Дзень у гісторыі. 9 чэрвеня. Наданне герба Магілёву. Масква згарэла ад капейкавай свечкі. Нарадзіліся Уладзіслаў IV Ваза, Іван Луцкевіч.

Міжнародны дзень архіваў (International Archives Day, з 2007 года). 

Заснаваны Міжнародным саветам архіваў у 1948 годзе рашэннем ЮНЕСКА.

Для жыцця грамадства ролю архіваў цяжка пераацаніць. Як своеасаблівыя інфармацыйныя цэнтры, яны забяспечваюць доступ да рэтраспектыўнай дакументнай інфармацыі, садзейнічаюць у вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краін, эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, а таксама забяспечваюць навуковае пазнанне мінулага.

Архівы – не толькі сур’ёзны інфармацыйны рэсурс культурнай і гістарычнай спадчыны. У жыцці кожнага асобнага чалавека архівы часам адыгрываюць не меншую ролю. Бо там захоўваюцца індывідуальныя звесткі аб кожным з нас. Разнастайнасць архіўных крыніц і фарматаў вялізная. Таму архіўныя даныя з’яўляюцца каштоўным сведчаннем эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага развіцця чалавецтва.

Захаваць дакументальную спадчыну, даць магчымасць людзям знаёміцца з унікальнымі дакументамі – галоўная задача архівістаў.

Міжнародны дзень сяброў (International Friends Day)

Створаны для таго, каб усе мы, незалежна ад жыццёвых абставін і розных перыпетый, нагадалі сваім сябрам аб тым, як яны важныя для нас і парадавалі іх сваёй увагай, тэлефонным віншаваннем, сустрэчай з імі. 

Усе народы ва ўсе часы лічылі сяброўства найвялікшай каштоўнасцю, і пры гэтым нязменна лічылі “сапраўднае сяброўства” вельмі рэдкай з’явай. 

У кожнага з нас сапраўдных сяброў можа быць 3-5, 5-7. Не болей, як правіла. Чаму б у гэты дзень не сабрацца разам тым, хто даўно не бачыўся, не ручкаўся, не стэлефаноўваўся. Успомніць добрыя старыя часы, падзяліцца добрымі навінамі, дасягненнямі. На самай справе, калі ў сяброў здараецца нешта добрае, то гэта добрае здараецца і ў цябе.

1246 год. Італьянскі падарожнік, францысканскі манах Джавані ды Плана Карпіні вярнуўся ў Кіеў пасля наведвання Каракарума.

Першы з еўрапейцаў дасягнуў сталіцы мангольскай імперыі Каракарума, правёў перамовы з Батыем.

Падарожжа адкрыла спіс вялікіх падарожжаў еўрапейцаў у Азію, а справаздача Карпіні ўпершыню пазнаёміла Еўропу са светам Усходу. 

1595 год. Нарадзіўся Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1632-1648), тытулярны цар маскоўскі (1610-1634) і кароль шведскі (1632-1648).  

Пераняў сталец у цяжкі для краіны час, калі была ўжо страчаная Лівонія, праваслаўная грамадскасць расколатая Берасцейскай уніяй. Ён перамог Расію ў Смаленскай вайне і паводле Палянаўскага міру 1634 адваяваў Смаленск і прымусіў маскавітаў адмовіцца ад прэтэнзій на землі Рэчы Паспалітай.

Для міру і спакою, Уладзіслаў адмовіўся ад тытулу маскоўскага цара і прэтэнзій на маскоўскі сталец, пазней – на шведскі сталец.

1661 год. Магілёву нададзены герб.

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1654 года гараджане здалі горад маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага 1661 года ў выніку народнага паўстання гараджане знішчылі акупацыйны гарнізон.

За выяўленую ў час паўстання мужнасць кароль і вялікі князь Ян Казімір ураўнаваў у правах Магілёў з Вільняй, надаў новы герб «у блакітным полі тры сярэбраныя гарадскія вежы, у адчыненай сярэдняй браме – рыцар з узнятым мячом, а над ім герб – “Пагоня”

Магдебургскаму Магілёву бракавала мураванай ратушы – і 4 верасня 1679 года гараджане прыступілі да будаўніцтва каменнай ратушы, асноўны корпус якой быў узведзены да 1681 года, а поўнасцю будаўніцтва завяршылі ў 1698 годзе.

1737 год. На святую Троіцу ў Маскве выгарэлі цэнтр горада і Крэмль.

Каля 23:00 гадзін успыхнуў Траецкі пажар – адзін з самых буйных за ўсю расійскую гісторыю гарадскіх пажараў XVIII стагоддзя.

Першым загарэўся дом Міласлаўскіх за Баравіцкім мостам, ад свечкі, якую паставіла перад абразом салдацкая ўдава. Адсюль пайшоў выраз: “Масква згарэла ад капейкавай свечкі”.

Вецер быў моцны, а час сухі. Было знішчана больш за 2 500 двароў, 486 крам і шмат цэркваў.

“Ахвярай” бедства таксама стаў 200-тонны Цар-звон. Ён быў адліты 2 гадамі раней, але яшчэ знаходзіўся ў спецыяльнай ліцейнай яме пад бярвеністым падстрэшкам. Ад яго адкалоўся кавалак вагой 700 пудоў (11,5 тоны).

Згарэў у пажары і гадзіннік на Спаскай вежы.

Імператрыца Ганна Іаанаўна сваім указам распарадзілася аднавіць палацавыя і саборныя цэрквы за кошт казны, але нават праз некалькі гадоў, ужо ў валадаранне Лізаветы Пятроўны, сляды пажару ў Крамлі былі па-ранейшаму вельмі прыкметныя.

1868 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Вярыга (1868-1916).

Беларускі філосаф, этнограф, фалькларыст. Доктар філасофіі.

Вучыўся ва ўніверсітэтах Варшавы, Берліна, Прагі і Берна. Займаўся збіральніцтвам беларускага фальклору. Друкаваўся ў часопісе «Вісла». У 1889 годзе ў часопісе «Збор звестак па айчыннай антрапалогіі» апублікаваў працу «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павету Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе», якая змяшчае 45 беларускіх народных песень.

Выдаў кнігу «Беларускія паданні» (1889), якая змяшчае 32 беларускія казкі з Лідскага павета.

Памёр 27 жніўня 1916 года.

Варшаўскі ўніверсітэт.

1873 год. Памёр Венцаслаў Пелікан (1790-1873).

Беларускі медык, грамадскі і палітычны дзеяч, прафесар.

Рэктар Віленскага ўніверсітэта, Прэзідэнт і Ганаровы член-карэспандэнт Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, член Віленскага і Варшаўскага медыцынскіх таварыстваў, таварыства кіеўскіх дактароў і Харкаўскага ўніверсітэта, доктар медыцыны і хірургіі.

Працаваў дырэктарам медыцынскага дэпартамента ваеннага міністэрства.

З’яўляецца рэфарматарам расійскай медыцыны і ветэрынарыі.

1881 год. Нарадзіўся Іван Луцкевіч (1881-1919).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, краязнавец, археолаг, збіральнік старажытнасцяў. Брат беларускага дзеяча Антона Луцкевіча.

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты “Наша ніва”. Сябра Віленскай беларускай рады і Рады БНР. Распрацоўваючы ідэю беларускага самавызначэння ад ідэй краёвасці прыйшоў да ідэі поўнай незалежнасці Беларусі.

Арганізатар беларускага культурнага жыцця ў Вільні.

Аўтар прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак помнікі старабеларускай літаратуры XVI стагоддзя, пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб».

У 1921-1944 гадах працаваў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча (зачынены савецкімі ўладамі), з 2001 працуе аб’яднанне “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”. У Мінску,  у парку імя Янкі Купалы ўсталяваны памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў.

Памёр 20 жніўня 1919 года.

Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў у час выхаду «Нашай Нівы».

1958 год. Нарадзіўся Алесь Камоцкі.

Беларускі паэт, бард.

Удзельнік гуртоў “Близнецы”, “Zartipo”. Аўтар 9 альбомаў, у тым ліку “З бацькоўскай кружэлкі” – пераклады папулярных песен савецкіх часоў на беларускую мову.

Удзельнік многіх супольных праектаў, у тым ліку “Віно дажджоў” на творы У. Караткевіча, “Бывайце здаровы! Bella Ciao” – італьянскія песні па-беларуску, беларускія – па-італьянску, “Тузін. Перазагрузка”(2009, 2011).

1960 год. Гарадскі пасёлак Шацілкі стаў цэнтрам Парыцкага раёна Гомельскай вобласці.

29 ліпеня 1961 года Шацілкі пераменаваны ў г. Светлагорск, Парыцкі раён стаў Светлагорскім. Новая назва, як палічыла камуністычнае кіраўніцтва, сімвалізуе светлае жыццё савецкага Палесся. 

1970 год. Забіты невядомымі ў сваёй кватэры ў Нью-Ёрку Уладзімір Тамашчык (1900-1970). 

Беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч, архібіскуп Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Актывіст беларускага руху ў Заходняй Беларусі, належаў да КПЗБ.

Пасля трох гадоў адбывання тэрміну ў польскай турме, з 1930 года жыў у Чэхаславакіі. Скончыў Пражскі політэхнічны ўніверсітэт.

Працаваў у Пражскім інстытуце заалогіі, браў удзел у грамадскім беларускім жыцці, быў сакратаром старшыні Рады БНР Васіля Захаркі.

З пачаткам Другой сусветнай вайны працаваў у беластоцкай газеце «Новая дарога», у Беларускім камітэце. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.

З 1944 года у эміграцыі ў Германіі. Быў старшынём Беларускага цэнтральнага камітэта. У 1949 прыняў манаства пад імем Васiль і стаў епіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

У 1951 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Стаў архіепіскапам Канадска-Амерыканскім. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці ў ЗША.

2011 год. Памёр Павел Місько (1931-2011).

Беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.

Працаваў у многіх газетах, узначальваў аддзелы рэдакцый штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Полымя”, намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. 

Аўтар шматлікіх кніг, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, раманаў, сатыры і гумару, кніг твораў для дзяцей.

Яго творчасці ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае народнае слова.

Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля “Мёртвыя душы”, казку П. Яршова “Канёк-гарбунок”, творы Я. Носава, К. Чукоўскага і іншых, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 7 чэрвеня. Закладзены Тадж-Махал, Наваполацк. Гібель Порт-Раяля. Нарадзіліся дзеяч БНР В. Іваноўскі, гісторык П. Дзмітрачкоў, бард С. Кулягін.

1492 год. Памёр Казімір Ягелончык (1427-1492).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

Бацька 13 дзяцей. Пры ім дзяржава “прырасла” землямі ў выніку разгрома крыжакоў у трынаццацігадовай вайне, Тэўтонскі ордэн стаў васалам.

Ім аказвалася матэрыяльная дапамога студэнтам з дзяржаўнага скарбу, выдадзены першы Судзебнік, ліквідаваны ўдзельныя княствы (1471), пакладзены пачатак палітычнага панавання шляхецкага стану.

1630 год. Закладзены маўзалей Тадж-Махал.

Закладзены ў Агры – тагачаснай сталіцы індыйскай імперыі Вялікіх Маголаў у памяць аб гібелі падчас родаў (нараджала 14-е дзіця) Арджуманд Бану, якая пры каранацыі атрымала імя Мумтаз-Махал, або “Абранніца Палаца” – каханай жонкі імператара Шах-Джахана.

Будаўніцтва працягвалася 22 гады і было скончана ў 1652 годзе.

Аўтарам праекту шэдэўра сусветнай архітэктуры быў сам Шах-Джахан, галоўным архітэктарам  – Устад-Іса. На будоўлі бралі ўдзел больш за 20 000 чалавек, акрамя індыйскіх майстроў, удзельнічалі лепшыя дойліды з Персіі, Малой Азіі, Самарканда, Венецыі.

Тадж-Махал поўнасцю пабудаваны з белага мармуру. Яго архітэктурны дызайн заснаваны на араба-мусульманскай канцэпцыі абсалютнай сіметрыі, дзе кожны элемент гарманічна ўпісваецца ў галоўную структуру збудавання. Будынак стаіць на высокай квадратнай платформе. Галоўны купал падымаецца на 64 м і акружаны чатырма малымі купаламі. Усю кампазіцыю завяршаюць чатыры мінарэты. Знутры і звонку маўзалей упрыгожаны цудоўным раслінным арнаментам, а скляпеністыя пераходы – арабскай вяззю, якая захавала ў камені тэксты некаторых сур з Карана.

Архітэктурны ансамбль маўзалея ўключае таксама мячэць, гасцявы дом і парк.

1692 год. У 11:43 хвіліны ўсе прыродныя стыхіі абрынуліся разам на Порт-Раяль, горад-сталіцу на Ямайцы.

Бязлітасныя піраты, куфры са скарбамі, караблі пад пірацкімі сцягамі, пах пораху, разбой, п’янлівы смак рому – усё гэта знакамітая пірацкая сталіца – Порт-Раяль. 

І вось Усявышні вырашыў пакараць жыхароў Порт-Раяля за разгул і бясчынствы. Землятрус практычна цалкам разбурыў 10-тысячны горад з некалькімі цэрквамі, чатырма рынкамі, сінагогай, каралеўскімі пакгаўзамі, складамі, з больш за сотню корчмамі, звярынцам, ваеннымі пляцамі і мастамі, а затым 2/3 гарады затапіў акіян. 

Хваля цунамі разам з апоўзнямі змыла ў мора большую частку горада з 5 000 жыхарамі. У гавані Порт-Раяля затанула каля 50 караблёў, 1800 гарадскіх будынкаў было разбурана.

Порт-Раяль быў хутка адбудаваны нанова. Але яго быццам хтосьці пракляў: праз 11 гадоў амаль усе пабудовы ў горадзе знішчыў моцны пажар, а “дабілі” пірацкую сталіцу ўраганы.

1825 год. Нарадзіўся Эдвард Паўловіч (1825-1909).

Беларускі мемуарыст, мастак і асветнік.

Капііст з палотнаў Эрмітажа, палотнаў заходніх мастакоў падчас падарожжа па Еўропе. 

Аўтар кнігі “Некалькі словаў літвіна”, у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету, некалькіх кніг па краязнаўстве, малюнкаў прысвечаных Наваградчыне. Заснавальнік у Наваградку жаночага пансіёну і нядзельнай школы для сялян, аматарскага тэатру, бібліятэкі, ініцыятар адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу. 

Удзельнік паўстання 1863 года. 

Памёр 10 лютага 1909 года ў Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках.

Э. Паўлоўскі. Траецкі касцёл у Ішкалдзі. 1848

1880 год. Нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі (1880-1943).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу, у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе праводзіў  доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902),  член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.

Стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906), кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільне. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.

Удзельнік Усебеларускага з’езда (1917),  міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918), упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР. Пашыраў сетку беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педінстытутам, загадваў кафедрай тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў Варшаўскай політэхнікі, кафедрай хімічнай тэхналогіі Віленскага універсітэта (1940-1941).

Падчас вайны кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні, быў бургамістрам Мінска (1942-1943), намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай. У Вільні дапамагаў у выратаванні габрэяў.

Даследваў праблемы перапрацоўкі садавіны і гародніны, пякарства, спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва, ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў і іншыя.

Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.

1908 год. Нарадзіўся Уладзімір Галубовіч (1908-1962).

Беларускі і польскі археолаг, этнограф, тапаніміст.

У 1935-1939 гадах вёў раскопкі на тэрыторыі Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Навагрудскага, Лідскага і іншых раёнаў. Склаў археалагічныя карты даследаваных тэрыторый. Вывучаў старажытныя Вільню, Мінск, Гродна. Працаваў ў Вільні, у Інстытуце гісторыі АН БССР, Торуньскім і Уроцлаўскім універсітэтах.

Памёр 7 красавіка 1962 года ў Стакгольме.

Віленскі ўніверсітэт.

1937 год. У в. Ганаўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Пётр Дзмітрачкоў (1937-2021).

Беларускі гісторык, прафесар.

Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута, дэкан геаграфічнага і дэкан гістарычнага факультэтаў МДУ імя А.Куляшова (1975-2005).

Заслужаны работнік адукацыі, уладальнік медаля Ф. Скарыны. 

Даследчык пытанняў зараджэння і развіцця дзяржаўнасці на беларускіх землях, этнічнай гісторыі Беларусі.

1958 год. Пачалося будаўніцтва горада Наваполацка.

Пастаўлена першая палатка будаўнікоў будучага Наваполацка. Горад узнік у сувязі з будаўніцтвам нафтаперапрацоўчага завода, спачатку як рабочы пасёлак Полацкі (1959). 

Сучасную назву атрымаў у 1963 годзе. 

Уваходзіў у лік гарадоў-“стотысячнікаў”, але зараз насельніцтва 96,3 тысячы (2023 год).

Працуюць прадпрыемствы нафтахіміі ААТ “Нафтан”, будматэрыялаў, харчовай прамысловасці, ЦЭЦ, трамвай (як і ў Віцебску, Мінску, Мазыры).

1972 год. Нарадзіўся Сяржук Кулягін.

Беларускі журналіст, краязнавец, паэт, бард, уладальнік аграсядзіб.

Сузаснавальнік фестываля “Вялікая бард-рыбалка” (з 2010 года, Чыгірынскае вадасховішча, Быхаўскі раён), член Беларускага геаграфічнага таварыства, клуба аматараў беларускай гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, актыўны дзеяч “Зялёнага турызму”.

1976 год. Памёр Міхась Машара (1902-1976).

Беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.

Мае багатую творчую біяграфію: рэдагаваў у Вільні газету “Наша воля”, працаваў у дзіцячым часопісе “Заранка”, у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова”, часопісе “Полымя”, “Настаўніцкай газеце”, на радыё.

Аўтар зборнікаў вершаў, паэм, п’ес, раманаў, кнігі ўспамінаў.

Вершы, напісаныя пад час зняволення ў віленскіх Лукішках тайна вынесла і выдала асобным зборнікам “Малюнкі” Зоська Верас.

Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля, “Апавяданні” Г. Сянкевіча, “Уральскія сказы” П. Бажова, “Калевалу” і інш.

Памёр 7 чэрвеня 1976 года.

1998 год. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе перамагла літоўскую каманду 5:0.

Дасягнута самая буйная перамога ў гісторыі беларскага футбола. Гульня адбылася на мінскім стадыёне “Дынама”. Трэнерам быў Г. Кандарацьеў.

А вось 30 сакавіка 2021 года разгромна саступіла Бельгіі (0:8) – набуйнейшае паражэнне у гісторыі зборнай Беларусі.

6 чэрвеня ў гісторыі. Параза рускіх войскаў. Першыя джынсы. Згарэў лепшы магілёўскі бардэль. Аперацыя “Аверлорд”. Нарадзіліся Э. Ажэшка, А. Пушкін, А. Дудараў.

1633 год. Ліпнішкі атрымалі Магдэбургскае права.

Самакіраванне і герб «у чырвоным полі вершнік з дзідай у руцэ».дараваны каралём і вялікім князем Уладзіславам Вазай.

Зараз Ліпнішкі – аграгарадок у Іўеўскім раёне, на рацэ Аліта, цэнтр сельсавета з насельніцтвам больш за 1 тысячу жыхароў. Упершыню згадваюцца ў XV стагоддзі. У XVI стагоддзі атрымалі статус мястэчка.

1664 год. Войскі ВКЛ перамаглі маскоўскіх захопнікаў пад Віцебскам.

Бітва адбылася на рацэ Лучоса падчас Трынаццацігадовай вайны. Вясной 1664 года  Масква “выпаліла і весекла” Дуброўна, Оршу, Чарэю і Талачын, “паліла да самога Барысава”.

Падчас бітвы разбітыя ноўгарадскія казакі ўцякалі да самога Ноўгараду, а рэшткі рускіх войск Хаванскага схаваліся ў Віцебску.

Віцебск у сярэдзіне XVII стагоддзя.

1799 год. Нарадзіўся Аляксандр Пушкін (1799-1837).

Сусветна вядомы паэт, драматург, празаік. З гэтай нагоды ў Расіі сёння – Пушкінскі дзень, дзень рускай мовы.

Верагодна, род Пушкіна бярэ свой пачатак з беларускага Наваградку. Бацькі жадалі, каб сын атрымаў адукацыю у полацкім калегіуме, але на гэта не хапіла сродкаў. 

Пушкін двойчы быў у Магілёве і на тэрыторыі Магілёўскай губерні (1820, 1824). У гонар гэтага на будынку па Ленінскай, 33 усталявана шыльда з выявай паэта. У абласным цэнтры Пушкіну прысвечаны тры помнікі, названы праспект (былая Нова-Чарнігаўская вуліца).

Увогуле, вуліцы імя Пушкіна ёсць ва усіх абласных і бальшыні раенных цэнтраў Беларусі. У гонар паэта ўстаноўлена шмат помнікаў, названы Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт, шматлікія ўстановы культуры.

Яго ўнучка Наталья Варанцова-Вельямінава (1859-1912) жыла ў Бабруйску і маёнтку Вавулічы пад Бабруйскам, займалася  дабрачыннасцю, была старшынёй Бабруйскага дабрачыннага таварыства. Ёй з мужам належаў дом у Бабруйску, які быў знесены ў канцы 1960-х гадоў і на яго месцы пабудаваны палац шлюбу. У 1902 годзе быў асвечаны Храм у гонар Святога Мікалая ў Цялушы, пабудаваны на сродкі Варанцовых-Вельямінавых.

Н. Варанцова-Вельямінава.

1841 год. Нарадзілася Эліза Ажэшка (1841-1910).

Польская пісьменніца беларускага паходжання.

Дапамагала паўстанцам у 1863-1864 гадах, хавала ў сябе Р. Траўгута, якога пазней пераправіла за мяжу.

У творчасці выступала за раўнапраўе жанчын, з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў, адлюстроўвала жыццё беларускай вёскі, падзеі паўстання 1863-1864 гадоў. Двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію: у 1904 і 1909 гадах.

У першы раз большасць членаў камітэта прагаласавала за творчасць этнічнага беларуса Генрыка Сянкевіча, у другі раз узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф. У Гродна працуе Дом-музей Элізы Ажэшка, там жа ёсць вуліца яе імя і пастаўлены помнік.

1850 год. Лівай Страус зрабіў свае першыя блакітныя джынсы.

Штаны імгненна раскупілі. Лівай і яго зяць Дэвід Стэрн адкрылі ў Сан-Францыска галантарэйны магазін. У 1853 годзе Страус заснаваў фірму “Levi Strauss & Co”. Замест парусіны штаны пачалі шыць з мякчэйшай французскай тканіны, якую назвалі “дэнім” (ад горада Нім у Паўднёвай Францыі, дзе гэтая тканіна першапачаткова выраблялася).

1909 год. У моцным пажары згарэў будынак Магілёўскага народнага дома, які быў ўрачыста адкрыты ў 1900 годзе.

А роўна праз год, у 1910-м здарыўся самы моцны пажар у гісторыі задняпроўскага Магілёва і самаго Магілёва: за адзін дзень поўнасцю выгарэла Лупалава – 700 дамоў, 2 царквы, найлепшы ў губернскім цэнтры бардэль, загінула 20 чалавек, некалькі пажарнікаў. Некалькі тысяч жыхароў засталіся без даху над галавой, сотні сталі жабракамі. Страты склалі 2 290 000 рублёў, а ўсе гадавыя даходы горада складалі толькі 439 552 рублі 02 капейкі.

1934 год. Пайшоў з жыцця Браніслаў Эпімах-Шыпіла  (1859-1934).

Прафесар, член Інбелкульта, дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец.

Прымаў удзел у дзейнасці культурна-асветнай арганізацыі “Круг беларускі”, у стварэнні беларускага выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”, студэнцкага “Беларускага навукова-літаратурнага гуртка”, лектар на беларускай мове ў Петраградзе,  старшыня навуковага “Таварыства вывучэння культурна-прамысловага стану Беларусі”. 

Аўтар першай хрэстаматыі беларускай літаратуры. Адыграў значную ролю ў жыцці і творчым станаўленні Янкі Купалы. На радзіме, у в. Залессе Полацкага раёна ў яго гонар усталяваны мемарыяльны знак, а ў Ветрынскай СШ заснаваны музей Б. Эпімах-Шыпілы.

1937 год. Нарадзіўся Іван Некрашэвіч (1937-2009).

Заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат прэміі Савета Міністраў СССР.

Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў у праектных інстытутах, галоўным архітэктарам Мінскай вобласці.

Сярод асноўных работ – Віцебскі і  Брэсцкі ўсходнія прамысловыя вузлы, генпланы прамысловых вузлоў у Гродне, Магілёве, Бабруйску, комплекс БелАЗ, забудова сельскіх пасяленняў, у тым ліку в. Гавяды Шклоўскага раёна.

1944 год. Пачалася аперацыя “Аверлорд” – адкрыццё другога фронта ў Заходняй Еўропе.

Да чэрвеня 1944 года саюзнае камандаванне засяродзіла на брытанскіх астравах 25 пяхотных, 10 бранятанкавых і 4 паветрана-дэсантных дывізій. Уся гэтая групоўка прызначалася для высадкі на ўзбярэжжа Францыі з мэтай адкрыцця другога фронта супраць немцаў.

Высадку забяспечвалі 6 000 караблёў, 11 000 баявых і 2 400 транспартных самалётаў, 850 дэсантных планёраў. Агульная колькасць экспедыцыйных сіл дасягнула 2 876 000 чалавек. Нямецкія войскі ў Францыі налічвалі 60 дывізій з некамплектам 20-30% па людзях і значна большым па тэхніцы. У танкавых дывізіях было 90-100 танкаў.

Адкрыццё другога фронту адцягнула на сябе частку нямецкіх дывізій, знізіла ваенны патэнцыял Германіі, які мог быць накіраваны супраць СССР.

Англа-амерыканскі дэсант у Нармандыі стаў адным з найбуйных у ваеннай гісторыі. Саюзнікам прыйшлося пераадолець адчайныя контратакі суперніка. Часам здавалася, што аперацыя “Аверлорд” проста асуджаная на няўдачу. Але ў падтрымку саюзнікаў 10 чэрвеня 1944 года савецкія войскі пачалі гіганцкі наступ на Усходнім фронце, які гітлераўцам удалося прыпыніць толькі ля Варшавы. 

Узаемадзеянне саюзніцкіх войскаў на Захадзе і Усходзе стала найважнейшым фактарам канчатковай змены ваенна-стратэгічнай сітуацыі ў Еўропе на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У верасні 1944 гады супраць Германіі выступілі ўжо яе былыя партнёры: Румынія, Фінляндыя, Балгарыя.

1950 год. Нарадзіўся Аляксей Дудараў (1950-2023).

Беларускі драматург, сакратар Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, член Беларускага ПЭН-цэнтра.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Тэатра юнага гледача, галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва», мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.

Аўтар апавяданняў, казак, зборнікаў апавяданняў, п’ес. Па яго сцэнарыях пастаўлены шматлікія фільмы, у тым ліку “Суседзі”, “Белыя росы”. Аўтар п’ес аб гісторыі шлюбу Рагнеды і Уладзіміра, аб Вялікай Айчыннай вайне, міжусобнай барацьбе ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, па матывах паэмы М. Гусоўскага. Пераклаў на беларускую мову хроніку У. Шэкспіра “Рычард III”.

Памёр 27 лютага 2023 года.

1951 год. Нарадзіўся Канстанцін Бандарэнка.

Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар, Заслужаны работнік адукацыі. Выхаванец і рэктар МДУ імя А. Куляшова (2003-2017). У 2010 г. занесены ў “Кнігу славы Магілёўшчыны”.

1956 год. У СССР адменена плата за навучанне ў старэйшых класах сярэдніх школ і ў ВНУ.

26 кастрычніка 1940 года была ўведзена пастанова №638 “Аб устанаўленні платнасці навучання ў старэйшых класах сярэдніх школ і ў вышэйшых навучальных установах СССР і аб змяненні парадку прызначэнняў стыпендый”.

Навучанне ў сталічных школах каштавала 200 рублёў у год, у правінцыйных – 150, а за навучанне ў інстытуце ўжо даводзілася выкладваць 300-400 рублёў.

Сума гадавой аплаты за навучанне ў школе і ВНУ адпавядала сярэдняй месячнай намінальнай зарплаце савецкіх працоўных. Аднак, увядзенне нават такой сціплай платы для многіх савецкіх грамадзян закрыла магчымасць прадоўжыць адукацыю пасля 7 класа. А калгаснікі тады ўвогуле заробку не атрымлівалі і працавалі за працадні.

У выніку праведзеных “рэформ” колькасць выпускнікоў сярэдніх школ (8-10 класы), сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ВНУ скарацілася ўдвая.

2011 год. Памёр Уладзімір Конан (1934-2011).

Беларускі філосаф, гісторык, літаратурны крытык, доктар філасофскіх навук, загадчык аддзела Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны.

Даследаваў тэарэтына-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэтычнай думкі, пытанні фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі.

 

На пажары ў Магілёве загінула пенсіянерка

Трагедыя адбылася вечарам 31 мая ў шматпавярховым доме па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве. У кватэры на чацвёртым паверсе здарыўся пажар, падчас якога загінула пенсіянерка 1956 года нараджэння. Яе цела было знойдзена на балконе. Дачка ахвяры і яе сын, што таксама пражывалі ў кватэры, на момант пажару адсутнічалі дома. Прычыны ўзгарання высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

У Бабруйску гарэў інтэрнат

Сістэма апавяшчэння “Маланка” спрацавала раніцай 30 мая ў інтэрнаце па Маладзёжным бульвары ў Бабруйску – паведаляе прэс-служба МНС. Гарэў пакой у блоку на восьмым паверсе, у якім пражывае 35-гадовая жанчына. На момант узнікнення пажару яна разам з сябрам знаходзілася ў пакоі. Пара эвакуіравалася самастойна, ніхто не пацярпеў. Прычына пажару высвятляецца, асноўная версія – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Фота: МНС

На лецішчы пад Асіповічамі гарэла цэлая сям’я – бацька загінуў, маці атрымала апёкі, дзеці выратаваліся

Трагедыя адбылася ў дачным доміку ў вёсцы Станцыя Ясень Асіповіцкага раёна. позна вечарам 28 мая ў хаце пачаўся пажар. У гэты час там знаходзілася сям’я з чатырох чалавек, бацька 1963 года нараджэння, маці 1975-га і дзве іх дачкі 2000 і 2019 гадоў нараджэння.

Да прыбыцця пажарных жанчына і дзеці здолелі самі выратавацца з дома праз вакно, пры гэтым маці атрымала апёкі 46% цела. Цела яе мужа было знойдзенае ў доме ратавальнікамі. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

У Магілёве сям’я выратавалася ад пажару дзякуючы аўтаномнаму апавяшчальніку

У дзве гадзіны ночы 26 мая ратавальнікам паступіла паведамленне пра пажар прыватнага дома па завулку Сонечны ў Магілёве. Гаспадары, 63-гадовы мужчына і яго 28-гадовая дачка, паспелі выбрацца з хаты і не пацярпелі.

Прыбыўшы на месца пажару супрацоўнікі ратавальнай службы засведчылі гарэнне дома адкрытым полымем і шчыльнае задымленне. У гэты момант у хаце нікога не было, а самі гаспадары знаходзіліся на вуліцы.

Пазней высветлілася, што іх выратаваў усталяваны ў доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Пажар адбыўся ўначы, калі людзі спалі. На ўзгаранне зрэагаваў апавяшчальнік, ад гуку якога і прачнуўся мужчына. Ён убачыў задымленне і разбудзіў дачку, якая была ў суседнім пакоі. Гаспадары праз веранду выйшлі з будынка, які моцна разгарэўся – паведамляе міністэрства па надзвычайных сітуацыях

У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджана перакрыцце і маёмасць у доме. Прычына пажару высвятляецца.

Фота: mogilev.mchs.gov.by

Пад Шкловам жанчына распальвала смецце бензінам і атрымала апёкі 40% цела

Удзень 24 мая 62-гадовая пенсіянерка з вёскі Падкняжанне Шклоўскага раёна спальвала бытавыя адыходы і траву побач з домам. Каб агонь разгарэўся хутчэй, жанчына выкарыстоўвала бензін.

Парывам ветру агонь перакінуўся на вопратку, якая загарэлася. У выніку здарэння жанчына атрымала апёкі 40 працэнтаў цела. Пацярпелая шпіталізавана — паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Прычына пажару і моцных апёкаў відавочная – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Фота ілюстрацыйнае

З-за пажару, у Магілёве эвакуявалі 90 чалавек з інтэрната

Пажар здарыўся сёння раніцай, каля 06:30 на вуліцы Касманаўтаў у Магілёве – загарэўся швейны цэх, прыбудаваны да інтэрната. Сігнал пра ўзгаранне падала аўтаматычная сістэма апавяшчэння “Маланка” – паведамляе прэс-служба МНС. 90 чалавек, у тым ліку 30 дзяцей былі эвакуяваныя з будынка інтэрната. Пацярпелых няма, прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС

Пад Магілёвам на пажары загінуў мужчына

Трагедыя адбылася апоўначы ў аграгарадку Раманавічы Магілёўскага раёна. Пажар узнік у кватэры шматпавярховіка на вуліцы Фабрычнай. Ратавальнікамі на месцы ўзгарання было знойдзена цела мужчыны 1973 года нараджэння, які нідзе не працаваў. Прычыны пажару высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае