Трактар у Княжыцах касіў траву на ўзбочыне і зачапіў п’яную жанчыну, якая там ляжала

У аграгарадку Княжыцы Магілёўскага раёна трактар “Беларус” праводзіў працы па пакосу травы на ўзбочынах дарог. Падчас гэтых прац механізм зачапіў нецвярозую 49-гадовую жанчыну, што спала ў кювеце. На шчасце, жанчына не атрымала цяжкіх траўм – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

На Святым возеры ў Магілёве патануў падлетак

Хлопчык 2007 года нараджэння плаваў разам з сябрам у 20 метрах ад берага. Дзеці прыйшлі купацца на Святое возера ў Магілёве кампаніяй без дарослых.

У нейкі момант хлопец знік пад вадой, а яго сябар паплыў на бераг за дапамогай – паведамляе прэс-служба МНС. На маторнай лодцы на месца трагедыі накіраваліся 3 вадалаза-выратавальнікі і 1 медыцынскі работнік станцыі АСВОД «Грабянеўская».

У 19:30 работнікі АСВОД дасталі дзіця з вады. Працаўнікі хуткай медыцынскай дапамогі пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў канстатавалі смерць дзіцяці. Цела знаходзілася за 20 метраў ад берага, на глыбіні каля 2 метраў.

Фота: МНС

На школьным базары ў Магілёве за парушэнні закрылі шапік прадпрымальніка

Дзяржкантроль знайшоў мноства парушэнняў у рабоце гандлёвай кропкі на школьным базары ў Магілёве – паведамляе прэс-служба ведамства. 

Так, гандлёвая надбаўка на тавары магла сягаць 65-105% пры дазволеных 40% максімум. Акрамя таго, амаль 500 адзінак тавараў не мелі ніякіх суправаджальных дакументаў пра іх паходжанне і якасць. Дзейнасць аб’екта прыпыненая.

Фота з адкрытых крыніц

У «Е-Сіці» здарыўся пажар

Пажар адбыўся 15 жніўня ў Магілёве ў гандлёвым цэнтры “Е-Сіці”, у дапаможным памяшканні на 1 паверсе, якое арандуе клінінгавая кампанія – паведамляе МНС.

Узгаранне ліквідаваў дырэктар кампаніі з дапамогай парашковых вогнетушыцеляў да прыбыцця ратавальнікаў.

У выніку пажару пашкоджаны стэлаж з асабістымі рэчамі, закураны сцены і столь у памяшканні. Пацярпелых няма.

Прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС

У Беларусі аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі з-за спякоты

На 16-17 жніўня ў Беларусі аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі – папярэджвае Белгідрамет.

Ясна і без ападкаў будзе ў сераду і чацвер у Магілёве і вобласці. Тэмпература ўноч да +16  +18°C, днём спякотна – +30 +32°C.

Вецер лёгкі, паўднёва-усходні, хуткасць 2-3 м/сек.

 

На Магілёўшчыне затрыманы двое закладчыкаў

Аператыўнікі наркакантролю затрымалі 18-гадовага жыхара Круглянскага раёна, які набыў і захоўваў альфа-PVP – паведамляе прэс-служба МУС.

Праз пару дзён быў затрыманы яго “калега” – 16-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. У 10-класніка знойдзена і канфіскавана амаль 100 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС.

Хлопцы менш за месяц прапрацавалі закладчыкамі на адзін і той жа віртуальны наркашоп, распаўсюджваючы “тавар” на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Да моманту затрымання частку псіхатропаў яны паспелі раскласці па тайніках.

Падазроныя затрыманы. У дачыненні да іх следчымі распачаты дзве крымінальныя справы.

Фота: скрыншот МУС

У Магілёве кіроўца Hyundai урэзаўся ў дрэва і загінуў

ДТЗ адбылося 13 жніўня на вуліцы Якубоўскага. 50-гадовы кіроўца Hyundai загінуў на месцы – паведамляе прэс-служба МУС.

Пасажыраў у салоне не было.

Прычыны аварыі высвятляюцца.

Фота: МУС

Ад сёння на Магілёўшчыне можна будзе збіраць брусніцы, а журавіны з 11 верасня

Рашэнне Магілёўскага аблвыканкама, прынятае 11 жніўня 2023 года дазваляе пачынаць збор дзікарослых брусніц з 14 жніўня. Журавіны дазваляецца збіраць толькі з 11 верасня. Пры гэтым пастанова прадугледжвае, што колькасць спелых ягад падчас нарыхтоўкі павінна складаць не менш за 99% ад агульнай масы – у выпадку з брусніцамі. Што да журавін, то тут спелых ягад мусіць быць не менш за 95%.

Падчас збору гэтых восеньскіх ягад трэба глядзець мапу забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў.

Актуальная мапа знаходзіцца на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве пашыраць лаўсанаўскія могілкі

Сёлета працы на Паўднёва-Усходніх (лаўсанаўскіх) могілках Магілёва будуць весці ў дзве чаргі, у выніку яго плошча стане большая

У першую чаргу будуць праведзены будаўніча-мантажныя працы, якія павінны завяршыцца да канца жніўня. Затым будзе падрыхтавана адпаведная праектная дакументацыя, пасля чаго пачнецца этап будаўнічых работ.

Падрадчыкам на аб’екце выступае будаўнічая арганізацыя “Аблдарбуд” – паведамляе телэграм-канал ” Магілёў – мой горад”.

А яшчэ сёлета рэканструкцыя закране Цішоўскія могілкі ў Магілёўскім раёне.

Фота ілюстратыўнае

Старшыня жыллёвага кааператыва набыў «Mercedes-Benz GLA» на грошы, якія прызначаліся для капільнага рамонту

У Магілёве будуць судзіць 36-гадовага кіраўніка жыллёвага кааператыва – паведамляе пракуратура. Мужчына завалодаў грашовымі сродкамі кааператыва, якія знаходзіліся на дэпазітным рахунку і прызначаліся для патрэб капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Больш за 62 тыс. руб. ён перавёў у гатоўку ў банкаматах у Магілёве.

Грашовыя сродкі мужчына патраціў на набыццё асабістага аўтамабіля прэміум-класа “Mercedes-Benz GLA”, 2015 года выпуску, коштам 50 000 руб.

Заведзена крымінальная справа. Мужчына знаходзіцца пад вартай.

Фота ілюстрацыйнае.