Расіяне масава купляюць нерухомасць у Марыупалі – каб жыць каля мора – і не лічаць гэта рызыкоўным

“Вайна ж не будзе ісці вечна” – мяркуюць пакупнікі, а “пад крылом Расіі горад чакае вялікая будучыня”.

Вялікае даследаванне пра дзівосы рынка нерухомасці ў акупаваным Расіяй украінскім горадзе Марыупалі піша Санкт-Пецярбургскае выданне “Бумага”.

Пасля акупацыі Марыўпаля расійскія ўлады пачалі забудоўваць горад новымі дамамі і зносіць тыя, што моцна пацярпелі з-за абстрэлаў. Mogilev.media раней паведамлялі, што робіцца гэта ў тым ліку і рукамі беларусаў. Ужо ў маі 2022 года пачалі з’яўляцца першыя аб’явы расіян аб куплі кватэр і дамоў у Марыупалі. Пакупнікі пры гэтым лічаць, што горад ужо “перажыў горшае” і хутка стане турыстычным цэнтрам Расіі, а ваенныя дзеянні туды не вернуцца.

Ва «УКантакце» існуе каля ста груп, дзе размяшчаюцца аб’явы аб куплі, продажы і арэндзе нерухомасці ў Марыупалі. У адной з самых буйных – «Нерухомасць Марыўпаля і Прыазоўя» – паведамленні ад жадаючых купіць дом або кватэру пачалі з’яўляцца з 3 мая 2022 года, калі ў горадзе яшчэ працягваліся баі.

Шукаюць нерухомасць у Марыупалі расіяне з розных рэгіёнаў – Масквы, Пецярбурга, Краснадара, Краснаярска, Ніжняга Ноўгарада і іншых. Яны разглядаюць дамы і кватэры “ў любым стане” і гатовыя аднавіць іх пасля абстрэлаў.

Некаторыя пакупнікі распавялі выданню, што прызнаюць Марыупаль часткай Расіі і не лічаць куплю нерухомасці ў акупаваным горадзе рызыкоўнай. Пры гэтым большасць суразмоўцаў ніколі не былі ў Марыупалі.

Алеся, шукае дом у Марыупалі, з Омска:

– Я лічу гэта добрым укладаннем сродкаў. Можа быць, камусьці гэта падасца дзіўным, але я веру ў развіццё горада. Пад крылом Расіі яго чакае вялікая будучыня. Думаю, у далейшым ён стане папулярным месцам для адпачынку і турызму. Ён мае важнае значэнне для нашай краіны. Горад-герой. У мяне няма апасенняў, што ён можа пацярпець з-за ваенных дзеянняў. Самае страшнае, што магло з ім здарыцца, ужо адбылося.

Эльдар, шукае кватэру ў Марыупалі:

– Хачу набыць нерухомасць у Марыупалі, паколькі лічу, што ў найбліжэйшай будучыні горад расквітнее і будзе добрым месцам для адпачынку. Не баюся, што горад можа пацярпець яшчэ. Нашы рубяжы надзейна ахоўваюць узброеныя сілы, вайна набліжаецца да свайго лагічнага завяршэння (ва ўсякім разе ў гэтым рэгіёне).

Ірына, шукае дом у Марыупалі, з Краснаярска:

– Мы з сям’ёй пачалі шукаць жыллё ў Марыупалі, таму што хочам жыць ля мора ў месцы з добрай экалогіяй. Таксама ў Марыупалі яшчэ даволі танная нерухомасць і больш прывабныя прапановы па заробках для майго мужа – ён працуе электраманцёрам. А яшчэ экалогія ў горадзе нашмат лепш, чым у Краснаярску. Страшна, што там зноў могуць пачацца ваенныя дзеянні, але ж вайна не будзе ісці вечна.

Усе людзі, якія адказалі выданню, абралі гэты горад з-за блізкасці да мора. Яны лічаць, што гэта робіць яго прывабным для турыстаў. Большасць расіян, якія шукаюць кватэры ці дамы ў Марыупалі, не баяцца вяртання ваенных дзеянняў у горад, нягледзячы на контрнаступленне Украіны на гэтым напрамку.

Зараз на «Авіта» размешчана 70 аб’яў аб продажы нерухомасці ў Марыупалі. 34 з іх – кватэры, 35 – дамы. У сярэднім кватэры прадаюцца за тры мільёны расійскіх рублёў (гэта каля 27 000$), а дамы і ўчасткі – за 4,8 мільёна рублёў (больш за 44 000$).

Падчас баёў за Марыупаль у 2022 годзе было разбурана 90% шматкватэрных дамоў і 60% прыватных дамоў, паведамлялі ў справаздачы ААН. У чэрвені 2022-га міжнародная арганізацыя змагла пацвердзіць смерць 1 348 мірных жыхароў горада, а да гэтага мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка паведаміў аб 10 тысячах загінуўшых.

Фота: AP Photo/Alexei Alexandrov

«Такое бывае раз на мільён» – лекар аб мікалаеўскім ваяры, які год прахадзіў з куляй у жываце

Мікалаеўскаму вайскоўцу Уладзіміру выпаў шанец на мільён: ён выжыў пасля цяжкага ранення і прахадзіў год з расійскай куляй у жываце – піша news.pn. Вынятую кулю воіну падарылі хірургі ў якасці сувеніра. Урачы запэўнілі, што аперацыя была неабходнай.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Раненне вайсковец атрымаў вясной 2022 года падчас абароны Марыўпаля. З куляй у жываце ён перажыў палон.

Мікалаеўскія хірургі правялі паспяховую і ўнікальную аперацыю. Лекары кажуць, што пацыент нарадзіўся ў трох вышыванках: куля праляцела праз “усе органы і структуры” ў жываце і спынілася каля селязёнкі.

Сам жа Уладзімір, дзякуючы ўрачам, адзначаыў, што ўкраінскія медыкі – гэта таксама воіны на сваёй службе. Іх лінія фронту нябачная, аднак яна жыццёва неабходна для захавання Украіны і Перамогі.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 460 тысяч чалавек. Амаль палова з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой». 

Фота: news.pn.

Выбухі ў Марыупалі – атакаваны раён, які адбудоўваюць у тым ліку беларусы

Збройныя сілы Украіны атакавалі раён у Марыупалі, дзе размяшчаюцца расійскія сілы супрацьпаветранай абароны і ваенная база – паведамляе Unian. Прадстаўнік сілавых структур самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі расказаў ТАСС, што некалькі выбухаў адбыліся ў паўднёва-заходняй частцы Марыўпаля паблізу старога аэрапорта. Іх прычыны “ўстанаўліваюць”.

У тэлеграм-канале Марыупальскай гарадской рады (законная ўкраінская адміністрацыя горада) сцвярджаецца, што ў горадзе адбылося тры выбухі – і нібыта адна з ракет патрапіла ў размяшчэнне асабовага складу расейскіх вайскоўцаў.

Дарадца законнага мэра горада Пётр Андрушчанка сцвярджае, што ўдар прыйшоўся па месцы базавання не менш за 150 вайскоўцаў, якое “сістэмна выкарыстоўвалася для ўстаноўкі сістэм СПА”.

Па дадзеных Тэлеграм-канала “Марыупаль зараз”, выбухі адбыліся побач з мікрараёнам «Неўскі», які расейскія ўлады пабудавалі на месцы разбураных дамоў. У сакавіку гэты мікрараён наведваў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Mogilev.media пісалі, што на будаўнічыя працы ў Марыупаль, гарады так званых ЛНР і ДНР масава вербаваліся работнікі з Беларусі, і ў тым ліку з Магілёва. “У асноўным, беларусы і ездзяць” – так пракаментаваў склад працаўнікоў на марыупальскіх будоўлях адзін з вербоўшчыкаў рабочай сілы. Нашаму выданню вядомыя выпадкі працаўладкавання жыхароў Магілёва ў Марыупалі.

Фота: Unian.

Віна за атакі на драмтэатр і радзільны дом у Марыупалі, вакзал у Краматорску, на Расіі – камісія ААН

Камісія ААН пацвердзіла, што менавіта ўзброеныя сілы Расіі нясуць адказнасць за невыбарчыя авіяцыйныя атакі на драмтэатр і радзільнае аддзяленне ў Марыупалі, за ракетныя абстрэлы чыгуначнага вакзала ў Краматорску. 

Усе падзеі адбыліся вясной 2022 года, гаворыцца ў дакладзе Незалежнай міжнароднай камісіі па расследаванні парушэнняў ва Украіне.

У дакуменце зазначаецца, што расійскія ваенныя не прынялі магчымыя меры для праверкі прысутнасці грамадзянскіх асоб.

“Камісія расследавала абставіны нападаў… і прыйшла да высновы, што большасць нападаў насілі невыбарчы характар. У прыватнасці, у такіх шырока асветленых выпадках, як атака на гарадскі драматычны тэатр 16 сакавіка 2022 года падчас аблогі Марыўпаля, у выніку якой загінула і была паранена вялікая колькасць людзей, напад 8 красавіка 2022 года на чыгуначны вакзал у Краматорску, у выніку чаго загінулі 59 і паранены 92 чалавекі, напад 27 чэрвеня 2022 года на гандлёвы цэнтр у Крэменчугу, у выніку чаго загінулі 21 чалавек і дзясяткі былі параненыя” – зазначаецца ў дакладзе.

Камісія не выключае, што абстрэлы аб’ектаў з грамадзянскім насельніцтвам былі зроблены свядома, таму што не ведаць аб знаходжанні там сотняў людзей было немагчыма.

“Сотні грамадзянскіх асоб знаходзіліся ў месцах, якія пацярпелі ад абстрэлаў чыгуначнага вакзала Краматорска і драматычнага тэатра ў Марыупалі. Таксама сотні грамадзянскіх асоб знаходзіліся ў жылых раёнах Чарнігава падчас нападаў 3 сакавіка 2022 года, у выніку чаго загінулі сама меней 20 чалавек, а многія іншыя атрымалі раненні” – гаворыцца ў дакуменце.

Нягледзячы на спробы Крамля перакласці адказнасць на узброеныя сілы Украіны, камісары ААН пацвердзілі, што менавіта Расія нясе адказнасць таксама за атаку на радзільнае аддзяленне ў Марыупалі, калі загінула мінімум адна цяжарная жанчына і яе ненароджанае дзіця.

“Расійскімі ўзброенымі сіламі здзяйсняліся, а ў некаторых выпадках, верагодна, здзейсніліся невыбарчыя і непрапарцыйныя напады”, што з’яўляецца парушэннем міжнароднага гуманітарнага права.

Магілёўцаў запрашаюць працаваць на вахтах у Марыупалі, ДНР, ЛНР

Грошы – праз трох пасярэднікаў, мясцовыя могуць атруціць.

Беларускія журналісты і расследвальнікі высветлілі, што жыхароў розных гарадоў краіны актыўна рэкрутуюць працаваць будаўнікамі на акупаваных Расійскай Федэрацыяй тэрыторыях Украіны. Падобныя аб’явы стракацяць таксама і ў магілёўскіх пабліках, прысвечаных пошуку працы. Так, групы УКантакце “Могилев работа”, “Работа | Могилев”, утрымліваюць як старыя, так і зусім новыя запрашальныя аб’явы. 

Аб’явы размяшчаюць расійскія рэкрутынгавыя арганізацыі. У самых апошніх аб’явах варыянт з працай у ДНР і ЛНР па будаўніцтве дамоў – адзін з шматлікіх варыянтаў працаўладкавання. У аб’явах гаворыцца пра бясплатнае пражыванне і харчаванне, высокую па беларускіх мерках зарплату – ад 3 250 да амаль 6 000 рублёў, калі перавесці на беларускія. Бяруць нават без вопыту працы.

Журналісты і расследвальнікі аднаго з беларускіх выданняў змаглі звязацца як з рэкруцёрамі, так і з працаўнікамі, якія мелі вопыт працы ў акупаваных гарадах. Працадаўцы сцвярджаюць, што ніякай небяспекі ў анэксіраваных гарадах Данбаса для працаўнікоў няма.

– Родныя хвалююцца – гэта зразумела. – расказаў адзін з наймальнікаў, Сяргей – Ну, там ціха, усё нармальна. Мы ўжо там два месяцы да гэтага працавалі на дэмантажных работах, зараз перайшлі на аддзелачныя ў жылых дамах. Не ведаю, усё быццам як нармальна. Здарэнняў ніякіх не было, усё добра, працуем як належыць. Калі, вядома, нешта будзе зноў, то назад усе паедзем. 

Карыстальнікі паблікаў і чатаў, якія ўжо працавалі ў Марыупалі, альбо чые знаёмыя зараз там знаходзяцца, даюць крыху іншую карціну:

– Выходзіць так, што праз тры пасярэднікі грошы атрымліваем. Гэта сапраўды не самы лепшы варыянт. У крамах у мясцовых нічога нельга купляць, бо могуць атруціць. Харчавацца можна толькі ў сталовых. Без дазволу працадаўцы нікуды нельга адтуль выехаць. Яны як бы ўвогуле не хочуць, каб толькі на месяц-два туды ехалі. Месяцаў на шэсць. Лепш па выніку ў Маскву амаль за тыя ж грошы ў спакоі працаваць, чым там. Пастаянна напружанне ў Марыупалі: што на будоўлі, што ў інтэрнаце – напісаў карыстальнік Юрый, сябар якога знаходзіцца ў Марыупалі.

Мінчук Дзмітрый, які ўжо не раз ездзіў на вахтавыя будоўлі за мяжу, рэкамендуе беларусам увогуле не разглядаць варыянты працы на акупаваных тэрыторыях:

– Нармальныя фірмы яшчэ пашукаць трэба. А гэтыя пасярэднікі набіраюць людзей, большую частку грошай забіраюць сабе, засяляюць у самыя дрэнныя ўмовы і ўсё. Ну і не варта нават разглядаць гэтыя вакансіі, не тое што ехаць – гэта лічыцца зона баявых дзеянняў. І ніхто ніякіх гарантый не дае, упадзе снарад заўтра ці не.

– У асноўным, беларусы і ездзяць. – разам з тым, расказаў працадавец Сяргей – З Гомеля вельмі шмат, са Жлобіна, Рэчыцы, Рагачова. Цяпер там нашых чалавек 30. Шмат, мы нават не паспяваем жыллё абсталяваць.

Фота: РИА Новости

«Укрзалізниця» адкрыла продаж білетаў на першы рэйс у Севастопаль

Украінская дзяржаўная чыгуначная кампанія«Укрзалізниця» пачала продаж сімвалічных квіткоў на першы рэйс у часова акупаваны Севастопаль у межах праекта «Квіткі да Перамогі», паведамляе UA.NEWS 

Севастопаль стаў шостым украінскім горадам праекта. Да гэтага «Укрзалізниця» ажыццяўляла продаж квіткоў ва ўжо вызвалены Херсон, а з 13 лістапада таксама ў часова акупаваныя Марыупаль, Данецк, Луганск і Сімферопаль.

«Улічваючы 2,5 тысячы прададзеных квіткоў і надзвычайную цікавасць украінцаў да праекту «Квіткі да Перамогі», які «Укрзалізниця» запусціла сумесна з платформай United24, мы вырашылі, што проста не маем права абмяжоўвацца пяццю гарадамі» – заявілі ў кампаніі.

Усе квіткі дабрачынныя: сродкі ад іх продажу будуць пералічвацца праз платформу United24 на набыццё транспарту last-mile  — аўтамабіляў, якія дапамогуць злучыць гарады і пасёлкі на дэакупаваных тэрыторыях з бліжэйшымі чыгуначнымі вузламі.

Скарыстацца гэтымі білетамі можна будзе адразу пасля дэакупацыі гарадоў. Як толькі рух будзе адноўлены, «Укрзалізниця» адправіць уладальнікам білетаў ліст з інфармацыяй аб усіх падрабязнасцях абранага рэйса.

Рэйсы ў азначаныя гарады будзе выконваць легендарны «Цягнік Перамогі», вагоны якога прысвечаны подзвігам жыхароў часова акупаваных тэрыторый.

Фота: ua.news