Дзень у гісторыі. 7 кастрычніка. Асвячэнне нясвіжскага касцёла Божага Цела. Дзень нараджэння філолага Івана Насовіча, пісьменніка Івана Пташнікава. Прыняцце “Брэжнеўскай канстытуцыі”

1601 год. Адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. 

Архітэктурны помнік ранняга барока.

Першы езуіцкі касцёл, першая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым барочным фасадам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Радавы магільны склеп Радзівілаў.

Узведзены ў 1587-1593 гг. па праекце архітэктара Яна Марыі Бернардоні.

1788 год. У в. Гразівец Чавускага раёна нарадзіўся Іван Насовіч.

Філолаг, этнограф і фалькларыст.

Стваральнік «Слоўніка беларускай мовы», «Слоўніка беларускай гаворкі» (больш за 30 тыс. слоў), «Зборніка беларускіх прыказак».

Аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.

Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 году.

1912 год. Нарадзіўся Юрый Жывіца (Попка). 

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, выдавец, пісьменнік.

Актыўны ўдзельнік грамадска-палітычнага жыцця беларускай эміграцыі ў Германіі. 

Кіраўнік «Згуртавання беларускіх патрыётаў», палітычна-прапагандысцкага аддзела Галоўнага штаба Беларускага Вызваленчага Фронту.

Заснавальнік  Беларускага музея ў Лаймене, Інстытута Беларусаведы, часопіса «Весткі Інстытута беларусаведы». 

Усталяваў у нямецкім Лаймене помнік загінулым у 1939-1945 гадах беларусам.

1932 год. Нарадзіўся Іван Пташнікаў

Беларускі пісьменнік. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа.

Аўтар вершаў, шэрагу кніг, раманаў, аповесцей, апавяданняў.

Творчая прыхільнасць — тэма вайны (“Тартак”, “Найдорф”), вясковая тэматыка. Яго творчасці ўласцівыя веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін.

Памёр у 2016 годзе.

1939 год. Памёр Раман Скірмунт

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня ўрада БНР. 

Мецэнат, значны землеўладальнік. 

Дэпутат I Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні. 

Сенатар Польшчы (1930-1935).

1943 год. Нарадзіўся Яўген Шыпіла

Беларускі акцёр. Народны артыст.

Усё жыццё прысвяціў служэнню ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

Найбольш значныя ролі стварыў у беларускім нацыянальным рэпертуары: дзед Курыла («Сымон-музыка» паводле Я. Коласа), Несцерка («Несцерка» B. Вольскага), Андрэй Буслай, Мульцік («Парог», «Вечар» А. Дударава), Канстанцін Заслонаў («Паядынак» М. Матукоўскага) і іншыя.

Памёр у 1999 годзе.

1944 год. Загінуў Змітрок Астапенка

Беларускі паэт, празаік, перакладчы. Вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (з паэтам А. Куляшовым).

Двойчы арыштоўваўся (1933 і 1936) і асуджаўся як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі». 

Пакаранне адбываў у Сібіры (некаторы час разам з М. Лужаніным).

Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі.

Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры, аўтар навукова-фантастычнага рамана «Вызваленне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932).

Перакладчык з украінскай і рускай моў, у тым ліку рамана М. Горкага «Маці» (1932).

На фота – у цэнтры

1956 год. Нарадзіўся Вячаслаў Швед.

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук.

Даследуе пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі XIX стагоддзя, 1772-1863 гадоў,  гісторыі Гродна і Гродзеншчыны, развіццё турызму ў Панямонні.

У 2013 годзе звольнены з працы ў Гродненскім дзяржаўным універсітэце. 

Выступіў у СМІ з адкрытым лістом, заявіўшы, што звальненне з’яўляецца палітычным.

Выдаленне з універсітэту Шведа асудзіў у тым ліку і польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі.

1977 год. У СССР прынята апошняя, “Брэжнеўская канстытуцыя” замест “сталінскай” 1936 года. 

Дзейнічала з 1977 па 1991 год. “Канстытуцыя развітага сацыялізма”.

Асноўны закон 1977 года ўяўляў сабой больш высокі ўзровень канстытуцыйнага заканадаўства. 

Замацоўвала за кожнай саюзнай рэспублікай права выхаду са складу СССР.

2009 год. У Мінску адкрылася мастацкая “Галерэя Ў”.  

Галерэя сучаснага мастацтва аб’яднала пад адным дахам выставачную залу, кнігарню, кавярню і бібліятэку па сучасным мастацтве. 

На штогадовай выставе-кірмашы сучаснага мастацтва “ArtVilnius”, якая праходзіць у Вільнюсе, беларуская галерэя “Ў” двойчы, у 2011 і 2016 гадах, прызнавалася лепшай замежнай галерэяй.

 

«Тэатральны дывертысмент». Тэатралы і мастакі знаёмяць магілёўцаў з новым мастацкім дзействам (фота, відэа)

У прыватнай мастацкай галерэі скульптара Андрэя Вераб’ёва адкрылі выставу «Тэатральны дывертысмент». На ёй прадстаўленыя традыцыйныя карціны, аграмадныя чалавечыя часткі цела і мудрагелістыя інсталяцыі. Не абышлося без льва, які на дзіва не быў падобны на скульптара Вераб’ёва.


Дывертысмент – гэта шэраг канцэртных нумароў, якія складаюць адмысловую забаўляльную праграму, якая дапаўняе спектакль або канцэрт.


Дзейства прэзентаванае, як дывертысмент, хутчэй нагадвае выставу мастацкай творчасці тэатру. Яднаюць яго з ім рэчы непасрэдна прывязаныя да спектакляў, створаных былымі і цяперашнімі супрацоўнікамі Магілёўскага драматычнага тэатру.

«Люблю прыходзіць на адкрыцці. Як правіла ёсць нейкі сюрпрыз, перлінка. Тусоўка знаёмых з палітрай супрацьлеглых думак стварае асаблівую атмасферу свята. Уразілі творы Печанка, якога такім ніколі не ўяўляў. Алега Рыбакова і Вераніку Юргелас для сябе адкрыў. Заўжды ў захапленні ад шматграннасці нашага мэтра Уладзіміра Пятровіча… Вось толькі, каб усё разгледзець, трэба будзе яшчэ раз прыйсці», – кажа пра выставу наведнік Аляксандр.

Большасць тэатральных работнікаў застаюцца ў ценю артыстаў, якія маюць свае хвіліны славы на сцэне. Але ж без мастацкага і музычнага суправаджэння тэатр не змог бы ўжо амаль тры тысячагоддзі заставацца адным з самых запатрабаваных мастацтваў. Спектакль без бутафорыі, без спеваў, без каляровага і прадметнага суправаджэння рэдка бывае паспяховым.

 

Алег Печанко, Алег Рыбакоў, Ларыса Будкевіч, Андрусь Церанкоў, Генадзь Кутовіч. Вераніка Юргелас, Уладзімір Пятровіч, Аксана Якіташчанка, Святлана Піліпенка – творцы, імёны якіх незнаёмыя для большасці аматараў тэатру. А яны, між тым, працуюць, каб гледачы на сцэне маглі пабачыць цуд тэатральнага пераўвасаблення.

«Чагосьці не хапае. Мабыць, чакаў больш дзеяння. Думаў ,што будзе мініспектакль з нумароў, а тут добрая, але выстава. Настрой мне гэта не сапсавала, але чакаў большага», – выказваецца яшчэ адзін наведнік Аляксей.

«А мне спадабалася, – не згаджаецца з мужам жонка Маргарыта. – Асабліва прыемна бачыць саміх творцаў. Глядзіце, як ім падабаецца, што створанае для сябе цяпер могуць паглядзець іншыя. Глядзіце, якія яны ўзбуджаныя. Ужо для гэтага аднаго трэба рабіць падобныя праекты».

Жывапіс, графіка і скульптура і музыка ад тэатральных творцаў чакае аматараў мастацтва. Усе было прадстаўлена ў суправаджэнні скрыпкі і жалейкі, што стварала адмысловую атмасферу.

Асаблівую цікавасць нечакана выклікалі работы не масцітых артыстаў, а прыкладам, частцы чалавечага цела аўтарства Алега Печанка.

«Леў», адзін з сімвалаў Магілёва, зроблены Алегам Печанко, бадай, упершыню з выгляду непадобны на Андрэя Вараб’ева, чые творы ўпрыгожваюць дняпроўскі мост і надзіва, нібыта, спісаны са скульптара.

Цікавыя і тэатральныя інсталяцыі, дзе, як кажуць, «без бутэлькі не разбярэшся», але яны насамрэч адлюстроўваюць канкрэтныя пастаноўкі спектакляў.

Без эротыкі ўявіць сабе мастакоў немагчыма. Была голая натура прадстаўлена і на выставе.

 

На выставе прадстаўлены працы не толькі дзейных, але і адпраўленых датэрмінова на пенсію пасля падзей 2020 года Магілёўскіх тэатральных творцаў. Яны не апусцілі рукі і разам зладзілі нешта новае і нечаканае для гораду. Адчуваецца, што ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да тэатру!

Гледачы на адкрыцці з цікавасцю хадзілі, як па зачараванаму колу, зноў і зноў нешта выглядалі. Усе па рознаму, але спрабавалі пранікнуцца задумамі стваральнікаў дзеяння, адрэфлектаваць пабачанае, або проста атрымаць новыя пачуцці.

Выстава адкрыта ў будныя дні да 25-га жніўня з 9-00 да 17-00 у галерэі Вараб’ёва, якая на беразе Дубравенкі.