Міністэрства ўнутраных спраў праводзіць апытанне, дзе адкрыць яшчэ адзін міліцэйскі ліцэй

Найбольшыя шанцы мае Магілёў. 

Зараз у Беларусі працуе адзін ліцэй МУС – у Мінску. Беларусаў просяць выказацца пра тое, у якім абласным цэнтры, акрамя сталіцы, варта адкрыць другую спецыялізаваную навучальную ўстанову. Паводле нашай інфармацыі Магілёў.media, магілёўскіх школьнікаў і бацькоў просяць прыняць удзел у галасаванні на сайце МУС і выбраць менавіта Магілёў.

Акрамя выбару месца адкрыцця ліцэю, на галасаванне вынесена таксама пытанне пра пол навучэнцаў. Прапануецца, каб гэта былі не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. 

Размовы пра верагоднасць адкрыцця ў Магілёве ліцэю МУС вядуцца ўжо некалькі гадоў. Міністр унутраных спраў у пачатку навучальнага года заявіў, што прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні ліцэя ў адным з рэгіёнаў Беларусі, для чаго ідзе вывучэнне грамадскай думкі. 

У “Спецыялізаваны ліцэй МУС Беларусі” можна паступіць з 12 гадоў, пасля заканчэння шасці класаў сярэдняй школы. Тэрмін навучання ў ліцэі – 5 гадоў, пасля чаго навучэнцы на льготных умовах паступаюць у міліцэйскія ВНУ краіны.

Выглядае, што найбольш верагоднай пляцоўкай для размяшчэння новага ліцэю выступае Магілёў, бо тут знаходзіцца Інстытут МУС РБ – ёсць выкладчыцкія кадры. Можна знайсці і матэрыяльна-тэхнічную базу, напрыклад, выкарыстаўшы памяшканні адной з закрытых прафесійна-тэхнічных устаноў.  

З іншага боку, у Магілёве ўжо ёсць абласная кадэцкая вучэльня. У верасні 53 яе выхаванцы прайшлі курс маладога байца і прынялі прысягу на вернасць Радзіме і кадэцкаму братэрству. 

У Дубравенцы ў Магілёве вылавілі труп мужчыны

Здарэнне адбылося сёння каля 15.00 – паведамляе Тэлеграм-канал “ЧП в Могиёве”. На здымку бачна цела мужчыны, побач з якім знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі і фельчары хуткай дапамогі. Месца, якое можна пазнаць на фота, знаходзіцца каля маста па праспекце Міру, у бок чыгуначнага насыпу.

Афіцыйных каментарыяў пакуль няма.

На тысячу пажылых мужчын на Магілёўшчыне прыходзіцца амаль дзве тысячы жанчын

1 кастрычніка ва ўсім свеце святкуецца Дзень сеньёраў – пажылых людзей. Свята ўстаноўлена Генеральнай Асамблеяй  ААН у 1990 годзе. 

На пачатак 2022 года ў Магілёўскай вобласці жыло больш за 163 тысячы пажылых людзей, гэта кожны шосты жыхар. Сярод іх па колькасці вылучаюцца жанчыны – 65%. Гэта азначае, што 1000 пажылых мужчын прыходзіцца 1923 жанчыны, – правядамляюць у Галоўным статупраўленні Магілёўскай вобласці. 

Самай шматлікай узроставай групай сярод сеньёраў з’яўляецца насельніцтва 65-69-гадовага ўзросту. Адзначаецца, што людзі ў групе 60+ застаюцца актыўнымі нягледзячы на паважаны ўзрост. У 2021 годзе 124 пары ва ўзросце 60 гадоў і старэй  заключылі шлюб, – 143 жанчыны і 248 мужчын.

Больш за палову жанчын ва ўзросце 65-74 гады працягваюць працаваць – 50,9%, а таксама 49,1% не пакідаюць працоўных месцаў. Сеньёры Магілёўшчыны з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі Інтэрнэту. У 2021 годзе доля карыстальнікаў сярод асоб ва ўзросце 65+ гадоў склала 47%.

Да 2050 года кожны шосты жыхар нашай планеты будзе мець узрост старэй за 65 гадоў, што складзе 16% насельніцтва, тады як зараз гэта толькі кожны адзіннаццаты чалавек у свеце – 9% насельніцтва. У 2018 годзе ўпершыню ў гісторыі колькасць  людзей ва ўзпрсце 65+ перавысіла колькасць дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў. 

Дарожнікі не здолелі засвоіць фінансы ў бягучым годзе

Грошы на рамонт дарог забяруць у Шклова і Крычава, і перанакіруюць у Бабруйск, Бялынічы, Дрыбін і Магілёў.  

У гэтай гісторыі выявілася безгаспадарчасць і неарганізаванасць дзяржаўных чыноўнікаў, забюракратызаванасць працэсаў вызначэння праектных і будаўнічых арганізацый. А яшчэ бачна смеласць абласнога начальства, якое наважылася забраць грошы ў “недатыкальнага” Шклоўскага раёна. 

Шэраг раёнаў Магілёўскай вобласці, найперш Шклоўскі і Крычаўскі раёны, не здолелі засвоіць грошы на рамонтныя работы. У выніку дадатковыя метры дарожнага пакрыцця плануюць адрамантаваць у больш паспяховых раёнах.   

У многіх рэгіёнах вобласці зацягнулі падрыхтоўку да правядзення рамонту дарог – паведамляе магілёўская рэдакцыя тэлеканала “Беларусь 4”. Прычынай затрымкі, па словах чыноўнікаў, сталі складанасці з правядзеннем тэндараў для вызначэння праектных і будаўнічых падрадчыкаў. Не ўсе тэндары адбыліся. Прыходзілася прызначаць новыя. У выніку такія раёны, як Шклоўскі і Крычаўскі, нават страцілі магчымасць засвоіць выдзеленыя грошы да канца года. 

Цяпер незасвоеныя грошы Шклова і Крычава пераразмеркавалі на Бабруйск, Бялынічы, Дрыбін і Магілёў. У наступным годзе плануецца чарговае паступленне сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду.


Больш за 760 тысяч квадратных метраў вулічных дарог сёлета мусіць быць адрамантавана ў Магілёўскай вобласці, з іх амаль 75 тысяч «квадратаў» – капітальны рамонт. На сёння больш як 80 працэнтаў гэтых работ у вобласці выканана.


 

У Магілёве з’явіцца новы падземны пераход

Ён  злучыць вуліцы Будаўнікоў і Пысіна і будзе праходзіць пад чыгуначнымі пуцямі.

Пераход вядзе будуецца  ў межах трэцяй чаргі будаўніцтва жылога мікрараёна “Спадарожнік-2”. Будаўніцтва пачалося ў сакавіку 2022 года – тлумачыць намеснік дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Магілёва Андрэй Сухараў. 

– Гэты пераход важны, паколькі забяспечыць бяспечны і камфортны доступ жыхароў мікрараёна “Спадарожнік-2” да сацыяльна значных аб’ектаў: сярэдняй школе № 26 і яслі-саду № 25, якія размешчаны на вуліцы Будаўнікоў. – распавядае Андрэй Сухараў – Асноўныя работы плануем завяршыць да канца бягучага года, нягледзячы на тое, што нарматыўны тэрмін будаўніцтва 24 месяцы.

Акрамя ўзвядзення падземнага пераходу тут з’явіцца і іншая інфраструктура з улікам патрабаванняў па стварэнню безбар’ернага асяроддзя: сучасны тратуар з тактыльнай пліткай, з веладарожкай без перападаў вышынь, азеляненне з высадкай дрэў і кустоў, лаўкі, урны і іншыя архітэктурныя рашэнні. 

Паралельна з будаўніцтвам падземнага пераходу ідзе абмеркаванне арганізацыі працы грамадскага транспарту ў гэтым мікрараёне. З-за павелічэння яго насельніцтва даўно наспела неабходнасць выдзялення дадатковых аўтобусаў, каб навучэнцы з новага мікрараёна маглі бесперашкодна дабірацца да месца вучобы.

Будаўніцтва падземнага пешаходнага перахода будзе завершана ў 2023 годзе.

фота: mycity.by

Першыя магілёўскія яўрэі – выйшла новая відэалекцыя вядомага гісторыка

Хто такія “хазеры”, якія жылі на Дубравенцы, і хто быў першым яўрэем, што трапіў у Актавыя кнігі магілёўскага магістрата.

Гісторык Аляксей Бацюкоў вядзе цыкл лекцыяў, прысвечаных гісторыі Магілёўшчыны на сваім канале ў Youtube. Яго новая лекцыя пад назвай “Лявей Шавулавіч судзіцца з Багданам Барэйкавічам” прысвечаная гісторыі беларускіх і магілёўскіх яўрэяў у прыватнасці. 

Бацюкоў акрэслівае асноўныя этапы і шляхі міграцыі яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. Першы, самы старажытны перыяд рассялення яўрэяў на нашых землях мог пачацца яшчэ ў Х – ХІ стагоддзях і быў звязаны з выхадцамі з Хазарскага каганату, што вызнавалі іўдаізм. Легендарызаванай звесткай пра гэта магла служыць народная прымаўка пра “хазераў”, якія жывуць на Дубравенцы. Яна была вядомая сярод старых магілёўскіх яўрэяў і гучала так: “Дзеці, не хадзіце на Дубравенку, там жывуць адны хазеры!” Па ўспамінах старых магілёўцаў, дубравенкаўскія “хазеры” выдзяляліся сярод астатніх яўрэяў тым, што займаліся пераважна рамёствамі – трымалі свае лесапілкі і кузні – а таксама лавілі рыбу.

Другі этап рассялення яўрэяў на Беларусі пачаўся ў XIV стагоддзі, калі на нашых землях паявіліся першыя задакументаваныя абшчыны, у Берасці і Гародні. Менавіта берасцейскія яўрэі, што найбольш верагодна, далі пачатак магілёўскай яўрэйскай абшчыне – выказвае меркаванне Аляксей Бацюкоў. Таксама ён прыводзіць цытаты з першых дакументаў, у якіх фігуруе першы магілёўскі яўрэй. Гэта Лявей Шавулавіч, які судзіўся з магілёўскім купцом, лаўнікам гарадскога магістрату Багданам Барэйкавічам. З матэрыялаў судовай справы становіцца зразумела, што пазычаныя ў Лявея Шавулавіча грошы Багдан Барэйкавіч так і не вярнуў, нягледзячы на шматлікія прадпісанні магістрату.

Трыумф магілёўскага сямікласніка Дзмітрыя Шыяна на міжнародным конкурсе баяністаў

Ён быў адзіным удзельнікам ад Беларусі.

Юбілейны XX Міжнародны конкурс “Віват, Баян!” у Самары скончыўся пераканаўчай перамогай навучэнца Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава.

Дзмітрый Шыян сёлета адзін прадстаўляў Беларусь на конкурсе. Тым не менш, сямікласнік трыўмфальна перамог адразу ў дзвюх намінацыях. Ён стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі “Вар’етэ” і лаўрэатам II ступені ў намінацыі “Класіка”.

Дзмітрый разам з педагогам Аляксандрам Кобравым цэлае лета рыхтаваўся да гэтага прэстыжнага спаборніцтва і вывучыў 2 конкурсныя праграмы для розных намінацый. Неверагодная працавітасць, артыстызм, любоў да сваёй прылады і велізарная падтрымка сям’і – вось складнікі поспеху Зміцера, паведамляе Веснік Магілёва.

Дзмітрый не прывык спачываць на лаўрах. Цяпер ён старанна рыхтуецца да новых спаборніцтваў. Наперадзе ўдзел у другім туры прэстыжнага конкурсу ў Маскве, дзе Дзмітрый Шыян таксама будзе адзіным баяністам ад Беларусі. 

Магілёўскія фельчары – адны з лепшых у Беларусі

На Рэспубліканскіх спаборніцтвах брыгада хуткай дапамогі з Магілёва спаборнічала сярод 15 каманд і заняла трэцяе месца.

Удзельнікі сутыкаліся з мадэляванымі экстраннымі сітуацыямі і здарэннямі. Каманда статыстаў разыгрывала выпадкі, максімальна набліжаныя да рэальных.

Медыкам прыйшлося паказваць камандную работу, здольнасць прымаць аптымальныя рашэнні для выратавання жыцця пацыента ва ўмовах, абмежаваных часам і прасторай. А таксама – зладжанасць пры ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый, уменне спецыялістаў аналізаваць атрыманую аб здарэнні інфармацыю, аператыўна прымаць тактычныя рашэнні аб парадку арганізацыі і аказанні дапамогі, паўнату аказання дапамогі пацыентам. 

Другія адкрытыя Рэспубліканскія спаборніцтвы брыгад хуткай медычнай дапамогі праходзілі ў Мінскай вобласці 21–23 верасня. Фельчарская брыгада з Магілёва заняла ганаровае 3 месца ва ўпартай барацьбе – паведамляе магілёўская рэдакцыя тэлеканала “Беларусь-4”. Магілёўчане спаборнічалі са зборнымі ўсіх абласцей Беларусі, горада Мінска, а таксама расійскімі камандамі з Валгаграда і Новасібірска. Усяго ў “медычных гульнях” прынялі ўдзел 15 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. 

Правядзенне спаборніцтваў арганізавалі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскі камітэт беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.

Магілёвец, які імкнуўся далучыцца да палка Каліноўскага, быў асуджаны ў Гомелі

Яго затрымалі на ўкраінскай мяжы. Прысуд – 2 гады і 6 месяцаў зняволення, канфіскаваны мабільны тэлефон.

Імя абвінавачанага не паведамляецца, вядома што справа разглядалася на закрытым судовым пасяджэнні. 28-гадовы мужчына з лютага па май 2022 года шукаў інфармацыю пра тое, як можна далучыцца да беларускага добраахвотнага падраздзялення ў шэрагах украінскай арміі – палка імя Кастуся Каліноўскага. 

Магілёвец быў затрыманы падчас перасячэнні дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. Па рашэнні суда, ён быў прызнаны вінаватым у падрыхтоўцы да ўдзелу ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзелу ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без паўнамоцтва дзяржавы. Мужчыне прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама ў даход дзяржавы быў канфіскаваны мабільны тэлефон.

Магілёўскі драмтэатр – гісторыя аднаго будынка і відэазамалёўка ад Магілёў.media

Яго будаўніцтва стала падзеяй для горада, а ў 1985 годзе міністэрства культуры хацела яго разбурыць – але будынак адстаяла грамадскасць. 

Думка аб пастаянным тэатры ў Магілёве зарадзілася яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. У 1847 годзе магілёўскі губернатар М. А. Гамалея неаднаразова звяртаўся ў вышэйшыя інстанцыі з прапановай стварэння ў горадзе тэатра, аднак адсутнасць матэрыяльных сродкаў рабіла гэта немагчымым. Тады было вырашана сабраць сродкі праз народныя ахвяраванні.

Запрашэнне да ахвяраванняў суправаджалася наступным зваротам: “Адсутнасць у Магілёве тэатра – істотнай прыналежнасці ўсякага губернскага горада – адчуваецца ўсімі гараджанамі. Спектаклі, якія даюцца тут прыезджымі трупамі акцёраў, звычайна ўладкоўваюцца так-сяк у прыватнай, зусім непрыстасаванай хаце і таму… не адказваюць свайму значэнню, а недахоп месцаў не дае магчымасці наведваць тэатральныя відовішчы найбяднейшаму насельніцтву, якое такім чынам пазбаўлена адной з найкарысных забаваў, што можа паслужыць таксама і выхаваўчым сродкам. З прычыны гэтага пабудаваць, хаця б сціплы, але прыстойны будынак пастаяннага тэатра ўяўляецца настойлівай неабходнасцю… Усялякая добраахвотная лепта будзе прынята з удзячнасцю і глыбокай падзякай.”

 

Праект будынка распрацаваў губернскі архітэктар П. Р. Камбураў, будаўніцтва вёў інжынер У. С. Мільяноўскі. Тэатр пачалі будаваць у 1886 г., калі па ўсёй губерні былі сабраны неабходныя сродкі. У 1888 г. будаўніцтва было завершана, а праз год адкрыты першы тэатральны сезон пастаяннай драматычнай трупы Дзеркача.

Месца для тэатра было выбрана ў цэнтры горада на скрыжаванні Дняпроўскага праспекта (вул. Першамайская) і вул. Дваранскай (вул. Камсамольская). Калісьці тут праходзіў роў з абарончым валам, які быў скапаны ў 1809 г.

Але тэхнічна месца было не зусім удалым: там, дзе раней праходзіў роў, трэба было закласці фундаменты глыбінёй да 15 аршын (прыкладна 10,6 м). Гэта запатрабавала больш сродкаў, чым было выдаткавана на будаўніцтва, таму тэхнічнае абсталяванне (жалезная заслона, сістэма пажарных лесвіц, водаправодных труб і інш.) было ўстаноўлена не цалкам. З-за нізкай якасці мясцовай цэглы (слабая трываласць) давялося адмовіцца ад першапачатковага праекта трохпавярховага будынка эліпсавіднай формы.

Тэхнічныя недапрацоўкі і памылкі неаднаразова сказваліся на стане будынка, і ў 1980-х гадах ён прыйшоў у заняпад.

У 1985 г. Міністэрства культуры Беларусі прапанавала разбурыць тэатр, а на яго месцы пабудаваць новы, на што выдаткавала сродкі. Аднак на абарону старога тэатра стала грамадскасць горада. Тэатр амаль на 15 год зачынілі на рэканструкцыю, пасля якой у 2000 г. ён быў уведзены ў строй.