Пад Мсціславам прайшлі спаборніцтвы па паляўніча-стралковым мнагаборстве

Побач з кар’ерам каля вёскі Парадзіна Мсціслаўскага раёна прайшлі спаборніцтвы па паляўніча-стралковым мнагаборстве. Іх арганізатарам стала мсціслаўская раённая арганізацыя “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.

У праграму спаборніцтваў уваходзіла стральба з 35 метраў па мішэні з малюнкам казулі і стэндавая стральба па лятаючых талерках.

Згодна з умовамі спаборніцтва кожны ўдзельнік мог зрабіць чатыры кулявыя стрэлы па мішэні з казуляй і дзесяць дробавых па лятаючых талерках.

У стральбе па талерках лепшы вынік паказаў Іван Клеянкоў – 46 з 50 магчымых, а дакладней за іншых па мішэні з казуляй страляў малады паляўнічы Уладзіслаў Балтушэнка (37 ачкоў), хоць гэта яму не дапамагло ўвайсці ў тройку мацнейшых. 

Па выніках дзвюх дысцыплін першае месца заняў Іван Клеянкоў, які набраў 70 ачкоў і адарваўся ад іншых больш чым на дзесяць балаў – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.

Фота: “Святло кастрычніка”

Сцены гатовы, дах на падыходзе – будаўніцтва капліцы талакою пад Мсціславам дае першыя вынікі

У аграгарадку Разанцы Мсціслаўскага раёна працягваецца будаўніцтва праваслаўнай капліцы. Ужо ўзвялі блочныя сцены, робіцца дах.

Некалькі месяцаў таму mogilev.media ужо паведамлялі пра тое, што ў  аграгарадку Разанцы плануюць пабудаваць праваслаўную капліцу. З такой ініцыятывай да мясцовых уладаў звярнуліся мясцовыя жыхары і атрымалі дазвол ад іх і ад Магілёўскай епархіі. 

На дадзены момант узвялі блокавыя сцены, робяць дах. Цяпер прапрацоўваецца канцэпцыя добраўпарадкавання тэрыторыі, прылеглай да капліцы, яе азеляненне. – паведамляе раённая газета “Святло кастрычніка”.

Нагадаем, што населены пункт Разанцы быў пабудаваны ў 1991 годзе для перасяленцаў з зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС. На сённяшні момант тут пражывае 650 чалавек і ўвесь гэты час паселішча не мела свайго храма. 

Фота: “Святло кастрычніка”

Невядомы нецвярозы мужчына папрасіўся пераначаваць – дайджэст здарэнняў з магілёўскай глыбінкі

У дзяжурную службу мсціслаўскага аддзела міліцыі паступала некалькі паведамленняў пра розныя здарэнні: ад няпрошаных гасцей і пабытовага скандалу да хэйта ў інтэрнэце.

Жыхарка аграгарадка Сялец Мсціслаўскага раёна паведаміла, што да яе дадому прыйшоў невядомы мужчына ў нецвярозым стане і прасіўся пераначаваць. Няпрошаным госцем аказаўся жыхар Жлобінскага раёна. У выніку на яго складзены адміністрацыйны пратакол, згодна з якім мужчыне пагражае штраф у памеры да 8 базавых велічыняў.

У вёсцы Доўгавічы п’яны мужчына учыніў сямейны скандал. Ён пагражаў жонцы, разбіў тэлевізар, сапсаваў іншую маёмасць. Дэбашыра чакае штраф у памеры да 10 базавых велічыняў або грамадскія працы ці наогул адміністрацыйны арышт.

У самім Мсціславе жыхарка горада стала закладніцай суседскага сабакі. Праз яе жанчына не можа выйсці з уласнай хаты. 

А іншы мсціславец паскардзіўся на сваю былую жонку, якая абражае яго ў сацсетках. Па двух названых фактах праваахоўнымі органамі праводзіцца праверка – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.

Фота ілюстрацыйнае

У двух раёнах Магілёўшчыны зноў уведзены абмежаванні на наведванне лясоў

У Клічаўскім і Мсціслаўскім раёнах Магілёўскай вобласці ўведзена абмежаванне на наведванне лясоў – вынікае з мапы забарон Міністэрства лясной гаспадаркі. Нагадаем, што падчас абмежаванняў лясы наведваць можна, але забараняецца паліць касцёр і праводзіць тут масавыя мерапрыемствы. І тым больш – пакідаць пасля сябе недапалкі.

Фота ілюстрацыйнае

Выпіў невядома што, хуткую выклікаць не дазволіў – пад Мсціславам атруціўся мужчына

51-гадовы жыхар вёскі каля Мсціслава загінуў ад атручэння невядомай вадкасцю. Па словах яго жонкі, якія прыводзяць “Магілёўскія ведамасці”, мужчына быў частым госцем на палігоне побытавых адыходаў. Там ён пабачыў пяцілітровую бутыль з нейкай вадкасцю. Пераліўшы вадкасць у дзве меншыя бутэлькі, жыхар Мсціслаўскага раёна прыйшоў дахаты і выпіў з паўлітра сваёй здабычы.

Калі праз пару гадзін яму стала дрэнна, жонка прапанавала выклікаць хуткую, але муж забараніў гэта рабіць. Нараніцу медыкі канстатавалі смерць мужчыны. Як высветлілі супрацоўнікі судовай экспертызы, у склад вадкасці ўваходзіў этыленгліколь – таксічнае рэчыва, якое і стала прычынай смерці. У большасці выпадкаў смяротная доза – усяго 100-150 мл вадкасці, якая змяшчае этыленгліколь. У выпадку своечасовага аказання медыцынскай дапамогі магчымы спрыяльны зыход.

Фота ілюстрацыйнае

Скралі грошай і бутэльку гарэлкі – дайджэст тыповых здарэнняў з глыбінкі на Магілёўшчыне

У жыхаркі Мсціслава сужыцель забраў 185 рублёў, а крычаўлянін скраў карту сабутэльніка і разгуляўся на поўную.

Два здарэнні, звязаныя з грашыма, адбыліся ў Мсціславе. У першым выпадку жыхарка горада паведаміла аб тым, што сужыцель забраў у яе 185 рублёў і купіў на іх спірт.

Другі не менш занятны. Мсціслаўчанка давала грошы брату мужа на лячэнне. Аднак ён іх не вяртаў. Больш за тое, у сацсетцы апублікаваў паведамленне аб тым, што менавіта яна вінна яму грошы. 

Адбыўся таксама крадзёж на вуліцы Кірава, дзе ў мужчыны з аўтамабіля выцягнулі дакументы, а ў краме “Дабраном” жанчына скрала бутэльку гарэлкі – паведамляе раённая газета “Святло кастрычніка”.

Нетрывіяльны выпадак здарыўся і ў Крычаве. Два таварышы выпівалі разам. У працэсе адзін выкраў у другога банкаўскую карту, палічыўшы гэта лёгкай здабычай. Спачатку “закляты сябар” закупіўся прадуктамі і спіртым, а пасля вырашыў яшчэ прагуляцца па крамах Крычава. Агулам разгуляўся на суму ў 258 рублёў – паведамляе газета “Крычаўскае жыццё”. 

Фота ілюстрацыйнае 

На Мсціслаўшчыне развальваецца барочны храм ХVIII стагоддзя, а прыход цешыцца новенькай драўлянай царквой

Праваслаўныя вернікі аграгарадка Сялец Мсціслаўскага раёна адзначаюць пяцігадовы юбілей новай драўлянай царквы Ануфрыя Вялікага, а побач знаходзіцца старая барочная Свята-Ануфрыеўская царква ў закінутым стане, хоць яна і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

У вёсцы Сялец Мсціслаўскага раёна ёсць адно ўнікальнае і атмасфернае месца – Свята-Ануфрыеўская царква ХVІІІ стагоддзя, якая была пабудаваны ў стылі барочнага класіцызму. Узведзена яна была як уніяцкая пры даўнім праваслаўным манастыры, а пасля паўстання 1830-1831 года была перададзена праваслаўным. 

Храм захаваўся няблага, але выглядае досыць сумна, бо патрабуе грунтоўнай рэстаўрацыі. У 2007 годзе Свята-Ануфрыўская царква ХVІІІ стагоддзя была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як аб’ект гістарычнай спадчыны рэспубліканскага значэння. Але на гэтым усё і скончылася, бо ўнікальны помнік сакральнай архітэктуры так і застаецца гібець, пакрысе развальваючыся пад уплывам часу. 

Шмат год у Сяльцы не было дзеючай царквы, бо стары манастырскі корпус за савецкім часам быў пераабсталяваны пад школу, а царква – пад спартыўную залу. У 1950-х гадах улады разабралі металічны дах будынка, які знаходзіўся ў аварыйным стане. Мясцовыя вернікі раней звычайна ездзілі за 17 кіламетраў у Мсціслаў, каб пабыць у царкве. Аднак шэсць год таму жыхары Сяльца сабралі подпісы і хадайнічалі аб аднаўленні царкоўнага жыцця.

Духавенства дала згоду на аднаўлення праваслаўнага прыхода, аднак аднаўляць старадаўні помнік сакральнай архітэктуры не сталі, а ўзяліся за будаўніцтва новай драўлянай царквы. Сродкі на будаўніцтва храма дапамагалі збіраць не толькі мясцовыя жыхары, але і вернікі з Мсціслава. 

У верасні 2017 года ў Сяльцы пачалося будаўніцтва царквы, а 18 лютага 2018 года храм асвяціў біскуп Сафроній. Горацкі лясгас даў лес для будучага храма, а водаканал зрабіў зруб. Будаваць царкву дапамагалі манахі з Пустынскага мужчынскага манастыра, які знаходзіцца пад Мсціславам. 25 чэрвеня царква адзначыла першае прастольнае свята. 

Драўляны храм атрымаўся невялікі і камерны – на дваццаць чалавек. Царква прыпісная, адносіцца да прыходу храма ў гонар абраза Тупічаўскай Божай Маці. Набажэнствы ў ёй вядзе клірык сабора Аляксандра Неўскага іерэй Мікалай паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.

Па словах старажылаў, у колішнія часы ў прастольнае свята на царкоўнай тэрыторыі заўсёды праходзіў Ануфрыеўскі кірмаш. Сюды з’язджалася шмат людзей са ўсёй акругі. Гандлявалі сельскагаспадарчымі прадуктамі, начыннем. Адным словам, тут можна было набыць усё патрэбнае. І людзей на службу прыходзіла шмат, нават не заўсёды хапала ўсім месца ў храме.

Адзначым, што Свята-Ануфрыеўская царква на прасторах Магілёўшчыны з’яўяецца важным аб’ектам архітэктуры, які пры жаданні можна адрэстаўраваць і прывесці ў належны выгляд, бо яна няблага захавалася да сённяшняга дня. Больш за тое, краязнаўцы ўжо зрабілі графічную рэканструкцыю храма, згодна якой царква выглядае прыгожа і ўзнёсла.  

Фота: “Святло кастрычніка” і radzima.org

У Мсціславе пабудуюць інклюзіўную дзіцячую пляцоўку – дапамог каталіцкі фонд

На тэрыторыі Мсціслаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з’явіцца новая інклюзіўная дзіцячая пляцоўка коштам 15 000 рублёў – паведамляе “Святло Кастрычніка”. Як расказала дырэктар цэнтра Святлана Цітова, спонсарам для ўладкавання пляцоўкі выступіла дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Грошы былі выдзелены пад мікрапраект “Інклюзіўная сэнсарна-дынамічная пляцоўка як сродак развіцця рухальнай актыўнасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.

– Наш калектыў сумесна з бацькамі выхаванцаў распрацаваў гэты праект для ўдзелу ў конкурсе дабрачынных праектаў “Рух у радасць”. Усяго да ўдзелу было прадстаўлена 45 работ з усёй Беларусі. Па выніках конкурсу наша ўстанова заняла другое месца. Прызам стала фінансаванне дзіцячай пляцоўкі. – распавяла дырэктар цэнтра карэкцыі.

Фота: “Святло Кастрычніка”

У Мсціслаўскім раёне канфіскавалі 12 тон груш на 100 000 рублёў

Мытнікі спынілі спробу незаконнага перамяшчэння 12 тон груш на беларуска-расійскім участку мяжы ў Магілёўскай вобласці.

У грузавым аўтамабілі, які спынілі мытнікі ў Мсціслаўскім раёне, перамяшчалі грушы пад прыкрыццём блокаў з бетону. Менавіта апошні тавар быў пазначаны ў прадстаўленых дакументах. Пры правядзенні для агляду за бетоннымі блокамі выяўлена больш за 12 тон груш на суму амаль 100 тысяч беларускіх рублёў. Ніякіх дакументаў на садавіну ў вадзіцеля не аказалася. 

Распачаты адміністрацыйны працэс ў адпаведнасці з якім індывідуальнаму прадпрымальніку, які перамяшчаў грушы, пагражае штраф у памеры да 50 працэнтаў ад кошту тавару, а вадзіцелю, які перавозіў яблыкі – да 30 базавых велічынь – паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Фота ілюстрацыйнае

Да жанчыны пад Мсціславам прыблудзіўся расіянін, яго дэпартавалі з Беларусі

Жыхарка аграгарадка Мазалава Мсціслаўскага раёна паведаміла ў мясцовы аддзел міліцыі аб тым, што да яе “прыблудзіўся” мужчына і не хоча сыходзіць.

Як высветлілі супрацоўнікі міліцыі, прыблудзіўшымся мужчынай аказаўся грамадзянін Расійскай Федэрацыі з горада Новасібірска. Мужчына быў дэпартаваны, бо незаконна знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Больш за тое, на яго складзены адміністратыўны пратакол. Цяпер яму пагражае штраф у памеры да васьмі базавых велічыняў – паведамляе пра здарэнне мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.

Фота ілюстратыўнае