Дзень 9 кастрычніка. Паўстанне ў Магілёве – сталіцы “Літоўскіх бунтаў”. Граф на Быхаве Хадкевіч здабывае адну з найвялікшых перамог у гісторыі Еўропы

Сусветны дзень пошты і тыдзень ліста ААН (з 1969 года). У 1874 годзе 22 краіны свету аб’ядналіся ў Сусветны паштовы саюз.

На тэрыторыі Беларусі рэгулярная паштовая сувязь арганізавана ў 1667 годзе.

1618 год. Выбухнула Магілёўскае паўстанне 1618 году. Выступленне месцічаў супраць прымусовага ўвядзеньня царкоўнай уніі.

У гэты дзень полацкі ўніяцкі архіяпіскап Язафат Кунцэвіч прыбыў да Магілёва з намерам зачыніць праваслаўныя цэрквы. Магістрат адмовіўся падпарадкавацца ўніяцкай мітраполіі. Пры набліжэнні Кунцэвіча месцічы замкнулі браму і ўсталявалі на гарадзкім вале гарматы. 

Кунцэвіч выехаў у Варшаву да вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы, які 22 сакавіка 1619 года выдаў унівэрсал аб выраку на смерць 20 удзельнікаў выступленьня і накладанні на месцічаў спагнаньня. 

Смяротны прысуд не быў выкананы, затрымаўшыся ў юрыдычных калізіях і гасціннасці магілёўцаў што да каралеўскіх паслоў.

1621 год. Войска Рэчы Паспалітай з быхаўскім графам Янам Каралем Хадкевічам на чале перамагло асманскую армію Асмана II у бітве пад Хоцінам. 

Бітва цягнулася з 2 верасня па 9 кастрычніка. 

Войскі Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва мелі толькі 58 тысяч чалавек, а  Атаманскай імперыі – каля 200 тысяч. 

Войска Рэчы Паспалітай абаранялася пяхотай на земляных валах табара, і выкарыстоўвала контратакі конніцай, асабліва гусарыяй, пад агнявым прыкрыццём з валоў. 

Запасы ў табары вычэрпваліся і вядома легенда, што ў дзень падпісання перамір’я 9 кастрычніка ў табары не было ані харчу, ані фуражу, і заставалася толькі адна бочка пораху.

Наступствы перамогі мелі вялікае міжнароднае значэнне. Турцыя адмовілася ад планаў заваёвы Еўропы, аслабла султанская ўлада. 

Быхаўскі граф Ян Караль Хадкевіч, які камандаваў войскамі Рэчы Паспалітай, памёр падчас бітвы.

1708 год. У ходзе Паўночнай вайны рускія войскі ў бітве пры Лясной пад Прапойскам (зараз Слаўгарад) упершыню перамаглі шведаў.

Па словах Пятра I бітва пад Лясной – «маці Палтаўскай бітвы». Палтаўская бітва адбылася роўна праз 9 месяцаў.

З нагоды падзеі, у аграгарадку Лясная адбываецца штогадовая акцыя “Лясная – месца воінскай славы”. 

Пра святочныя мерапрыемствы ў гэтым годзе чытайце ў матэрыяле Магілёў.media.

1780 год. Сфармаваўся Вялікі ўраган 1780 года. 

Самы смяротны ўраган Атлантыкі за ўсю гісторыю назірання. 

За 10 дзён забраў 22 тысячы  жыццяў.

1920 год. Войскі генерала Люцыяна Жалігоўскага занялі Вільню і Віленскі край.

У мемуарах ураджэнец Ашмян Жалігоўскі пісаў: 

“9 кастрычніка 1920 г… заняў Вільню не польскі генэрал Жалігоўскі, а літвін Жалігоўскі. Мараю гэтага апошняга было жыць сярод суайчыньнікаў на літоўскай зямлі. 

Я не вылучаў сярод іх ні палякаў, ні русінаў, ні жмудзінаў. Будучы літвінам, я ніколі не пераставаў быць палякам. Два гэтыя паняцці звязаныя між сабою. Яны ўзаемна дапаўняюць адно другое”.

12 кастрычніка 1920 года Л. Жалігоўскі абвясціў аб стварэнні асобнай дзяржавы – Сярэдняй Літвы.

1924 год. Нарадзіўся Аляксандар Аксёнаў. 

Беларускі і савецкі палітык і дыпламат.

Працаваў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ,  намесніка старшыні КДБ, міністрам МУС (1960-1965), старшынёй Савету міністраў БССР (1978-1983), амбасадарам СССР у Польшчы.

На пасадзе старшыні Дзяржкамітэту СССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (1985-1989) спрыяў дэмакратызацыі дзяржаўных СМІ.

1929 год. Памёр Адам Лісоўскі. 

Адзін з заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху, каталіцкі святар. Служыў у розных парафіях на беларускіх землях, у тым ліку ў Магілёве.

У 1922 годзе арыштаваны савецкімі ўладамі, асуджаны на 5 гадоў турмы. У 1924 годзе ў выніку абмену палітычнымі вязнямі выехаў у Польшчу.

Праваднік  беларусізацыі  касцёла. Пераклаў на беларускую мову некаторыя часткі Новага Запавету.

Адыграў вялікую ролю ў лёсе ксяндза Адама Станкевіча і яго беларускай нацыянальнай свядомасці.

1940 год. А 6:30 падчас налёту нямецкай авіяцыі на Ліверпуль нарадзіўся Джон Ленан. 

Брытанскі рок-музыкант, спявак, кампазітар, гітарыст, піяніст, паэт, акцёр, грамадскі дзеяч, мастак, пісьменнік. 

Заснавальнік і ўдзельнік гурта «The Beatles». Адзін з найбольш папулярных музыкантаў XX стагоддзя.

Быў забіты ў 1980 годзе.

1976 год. У Нью-Ёрку памёр Павал Пракапеня. 

Беларускі, польскі і расейскі оперны спявак, бас-барытон.

Да вайны спяваў разам з вядомыі артыстамі Янам Кяпурам,  Ежы Сямёнавым, гастраляваў у родным Навагрудку.

У Польскім Войску У. Андэрса быў артыстам ансамбля Карпацкай брыгады. Пасля вайны жыў у ЗША. 

Аб’ездзіў з канцэртамі паўсвету, але ў Польшчу, Беларусь  шлях яму быў зачынены.

У песенным рэпертуары прадстаўлены польскія, беларускія, расійскія народныя песні. У 1943 зняўся ў дакумэнтальным фільме «Шатландская мазурка».

1977 год. Першы раз паляцеў у космас ураджэнец Беларусі  Уладзімір Кавалёнак. 

Двойчы Герой Савецкага Саюза. Генерал-палкоўнік авіяцыі, кандыдат тэхнічных навук.

Палёт цягнуўся з 9 па 11 кастрычніка, 2 дні 44 хвіліны і 45 секунд, на касмічным караблі «Саюз-25». 

Па праграме палёту «Саюз-25» павінен быў састыкавацца са станцыяй «Салют-6», але з-за няштатных рэжымаў работы сістэмы збліжэння стыкоўку ажыццявіць не ўдалося і палёт быў датэрмінова спынены.

1984 год. нарадзілася Валярына (Валерыя) Кустава. 

Беларуская паэтэса, літаратар. Працавала ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Перакладчыца з беларускай, расейскай, украінскай, польскай моў. 

У лютым 2018 года ў Беларускім Доме ў Варшаве на Дзень роднай мовы правяла «Нацыянальную дыктоўку» да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

У чэрвені 2021 году з прычыны пераследу з боку ўладаў пакінула Беларусь.

 

З Беларусі цяпер можна без абмежаванняў вывозіць цукар, але ўсё яшчэ нельга грэчку і муку

Урад адмяніў ліцэнзаванне на вываз цукру за межы Беларусі.Заяўляецца, што адмена ліцэнзавання выклікана стабілізацыяй сітуацыі і знікненнем розніцы цэн на цукар на ўнутраным і знешнім рынках.  Таксама гэта звязана з пачаткам сезона перапрацоўкі цукровых буракоў ураджаю 2022 года, а таксама неабходнасцю для цукраперапрацоўчых заводаў больш аператыўна праводзіць работу па адгрузцы прадукцыі па экспартных кантрактах – паведамляе БелТА.

Адначасова, забарона на вываз з краіны пшанічнай мукі і грэчкі была падоўжаная. Паведамляецца, што забарона вывазу за межы краіны круп з грэчкі, грэчкавага збожжа, гатовых харчовых прадуктаў з грэчкі, мукі пшанічнай з пшаніцы мяккай і спельты будзе дзейнічаць тры месяцы.

 

Дзень у гісторыі. 8 кастрычніка. Выданне «Граматыкі словеньска языка». Вызваленне Чавусаў ад маскоўскай акупацыі. Самы разбуральны пажар у гісторыі ЗША

1500 год. У час знаходжання ў Браславе Вялікага князя ВКЛ Аляксандра гораду дараваны прывілей на магдэбургскае права (няпоўнае).  

Герб «Вока прадбачання»  горад атрымаў 2 чэрвеня 1792 г. у адпаведнасці з прывілеем Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 

Горад вядомы з 1065 года. Мае 9,4 тысяч жыхароў, цэнтр турызму нацыянальнага значэння. 

У горадзе праводзіцца штогадовы фестываль “Віва Браслаў”.

1586 год. У Вільні ў друкарні Мамонічаў выдадзена першая друкаваная граматыка царкоўнаславянскай мовы –  «Граматыка словеньска языка»

Аўтарства трактату прыпісваецца Іаану Дамаскіну, пераклад на царкоўнаславянскую мову – Іаану Экзарху. 

Некаторыя даследчыкі лічаць аўтарам гэтага выдання Івана Фёдарава.

1660 год. Каля Чавусаў войска Рэчы Паспалітай адбіла наступленне рускай арміі, што вымусіла яе адступаць да Смаленска. 

Чавусы былі вызвалены ад маскоўскай акупацыі.

1831 год. Нарадзіўся Міхал Ельскі. 

Беларускі скрыпач, кампазітар, музычны пісьменнік.

Актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця Беларусі, дабрачынных канцэртаў, сустваральнік Мінскага музычна-літаратурнага таварыства (1880).

Сабраў дзесяткі народных мелодый, напісаў працы «Народныя танцы Мінскай губерні», «Вывучэнне музыкі».

Аўтар каля 100 музычных твораў.

Выступаў з канцэртамі ў беларускіх і еўрапейскіх гарадах.

1871 год. У ЗША адбыўся самы разбуральны пажар у гісторыі краіны. 

Ці то з-за каровы, якая збіла ліхтар у хляве, ці то з-за злодзея, які быў неасцярожны з агнём, выгарэў увесь цэнтр Чыкага з 48 кварталамі. 

З 300 тысяч жыхароў 90 тысяч засталіся без прытулку. Загінула каля 300 чалавек.

1899 год. На тэрыторыі Магілёўскай губерні ўсталявалася самае ранняе снежнае покрыва за ўвесь час метэаназіранняў.

1902 год. У в. Выдранка Краснапольскага раёна нарадзіўся Канстанцін Кернажыцкі

Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук

Даследаваў аграрную гісторыю Беларусі познефеадальнай і капіталістычнай эпох, эвалюцыю феадальнага спосабу вытворчасці, капіталізму.

Разам з Дз. Дудковым абгрунтаваў капіталістычны характар аграрнага ладу Беларусі пасля сялянскай рэформы 1861 года.

Адзін са складальнікаў зборніка дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (1936).

Памёр у ГУЛАГу ў 1942 годзе.

1910 год. Пайшла з жыцця Марыя Канапніцкая.

Паэтэса, перакладчыца, буйнейшы майстар польскай рэалістычнай літаратуры.

Змагарка за правы жанчын. Блізкая сяброўка Элізы Ажэшкі. 

Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я. Лучынам.

Аўтар цыклаў вершаў, эпічных паэм, зборнікаў апавяданняў,  цыклаў народных песняў «З лугоў і палёў», «На жалейцы», кнігі «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899).

Асноўныя матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці.  

1943 год. Загінуў Андрэй Мрый. 

Беларускі празаік, журналіст, перакладчык. Ураджэнец в. Палуж Краснапольскага раёна.

Вязень ГУЛАГу. 

Найбольш вядомы сваім сатырычным раманам на савецкую рэчаіснасць «Запіскі Самсона Самасуя».

Супрацоўнік часопіса «Наш край», інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша», стылістычны рэдактар у газеце «Звязда».

У Магілёве яго імя носіць бульвар.

1967 года. У Вялікабрытаніі ўпершыню прыняты закон, які рэгламентуе ўтрыманне алкаголю ў крыві вадзіцеляў.

Калі б гэты закон не быў прыняты і паліцыя не кантралявала вадзіцеляў на алкаголь, то наша краіна  за 10 гадоў страціла б 62 000 чалавек.

1991 год. Памерла Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая-Войцік). 

Беларуская пісьменніца і грамадскі дзеяч.

Аўтар «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (1924), «Гісторыя ўжывання зёлак у лячэнні» (1934), кнігі вершаў для дзяцей «Каласкі» (1985), успамінаў пра М. Багдановіча, У. Галубка, Ядвігіна Ш. і іншых.

 

Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца за кратамі, атрымаў Нобелеўскую прэмію міру

Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Нобелеўскага камітэта. Разам з беларускім праваабаронцам прэмію атрымалі «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны.

З 2021 года 60-гадовы Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі. Ён ужо двойчы адбывае крымінальнае пакаранне. Першы раз улады пасадзілі Бяляцкага ў 2010 годзе, але гэта не спыніла дзейнасці ўзгадаванай ім праваабарончай арганізацыі. Алесь Бяляцкі – адданы барацьбіт за правы чалавека, дэмакратычныя і нацыянальныя каштоўнасці беларускага народа.

Па трасе Магілёў-Мінск бегала мядзведзяня – відэа

Жывёла была заўважаная на ўчастку дарогі пад Беразіно. Ранішняе відэа з ім, знятае пасажырам адной з машын на трасе М4 было выкладзена ў сацыяльных сетках.

Мядзведзяня бегла здоўж падзяляльнай паласы, а з набліжэннем аўтамабіля пачало шукаць магчымасць вярнуцца ў лес. Верагодна, яно трапіла на праезжую частку праз дзірку ў ахоўнай агароджы.

Падобныя выпадкі ўжо не раз здараліся на гэтым участку трасы М4.Так, дарослы мядзведзь быў неаднаразова заўважаны пад Беразіно ў 2018 годзе – пісалі “Магілёўскія ведамасці”. 

– Агароджы павінны накіроўваць жывёл да экадукаў, спецыяльных экалагічных мастоў, але ў Беларусі агароджы ставяць, а на экадукі грошай няма. – тлумачылі выданню спецыялісты – Алень ці мядзведзь, вядомы міграцыйным інстынктам, ідзе ўздоўж металічнай агароджы, пакуль не знойдзе адтуліну або праход для другараднай дарогі на скрыжаванні, праз які пападае на трасу і ўжо не можа з яе сысці.

Пра нечаканую актыўнасць медзвядзёў на Магілёўшчыне ў апошнія часы пісалі таксама і Магілёў.media. Нагадаем, што навукоўцы ахнулі, калі падлічылі рэльную колькасць гэтай жывёлы па краіне. Матэрыял “Мядзведзі запаланілі лясы Магілёўшчыны? Разбіраемся” можна прачытаць па гэтай спасылцы

Дзень у гісторыі. 7 кастрычніка. Асвячэнне нясвіжскага касцёла Божага Цела. Дзень нараджэння філолага Івана Насовіча, пісьменніка Івана Пташнікава. Прыняцце “Брэжнеўскай канстытуцыі”

1601 год. Адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. 

Архітэктурны помнік ранняга барока.

Першы езуіцкі касцёл, першая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым барочным фасадам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Радавы магільны склеп Радзівілаў.

Узведзены ў 1587-1593 гг. па праекце архітэктара Яна Марыі Бернардоні.

1788 год. У в. Гразівец Чавускага раёна нарадзіўся Іван Насовіч.

Філолаг, этнограф і фалькларыст.

Стваральнік «Слоўніка беларускай мовы», «Слоўніка беларускай гаворкі» (больш за 30 тыс. слоў), «Зборніка беларускіх прыказак».

Аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.

Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 году.

1912 год. Нарадзіўся Юрый Жывіца (Попка). 

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, выдавец, пісьменнік.

Актыўны ўдзельнік грамадска-палітычнага жыцця беларускай эміграцыі ў Германіі. 

Кіраўнік «Згуртавання беларускіх патрыётаў», палітычна-прапагандысцкага аддзела Галоўнага штаба Беларускага Вызваленчага Фронту.

Заснавальнік  Беларускага музея ў Лаймене, Інстытута Беларусаведы, часопіса «Весткі Інстытута беларусаведы». 

Усталяваў у нямецкім Лаймене помнік загінулым у 1939-1945 гадах беларусам.

1932 год. Нарадзіўся Іван Пташнікаў

Беларускі пісьменнік. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа.

Аўтар вершаў, шэрагу кніг, раманаў, аповесцей, апавяданняў.

Творчая прыхільнасць — тэма вайны (“Тартак”, “Найдорф”), вясковая тэматыка. Яго творчасці ўласцівыя веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін.

Памёр у 2016 годзе.

1939 год. Памёр Раман Скірмунт

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня ўрада БНР. 

Мецэнат, значны землеўладальнік. 

Дэпутат I Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні. 

Сенатар Польшчы (1930-1935).

1943 год. Нарадзіўся Яўген Шыпіла

Беларускі акцёр. Народны артыст.

Усё жыццё прысвяціў служэнню ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

Найбольш значныя ролі стварыў у беларускім нацыянальным рэпертуары: дзед Курыла («Сымон-музыка» паводле Я. Коласа), Несцерка («Несцерка» B. Вольскага), Андрэй Буслай, Мульцік («Парог», «Вечар» А. Дударава), Канстанцін Заслонаў («Паядынак» М. Матукоўскага) і іншыя.

Памёр у 1999 годзе.

1944 год. Загінуў Змітрок Астапенка

Беларускі паэт, празаік, перакладчы. Вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (з паэтам А. Куляшовым).

Двойчы арыштоўваўся (1933 і 1936) і асуджаўся як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі». 

Пакаранне адбываў у Сібіры (некаторы час разам з М. Лужаніным).

Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі.

Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры, аўтар навукова-фантастычнага рамана «Вызваленне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932).

Перакладчык з украінскай і рускай моў, у тым ліку рамана М. Горкага «Маці» (1932).

На фота – у цэнтры

1956 год. Нарадзіўся Вячаслаў Швед.

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук.

Даследуе пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі XIX стагоддзя, 1772-1863 гадоў,  гісторыі Гродна і Гродзеншчыны, развіццё турызму ў Панямонні.

У 2013 годзе звольнены з працы ў Гродненскім дзяржаўным універсітэце. 

Выступіў у СМІ з адкрытым лістом, заявіўшы, што звальненне з’яўляецца палітычным.

Выдаленне з універсітэту Шведа асудзіў у тым ліку і польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі.

1977 год. У СССР прынята апошняя, “Брэжнеўская канстытуцыя” замест “сталінскай” 1936 года. 

Дзейнічала з 1977 па 1991 год. “Канстытуцыя развітага сацыялізма”.

Асноўны закон 1977 года ўяўляў сабой больш высокі ўзровень канстытуцыйнага заканадаўства. 

Замацоўвала за кожнай саюзнай рэспублікай права выхаду са складу СССР.

2009 год. У Мінску адкрылася мастацкая “Галерэя Ў”.  

Галерэя сучаснага мастацтва аб’яднала пад адным дахам выставачную залу, кнігарню, кавярню і бібліятэку па сучасным мастацтве. 

На штогадовай выставе-кірмашы сучаснага мастацтва “ArtVilnius”, якая праходзіць у Вільнюсе, беларуская галерэя “Ў” двойчы, у 2011 і 2016 гадах, прызнавалася лепшай замежнай галерэяй.

 

Калектар на Фаціна ў Магілёве размываецца дажджамі, прорва хутка дойдзе да жылых дамоў

Як паведамляюць нашы чытачы, ліўневая каналізацыя каля Фацінскай затокі за апошнія дні моцна апаўзла. У глыбокім рве калектара бязладна валяюцца кольцы трубы, па якой мусіць выцякаць вада з ліўнёвак мікрараёна. 

На спадарожнікавым здымку, размешчаным ніжэй, можна пабачыць, якім быў памер размытай часткі калектара на 2021 год – сіняя стрэлка – і дзе пачынаецца роў цяпер – чырвоная стрэлка.

“Вялікі Фацінскі каньён”, як называюць яго чытачы, дабраўся ўжо да імпазантнага карабліка, выкінутага на бераг, а да прыватнага сектара засталося метраў пяцьдзясят.

 

Пайшоў з жыцця архімандрыт Кірыл – адзін з самых знакавых праваслаўных святароў Магілёўшчыны

За савецкім часам яго катавала міліцыя, выбіўшы зубы і паламаўшы рэбры. Каб разлучыць сям’ю, яго жонку ўцягнулі ў мастацкую самадзейнасць – і яна пакінула святара. Падрабязна расказваем пра жыццёвы шлях нязломнага чалавека.

5 кастрычніка на 97-м годзе жыцця памёр архімандрыт Кірыл – Ганаровы грамадзянін Хоцімскага раёна і Ганаровы настаяцель Свята-Траецкага сабора ў Хоцімску, адраджэнец гэтага храма.

За яго плячыма – 63 гады пастырства, 39 гадоў малітваў і чаканняў, 50 000 хрэснікаў у краі. Дзесяцігоддзі цяжкай працы пад шквалам прыніжэнняў і абраз. Здрада жонкі, арышты міліцыяй, збіццё сілавікамі, збіццё ўдарамі кованых ботаў, выбіццё зубоў, зламаныя рэбры, пераслед савецкімі ўладамі, маральныя пакуты. 

Біяграфія Кірыла.

Архімандрыт Кірыл (Бадзіч). Вялікі падзвіжнік і малітоўнік. 

За час знаходжання ў Хоцімску не прапусціў ніводнага богаслужэння, не браў адпачынак, не нажыў асабістага багацця. 

Амаль да 91-гадовага ўзросту вёў царкоўныя службы. 

Аляксей Пятровіч Бадзіч нарадзіўся 25 чэрвеня 1929 года (па пашпарце), 1926 года (па пасведчанні аб нараджэнні) у в. Ражковічы на Брэстчыне ў набожнай сям’і.

 Быў паслушнікам у Жыровіцкім манастыры. У 1958 годзе скончыў Мінскую духоўную семінарыю і быў пасвечаны ў сан дыякана, затым – іерэя і нарэшце быў прызначаны на прыход у Хоцімск. Па прыбыцці яго погляду паўстаў зняважаны сабор Святой Тройцы.

Велічны пяцігаловы сабор на тры пасады быў узведзены на добраахвотныя ахвяраванні ў памяць вызвалення сялян ад прыгоннага права і асвечаны ў 1873 годзе ў імя Святой Жываначальнай Тройцы, а яго прыбудоўкі – у гонар Казанскай іконы Прасвятой Багародзіцы і Свяціцеля.

belkraj.by

У 1929 годзе са званіцы храма знялі званы, у 1938 годзе сабор быў зачынены і разрабаваны. У ім былі банк, школа механізацыі, збожжасклад, раённы Дом культуры.

Нялёгка было айцу Аляксію, абапіраючыся толькі на старых і бабуль, супрацьстаяць націску бязбожнікаў з райкама і райвыканкама. Бязбожнікі ўсімі спосабамі спрабавалі пазбавіцца ад «дзейнага папа».

Жонку ўцягнулі ў мастацкую самадзейнасць

Паспрабавалі ўздзейнічаць на яго праз жонку, для чаго ўцягнулі яе ў мастацкую самадзейнасць і прыступілі да ідэалагічнай апрацоўкі. Маладая жанчына паддалася і распачала шлюбаразводны працэс.

У снежні 1960 года, у абласной газеце з’явілася публікацыя, прасякнутая духам хрушчоўскага наступу на «рэлігійны элемент», якая мела на мэце маральна знішчыць айца Аляксія.

Здрада жонкі і хамскі выпад у друку сталі для бацькі Аляксія вялікім ударам. Але ён знайшоў у сабе сілы не зламацца і не кінуць усё, а неўзабаве пайшоў з галавой ва ўладкаванне прыхода.

У 1962 годзе айцец Алексій увогуле ледзь было не пазбавіўся месца, калі па рашэнні мясцовых уладаў паўстала пытанне аб зносе могілкавай капліцы. Над святаром быў устаноўлены пастаянны кантроль, і пасля кожнага «парушэння» рушыў выклік у КДБ. Святара затрымлівала міліцыя, трымалі пад арыштам, збівалі кулакамі, абсыпалі ўдарамі кованых ботаў, выбілі яму пярэднія зубы, зламалі некалькі рэбраў і пакінулі валяцца ў падвале.

Усё гэта святар стрываў мужна і дараваў сваім крыўдзіцелям.

Пасля саветаў

У 1991 годзе будынак Дома культуры быў вернуты зноў утворанаму праваслаўнаму Свята-Троіцкаму прыходу. Пробашч, стаўшы протаіерэем, з раніцы да позняга вечара працаваў над аднаўленнем храма.

13 сакавіка 1992 года арцыбіскуп Магілёўскі і Мсціслаўскі Максім пастрыг протаіерэя Аляксія Бадзіча ў манаства з імем Кірыл у гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага.

7 мая таго ж года іераманах Кірыл стаў архімандрытам. Чын асвячэння абноўленай саборнай царквы здзейсніў у 1999 годзе Высокапраасвяшчэнны Максім.

13 мая 2004 года з Мінска ў Хоцімск быў дастаўлены звон-дабравеснік (1 280 кг), адліты ў гонар 60-годдзя вызвалення пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на ахвяраванні прыхаджан і мецэнатаў. Яшчэ два званы дастаўлены з Варшавы і Рыма. Астатнія 11 званоў, калісьці выкрадзеных з спустошаных парафіяльных цэркваў, святар сабраў па навакольных вёсках.

Кірыл ўзнагароджаны медалём Прападобнага Сергія Раданежскага, ордэнам роўнаапостальнага князя Уладзіміра III ступені, ордэнам свяціцеля Кірылы Тураўскага ІІ ступені.

У 2002 годзе атрымаў прэмію “За духоўнае адраджэнне”. У 2005, 2013 годзе “Чалавек года” Хоцімскага раёна, у 2009 годзе – узнагароджаны ганаровай граматай “За вялікі ўклад у духоўнае адраджэнне”. 

 

Пракурор Магілёўскай вобласці заняўся кароўнікамі Дрыбінскага раёна

Чарговыя “абасраныя каровы” і не толькі былі выяўлены на ўсіх сельгаспрадпрыемствах.

Пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк асабіста праводзіў надзорныя мерапрыемствы ў арганізацыях аграпрамысловага сектара – паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры Беларусі.

У ходзе праверкі ім было ўстаноўлена, што практычна ва ўсіх гаспадарках Дрыбінскага раёна не выконвалі ключавыя патрабаванні да ўмоў утрымання жывёлы. У асобных арганізацыях не выконвалі рацыёны кармлення буйной рагатай жывёлы, не прыбіралі своечасова адыходы жыццядзейнасці жывёл. Неналежным чынам захоўваўся корм. Часам прымяняліся ветэрынарныя прэпараты са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Па выніках праверкі 12 чалавек былі прыцягненыя да дысцыплінарнай адказнасці. Як заяўляецца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры, для ліквідацыі большасці парушэнняў не патрабуецца значных матэрыяльных затрат, а толькі выкананне вытворча-тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны ў гаспадарках.

У Бабруйску падрываюць знакаміты “храм Бахуса” – фота, відэа

Знос карпусоў былога вінзавода пачаўся ў панядзелак 3 кастрычніка. Як паведамлялі Магілёў.media, напярэдадні жыхароў бліжэйшых дамоў папрасілі раскрыць вокны, каб выбуховай хваляй не выбіла шкло.

Будынкі вінзаводу руйнавалі два дні па частках. Першай, 3 кастрычніка была ўзарваная чатырохпавярховая вежа. Імпазантны будынак віннага складу 1897 года пабудовы з надпісам “Vinitus Unitis” (“Таварыства вінаградараў”) на фасадзе быў знішчаны 4 кастрычніка двума выбухамі – паведамляе “Коммерческий курьер”.

Відэа з момантам аднаго з выбухаў на сваім YouTube-канале размясціў адзін з жыхароў горада.

Фота: komkur.info