Мілітарыстычны трэш ідзе па Магілёўшчыне – фота

Шаленне на ваенную тэматыку становіцца прыкметнай рысай магілёўскай глыбінкі. Mogilev.media не змаглі прайсці міма абсурдных карцінак з гарадской прасторы раённых цэнтраў.

Ці не кожны раённы цэнтр Магілёўшчыны можа пахваліцца сваімі недарэчнымі і абсурднымі лакацыямі. Напрыклад, незабыўнае ўражанне пакідае выгляд Касцюковіцкага краязнаўчага музея, які больш падобны на непрыступную фартэцыю, што рыхтуецца да абароны, чым на ўстанову культуры. Музей “ахоўваюць” дзве гарматы, адзін танк і тры бронемашыны. Ад вайсковага аб’екта ўстанову культуры адрознівае толькі надпіс “Краязнаўчы музей”, хоць і ён у спалучэнні з вайсковай тэхнікай глядзіцца абсурдна.

А вось у Слаўгарадзе вырашылі нестандартна “ўпрыгожыць” уваход на тэрыторыю мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Перад уваходам на тэрыторыю паставілі імправізаванае жалезнае дрэўца з інсталяцыяй – савецкія каскі, фрагменты зброі і снарадаў часоў Другой сусветнай вайны.

Сюррэалістычна і абсурдна выглядае пляцоўка каля аўтастанцыі ў Крычаве – самаходка “СУ-100” каля стэлы “Манумент Міра”. Мясцовыя ўлады планавалі, што гэта месца стане гарадской адметнасцю, а атрымаўся шок-кантэнт.

Вішанька на торце – слаўгарадскі партызан у “доміку” на загалоўным фота. Ды там і ўвесь дзіцячы парк – той яшчэ трэш, пра які пісалі mogilev.media

Фота з адкрытых крыніц i mogilev.media

У Слаўгарадзе старажытны будынак пошты гадамі хаваюць пад банерам

Будынак пошты ў неагатычным стылі мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але замест рамонта яго сарамліва хаваюць ад гараджан.

Паштовая станцыя ў мястэчку Прапойск (цяпер Слаўгарад) на старой Варшаўскай шашы была пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі другой катэгорыі. Гэта прамакутны аднапавярховы будынак з вялікім унутраным дваром і каменнай агароджай. Вокны і парадныя дзверы аформлены ў неагатычным стылі, над уваходам – металічны казырок на чугунных ажурных апорах. Сёння пабудова, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры, знаходзіцца ў паўразбураным стане і не выкарыстоўваецца.

Уласнікам будынка з’яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама. Каб схаваць разбурэнні гістарычнай каштоўнасці, на фасад старога будынка быў нацягнуты тэнт. Як піша тэлеграм-канал “Спадчына”, тэнт на паштовай станцыі ў Слаўгарадзе вісіць аж з 2017 года, прычым быў усталяваны «ў мэтах забеспячэння бяспекі і захавання будынка». 

– Як ануча можа забяспечваць захаванасць будынка? Навошта глядзець на помнік, калі можна глядзець на анучу з малюнкам на яго фасадзе? – задаюцца пытаннямі аўтары матэрыяла пра слаўгарадскую паштовую станцыю. 

Адзначым, што мясцовая ўлада плануе рэканструяваць гістарычны будынак пад раённы музей у рамках дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады. Але ці адбудзецца аднаўленне гарадской гістарычнай каштоўнасці пакажа будучыня.

Фота mogilev.media, radzima.org

Дно слаўгарадскіх райпо – бяруць з сярэдняй адукацыяй, заробак самы нізкі ў краіне

Крамы слаўгарадскага райпо год таму далучылі да чавускага спажывецкага таварыства, але заробкі так і засталіся самыя нізкія ў Беларусі. 

Слаўрадскае спажывецкае таварыства ў адрозненні ад падобных структур бліжліжэйшых раёнаў доўга трымалася “на плаву” і неяк працавала. Аднак з сакавіка 2022 года слаўгарадскае райпо сталася адасобленым структурным падраздзяленнем чавускага спажывецкага таварыства. 

Пры гэтым заробкі на прадпрыемствах спажыўкааперацыі Слаўгарадчыны як былі нізкія, так і засталіся. Напрыклад, зарплата таваразнаўцы складае 555 рублёў. На сайце службы занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны размешчана падобная вакансія ў адну са слаўгарадскіх крамаў. Прычым патрабаванні да кандыдатаў невысокія: першая кваліфікацыйная катэгорыя і агульная сярэдняя адукацыя. Гэта значыць, што не трэба нават сярэдне-спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці. Прычым, у слаўгарадскім райпо ў таваразнаўцаў адна з самых нізкіх зарплат па ўсей краіне. 

Адзначым, што ў далучэнні слаўгарадскага райпо да чавускага спажывецкага таварыства, як аказалася, ёсць свае плюсы. Напрыклад, у Слаўгарадскі раён пачалі завозіць хлеб чавускай вытворчасці, які людзі ахвотна набываюць.  

Фота ілюстрацыйнае

Прывыкайце – сірэны цяпер будуць гучаць пастаянна. Сёння і заўтра ў Слаўгарадзе

Па інфармацыі Слаўгарадскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях 2-3 сакавіка 2023 года будзе правадзіцца праверка сістэмы апавяшчэння з запускам электрасірэны ў Слаўгарадзе – папярэджвае slavgorod.by.

Аддзел па надзвычайных сітуацыях просіць захоўваць спакой і не прадпрымаць ніякіх дзеянняў. Запуск сістэмы будзе ажыццяўляцца на будынках паштовай сувязі «Белпошта» і Слаўгарадскага прафесійнага ліцэя.

Падобныя праверкі  спраўнасці сістэм апавяшчэння праводзяцца па ўсёй краіне. 

Фота мае ілюстрацыйны характер

У Слаўгарадзе хацелі зрабіць цэнтр творчасці, а ў выніку знеслі будынак 1770-х гадоў.

Замест рэстаўрацыі старога помніка і пераўтварэння яго ў культурны цэнтр Слаўгарада, яго проста зруйнавалі – успамінаем падзею, якая ўскалыхнула глыбінку.

У канцы лютага 2021 года ў слаўгарадскім садова-паркавым комплексе знеслі дом другой паловы XVIII стагоддзя. Будынак, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, не меў ахоўнага статусу.

Двухпавярховы дом быў пабудаваны ў 1770-х гадах яшчэ за часамі князя Аляксандра Галіцына, які атрымаў тагачасны Прапойск з ваколіцамі ў падарунак ад расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ за свае ратныя подзвігі. Жылы будынак быў неад’емнай часткай садова-паркавага комплексу канца XVІІІ стагоддзя. У савецкі час двухпавярховік выкарыстоўвалі пад райвыканкам і нават дабудавалі правае крыло. Працяглы час у ім знаходзіліся кабінеты мясцовага райпо. 

Апошнім часам будынак пуставаў і выглядаў закінутым. Тым не менш, для Слаўгарада гэта быў унікальны аб’ект, які нават уключылі ў рэестр Нацыянальнага агенцтва па турызме «Архітэктурная спадчына XVІІІ—XІX стагоддзяў каля паштовых дарог». 

Незадоўга да знішчэння ў супрацоўнікаў Слаўгарадскага краязнаўчага музея і працаўнікоў культуры гораду была ідэя зрабіць з гістарычнага аб’екта Дом муз і перамясціць у яго раённы цэнтр дзіцячай творчасці і дзіцячую школу мастацтваў. Аднак рэалізавана гэтая ідэя так і не была, будынак проста знеслі.

Фота: zviazda.by 

Новы турыстычны сезон на Магілёўшчыне – прэзентаваны новыя маршруты

Дырэктар “Магілёўаблтурыста” Алена Карпенка прэзентавала ў Мінску перспектывы новага турыстычнага сезону-2023 у Магілёўскай вобласці: “З вараг у грэкі”, “Мсціслаўскае княства”, “Таямніца кропелькі мёду”, “Настальгічная экскурсія ў СССР”, “Фаварыты Кацярыны”, “Траса E95” і іншыя цікавосткі.

Новы сезон 2023 года ўжо распачаўся, і “Магілёўаблтурыст” у мінскім  Доме прэсы прадставіў новыя турыстычныя маршруты – пра што пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

Магілёўшчына найбольш прыцягвае турыстаў сваёй багатай гісторыяй, гарадской архітэктурай, спецыяльнымі мясцовымі традыцыямі і культурай, чыстай прыродай. Але вельмі важна гасцінна сустрэць турыстаў і даць ім яркія, цёплыя эмоцыі.

Падчас прэс-канферэнцыі дырэктар дзяржаўнага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Магілёўаблтурыст” Алена Карпенка распавяла аб новых аб’ектах і маршрутах, якія прапануюць турыстам у 2023 годзе.

Водны сплаў па Дняпры

Днепр – асноўная водная артэрыя вобласці. Па рацэ і яго прытоках распрацаваны сплавы на байдарках і плытах. Маршрут іх ідзе па вялікім шляху “З варагаў у грэкі”. Гэта можа быць аднадзённы сплаў у Магілёве (ад 1 гадзіны да 6 гадзін) і трохдзённы маршрут – ад Шклова да Магілёва з начлегамі.

Магілёў 

Абласны цэнтр парадаваў новымі турамі – “City-тур Mагілёў”, “Легенды Магілёва”, “Смачны Магілёў”, “Настальгічная экскурсія ў СССР” і “Магілёў алімпійскі”. У горадзе з’явіліся новыя аб’екты паказу – адкрылі дзверы ў сваю ўнутраную кухню драматычны тэатр, магілёўскі вінзавод, кампанія “Дамачай”. Кулінарныя майстар-класы па падрыхтоўцы нацыянальных страў даюць ва ўніверсітэце харчавання.

Мсціслаў 

Мсціслаў – турыстычны гонар рэгіёна. У мінулым годзе тут былі распрацаваны два новыя маршруты – “Мсціслаўскае княства” і “Габрэйская гісторыя Мсціслава”. У раёне з’явіліся новыя аб’екты для наведвання: конезавод – аб’ект прамысловага турызму, і аграсядзіба з майстар-класам “Піца па-Мсціслаўскі”.

Плюс патрыятызм

Не абышло дзяржаўнае прадпрыемства і рэгіянальныя ваенна-патрыятычныя туры. У апошнія гады з’явіліся маршруты: “Партызанскімі сцежкамі” (Буйнічы – Kлічаў – Усакіна) і “Дняпроўскі рубеж” (Шклоў – Магілёў – Быхаў).

У Слаўгарадскім раёне створаны новы маршрут “Таямніца кропелькі мёду”, які ўключае ў сябе майстар-класы на аграсядзібе.

Таксама вывучаецца перспектыва новых маршрутаў: “Фаварыты Кацярыны” (Магілёў – Шклоў – Крычаў – Слаўгарад) і “Траса E95” (Орша – Фашчаўка – Магілёў – Вараніно – Быхаў).

Жылічы

З адкрыццём маёнтка Булгакава ў Жылічах павінен запрацаваць цудоўны маршрут “Невядомая Ўсходная Беларусь” (Баркалабава – Быхаў – Жылічы) і (Кіраўск – Жылічы – Калгас імя К. Арлоўскага).

Алена Карпенка таксама распавяла пра пілотны праект стварэння “Чыгірынскага класцера” з аб’яднанай інфраструктурай аграсядзіб, баз адпачынку, туркампаній і культурных мерапрыемстваў, якія ўжо карыстаюцца вялікай папулярнасцю.

Фотаздымкі з сацыяльных сетак жыхароў Магілёўшчыны.

Прыватны дзіцячы летнік адчыніцца ў Слаўгарадскім раёне

Прыватны дзіцячы летні лагер адпачынку ў Слаўгарадскім раёне адкрые магілёвец Фёдар Бондараў у сядзібе, пабудаванай за грошы Еўрасаюза – піша slavgorod.by.

Уладальнік турыстычнай базы “Маленькія дзівы” і цэнтра лагічных гульняў для дзяцей у вёсцы Пацяраеўка гатовы прыняць пяць змен па 15 дзяўчынак у кожнай на 15 дзён. Гаспадар мае досвед арганізацыі сямейнага адпачынку.

Дарэчы і база і цэнтр гульняў узведзены з фінансавай дапамогай Еўрапейскага Саюза.  

Месца пад базу ў 7 гектараў, што знаходзіцца на беразе ракі Раста, каля хваёвага леса і са сваім возерам, магілёвец выкупіў у 2016 годзе. Месца выбрана невыпадкова – тут гаспадар праводзіў свае летнія канікулы, калі прыязджаў да бабулі. 

Тут жа плануецца арганізацыя рыбнай лоўлі ў прыватным возеры, летняга намётавага лагера для дарослых, або лагера сямейнага тыпу на 15 дзён.

З пяці найбяднейшых раёнаў краіны тры – ў Магілёўскай вобласці. Нізкія заробкі, мільённыя крэдыты

Адны з бяднейшых у краіне і самыя бедныя ў Магілёўскай вобласці – Хоцімскі, Слаўгарадскі і Мсціслаўскі раёны. 

Паводле афіцыйнай статыстыкі Белстат за 2022 год самымі дэпрэсіўнымі, з самымі нізкімі заробкамі і мільённымі крэдытамі з’яўляюцца пяць раёнаў краіны.

Самы бядотны стан у двух: Шаркаўшчынскім Віцебскай вобласці з сярэднім месячным заробкам 1 005 рублёў 5 капеек (383 даляры) і 8,4 мільёнамі рублёў пратэрмінаваных пазык і Кармянскім Гомельскай вобласці з заробкам 1 007 рублёў 6 капеек (384 даляры) і 19 мільёнамі рублёў пратэрмінаваных пазык.

Адразу тры раёны Магілёўскай вобласці занялі з 3-га па 5-е месцы антырэйтынгу: Хоцімскі, Слаўгарадскі і Мсціслаўскі. І гэта пры тым, што ўсе яны падпадаюць пад Указ ад 8 чэрвеня 2015 года №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці» і маюць пэўныя прэферэнцыі.

У Хоцімскім раёне за 2022 год рэальны заробак упаў на 3,7% і склаў 1036 рублёў 8 капеек (395 даляраў) і вырасла пратэрмінаваная запазычанасьць на 6,2 мільёны рублёў – да ўзроўню 19,2 мільёны рублёў. На тэрыторыі раёна працуе ільнозавод і 6 сельскагаспадарчых арганізацый.

У Слаўгарадскім раёне з сярэднім заробкам 1045 рублёў (398 даляраў) 13,3% арганізацый стратныя. Тут пратэрміноўка крэдытаў складае 16,8 мільёны рублёў, у раёне нулявыя замежныя інвэстыцыі. З прамысловасці працуюць філіялы “Бабушкина крынка” і прадпрыемства “Красный пищевик”.

Самую вялікую пратэрміноўку мае Мсціслаўскі раён – 34,5 мільёны рублёў (пры чыстым прыбытку 2,9 мільёна). У раёне 5,2 мільёны рублёў пазык толькі за паліўныя рэсурсы. Тут сярэдні заробак за 2022 год склаў 1047 рублёў 50 капеек (399 даляраў). І гэта пры тым, што ў раён летась укладаліся замежныя інвэстары на 254,3 тысячы даляраў. У раёне дзейнічае вытворчасць малака, льну і хлебабулачных вырабаў.

Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар

Помнік Дэмбавецкаму і варварства ў парку. Навіны мінулага тыдня – дайджэст

На мінулым тыдні высветлілася, хто пабіў вокны ў касцёле св. Станіслава ў Магілёве.

У магілёўскім парку Горкага па-варварску абкарналі дрэвы. І ў ім жа запланавалі паставіць помнік заснавальніку парка, губернатару Аляксандру Дэмбавецкаму.

Стала вядома, што крымінальнае лідарства ў рэгіёне захапіў Чэрыкаўскі раён.

У Чэрыкаве ўжо тыднямі ў водаправодзе – брудная, жалезістая вада.

У Магілёве ў Спаскім саборы абласному МНС уручылі харугву.

Мужчына з дачкой выратаваліся ў пажары ў бабруйскім інтэрнаце, калі загарэўся суседні пакой.

Крымінальны талент прыкінуўся прыбіральшчыкам у рэстаране і абакраў наведвальніцу.

У Слаўгарадскім раёне заснавалі новае свята, а ў Дрыбіне адкрыўся першы магазін кветак.

А яшчэ на мінулым тыдні магілёўскі фатограф Алесь Сабалеўскі паказаў, дзе адпачываюць зімовыя сонейкі.

 

Новае свята будзе праводзіцца ў Слаўгарадскім раёне – “Народная прыпеўка”

У Слаўгарадскім раёне будзе праводзіцца новае свята традыцыйнай культуры – “Народная прыпеўка”, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Гэта прадугледжана рашэннем Слаўгарадскага раённага выканаўчага камітэта ад 29 снежня 2022 года

Арганізатарамі “Народнай прыпеўкі” выступаюць  аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама і ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна”.

Свята накіравана на развіццё і папулярызацыю жанру народнай прыпеўкі, традыцыйнай ігры на гармоніку, на захаванне лепшых узораў фальклорнай спадчыны і мясцовага аўтэнтычнага матэрыялу.

Мерапрыемства будзе праводзіцца ў фармаце біенале – адзін раз на два гады. 

Праграмай мерапрыемства прадугледжаны конкурсныя выступленні па намінацыях: “Выканаўцы прыпевак” (індывідуальныя выканаўцы), “Гарманісты” (ансамблі гарманістаў ад двух і больш выканаўцаў),

“Групы і ансамблі” (фальклорныя гурты, ансамблі народнай песні).

Чакаецца, што ў ім будуць удзельнічаць творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы як Слаўгарадскага, так і іншых раёнаў, гарадоў, замежных краін.

Дату, тэрмін і месца правядзення свята будзе вызначаць арганізатар – райвыканкам.

Фота носіць ілюстрацыйны характар