Затрыманы прафесар Юрый Бубнаў – магілёўскі сацыёлаг, эксперт, грамадскі актывіст

Паведамляецца, што доктара сацыялагічных навук, прафесара Юрыя Бубнава затрымалі на працоўным месцы – на кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання, якую ён узначальвае.

У Магілёве Юрый Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, фестывалю “Дранік-фэст” “Вялікага гарадскога пікніка” і іншых ініцыятыў.

Верагодна, яго затрымалі яшчэ 12 студзеня – у гэты дзень на Тэлеграм-канале, звязаным з сілавікамі, з’явілася абразлівая публікацыя пра Юрыя Міхайлавіча Бубнава. Гэта прыводзіць да думкі, што затрыманне вучонага можа мець палітычную падаплёку.

Фота з адкрытых крыніц.

Тэмпературы блізкія да 0°С, мокры снег прагназуецца на выходныя і на наступным тыдні ў Магілёўскай вобласці

Разбуральных  вятроў, як год назад, не прагназуецца.

У пятніцу, 13 студзеня, па прагнозах сіноптыкаў, умовы надвор’я вызначае вільготная паветраная маса, што працягвае паступаць з тэрыторыі Украіны з вятрамі паўднёвага напрамку. Атмасферны ціск будзе слаба зніжацца. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Па большасці раёнаў без ападкаў. На асобных участках дарог галаледзіца. Вецер паўднёвы 5-10 м/с, местамі пры парывах да 12 м/с. Тэмпература паветра ў Магілёве  -4 -6°С. Днем па вобласці  ад -3 да +1°С, у абласным цэнтры  0 -2°С.

У суботу, на Стары Новы год , 14 студзеня прагназуецца  воблачнае надвор’е, месцамі ападкі у выглядзе снега, мокрага снега. Вецер паўднёва-заходні хуткасцю да 3 м/с, месцамі да 9 м/с. Начныя тэмпературы паветра да -2  -4°С, дзённыя каля 0°С.

Нагадаем, што год назад, 14 студзеня 2022 года вецер у Магілёўскай вобласці разганяўся да 30 м/с, а гэта 108 км/г, у выніку чаго спыняліся цягнікі, парушаўся рух аўтатранспарту, праца некаторых прадпрыемстваў і ўстаноў. Былі пашкоджаны дахі амаль 200 жылых дамоў, 518 сельскагаспадарчых і амаль 60 іншых аб’ектаў, у Чавускім раёне пашкоджана 42 га лесу, павалены дрэвы ўздоўж многіх аўтатрас, на вуліцах населеных пунктаў, траўміраваны два чалавекі. Усяго падчас стыхіі ў вобласці адключалася электразабеспячэнне ў 469 населеных пунктах.

У нядзелю, 15 студзеня захаваецца воблачнае надвор,е, з прытокам паўднёвых паветраных мас павысяцца начныя тэмпературы до -2  0°С, дзённыя – да 0  +1°С, месцамі да +3°С.  Перапады ціску прывядуць да узмацнення хуткасці ветра да 8 м/с, месцамі да 10 м/с. Месцамі чакаецца снег.

Па папярэдняму прагнозу (больш дакладныя прагнозы на 1-3 сутак), на пачатку наступнага тыдня захаваецца вільготнае пахмурнае надвор’е з тэмпературамі блізкімі да 0°С

16 студзеня, панядзелак, на большай частцы тэрыторыі вобласці магчымы ападкі – мокры снег, дождж. У асобных раёнах туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак -2 +3°С.

17-18 студзеня, аўторак-серада, на большай частцы тэрыторыі ападкі. Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература ноччу -2 +3°С, удзень  0  +5°С.

19 і 20 студзеня захаваецца прыкладна такое ж надвор’е, але узмацняцца вятры – дасягнуць хуткасці 18-19 м/с і болей. 

Колькасць крам, дзе гандлявалі пратэрмінаванай прадукцыяй паменшылася на 40%

Аддзяленне гігіены харчавання Магілёўскага абласного цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя размясціла на сваім сайце інфармацыю па аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання, у якіх у снежні 2022 года ажыццяўляўся гандаль таварамі са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці ці захоўвання.

Былі выяўлены парушэнні ў 9 гандлёвых кропках у 6 адміністрацыйных адзінках вобласці, галоўным чынам, у гарадах і толькі два ў сельскай мясцовасці – Магілёўскі раён, в. Міхалёва, Хоцімскі раён, в. Трасціно . 

Парушэнні дапусцілі крамы добравядомых гандлёвых сетак: “Соседи” (Бялынічы, прадукцыі з парушэннямі тэрмінаў на 89,55 рублёў – самы высокі паказчык сярод правераных кропак), “ПерекрестОК-4” (Магілёў),  “Копеечка” (дзве ў Чавусах), “Родны кут” (дзве крамы ў Хоцімскім раёне). Парушэнні выяўлены і ў крамах «Фея», «Каля дома» у г. Горкі.

На  гэтых аб’ектах гандляваліся з пратэрміноўкай мясныя, кулінарныя, каўбасныя вырабы, кісламалочная прадукцыя, квас, салата. 

Аналіз праверак гандлёвых кропак паказвае станоўчую тэндэнцыю – колькасць крам з пратэрмінаванай прадукцыяй паменшылася на 40%. Напрыклад, у  кастрычніку 2022 года парушэнні былі выяўдены на 15 гандлёвых аб’ектах у 8 раёнах з 21 у вобласці – Быхаўскім, Горацкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чавускім і Шклоўскім. 

Магілёўцаў запрашаюць працаваць на вахтах у Марыупалі, ДНР, ЛНР

Грошы – праз трох пасярэднікаў, мясцовыя могуць атруціць.

Беларускія журналісты і расследвальнікі высветлілі, што жыхароў розных гарадоў краіны актыўна рэкрутуюць працаваць будаўнікамі на акупаваных Расійскай Федэрацыяй тэрыторыях Украіны. Падобныя аб’явы стракацяць таксама і ў магілёўскіх пабліках, прысвечаных пошуку працы. Так, групы УКантакце “Могилев работа”, “Работа | Могилев”, утрымліваюць як старыя, так і зусім новыя запрашальныя аб’явы. 

Аб’явы размяшчаюць расійскія рэкрутынгавыя арганізацыі. У самых апошніх аб’явах варыянт з працай у ДНР і ЛНР па будаўніцтве дамоў – адзін з шматлікіх варыянтаў працаўладкавання. У аб’явах гаворыцца пра бясплатнае пражыванне і харчаванне, высокую па беларускіх мерках зарплату – ад 3 250 да амаль 6 000 рублёў, калі перавесці на беларускія. Бяруць нават без вопыту працы.

Журналісты і расследвальнікі аднаго з беларускіх выданняў змаглі звязацца як з рэкруцёрамі, так і з працаўнікамі, якія мелі вопыт працы ў акупаваных гарадах. Працадаўцы сцвярджаюць, што ніякай небяспекі ў анэксіраваных гарадах Данбаса для працаўнікоў няма.

– Родныя хвалююцца – гэта зразумела. – расказаў адзін з наймальнікаў, Сяргей – Ну, там ціха, усё нармальна. Мы ўжо там два месяцы да гэтага працавалі на дэмантажных работах, зараз перайшлі на аддзелачныя ў жылых дамах. Не ведаю, усё быццам як нармальна. Здарэнняў ніякіх не было, усё добра, працуем як належыць. Калі, вядома, нешта будзе зноў, то назад усе паедзем. 

Карыстальнікі паблікаў і чатаў, якія ўжо працавалі ў Марыупалі, альбо чые знаёмыя зараз там знаходзяцца, даюць крыху іншую карціну:

– Выходзіць так, што праз тры пасярэднікі грошы атрымліваем. Гэта сапраўды не самы лепшы варыянт. У крамах у мясцовых нічога нельга купляць, бо могуць атруціць. Харчавацца можна толькі ў сталовых. Без дазволу працадаўцы нікуды нельга адтуль выехаць. Яны як бы ўвогуле не хочуць, каб толькі на месяц-два туды ехалі. Месяцаў на шэсць. Лепш па выніку ў Маскву амаль за тыя ж грошы ў спакоі працаваць, чым там. Пастаянна напружанне ў Марыупалі: што на будоўлі, што ў інтэрнаце – напісаў карыстальнік Юрый, сябар якога знаходзіцца ў Марыупалі.

Мінчук Дзмітрый, які ўжо не раз ездзіў на вахтавыя будоўлі за мяжу, рэкамендуе беларусам увогуле не разглядаць варыянты працы на акупаваных тэрыторыях:

– Нармальныя фірмы яшчэ пашукаць трэба. А гэтыя пасярэднікі набіраюць людзей, большую частку грошай забіраюць сабе, засяляюць у самыя дрэнныя ўмовы і ўсё. Ну і не варта нават разглядаць гэтыя вакансіі, не тое што ехаць – гэта лічыцца зона баявых дзеянняў. І ніхто ніякіх гарантый не дае, упадзе снарад заўтра ці не.

– У асноўным, беларусы і ездзяць. – разам з тым, расказаў працадавец Сяргей – З Гомеля вельмі шмат, са Жлобіна, Рэчыцы, Рагачова. Цяпер там нашых чалавек 30. Шмат, мы нават не паспяваем жыллё абсталяваць.

Фота: РИА Новости

«Аватар» і «Чабурашка» б’юць рэкорды і збіраюць поўныя залы

У кінатэатрах Магілёўшчыны зноў назіраюцца аншлагі на прагляд самых касавых карцін у гісторыі.

Сямейная стужка пра вушастую жывёлу з апельсінавага гаю “Чабурашка” стала самай касавай у расійскай гісторыі кінастужкай. Аналітыкі звязваюць гэта з адсутнасцю заходніх блокбастэраў, якіх не было ў расійскіх кінатэатрах на навагоднія канікулы з-за санкцый. 

Стужка ўжо прынесла расійскім кінатэатрам касу 3,162 мільярда расійскіх рублёў. Усяго за дзесяць дзён у кінатэатрах карціна Дзмітрыя Дз’ячэнкі ўпэўнена пераўзышла ранейшага лідара кіно ў Расіі – камедыю “Халоп” (3,073,8 млрд. рубл.). “Чабурашка” дэманструе шалёны тэмп атрымання прыбыткаў, таму вельмі хутка ён пакіне пасля сябе і ранейшага лідара – першы “Аватар”, які прынес 3,51 мілд. руб. 

Сёняшні канкурэнт “Чабурашкі” у кінатэатрах Магілёва і Бабруйска – “Аватар: шлях вады” з’яўляецца працягам першага “Аватара”, які сабраў у ЗША і Канадзе 760 507 625 долараў і 2 029 172 169 дол. у астатнім свеце. Агульны збор склаў 2 789 679 794 долара. Улічваючы інфляцыю “Аватар” займае другое месца ў спісе самых фінансава паспяховых фільмаў усіх часоў і народаў пасля “Унесеных ветрам”.

Не дзіва, што новы “Аватар: шлях вады” складае ўпэўненую канкурэнцыю фільму “Чабурашка”. Прыняўшы вобраз аватара, салдат Джэйк Салі становяцца лідарам людзей народа на ві і прымае на сябе місію па абароне новых сяброў ад эгаістычных бізнесменаў з Зямлі. Цяпер яму ёсць за каго змагацца – з Джэйкам яго прыгожая каханая Нейтыры. Калі ўзброеныя зямляне вяртаюцца, Джэйк гатовы стрымаць іх.

Паказ кінастужак “Чабурашка” і “Аватар: шлях вады” у магілёўскіх кінатэатрах працягнецца яшчэ некалькі тыдняў. 

Фота з адкрытых крыніц. 

Паглядзіце, як некалькі машын дрыфтавалі ў Магілёве – відэа

Чатыры машыны без глушыцеляў апанавалі кальцо на вуліцы Касманаўтаў у Магілёве і зладзілі сумесны дрыфт па заснежаным асфальце.

Як паведамляе прэс-служба абласнога УУС, 21-гадовы хлопец у выніку вымушаны будзе заплаціць штраф у памеры 259 рублёў, 24-гадовы магілёвец пазбаўлены правоў на 1 год і таксама заплаціць штраф, а трэці кіроўца таксама прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. На ўсіх парушальнікаў па выніку складзены 24 пратаколы.

Відэа: Тэлеграм-канал прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС

Гадзіннік на тэатральнай плошчы ў Магілёве рамантуюць, але ён і не быў паламаны

Многія магілёўскія СМІ падзяліліся цудоўнай навіной, што вежавы гадзіннік на вуліцы Першамайскай у Магілёве, насупраць драмтэатра, нарэшце будзе адрамантаваны і хутка зноў пачне працаваць. 

Але, як вядома з інтэрв’ю былога магілёўскага гадзіннікавага майстра Генадзя Галоўчыка, пра якое пісалі mogilev.media, прычына, па якой гарадскі гадзіннік стаіць амаль два гады заключаецца не ў паломцы. Легендарны гадзіннікавы майстар, аўтар гадзінніка на магілёўскай Ратушы а таксама фігуры металічнага трубача Магіслава быў звольнены са сваёй пасады, паводле якой даглядаў за гадзіннікам на тэатральнай плошчы. Гэта адбылося ў сакавіку 2021 года пасля таго, як Галоўчык звольніўся з Ратушы ў знак пратэста.

Увесь гэты час гадзіннік не працаваў выключна з-за адсутнасці майстра, што даглядаў бы механізм. 

Фота з адкрытых крыніц.

На Магілёўшчыне на трэць скарацілася колькасць ДТЗ з удзелам дзяцей

Як паведаміўначальнік ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Віктар Ротчанкаў у мінулым годзе ў Магілёўскай вобласці адбылося 39 ДТЗ з удзелам непаўналетніх, у якіх пацярпелі 47 дзяцей. Гэта на 30% менш, чым годам раней – у 2021. “У рэгіёне знізілася колькасць аварый, у якіх загінулі або пацярпелі дзеці, якія знаходзіліся ў транспартным сродку ў якасці пасажыраў” – адзначыў Ротчанкаў.

Адначасова ў вобласці адзначаецца рост ДТЗ, вінаватымі ў якіх сталі падлеткі. “Гэта аварыі, у якіх падлеткі 14-17 гадоў самі селі за руль транспартнага сродку і кіравалі ім. Такіх здарэнняў у мінулым годзе стала крыху больш” – расказаў Віктар Ротчанкаў агенцтву БелТА .

Фота ілюстрацыйнае

Касулю ратавалі пад Магілёвам

На відэа бачна, як ратавальнікі выносяць на паверхню з тэхнічнай яміны касулю, што правалілася і паранілася. Самастойна выбрацца яна б не змагла.

Крыніца відэа – Могилёв live

Качкі ў Магілёве зімуюць на цэнтральнай плошчы – фотафакт

У сацыяльных сетках магілёўцы актыўна дзеляцца фотаздымкамі сямейства качак перад “Атрыумам”. Некалькі вадаплаваючых птушак яўна пакутуюць ад незвычайнай абстаноўкі і разлічваюць на падкормку ад мінакоў. Незразумела, чаму маленькая зграя так і не пакінула Магілёў, адляцеўшы ў вырай. Цяпер жа лёд на рэках і вадаёмах у горадзе пакінуў птушак без звычайных крыніц сілкавання.

Фота: mogilev.media