Сёння Аляксандр Лукашэнка наведвае “Магілёўліфтмаш”. Тут ён будзе знаёміцца з інвестыцыйным праектамі і рэалізацыяй праграмы імпартазамяшчэння – паведамляе БелТА.
Пралятаючы на верталёце над горадам па шляху да прадпрыемства Лукашэнка звярнуў увагу на неўпарадкаваныя вытворчыя тэрыторыі і захопленасць на будоўлях. Кіраўніцтва горада і вобласці атрымалі даручэнне навесці парадак на працягу года, піша агенцтва БелТА.
Былы палітычны зняволены ў магілёўскай турме, блогер Аляксандр Кабанаў напісаў у сваім Facebook пра забойства адным з вязняў гэтай установы другога. Нібыта адбылося гэта пры дапамозе так званай “мойкі” – самаробнага нажа, зробленага з ляза аднаразовай брытвы. Паводле Кабанава, “зняволены Ч-а адрэзаў галаву зняволенаму Б-чу. Адрэзаў сярод белага дня, мойкай.” Ахвяру Кабанаў ахарактарызаваў як правакатара.
У каментарах пад пастом блогера разгарнулася дыскусія пра мажлівасць такога забойства, з адразаннем галавы. У адказ на недаверлівыя каментарыі Кабанаў удакладніў, што “мойку знайшлі ў хрыбетніку. Я не бяруся сцвярджаць, што галаву цалкам аддзялілі ад цела, мяне там не было.” Паводле Кабанава, забойства адбылося месяц таму.
Таксама ён паведаміў, што атрымаў інфармацыю “ад сваёй праверанай крыніцы” і гэта “толькі тая частка, якую” ён можа агучыць. Ніякага старонняга пацвярджэння гэтага факта няма.
Тэрыторыя гарадской бальніцы ў Магілёве сфарміравалася як цэласны комплекс яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Галоўнымі архітэктурнымі дамінантамі тут выступаюць два бальнічных корпусы, пабудаваныя прыблізна ў 1840-х гадах. Разам з імі ў пазамінулым стагоддзі паўсталі яшчэ некалькі корпусаў, якія не мелі ахоўнага статусу і былі разбураныя ў 2021 годзе дзеля будаўніцтва новага сучаснага бальнічнага будынка.
Аднак у Спіс дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі гарадской бальніцы акрамя карпусоў з юрыдычным адрасам Боткіна-2 уваходзіць яшчэ адзін аб’ект – каменная агароджа.
Пад нумарам 513Г000010 два будынкі бальніцы і агароджа занесеныя ў Спіс каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, што ахоўваюцца дзяржавай.
І вось цяпер, пасля руйнавання шэрагу даваенных і дарэвалюцыйных пабудоў горбальніцы, кіраўніцтва ўстановы прыняло рашэнне пра знішчэнне шчэ аднаго помніка – агароджы.
Тэлеграм-канал “Спадчына” звярнуў увагу, што на сайце дзяржзакупак кіраўніцтва бальніцы апублікавала лот «Падрыхтоўка навуковага заключэння для вываду агароджы з дзяржспісу гісторыка-культурнай каштоўнасцей РБ» .
Арыенціровачны кошт паслугі – 5 000 рублёў.
“Але гэта, відавочна, нямэтавае марнаванне бюджэтных сродкаў – каментуе працэдуру закупкі аўтар канала Спадчына – бо па дзеючым заканадаўстве пазбавіць помнік статусу можна, калі ён быў знішчаны або страціў адметнасці, якія абумовілі яму наданне статусу, і немагчымае ягонае навукова абгрунтаванае аднаўленне. Агароджа, якой статус быў нададзены ў 2021 годзе нічога за 2 гады не страціла і яе аднаўленне магчымае (нават калі яе знесці) хоць бы таму, што яна рэальна захавалася ў першапачатковым выглядзе і маюццаа гістарычныя фотаздымкі.”
У Магілёве гэта ўжо не першы выпадак грэблівага стаўлення да гарадской архітэктурнай спадчыны. Напрыклад, каля дзесяці гадоў таму мясцовыя ўлады дамагліся выключэння са Спісу помнікаў некалькіх дамоў па вуліцы Лазарэнкі, якія “псавалі парадны від”. Генеральная пракурата, аднак, прызнала рашэнне Рады міністэрства культуры аб вывадзе аб’ектаў са Спіса помнікаў незаконным і вярнула ўсю забудову ў Спіс, дзе яна знаходзіцца і дагэтуль.
Сёння ў 17.00 адбылося ўрачыстае адкрыццё новага фантана ў Магілёве. Тэатральны сквер атрымаў новую кампазіцыю, упрыгожаную скульптурай Андрэя Вараб’ёва.
Расійскае выданне “Вёрстка” паведамляе, што на Магілёўшчыне ў Асіповіцкім раёне ўжо пачалося будаўніцтва лагера для байцоў ПВК “Вагнер” на 24 000 квадратных метраў і на восем тысяч чалавек.
Па словах суразмоўцы, лагераў будзе некалькі, адзін з іх размесціцца недалёка ад горада Асіповічы. Выданне заяўляе, што гэтую інфармацыю ім пацвердзілі ў Асіповіцкім лясніцтве. “Мы працуем, ужо сёння працуем. Заўтра да абеду стаіць задача [пабудаваць]» – сказаў суразмоўца «Вёрсткі». Ён дадаў, што плошча лагера складзе 24 тысячы квадратных метраў, ён будзе разлічаны на восем тысяч ложкаў.
Крыніца «Вёрсткі», блізкая да кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, пацвердзіла, што ўладам дадзена ўказанне пабудаваць лагер для ПВК у рэгіёне. Інфармацыю аб тым, што наймітаў адправяць у Беларусь, пацвярджаюць і сваякі ўдзельнікаў групы “Вагнер” – адзначае выданне.
Адна са сваячак са спасылкай на свайго знаёмага паведаміла, што падраздзяленні ПВК Вагнера, якія засталіся ў Растове-на-Доне, накіруюць у Беларусь. Яшчэ адна суразмоўніца выдання распавяла “Вёрстцы”, што яе муж, які ў суботу знаходзіўся ў Растове, паведаміў ёй аб адпраўцы ў Беларусь “хутчэй за ўсё”, але больш на сувязь не выходзіў.
Адначасова, гэтую інфармацыю ставяць пад сумнеў аўтары Тэлеграм-канала “Рыбарь”, заклікаючы не давяраць “апазіцыйнаму СМІ”, не разабраўшыся ў сітуацыі.
Паводле непацверджанай інфармацыі, якую перадае Reuters спасылаючыся на неназваную крыніцу ў расійскай арміі, байцы “Вагнера” ўзялі пад кантроль ваенныя аб’екты ў горадзе Варонеж, які знаходзіцца прыкладна ў 500 кіламетрах на поўдзень ад Масквы.” Агенцтва Reuters папярэджвае, што яно не змагло незалежна пацвердзіць гэтыя дадзеныя.
Звязаны з ПВК “Вагнер” Тэлеграм-канал перадае, што ў Варонежскай вобласці 180 расейскіх вайскоўцаў і сілавікоў адмовіліся перашкаджаць дзеянням вагнераўцаў і склалі зброю. На загалоўным фота – памежны пераход Бугаёўка ў Варонежскай вобласці. У СМІ таксама паяўляліся паведамленні пра пераход на бок ПВК “Вагнер” некаторых вайсковых падраздзяленняў расійскай арміі.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выступіў з экстранным зваротам, у якім заявіў пра загад вайсковаму камандаванню аб нейтралізацыі лідараў мецяжа. Дзеянні арганізатараў мецяжа ён назваў здрадніцкімі і “ударам у спіну”. Цікава, што ў пяціхвілінным звароце не былі названы канкрэтныя прозвішчы, гэтаксама як не прагучала прамой падтрымкі ў адрас міністра абароны РФ Шайгу і начальніга Генеральнага штаба Герасімава.
Імклівае развіццё падзей вакол мецяжа Яўгена Прыгожына і ПВК “Вагнер” супраць расійскага Міністэрства абароны пачалося ўвечары 23 чэрвеня. Прадстаўнікі ПВК і сам уласнік кампаніі Прыгожын заявілі, што Міністэрства абароны РФ нанеслі ўдар па аднаму з лагераў вагнераўцаў, пасля чаго Прыгожын паведаміў пра пачатак руху на Растоў.
Генеральны пракурор Расійскай Федэрацыі заявіў пра завядзенне крымінальнай справы супраць Яўгена Прыгожына “у сувязі са спробай арганізацыі ўзброенага мецяжу”. Раніцай 24 чэрвеня калона вайсковай тэхнікі ПВК “Вагнер” увайшла ў Растоў і ўзяла пад свой кантроль Штаб Паўднёвай Ваеннай Акругі, аддзел паліцыі, будынкі МУС, ФCБ і адміністрацыю Растова.
У штабе Паўднёвай Ваеннай Акругі Прыгожын сустрэўся з намеснікам міністра абароны РФ генерал-палкоўнікам Юнус-Бекам Еўкуравым і намеснікам начальнікам Генштаба РФ Уладзімірам Аляксеевым. Падчас гэтай сустрэчы ён заявіў, што “Вагнер” збіў ужо тры верталёты расійскай арміі, што спрабавалі нанесці ўдары па калоне вагнераўцаў. Таксама ён паведаміў, што ПВК “Вагнер” будуць знаходзіцца ў Растове і блакаваць горад, пакуль да іх не прыйдзе начальнік Генштаба РФ Герасімаў. Калі ён адмовіцца размаўляць з вагнераўцамі, Прыгожын прыгразіў, што ПВК «пойдзе на Маскву».
Характэрна, што намеснік міністра абароны РФ генерал-палкоўнік Еўкура і намеснік начальніка Генштаба РФ Уладзімір Аляксееў падчас сустрэчы з Прыгожыным былі без зброі (на загалоўным фота), тады як заснавальнік ПВК – з аўтаматам.
На бягучы момант вядома, што расійскія сілавікі ў Санкт-Пецярбургу прыйшлі з вобшукамі ў “Вагнер цэнтр” – галоўны штаб прыватнай ваеннай кампаніі. Паведамляецца таксама, што калона бронетэхнікі рушыць у бок Масквы, але пакуль не вядома, каму яна належыць. У 9:00 чакаецца экстранны зварот прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна да грамадзян Расіі.
Некалькі гадзін дактары змагаліся за жыццё хлопчыка 2014 года нараджэння, але выратаваць яго не ўдалося.
Кампанія падлеткаў днём 20 чэрвеня каталася на самаробным плыце на дняпроўскай затоцы ў Магілёве каля гандлёвага цэнтра “Е-Сіці”. Плыт быў імправізаваным – шчыт з дошак. Сярод іншых, на плыце плавалі два браты 2010 і 2014 гадоў нараджэння. У нейкі момант малодшы з братоў зваліўся ў ваду і пачаў тануць – ён не ўмеў плаваць.
Кампанія падлеткаў не здолела выцягнуць хлопчыка з вады самастойна. Старэйшы брат патэлефанаваў ратавальнікам, астатнія спалохаліся і разбегліся. Яшчэ жывога, дзіцёнка даставілі ў абласную дзіцячую бальніцу. Медыкі змагаліся за яго жыццё некалькі гадзін, але выратаваць хлопчыка не ўдалося – паведамляе прэс-служба МНС.
Актыўны продаж унікальных артэфактаў заўважылі стваральнікі ініцыятывы “Спадчына” на платформе Telegram – магілёўскія прадаўцы выставілі на расійскіх інтэрнэт-пляцоўках пячныя “кароны”, кафлю. Мінкульт – “фактаў крадзяжу не зафіксавана”.
“Шэры” продаж беларускіх артэфактаў на папулярных інтэрнэт-пляцоўках цягнецца ўжо дзесяцігоддзямі, і гэты стыхійны працэс усё часцей вядзе да паступовага вымывання каштоўнасцяў з тэрыторыі нашай краіны. Характэрную карціну зафіксавалі энтузіясты, стваральнікі папулярнага Telegram-канала “Спадчына”.
“Аднойчы на аўкцыёне натыкнуўся на прыгожую кафляную карону. – піша аўтар канала – Яна была выраблена на знакамітым заводзе Песельніка ў Копысі. Прадукцыя завода ў 1896 была адзначана бронзавым медалём Усерасійскай выстаўкі ў Магілёве за высокую якасць. Яе пастаўлялі ў сам Пецярбург.”
Падобная пячная кафля – рэдкая сямейная спадчына, але ўсё ж яна часам сустракаецца ў старых пабудовах з пячным абсталяваннем. Верагодна, у Магілёве сфармавалася пэўная колькасць прыхільнікаў ці калекцыянераў, якія сталі ўласнікамі падобных упрыгожванняў і цяпер распрадаюць свае здабыткі.
Разрабаваная Беларусь застаецца донарам культурных каштоўнасцей
“На [розных] пляцоўках адшукалася з паўтузіны падобных высокамастацкіх вырабаў, як асобных карон і кафляў, так і поўных пячных камплектаў. Амаль на ўсіх клеймы копыскага завода. – працягвае аўтар канала “Спадчына”.
І амаль усе прадаваліся з Магілёва. Можа б і прайшоў міма “прыватнай уласнасці”, але, па-першае, для мяне відавочна, што такая кафля знятая не з сялянскай хаты, а з інтэр’ераў забяспечаных мяшчан, а мо і нават з прызнаных помнікаў архітэктуры Падняпроўскага рэгіёна. Па-другое, што мела вырашальнае значэнне, прадаўцы прапаноўвалі даставіць беларускую кафлю ў Маскву… Бедная, разрабаваная ўсімі Беларусь у 2023-м застаецца донарам культурных каштоўнасцей!”
Што варта адзначыць – бізнэс у магілёўскіх прадаўцоў (ці прадаўца) цягнецца і даўно, і досыць млява. Як бачна з даціроўкі на фотаздымках, выстаўленых на інтэрнэт-аўкцыёнах, асобныя экспанаты рахтаваліся да продажу яшчэ ў 2013 годзе.
Аўтар канала “Спадчына” напісаў звароты ў Магілёўскі і Віцебскі аблвыканкамы, каб праверылі, ці можна гэтыя культурныя каштоўнасці вывозіць з Беларусі без дазволу Міністэрства культуры, праверылі адкуль іх знялі, і паглядзелі ці не варта выкупіць іх для музеяў.
Аблвыканкамы тэмай не зацікавіліся
Аблвыканкамы, гледзячы па адказах, асабліва тэмай не зацікавіліся – маўляў, гаспадры каштоўнасцяў знялі элементы аздаблення са сваіх дамоў, у музях такая кафля і так ёсць, а грошай, каб яе выкупляць, як заўсёды няма. У ведамствах унутраных спраў адказалі, што заяваў аб выкраданні не было, значыць – усё законна. Адзінае, што даведаўся аўтар – што традыцыі копыскай кафлі рыхтуюцца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Больш парадаваў адказ з міністэрства культуры. Там адказалі: “У дачыненні да пячных кафляў, згаданых у вашым звароце, магчымы толькі часовы вываз па-за межы Рэспублікі Беларусь.» Пераважнае права набыцця культурных каштоўнасцей застаецца за беларускай дзяржавай.
“У цяперашні час адна з усталяваных асоб звярнулася ў Музей гісторыі Магілёва з мэтай перадачы кафлі, другая – будзе выкарыстоўваць у інтэр’еры уласнага дома.”
То бок, выглядае, што міністэрства культуры і іншыя інстанцыі змаглі звязацца з людзьмі, якія выставілі на продаж беларускую кафлю з опцыяй дастаўкі ў Маскву, але службовых асоб задаволілі вусныя тлумачэнні пра добрыя намеры.