць турпаслугі выключна на падставе дамовы. Пры гэтым неабходна прадаставіць заказчыку звесткі аб праграме падарожжа, дакладным часе яго пачатку, аб тураператары, які сфарміраваў тур, аб кошце паслуг, тэрмінах і парадку іх аплаты, аб комплексе мер, якія гарантуюць забеспячэнне асабістай бяспекі і захаванасці маёмасці турыстаў, экскурсантаў і іншую інфармацыю.

Пры міжнародным выязным турызме дадаткова прадастаўляецца інфармацыя аб выкананні правіл асабістай бяспекі турыста, экскурсанта, аб забеспячэнні выканання тураператарам, які сфарміраваў тур, абавязацельстваў па дагаворах, а таксама аб парадку звароту па кампенсацыю маёмаснай шкоды, калі тураператар не можа выканаць свае абавязацельствы.

Інфармацыя аб турыстычных паслугах павінна быць прадстаўлена ў пісьмовай форме пераборлівым шрыфтам на зразумелай заказчыку мове.

Атэставанымі павінны быць нават аўдыёгіды

У новых Правілах таксама замацавана, што экскурсіі на тэрыторыі Беларусі маюць права праводзіць толькі абмежаванае кола асоб. Гэта экскурсаводы і гіды-перакладчыкі, якія прайшлі прафесійную атэстацыю, асобы, якія працуюць у арганізацыях, пры правядзенні экскурсій у гэтых арганізацыях. А таксама суб’екты турыстычнай дзейнасці і іншыя асобы, надзеленыя правам правядзення экскурсій.

У Правілах таксама адлюстравана патрабаванне аб абавязковай атэстацыі аўдыягідаў – без наяўнасці пасведчання аб атэстацыі выкарыстоўваць аўдыягіды для правядзення экскурсій нельга.

Пастанова № 523 уступае ў сілу адначасова з новым Законам аб турызме – з 1 студзеня 2023 года.

Варта адзначыць, што раней усе прапановы па змяненні правілаў аказання паслуг, новыя палажэнні ў заканадаўства шырока абмяркоўваліся грамадскасцю, гідамі, экскурсаводамі, усімі зацікаўленымі, членамі грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” (аб’яднанне ўладальнікаў аграэкасядзіб). Але 26 красавіка 2022 года Вярхоўны суд ліквідаваў ГА «Адпачынак у вёсцы», якая стаяла ля вытокаў сельскага турызму ў краіне.

Наш каментарый 

Усё, што тычыцца заключэння дамоў, асабліва ў замежных турах – нармальная еўрапейскай і сусветная практыка. Нармальнай з’явай з’яўляецца і атэстацыя кадраў. Толькі вось пытанне, як часта яе правадзіць, як часта павінны гіды праходзіць курсы перападрыхтоўкі.

Пры гэтым, некаторыя прадстаўнікі сферы турыстычных паслуг выказваюць занепакоеннасць тым, што цяпер павялічыцца колькасць неабходных папер. Турбізнэс зазнае яшчэ большыя перагрузкі, бо вопыт апошніх гадоў сведчыць, што кожнае новаўвядзенне ўскладняе працу і пагаршае ўмовы. 

Афармленне новых папер, жорсткія патрабаванні да гідаў, да абавязковага зацвярджэння тэкстаў экскурсій, якія павінны адпавядаць ўсім новым нормам і зменам ў адміністрацыйным і крымінальным кодэксах, найбольш верагодна, прывядуць да павялічэння коштаў на турпрадукты. 

Жорсткія патрабаванні да гідаў, іх асобы, могуць прывесці да адтоку іх з прафесіі. І гэта ўдар для галіны – у рэгіёны прыяжджае нямала замежных турыстаў, але гідаў, якія валодаюць замежнымі мовамі звычайна на кожны беларускі рэгіён меней, чым пальцаў на адной руцэ.