А трэцяй гадзіне ночы агрэсіўна настроены, п’яны жыхар Асіповіч заявіўся ў госці да сваёй кумы і хроснага сына. Раней мужчына ўжо неаднаразова лупцаваў свайго хросніка. Разумеючы, што збіццё можа адбыцца і на гэты раз, маці ўсё ж адкрыла дзверы замест таго, каб выклікаць міліцыю. На пасяджэнні камісіі яна патлумачыла, што зрабіла гэта бо пабаялася, што кум паб’е вокны – жыллё сям’і знаходзіцца на першым паверсе. У выніку хросны бацька зноў адлупцаваў свайго хросніка так, што малы трапіў у шріталь з чэрапна-мазгавой траўмай – піша “Асіповіцкі край”.
Камунальнікам прыходзіцца рамантаваць гэты мост часам па два разы ў год. Ён размешчаны паміж вуліцамі Маркса і Кузняцова. І цяпер ён зноў патрабуе рамонту – паведамляюць horki.info.
Гнілое мяса прамывалі Fairy, змешвалі са свежым і прадавалі як хатняе.
Злачынная група дзейнічала ў Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях – паведамляе тэлеканал АНТ. У склад банды ўваходзілі ветэрынарныя лекары і брыгадзіры сельгаспрадпрыемстваў з Асіповіцкага, Любанскага і Старадарожскага раёнаў і ўсе яны раней ужо былі асуджаныя за крадзёж буйной рагатай жывёлы.
У сюжэце гаворыцца, што ўсе асноўныя ўдзельнікі злачыннай групы затрыманыя, гэта тры жыхары Любані. Яны распрацавалі схему па выкраданні мяса са скотамагільнікаў – усталявалі на сваіх месцах здабычы фотапасткі і такім чынам вызначалі час, калі лепш за ўсё ехаць забіраць тушы забітых жывёл. Тушы разбіралі і прадавалі пасярэднікам альбо звычайным пакупнікам, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю.
Фота: АНТ, скрыншот
Паведамляецца, што тэхнолаг прыватнага прадпрыемства параіла ўдзельнікам схемы мыць мяса содай альбо мыйным сродкам Fairy, каб выдаліць непрыемны пах. Пры гэтым самі злачынцы гэтым не займаліся, а прыцягвалі іншых працаўнікоў, якім плацілі 1500 рублёў за месяц. Прадаючы мяса, удзельнікі банды змешвалі яго са свежым і выдавалі за хатняе.
Вось як пракаментаваў якасць гэтага мяса дырэктар Мінскай абласной ветэрынарнай лабараторыі Іван Пырцак:
– Гэты паўфабрыкат ялавічны з’яўляецца нясвежым і мае прыкметы псавання. Гэта сведчыць пра тое, што гэтае мяса атрымана ад жывёл хворых, знясіленых альбо забітых у стане агоніі, што забаронена ветэрынарна-санітарнымі правіламі. Выяўленыя бактэрыя роду Salmonella і бактэрыі групы кішачнай палачкі.
У штаце мяснікоў меўся свой ветэрынарны лекар і тэхнолаг. Усе фігуранты справы затрыманы, ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Трагедыя адбылася вечарам 23 траўня. У аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна загарэлася лецішча, якім валодае жыхар Магілёва. У дачным доміку на момант пажару жыла маці гаспадара, пенсіянерка 1946 года нараджэння. Яе абгарэлае цела ратавальнікі знайшлі пасля таго, як пагасілі агонь. Прычыны пажару высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.
Фестываль “Вялікая бард-рыбалка” на беразе Чыгірынскага водасховішча пройдзе 26-28 ліпеня. Арганізатар Сяргей Кулягін расказаў у агульных рысах пра асаблівасці сёлетняй праграмы мерапрыемства.
– Сёлета ў нас будзе вялікі праект сумесна з выдавецкім домам “СБ – Беларусь сегодня”, гэта будзе выставачны праект патрыятычнага характару “Абеліскі вялікага подзвігу”. Мы плануем у рамках гэтага праекта выехаць з дэлегацыяй з ускладаннем кветак на адзін з памятных аб’ектаў у Магілёўскай вобласці.
Без ваеннай тэматыкі ў афіцыёзным выкананні, такім чынам, зараз не абыходзіцца практычна ніводнае мерапрыемства, нават такі сямейны адпачынак на прыродзе, якім ужо дзесяцігоддзямі ўяўляецца бардаўскі фэст у Быхаўскім раёне.
Таксама на “Бард-рыбалцы – 2024” рыхтуецца канцэрт, прысвечаны 100-годдзю Булата Акуджавы.
Грамадзянін Беларусі Іван Яравы быў затрыманы ў студзені 2024 года ў выніку “правакацыі злачынства”.
Радыё “Свабода” даведалася імя грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў здзейсніць падрыў аднаго з элементаў Ровенскай АЭС ва Украіне. Ім аказаўся жыхар Круглага Іван Яравы, дагэтуль ужо шырока вядомы – у 2015 годзе яго затрымлівалі за ўдзел у баявых дзеяннях на баку самаабвешчанай ЛНР падчас вайны на Данбасе.
Іван Яравы нарадзіўся ў Растоўскай вобласці Расіі. Пасля разводу з мужам-расіянінам, яго маці-беларуска вярнулася ў роднае Круглае, дзе хлопец і вырас. «Вярнуся, калі ў Беларусі пачнецца майдан – расказваў ён у адным з інтэрв’ю, калі быў на фронце – буду разганяць. Я супраць усіх вось гэтых… хто па-беларуску размаўляе. Нічога добрага з імі ня будзе».
Як стала вядома з матэрыялаў суда, у студзені 2024 года Яравы выехаў у Пінск, адкуль быў перапраўлены праз беларуска-украінскую мяжу. Чалавек, які аказваў яму дапамогу на беларускім баку названы ў матэрыялах справы «прадстаўніком спецслужбы краіны-агрэсаркі» і «кадравым супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расіі».
На тэрыторыі Украіны яго сустрэў грамадзянін Украіны, які раней быў завербаваны Службай бяспекі гэтай дзяржавы. Ён перадаў Яравому заплечнік, у якім знаходзіліся ліхтарык, маскавальны халат, компас, тэрмабялізна і шэсць GPS-трэкераў. Усё гэта праходзіла пад пільным кантролем з боку СБУ, а сама аперацыя ажыццяўлялася як “правакацыя злачынства”. Пры затрыманні Яравы адразу прызнаўся, што знаходзіўся на месцы затрымання для выканання «пастаўленага яму прадстаўніком іншаземнай арганізацыі задання» – для ўсталявання GPS-трэкераў «на аб’екце энэргазабеспячэння для далейшага яго руйнавання або пашкоджання Ўзброенымі сіламі Расіі пры дапамозе беспілотных лятальных апаратаў».
20 траўня суд ухваліў рашэнне аб максімальным магчымым пакаранні для Івана Яравога — 15 гадоў пазбаўлення волі.
Стафілакок, антыбіётыкі і нават кішэчную палачку знайшлі ў прадукцыі чатырох беларускіх вытворцаў.
Расійская служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду заявіла, што ў чатырох відах беларускай прадукцыі выяўленыя праблемы з якасцю. Так, у ражанцы ад «Шклоўскага масларобнага завода» знайшлі дрожджы, у сухім малацэ ад Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната – дрожджы і залацісты стафілакок, у курынай каўбасе ад «Брэсцкіх традыцый» – дынітракарбанілід (гэта прэпарат для лячэння паразітарных захворванняў у жывёл) і даксіцыклін, а ў ялавічыне з каўбаснага цэха Баранавіцкага райспажыўтаварыства – бактэрыі групы кішачнай палачкі.
Усе гэтыя віды прадукцыі будуць цяпер падвяргацца ўзмоцненаму лабараторнаму кантролю ў Расіі.
Але спачатку футбольнае поле збіраюцца зрабіць роўным.
Гарадскі стадыён у Бялынічах трапіў у інвестыцыйную праграму Беларускай федэрацыі футбола. БФФ фінансуе новае, штучнае пакрыццё на полі і новыя вароты. Падрыхтоўка асновы пад гэтае пакрыццё, а таксама работы па павелічэнні трыбун і абсталяванні скамеек для запасных гульцоў будуць аплачвацца з абласнога бюджэта – на гэта выдаткавана 680 тысяч рублёў, паведамляе “Зара над Друццю”. Зараз з поля здымаецца натуральнае пакрыццё, а таксама яго плануецца зрабіць роўным. Працы павінны завяршыцца, як заўсёды, да нейкай “даты”. Гэтым разам – 3 ліпеня.
Магілёўскі гарадскі аддзел МНС абвясціў турнір “Падмікольскі каскад” з забегам для ўсіх ахвотных у баявой вопратцы.
Спаборніцтвы пройдуць 31 траўня ў 9.00. У забегу прымуць удзел некалькі груп спартсменаў. Першыя дзве групы складуць супрацоўнікі МНС, мужчыны. У трэцяй групе змогуць спаборнічаць усе жыхары Магілёва старэйшыя за 18 гадоў, таксама мужчыны. Жанчыны – як супрацоўніцы МНС, так і грамадзянскія асобы, змогуць прыняць удзел у чацвёртым забегу.
Спартсмены будуць спаборнічаць у хуткасным пад’ёме на лесвіцу Падмікольскага парка. Усе ўдзельнікі-мужчыны пойдуць на забег у баявой вопратцы ратавальніка і ў апаратах на сціснутым паветры, вага якога 18 кілаграмаў. Жанчыны будуць бегаць без апаратаў, але ў баявой вопратцы. Перад пачаткам спаборніцтваў усе спартсмены пройдуць медыцынскае асведчанне.
Камітэт судовых экспертыз апублікаваў інфармацыю пра абследаванне некалькіх тысяч чалавечых костак у катлаване падчас будаўніцтва новых карпусоў гарадской бальніцы ў Магілёве.
Пры закапванні катлавана на скрыжаванні вуліцы Карпінскага і завулка Медыцынскага (побач з гарадской бальніцай) рабочыя знайшлі ў ім касцяныя астанкі, гаворыцца ў паведамленні. У рамках судовай медыка-крыміналістычнай экспертызы касцяных парэшткаў было даследавана больш за 3 600 аб’ектаў – гэта рэбры, чарапы, трубчастыя косці, пазванкі, ніжнія сківіцы і інш. У Камітэце судовых экспертыз адзначаюць, што яны з’яўляюцца чалавечымі і належылі 124 розным людзям. Характар змянення гэтых касцяных астанкаў указвае на тое, што даўнасць пахавання складае звыш 70 гадоў. На некаторых парэштках судовымі экспертамі былі выяўлены сляды, якія могуць сведчыць аб перанесенай хірургічнай аперацыі (ампутацыі канечнасці).
Фота: Камітэт судовых экспертыз