У Асіповічах тры дні будзе мутная вада

З 21 па 24 траўня на вуліцах Камуністычнай, Вакзальнай, Інтэрнацыянальнай, Першамайскай, Ленінскай і завулку Мічурына ў Асіповічах мясцовая дыстанцыя грамадзянскіх збудаванняў Беларускай чыгункі будзе праводзіць прамыванне і дэзінфекцыю магістральнай сеткі вадаправода. Чакаецца, што ў гэтыя дні вадаправодная вада ў горадзе можа мець падвышаную мутнасць, каляровасць і пах хлору, магчымы нізкі яе напор – паведамляе “Асіповіцкі край”.

Фота: “Асіповіцкі край”

Жыхароў Клімавіч затрымалі за абыходжанне з афіцыйным сцягам чатыры гады таму

Тэлеграм-канал магілёўскіх сілавікоў апублікаваў відэа з удзелам жыхара Клімавіч Кірыла Вазмілава. На камеру хлопец гаворыць, што ў 2020 годзе да яго дадому знаёмы прынёс чырвона-зялёны сцяг. Потым затрыманы ў кампаніі іншых хлопцаў «таптаўся» па ім і «штурхаў нагамі», а сам сцяг спалілі ў двары дома.

Пакуль невядома, што інкрымінуецца затрыманаму. Верагодна, відэа, якое стала прычынай затрымання, узята з гаджэтаў кагосьці з удзельнікаў кампаніі, што забаўляліся з афіцыйным сцягам чатыры гады таму. Сыходзячы з таго, што ў публікацыі сілавікі кажуць пра затрыманых у множным ліку, іх можа быць двое альбо некалькі чалавек.

Фота з сацыяльных сетак

На пешаходным пераходзе ў Бабруйску збілі двух дзяцей

5-гадовага хлопчыка і 6-гадовую дзяўчынку збіў кіроўца аўтамабіля Volkswagen на скрыжаванні вуліц Гагарына і Ульянаўскай у Бабруйску – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Дзеці пераходзілі дарогу разам са сваёй маці па пешаходным пераходзе, на якім працаваў светлафор у рэжыме жоўтага міргання. Зараз пацярпелыя дастаўленыя ў лякарню.

Фота: УУС

Бабруйскі пенсіянер патануў у гаражнай яме

Яма для агляду аўтамабіля ў гаражы бабруйскага пенсінера па 4-тым Чарапічным завулку ў Бабруйску мае глыбіню ў 1 метр і на 80 сантыметраў яна была запоўненая вадой – паведамляе прэс-служба МНС. Позна вечарам 14 мая тут, у яміне недабудаванага гаража, было знойдзена цела мясцовага жыхара 1953 года нараджэння, што патануў. Прычыны яго гібелі высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

18 000 куранятак скраў з Шклоўскай птушкафабрыкі супрацоўнік прадпрыемства

39-гадовы інжынер птушкафабрыкі ў Шклове на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў з інкубатарнай сутачных куранятак-бройлераў і прадаваў іх фермеру ў Гомельскую вобласць. Усяго за гэты час супрацоўніку прадпрыемства ўдалося вывезці з птушкафабрыкі каля 18 000 птушанят. Як можна пабачыць на відэа, прадстаўленым прэс-службай МУС, інжынер бітком набіваў кураняткамі яшчыкі і так перавозіў іх на сваім транспарце. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа за крадзёж у буйным памеры.

Фота: МУС, скрыншот

Частку Бабруйскай крэпасці прадаюць за адну базавую

Двухпавярховы склад з часткай абарончага вала Бабруйскай крэпасці выстаўлены на аўкцыён.

Пасля продажу двух складоў Бабруйскай крэпасці, пра што мы пісалі летам 2023 года, яшчэ адна частка абарончых збудаванняў гэтай крэпасці выстаўленая на таргі. Гэта цагляны двухпавярховы склад з фрагментам каменнага абарончага вала – заўважылі журналісты “Камерцыйнага кур’ера”.

Аб’ект выстаўлены на продаж на сайце “Інстытута нерухомасці і ацэнкі”, які выступае аператарам аўкцыёна. У дадзеных па гэтаму лоту можна пабачыць, што склад быў выстаўлены на продаж яшчэ ў красавіку, але дагэтуль лот застаецца актыўным. Кошт будынка – 40 рублёў, яго плошча складае 540 квадратных метраў і на ім абсалютна адсутнічаюць камунікацыі – няма ні электрычнасці, ні ацяплення, ні вадапроводу.

Акрамя адной базавай, па ўмовах таргоў, пакупнік абавязаны кампенсаваць гарадскому бюджэту выдаткі на вызначэнне рыначнага кошту аб’екта ў суме 828 рублёў 32 капейкі. Абавязковай умовай продажу з’яўляецца выкананне пакупніком рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце на працягу трох гадоў пасля заключэння дагавора куплі-продажу, прычым гэтыя працы павінны праводзіцца па ўзгадненні з Міністэрствам культуры, паколькі склад з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Фота: gostorg.by

Дзесяць магілёўскіх аўтобусаў памяняюць расклад і маршрут на Радуніцу

Дзеля падвозу людзей да могілак дзесяць аўтобусных маршрутаў Магілёва памяняюць свой расклад і схему праезду 14 траўня. Гэта аўтобусы №37, 34, 32к, 20, 21, 13, 12, 9, 3к і 51. Падрабязнасці новай раскладкі, якая будзе дзейнічаць толькі адзін дзень – на Радуніцу – публікуе вось тут Магілёўскі аўтапарк №1. 

Фота: “Магілёў Live”. 

Пад Бабруйскам шукаюць метэарыт

Калі бабруйскі метэарыт будзе знойдзены, ён стане шостым на тэрыторыі Беларусі.

Падзенне нябеснага цела было зафіксаванае супрацоўнікамі Мінскага планетарыя 1 траўня 2024 года. “1 мая 2024 года ў 03:32:16 па мясцовым часе пяць камер Беларускай метэорнай сеткі зафіксавалі яркі агністы шар ярчэй за поўны Месяц (-17M) на паўднёвы ўсход ад Мінска, які перамяшчаўся па небе каля 8 секунд і меў ярка-зялёны колер.” – паведамлялася ў Тэлеграм-канале планетарыя.

Зараз Мінскі планетарый арганізаваў экспедыцыю па пошуках метэарыта. Разлікі навукоўцаў паказваюць, што хутчэй за ўсё ён упаў недалёка ад вёскі Токары Бабруйскага раёна. Калі пошукі акажуцца плённымі, знойдзены метэарыт стане шотым, выяўленым на тэрыторыі Беларусі. 

Экспецыдыя планетарыя доўжыцца з 9 мая і разлічаная яшчэ на два дні. Пакуль што вынік яе невядомы, але навукоўцы дапускаюць, што метэарыт можа быць не знойдзены. Так, на вышукі метэарыта, які выпаў 8 студзеня 2024 года каля вёсак Гацец і Раванічы Чэрвеньскага раёна было арганізавана чатыры экспедыцыі пры ўдзеле астраномаў-аматараў, аднак выніку яны не прынеслі – той метэарыт так і не быў знойдзены, піша bobr.by.

Фота: bobr.by

На Магілёўшчыну прывезлі дзяцей з “ДНР”, іх суправаджае чыноўніца пад санкцыямі

Пра незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на санаторнае лячэнне ў наш рэгіён паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. Ахвяры расійскай агрэсіі, пацярпелыя з мінна-выбуховымі раненнямі дзеці, будуць праходзіць рэабілітацыю ў лагеры Дубравенка Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі.

У паездцы дзяцей суправаджае Элеанора Федарэнка. Яна выступае як “дзіцячы амбудсмен ДНР” і за саўдзел у гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей была ўнесена ў санкцыйныя спісы ЕС і шэрагу краін свету – Канады, Вялікабрытаніі, Японіі, Новай Зеландыі і іншых. 

Украіна ўспрымае вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь незаконным перамяшчэннем. Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Расіі Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

Чатыры чалавекі загінулі на пажары ў Мсціславе

Дзве сям’і сталі ахвярамі пажару ў прыватным доме па вуліцы Энгельса ў Мсціславе. Мужчына 1957 года нараджэння і яго жонка 1977 года прымалі ў гасцях сястру з пляменніцай. Усе яны загінулі падчас начнога пажару, які адбыўся каля трэцяй гадзіны ночы, паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны трагедыі высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае