Каб пазбавіцца ад помніка гісторыі, магілёўская горбальніца хоча заплаціць 5 000 рублёў

Каб пазбавіцца ад помніка гісторыі, магілёўская горбальніца хоча заплаціць 5 000 рублёў

Тэрыторыя гарадской бальніцы ў Магілёве сфарміравалася як цэласны комплекс яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Галоўнымі архітэктурнымі дамінантамі тут выступаюць два бальнічных корпусы, пабудаваныя прыблізна ў 1840-х гадах. Разам з імі ў пазамінулым стагоддзі паўсталі яшчэ некалькі корпусаў, якія не мелі ахоўнага статусу і былі разбураныя ў 2021 годзе дзеля будаўніцтва новага сучаснага бальнічнага будынка.

Аднак у Спіс дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі гарадской бальніцы акрамя карпусоў з юрыдычным адрасам Боткіна-2 уваходзіць яшчэ адзін аб’ект – каменная агароджа.

Пад нумарам 513Г000010 два будынкі бальніцы і агароджа занесеныя ў Спіс каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, што ахоўваюцца дзяржавай.

І вось цяпер, пасля руйнавання шэрагу даваенных і дарэвалюцыйных пабудоў горбальніцы, кіраўніцтва ўстановы прыняло рашэнне пра знішчэнне шчэ аднаго помніка – агароджы.

Тэлеграм-канал “Спадчына” звярнуў увагу, што на сайце дзяржзакупак кіраўніцтва бальніцы апублікавала лот «Падрыхтоўка навуковага заключэння для вываду агароджы з дзяржспісу гісторыка-культурнай каштоўнасцей РБ» .

Арыенціровачны кошт паслугі – 5 000 рублёў.

“Але гэта, відавочна, нямэтавае марнаванне бюджэтных сродкаў – каментуе працэдуру закупкі аўтар канала Спадчына – бо па дзеючым заканадаўстве пазбавіць помнік статусу можна, калі ён быў знішчаны або страціў адметнасці, якія абумовілі яму наданне статусу, і немагчымае ягонае навукова абгрунтаванае аднаўленне. Агароджа, якой статус быў нададзены ў 2021 годзе нічога за 2 гады не страціла і яе аднаўленне магчымае (нават калі яе знесці) хоць бы таму, што яна рэальна захавалася ў першапачатковым выглядзе і маюццаа гістарычныя фотаздымкі.”

У Магілёве гэта ўжо не першы выпадак грэблівага стаўлення да гарадской архітэктурнай спадчыны. Напрыклад, каля дзесяці гадоў таму мясцовыя ўлады дамагліся выключэння са Спісу помнікаў некалькіх дамоў па вуліцы Лазарэнкі, якія “псавалі парадны від”. Генеральная пракурата, аднак, прызнала рашэнне Рады міністэрства культуры аб вывадзе аб’ектаў са Спіса помнікаў незаконным і вярнула ўсю забудову ў Спіс, дзе яна знаходзіцца і дагэтуль. 

Фота з адкрытых крыніц