У цэнтры Мсціслава з помніка архітэктуры абсыпаецца тынкоўка

Са сцен будынка былога казначэйства ў Мсціславе адвалілася частка абліцовачнай пліткі і тынкоўкі, яшчэ частку абабілі камунальнікі. 

Разбуральныя працэсы сцяны для старога будынку пакуль што некрытычныя, аднак яны ўяўлялі пэўную небяспеку для пешаходаў. Як паведамляе “Святло Кастрычніка”, мясцовыя службы правялі неабходныя работы для бяспекі гараджанаў. Плітка, якая патэнцыйна магла абсыпацца, была знята, прыбрана з пешаходнай зоны, а тэрыторыя абнесена сігнальнай стужкай.

Нагадаем, што будынак былога казначэйства канца ХІХ стагоддзя знаходзіцца на Савецкай вуліцы ў самым цэнтры горада і ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.  

Фота mstlife.by

У Быхаве легкавушку выкінула на слуп з-за непагадзі

Машыну занесла на дарозе ў Быхаве так, што яна ледзь не склалася ад удару. 28-гадовая вадзіцельніца атрымала траўмы і была шпіталізаваная. Адзначаецца, што заднія калёсы на аўтамашыне Nissan не былі прыдатнымі для язды – піша БелТА са спасылкай на ДАІ аблвыканкама.

Фота: ДАІ

Насельніцтва Магілёўшчыны стала меншым за мільён – статыстыка

На 1 студзеня 2023 года насельніцтва Магілёўскага рэгіёна склала 989 703 чалавекі – паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. У параўнанні з сітуацыяй на 1 студзеня 2022 года колькасць жыхароў вобласці скарацілася на 11 142 чалавекі. Гэта больш чым цэлы Дрыбінскі, Хоцімскі альбо Краснапольскі раён – у гэтых раёнах колькасць жыхароў не сягае і 10 000 у кожным.

У параўнанні з колькасцю жыхароў рэгіёна ў 2021 годзе, насельніцтва Магілёўшчыны скарацілася на 25 140 чалавек за два гады. Гэта можна параўнаць з тым, калі б за два гады ў рэгіёне цалкам “вымер” такі горад як Крычаў і яшчэ паўтары тысячы чалавек.

Насельніцтва горада Магілёва склала, паводле стытыстыкі, крыху больш за 354 тысячы чалавек. Бабруйска – крыху больш за 209 тысяч.

Фота з адкрытых крынц.

У Магілёве прадавалі джынсы, якія “не дыхаюць”

Партыю кітайскіх жаночых джынсаў пяці розных марак забралі з продажу ў індывідуальнага прадпрымальніка ў Магілёве спецыялісты Дзяржстандарта. Выявілася, што па такім стандарце як “паветрапранікальнасць” гэтая прадукцыя мае паказнікі ў два разы ніжэйшыя за норму. Уся партыя забраная ў прадпрымальніка, а пяці маркам жаночых джынсаў забаронены ўвоз на тэрыторыю рэгіёна і рэалізацыя – паведамляе БелТА. 

Фота ілюстрацыйнае

Чэрыкаў адрэзала стыхіяй – відэа

У сацыяльных сетках паявілася відэа з фіксацыяй таго, у што зараз ператварылася дарога і пантонная пераправа праз Сож у Чэрыкаве. Рака выйшла з берагоў, хвалі перакотваюцца праз грунтоўку, а пераправа не можа функцыянаваць у такіх умовах. Левабярэжная частка Чэрыкаўскага раёна, такім чынам, цалкам адрэзаная ад раённага цэнтра.

Відэа з сацыяльных сетак.

Юнак у Клімавічах парэзаў сябе і прыдумаў злачынства, каб толькі застацца на ноч у дзяўчыны

Донжуан з Касцюковічаў вырашыў выдаць сябе за ахвяру нападу, але хутка раскалоўся.  

20-гадовы навучэнец каледжа з Касцюковіцкага раёна прыехаў у Клімавічы да дзяўчыны, якая яму спадабалася. Увесь дзень ён правёў з ёй, а ўвечары збіраўся ехаць дадому. Аднак з’язджаць маладому чалавеку так не хацелася, што каб застацца начаваць у бацькоў дзяўчыны, ён вырашыў зімітаваць з сябе ахвяру злачынства.

Па дарозе да вакзала малады чалавек знайшоў разбітую бутэльку і аскепкам шкла парэзаў на сабе адзенне, нанёс драпіны на жываце. Таксама хлопец схаваў сваю сумку з мабільнікам, пашпартам і дробнай сумай грошай у бязлюдным месцы. Затым пагрукаўся ў бліжэйшы дом, гаспадыні якога распавёў, што на яго напалі двое мужчын.

Жанчына патэлефанавала ў міліцыю. У раённым аддзеле міліцыі хлопец расказаў гісторыю пра напад, а таксама заявіў, што ў скрадзенай сумцы было шмат грошай.

Як піша “Голас Касцюкоўшчыны” навучэнца каледжа на міліцэйскай машыне павезлі на пазначанае ім “месца злачынства”. Аднак ніякіх слядоў здзейсненага гвалту там супрацоўнікі праваахоўных органаў не выявілі. У такой сітуацыі малады чалавек змушаны быў прызнацца, што здзейсніў загадзя ілжывы данос, і паказаў, дзе схаваная торба з яго рэчамі. 

У выніку 20-гадовага касцюковіцкага фантазёра суд прыгаварыў да пазбаўлення волі на адзін год з выпрабавальным тэрмінам.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёў вярнулася зіма – фота

Снегападам накрыла і Магілёўшчыну – следам за цэнтральнай часткай краіны тут прайшоў цыклон. Мінусавыя тэмпературы на сёння і заўтра даюць спадзяванне, што яшчэ прынамсі два дні снежнай зімы будзе ў магілёўцаў сёлета. 

Бліжэй да выходных чакаецца паступовае пацяпленне да +3 +8 градусаў.

Фота: mogilev.media

Будзе вецер, мінусавыя тэмпературы – надвор’е на заўтра

29 сакавіка, у сераду, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, ноччу па ўсходзе краіны захаваюцца моцныя ападкі – снег, мокры снег, дождж.

У ноч з 29 на 30 (чацвер) сакавіка, прагназуецца ў Магілёўскай вобласці рэзкае паніжэнне начных тэмператур да -5 -6°С, месцамі пры праясненнях да -11°С.

Фота mogilev.media

“Кіраўніка” ліпавага прадпрыемства асудзілі ў Горках

Махляр з Магілёва стварыў на паперы арганізацыю па вырабу мэблі і прадаваў людзям паветра.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, у Горках вынеслі абвінавачванне ў дачыненні да 39-гадовага магілёўца. Яму інкрымінуюць махлярства ў буйным памеры. 

Было ўстаноўлена, што абвінавачаны з 3 студзеня 2019 года па 22 лютага 2022 года завалодаў грашыма 30 грамадзян у суме звыш 30 тысяч рублёў. Ён прадстаўляўся кіраўніком прадпрыемства, якое вырабляе мэблю, і абяцаў выканаць дамовы і вырабіць заказчыкам прадметы мэблі.

Але высветлілася, што  ў штаце “прадпрыемства” лічыўся толькі ён адзін. Больш за тое, арганізацыя не мела маёмасці, у ёй адсутнічалі вытворчыя памяшканні, інструменты і абсталяванне для вырабу мэблі. Акрамя таго, яна не вяла бухгалтарскі ўлік і не складала справаздачнасці.

“Кіраўнік” ліпавай арганізацыі з самага пачатку і не збіраўся выконваць свае абавязкі.

На цяперашні момант абвінавачаны кампенсаваў частку  нанесенай шкоды на 18 тысяч рублёў. Суд Горацкага раёна прызначыў яму 3  гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 150 базавых (5,5 тысячы рублёў).

Фота ілюстрацыйнае

У Горках толькі адрамантавалі і тут жа паламалі мост

Мост паміж вуліцамі Маркса і Кузняцова ў Горках быў адрамантаваны 16 сакавіка, а ўжо зараз на ім паламаныя парэнчы – пішуць horki.info. Яшчэ два тыдні таму ён выглядаў вось так.

А цяпер вось так.

Фота: horki.info.