Невядомы нецвярозы мужчына папрасіўся пераначаваць – дайджэст здарэнняў з магілёўскай глыбінкі

У дзяжурную службу мсціслаўскага аддзела міліцыі паступала некалькі паведамленняў пра розныя здарэнні: ад няпрошаных гасцей і пабытовага скандалу да хэйта ў інтэрнэце.

Жыхарка аграгарадка Сялец Мсціслаўскага раёна паведаміла, што да яе дадому прыйшоў невядомы мужчына ў нецвярозым стане і прасіўся пераначаваць. Няпрошаным госцем аказаўся жыхар Жлобінскага раёна. У выніку на яго складзены адміністрацыйны пратакол, згодна з якім мужчыне пагражае штраф у памеры да 8 базавых велічыняў.

У вёсцы Доўгавічы п’яны мужчына учыніў сямейны скандал. Ён пагражаў жонцы, разбіў тэлевізар, сапсаваў іншую маёмасць. Дэбашыра чакае штраф у памеры да 10 базавых велічыняў або грамадскія працы ці наогул адміністрацыйны арышт.

У самім Мсціславе жыхарка горада стала закладніцай суседскага сабакі. Праз яе жанчына не можа выйсці з уласнай хаты. 

А іншы мсціславец паскардзіўся на сваю былую жонку, якая абражае яго ў сацсетках. Па двух названых фактах праваахоўнымі органамі праводзіцца праверка – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.

Фота ілюстрацыйнае