Дзень у гісторыі. 7 кастрычніка. Асвячэнне нясвіжскага касцёла Божага Цела. Дзень нараджэння філолага Івана Насовіча, пісьменніка Івана Пташнікава. Прыняцце “Брэжнеўскай канстытуцыі”

1601 год. Адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. 

Архітэктурны помнік ранняга барока.

Першы езуіцкі касцёл, першая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым барочным фасадам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Радавы магільны склеп Радзівілаў.

Узведзены ў 1587-1593 гг. па праекце архітэктара Яна Марыі Бернардоні.

1788 год. У в. Гразівец Чавускага раёна нарадзіўся Іван Насовіч.

Філолаг, этнограф і фалькларыст.

Стваральнік «Слоўніка беларускай мовы», «Слоўніка беларускай гаворкі» (больш за 30 тыс. слоў), «Зборніка беларускіх прыказак».

Аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.

Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 году.

1912 год. Нарадзіўся Юрый Жывіца (Попка). 

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, выдавец, пісьменнік.

Актыўны ўдзельнік грамадска-палітычнага жыцця беларускай эміграцыі ў Германіі. 

Кіраўнік «Згуртавання беларускіх патрыётаў», палітычна-прапагандысцкага аддзела Галоўнага штаба Беларускага Вызваленчага Фронту.

Заснавальнік  Беларускага музея ў Лаймене, Інстытута Беларусаведы, часопіса «Весткі Інстытута беларусаведы». 

Усталяваў у нямецкім Лаймене помнік загінулым у 1939-1945 гадах беларусам.

1932 год. Нарадзіўся Іван Пташнікаў

Беларускі пісьменнік. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа.

Аўтар вершаў, шэрагу кніг, раманаў, аповесцей, апавяданняў.

Творчая прыхільнасць — тэма вайны (“Тартак”, “Найдорф”), вясковая тэматыка. Яго творчасці ўласцівыя веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін.

Памёр у 2016 годзе.

1939 год. Памёр Раман Скірмунт

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня ўрада БНР. 

Мецэнат, значны землеўладальнік. 

Дэпутат I Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні. 

Сенатар Польшчы (1930-1935).

1943 год. Нарадзіўся Яўген Шыпіла

Беларускі акцёр. Народны артыст.

Усё жыццё прысвяціў служэнню ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

Найбольш значныя ролі стварыў у беларускім нацыянальным рэпертуары: дзед Курыла («Сымон-музыка» паводле Я. Коласа), Несцерка («Несцерка» B. Вольскага), Андрэй Буслай, Мульцік («Парог», «Вечар» А. Дударава), Канстанцін Заслонаў («Паядынак» М. Матукоўскага) і іншыя.

Памёр у 1999 годзе.

1944 год. Загінуў Змітрок Астапенка

Беларускі паэт, празаік, перакладчы. Вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (з паэтам А. Куляшовым).

Двойчы арыштоўваўся (1933 і 1936) і асуджаўся як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі». 

Пакаранне адбываў у Сібіры (некаторы час разам з М. Лужаніным).

Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі.

Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры, аўтар навукова-фантастычнага рамана «Вызваленне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932).

Перакладчык з украінскай і рускай моў, у тым ліку рамана М. Горкага «Маці» (1932).

На фота – у цэнтры

1956 год. Нарадзіўся Вячаслаў Швед.

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук.

Даследуе пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі XIX стагоддзя, 1772-1863 гадоў,  гісторыі Гродна і Гродзеншчыны, развіццё турызму ў Панямонні.

У 2013 годзе звольнены з працы ў Гродненскім дзяржаўным універсітэце. 

Выступіў у СМІ з адкрытым лістом, заявіўшы, што звальненне з’яўляецца палітычным.

Выдаленне з універсітэту Шведа асудзіў у тым ліку і польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі.

1977 год. У СССР прынята апошняя, “Брэжнеўская канстытуцыя” замест “сталінскай” 1936 года. 

Дзейнічала з 1977 па 1991 год. “Канстытуцыя развітага сацыялізма”.

Асноўны закон 1977 года ўяўляў сабой больш высокі ўзровень канстытуцыйнага заканадаўства. 

Замацоўвала за кожнай саюзнай рэспублікай права выхаду са складу СССР.

2009 год. У Мінску адкрылася мастацкая “Галерэя Ў”.  

Галерэя сучаснага мастацтва аб’яднала пад адным дахам выставачную залу, кнігарню, кавярню і бібліятэку па сучасным мастацтве. 

На штогадовай выставе-кірмашы сучаснага мастацтва “ArtVilnius”, якая праходзіць у Вільнюсе, беларуская галерэя “Ў” двойчы, у 2011 і 2016 гадах, прызнавалася лепшай замежнай галерэяй.