Магілёўскі ліцэй МУС, які “аджаў” у гараджан стадыён “Лакаматыў”, дае свае тлумачэнні

Тлумачэнні аказаліся па-міліцэйску простымі – мы ўсё забралі і кропка, а вінаватыя ў гэтым самі магілёўцы.

Днямі магілёўскую грамадскасць здзівілі новаўвядзенні на тэрыторыі стадыёна “Лакаматыў” каля чыгуначнага вакзала. На браме спартовага комплекса з’явілася аб’ява, што цяпер уваход на яго тэрыторыю пасля 18:00 забаронены. Лішне казаць – гэтая навіна стала непрыемнай для аматараў здаровага ладу жыцця, што пражываюць у раёне вакзала, а таксама для тых, хто рэгулярна карыстаўся басейнам у “Лакаматыве” ў вячэрні час.

Каб “супакоіць” грамадскасць, дзяржаўны Тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад” узяў інтэрв’ю ў начальніцы Цэнтра спартыўна-масавай работы ліцэя МУС Ларысы Сярмяжка. Чыноўніца ніякага спачування, аднак, не выказала, і толькі паўтарыла тэзіс, што быццам бы ў вячэрні час на “Лакаматыве” людзі пакідалі за сабой смецце і не прыбіраліся. Пагэтаму “цяпер так не будзе”. Такім чынам, стадыён закрыты з 18:00 і кропка.

Што да смецця – то тут не прагучала ніякіх ні доказаў, ні параўнанняў. З такім аргументам можна, па-сутнасці, забараніць усё на свеце. Напрыклад, гуляць па Ленінскай, альбо па парку ў Падміколлі – дастаткова будзе проста абвінаваціць, што ў кагосьці попел упаў з папіросы.  

Яшчэ адзін аргумент, які паспрабавала агучыць Ларыса Сярмяжка, прагучаў у такой танальнасці – тут жа будуць вучыцца дзеці, у тым ліку і нашыя дзеці. Узнікае пытанне ў адказ на гэта. А што, у астатніх школах, ліцэях, гімназіях, каледжах горада – хіба не дзеці вучацца? Чаму кіраўніцтва нармальных навучальных устаноў не агароджвае тэрыторыю сваіх спартыўных комплексаў і не замыкае брамку на замок? Можа, там ніхто ні разу не выкінуў паперку міма сметніцы за ўсё жыццё?

Як адзначаў у свой час канал MAYDAY.TEAM, новаствораны ў Магілёве ліцэй МУС яшчэ і не пачынаў сваю працу, а ўжо “аджаў” у чыгуначнікаў і ў горада цэлы спартыўны комплекс. Спецыялізаваны ліцэй МУС у Магілёве зойме большую палову будынка магілёўскага падраздзялення Дарожнага цэнтра па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў Беларускай чыгункі. Гаворка ідзе пра вялікую тэрыторыю за Домам культуры чыгуначнікаў.

Ліцэй МУС павінен пачаць працу з 1 верасня, і ў першы год колькасць курсантаў будзе невялікай. Толькі праз пару гадоў планавалася пад патрэбы МУС забраць размешчаны побач спорткомплекс “Лакаматыў”, пабудаваны калісьці для чыгуначнікаў і за грошы чыгуначнікаў. Але чакаць не сталі. 

Фота з адкрытых крыніц

Ліцэй МУС адкрыецца ў Магілёве ў наступным годзе – падпісаны ўказ

Яшчэ ў саквіку стала вядома, што першы абласны ліцэй Міністэрства ўнутраных спраў з’явіцца ў Магілёве ў 2024 годзе. Цяпер жа адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. 

Фота ілюстрацыйнае

Першы абласны ліцэй МУС адкрыецца ў Магілёве ў наступным годзе

У 2024 годзе запрацуе першы абласны ліцэй Міністэрства унутраных спраў  – паведаміў міністр Іван Кубракоў.

У Магілёве ўжо падабраны будынак пад размяшчэнне ліцэя МУС, вядуцца праектныя работы. Чакаецца, што ўжо ў 2024 годзе ліцэй запрацуе ў Магілёве. Гэта будзе першы абласны профільны ліцэй МУС у краіне. 

Фота ілюстрацыйнае.

Міністэрства ўнутраных спраў праводзіць апытанне, дзе адкрыць яшчэ адзін міліцэйскі ліцэй

Найбольшыя шанцы мае Магілёў. 

Зараз у Беларусі працуе адзін ліцэй МУС – у Мінску. Беларусаў просяць выказацца пра тое, у якім абласным цэнтры, акрамя сталіцы, варта адкрыць другую спецыялізаваную навучальную ўстанову. Паводле нашай інфармацыі Магілёў.media, магілёўскіх школьнікаў і бацькоў просяць прыняць удзел у галасаванні на сайце МУС і выбраць менавіта Магілёў.

Акрамя выбару месца адкрыцця ліцэю, на галасаванне вынесена таксама пытанне пра пол навучэнцаў. Прапануецца, каб гэта былі не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. 

Размовы пра верагоднасць адкрыцця ў Магілёве ліцэю МУС вядуцца ўжо некалькі гадоў. Міністр унутраных спраў у пачатку навучальнага года заявіў, што прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні ліцэя ў адным з рэгіёнаў Беларусі, для чаго ідзе вывучэнне грамадскай думкі. 

У “Спецыялізаваны ліцэй МУС Беларусі” можна паступіць з 12 гадоў, пасля заканчэння шасці класаў сярэдняй школы. Тэрмін навучання ў ліцэі – 5 гадоў, пасля чаго навучэнцы на льготных умовах паступаюць у міліцэйскія ВНУ краіны.

Выглядае, што найбольш верагоднай пляцоўкай для размяшчэння новага ліцэю выступае Магілёў, бо тут знаходзіцца Інстытут МУС РБ – ёсць выкладчыцкія кадры. Можна знайсці і матэрыяльна-тэхнічную базу, напрыклад, выкарыстаўшы памяшканні адной з закрытых прафесійна-тэхнічных устаноў.  

З іншага боку, у Магілёве ўжо ёсць абласная кадэцкая вучэльня. У верасні 53 яе выхаванцы прайшлі курс маладога байца і прынялі прысягу на вернасць Радзіме і кадэцкаму братэрству.