Дзясяткі кілаграмаў гнілля – у Горацкім раёне праверылі магазіны

Маніторынг выявіў у Горках і раёне дзясяткі кілаграмаў пратэрмінаванай і проста гнілой прадукцыі што ў прыватных, што ў дзяржаўных крамах.

Маніторынг праводзіўся Горацкім раённым упраўленнем эканомікі сумесна з спецыялістамі мясцовага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – паведамляе “Горацкі веснік”. 

Хлеб у краме райспажыўкааперацыі №3 ў Горках выявіўся цвёрдым, заплесневелым (на загалоўным фота справа). Тут жа спецыялісты маніторынгавай групы знайшлі пратэрмінаваныя спецыі. У магазіне “Ясень” па вуліцы Кузняцова пратэрмінаваных прадуктаў выявілі ўжо проста горы. Замарожаныя паўфабрыкаты, кураціна, цеста, селядзец, марынаваныя агуркі, чыпсы, кукурузныя палачкі, зефір, спецыі і нават кава. Але найбольш уразіла каўбаса – паглядзіце.

Яшчэ горш абстаноўка аказалася на сяле. Сок, тэрмін прыдатнасці якога скончыўся ў верасні 2022 года. Заплесневелы хлеб, гнілая капуста былі выяўлены ў краме райпо ў вёсцы Курганне.

Зацвілыя здоба і хлеб, пратэрмінаваныя каўбасныя і макаронныя вырабы, кукурузныя палачкі, гнілыя гародніна і садавіна, усё гэта разам з брудам і смеццем, не кажучы ўжо пра пах – так сустрэў кантралёраў магазін райпо ў вёсцы Вялікія Шарыпы. 

Найбольшая колькасць пратэрміноўкі і гнілля была выяўленая ў крамах сеткі “Родны кут” – піша выданне. Разам з тым, маніторынгавую групу прыемна здзівіла тройка іншых сельскіх крам – райпа ў вёсках Сенькава, Шышова, у Ракце-1 – усё ў парадку з тэрмінам прыдатнасці на ўсіх таварах, чыста і прыгожа ў гандлёвых залах.

Фота: “Горацкі веснік”

Колькасць крам, дзе гандлявалі пратэрмінаванай прадукцыяй паменшылася на 40%

Аддзяленне гігіены харчавання Магілёўскага абласного цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя размясціла на сваім сайце інфармацыю па аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання, у якіх у снежні 2022 года ажыццяўляўся гандаль таварамі са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці ці захоўвання.

Былі выяўлены парушэнні ў 9 гандлёвых кропках у 6 адміністрацыйных адзінках вобласці, галоўным чынам, у гарадах і толькі два ў сельскай мясцовасці – Магілёўскі раён, в. Міхалёва, Хоцімскі раён, в. Трасціно . 

Парушэнні дапусцілі крамы добравядомых гандлёвых сетак: “Соседи” (Бялынічы, прадукцыі з парушэннямі тэрмінаў на 89,55 рублёў – самы высокі паказчык сярод правераных кропак), “ПерекрестОК-4” (Магілёў),  “Копеечка” (дзве ў Чавусах), “Родны кут” (дзве крамы ў Хоцімскім раёне). Парушэнні выяўлены і ў крамах «Фея», «Каля дома» у г. Горкі.

На  гэтых аб’ектах гандляваліся з пратэрміноўкай мясныя, кулінарныя, каўбасныя вырабы, кісламалочная прадукцыя, квас, салата. 

Аналіз праверак гандлёвых кропак паказвае станоўчую тэндэнцыю – колькасць крам з пратэрмінаванай прадукцыяй паменшылася на 40%. Напрыклад, у  кастрычніку 2022 года парушэнні былі выяўдены на 15 гандлёвых аб’ектах у 8 раёнах з 21 у вобласці – Быхаўскім, Горацкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чавускім і Шклоўскім.