Мужчына загінуў на пажары ў Горацкім раёне

Пра пажар у вёсцы Казлы паведамілі суседзі, а таксама пра тое, што ў хаце павінен быў знаходзіцца чалавек. Па прыездзе выратавальнай каманды дом гарэў адкрытым полымем – паведамляе прэс-служба МНС. Цела 47-гадовага мужчыны было знойдзенае на падлозе ў жылым памяшканні дома. Ён пражываў у хаце сваёй маці, якой не стала ў мінулым годзе.

фота: МНС

У Хоцімску пры пажары абгарэў мужчына, яго выратавалі

Прыватны дом 69-гадовага пенсіянера палаў адкрытым полымем увечары 7 лістапада. Ратавальнікі заўважылі гаспадара сядзібы на падлозе ўнутры дома і вынеслі яго на свежае паветра – паведамляе БелТА. У мужчыны дыягнаставанае атручэнне прадуктамі гарэння і апёкі, ён шпіталізаваны.

Фота: БелТА

Дзень у гісторыі. 28 кастрычніка. Міжнародны дзень анімацыі. Пабачыла свет паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Адкрыццё статуі Свабоды. Пажар у Бакінскім метро

Міжнародны дзень анімацыі (International Animation Day, з 2002 года). 

Устаноўлены ў гонар дэманстрацыі 28 кастрычніка 1892 года ў Парыжы “аптычнага тэатра” Эміля Рэйна. 

Таленавіты вынаходнік упершыню публічна прадэманстраваў свой апарат праксінаскоп, які паказваў рухомыя карцінкі. 

Гэта дата стала адпраўным пунктам адліку анімацыйнага кіно.

У гонар гэтага дня сеансы мультфільмаў адначасова праходзяць ў больш чым 110 краінах свету!.

Як ужо паведамлялі Магілёў.media, ў абласным цэнтры да дня анімацыі 26–28 кастрычніка праводзіцца Юбілейны XXV Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2022”.

tunnel.ru

 1523 год. У Кракаве выйшла з друку паэма беларуска-польскага паэта Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». 

У паэме яскрава выражаны патрыятычны заклік да яднання і дружбы розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, услаўленне дзейснай, свабоднай, гарманічна развітой і мужнай асобы, ідэя патрыятызму і антываенны пафас. 

Усе часткі твора аб’яднаны тэмай лёсу радзімы, адданасці роднай зямлі. 

Паэма – мастацка-гістарычны гімн прыгажосці роднай зямлі. 

Зубр у паэме — алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго магутнасці.

wikimedia.org

 1884 год. Нарадзіўся Фларыян Ждановіч. 

Беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра.

Працаваў акцёрам у польскіх тэатрах Беларусі, Вільні, сустваральнік і кіраўнік Першага таварыства драмы і камедыі, Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер – Купалаўскага).

Зрабіў першыя пастаноўкі беларускай драматургічнай класікі, паводле твораў Я. Купалы, Я. Коласа, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, К. Каганца, К. Буйло і іншых.

Арыштаваны ДПУ БССР у 1930 годзе, асуджаны да 5 гадоў лагераў. 

У 1937 годзе арыштаваны паўторна і расстраляны ў 1938 ці ў 1942 годзе.

wikimedia.org

1886 год. Адбылося афіцыйнае адкрыццё статуі Свабоды ў Нью-Ёрку. 

Падарунак французскіх грамадзян да 100-годдзя амерыканскай рэвалюцыі, прыбыў з Францыі 17 чэрвеня 1886 года і складаўся з 350 частак. 

Стваральнікі Ф. Бартольдзі і Густаў Эйфель. 

Статуя ўстаноўлена на востраве Свабоды ў вусці  ракі Хатсан / Гудзон.

Багіня Свабоды трымае паходню ў правай руцэ і падабенства кнігі ў левай. Надпіс на ёй лацінскімі літарамі “JULY IV MDCCLXXVI” значыць “4 ліпеня 1776”. Гэта дата падпісання Дэкларацыі Незалежнасці ЗША. 

Адна нага статуі абапіраецца на разбітыя кайданы. 

Сем зубцоў у яе кароне сімвалізуюць сем мораў ці сем кантынентаў. 

Вышыня ад зямлі да кончыка паходні – 93 метры, вышыня самой статуі, ад верху пастамента да паходні – 46 метраў.

Унутры цокаля знаходзіцца Музей засялення Амерыкі і гісторыі самой статуі.

У 1984 годзе статуя ўнесена ў спіс аб’ектаў культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

lifeglobe.net

 1904 год. У в. Гайшын сённяшняга Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Парфён Савіцкі.  

Беларускі гісторык, дзяржаўны дзеяч. Кандыдат гістарычных навук.

Працаваў дырэктарам пачатковай школы, старшынёй Гайшынскага сельсавета, сакратаром Прапойскага райвыканкама, на партыйных пасадах у Мінску.

У 1938-1941 і 1943-1946 гадах – рэктар БДУ, у 1941-1943 – рэктар Педагагічнага інстытута ў Ніжнім Тагіле.

У 1949-1952 гадах – дацэнт гістарычнага факультэта БДУ.

Памёр у 1968 годзе.

wikimedia.org

1922 год. Нарадзіўся Міхась Даніленка.

Беларускі пісьменнік.

Працаваў у газеце «Гомельская праўда».

Аўтар апавяданняў, васьмі зборнікаў аповесцей і апавяданняў, некалькіх кніг прозы для дзяцей.

1925 год. Створана Пінская каталіцкая дыяцэзія. 

Уваходзіць у склад Мінска-Магілёўскай мітраполіі, займае тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай абласцей. 

Цэнтр у Пінску. 

Дыяцэзія аб’ядноўвае Баранавіцкі, Брэсцкі, Гомельскі, Ляхавіцкі, Мазырскі, Пінскі і Пружанскі дэканаты.

wikimedia.org

1939 год. У Беластоку пачаўся Народны Сход Заходняй Беларусі. Скончыўся 30 кастрычніка. 

Праходзіў у будынку гарадскога тэатра. На парадку дня сходу быў разгляд пытанняў:

Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР

Аб дзяржаўным ладзе.

Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель.

Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

Сход зацвердзіў Дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР.

ФОТА – Будынак беластоцкага тэатра па вул. Электрычнай, 12, у якім праходзіў Народны Сход Заходняй Беларусі.

wikimedia.org

1945 год. У Мінску закладзены парк Перамогі.

Буйнейшы парк сталіцы. Размешчаны побач з Камсамольскім возерам на плошчы 200 гектараў.

У парку 33 тысячы дрэў, 25 тысяч кустоў. На беразе возера размешчаны лодачная станцыя, водна-вяслярная база, дзіцячая зона з пляцоўкамі для гульняў і заняткаў спортам, Палац піянераў і школьнікаў.

Каля парка 2 ліпеня 2014 года адкрыты новы будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

20 верасня 2013 года парку была прысвоена назва Музейна-паркавы комплекс «Перамога».

wikimedia.org

 1995 год.  Адбыўся пажар у бакінскім метро – найбуйнейшы па колькасці ахвяр інцыдэнт у гісторыі метрапалітэнаў свету. 

Загінула 3 выратавальнікі, 286 пасажыраў, у тым ліку 28 дзяцей. Колькасць параненых склала 270 чалавек.

У адным з вагонаў загарэўся цягавы рухавік. Машыніст спыніў цягнік у вузкім тунэлі. З-за дрэннай вентыляцыі і слабой асветленасці тунэлю многія пасажыры задыхнуліся або былі заціснуты ў паніцы.

tunnel.ru

 2002 год. Памёр Леанід Давідзенка.

Беларускі скульптар, жывапісец, графік, педагог.

Унёс значны педагагічны ўклад у развіццё беларускай скульптурнай школы. Яго вучнямі  з’яўляюцца А. Козел, А. Фінскі, У. Слабодчыкаў, М. Пятруль, А. Шапо, І. Арцімовіч, М.Шняк, А. Мядзведеў.

Аўтар многіх скульптур, у тым ліку «Лета» (фантан на праспекце Пераможцаў у Мінску), «Сымон-музыка», «Чорная панна» (Нясвіж).

У 1979 годзе скульптура «Юнак з вавёркай» экспанавалася на выставе ў Лондане.

Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі і ў Рускім музеі.

Два чалавекі загінулі на пажары ў Магілёве

Пажар адбыўся каля шостай гадзіны раніцы 16 кастрычніка па завулку 5-му Ямніцкаму. Згарэў прыватны дом, у якім жылі 72-гадовая пенсіянерка з сужыцелем.

Прэс-служба МНС паведамляе, што пажарныя, якія прыбылі на месца здарэння,  неадкладна пачалі пошук людзей і ліквідацыю пажару. Пошук быў абцяжараны высокай тэмпературай і шчыльным задымленнем.

У адным з пакояў ратавальнікі знайшлі труп гаспадыні дома, а ў калідоры труп яе 64-гадовага сужыцеля, пенсіянера. У выніку пажару часткова знішчаны дах, пашкоджана перакрыцце, маёмасць і сцены дома. Прычына пажару высвятляецца.

фота: МЧС

Гарэў палац культуры сельгасакадэміі ў Горках, у будынку былі людзі

Пацярпелых няма – усе супрацоўнікі своечасова пакінулі памяшканні. Трохпавярховы будынак палаца культуры горацкай акадэміі загарэўся 10 кастрычніка каля 11 гадзін раніцы, паведамляе прэс-служба абласнога МНС. 

Пажар адбыўся на першым паверсе ў дапаможным памяшканні танцавальнага класа. Заняткі ў гэтым класе на момант здарэння не праводзіліся. У выніку пажару ў дапаможным памяшканні пашкоджана маёмасць, абгарэлі сцены і столя.

Абгарэлі вядомыя балваны моаі з вострава Вялікадня. Некаторыя немагчыма будзе аднавіць

З прычыны маштабнага ляснога пажару на чылійскім востраве Вялікадня, або Рапануі, у Ціхім акіяне былі пашкоджаны знакамітыя каменныя ідалы – моаі. 

Па словах мэра вострава, некаторыя помнікі немагчыма будзе аднавіць.

Спецыялісты ўсё яшчэ ацэньваюць масштабы ўрону. Таксама ўлады заявілі, што агонь у сектары вулкана Рана-Рараку Нацыянальнага парку Рапа-Нуі выпаліў амаль 60 гектараў дрэў.

 Пажар пачаўся 4 кастрычніка, і толькі праз суткі ўдалося ўзяць яго пад кантроль.

“Назваць дакладную колькасць сапсаваных статуй пакуль немагчыма, паколькі каманды спецыялістаў усё яшчэ ацэньваюць дакладную колькасць моаі і іншых аб’ектаў, якія пацярпелі ад пажару” — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што з-за складу пароды балванаў у іх маглі ўтварыцца расколіны. Зараз у Рапа-Нуі знаходзяцца 386 моаі, з іх 265 размешчаны звонку вулкана, а 121 – на ўнутраных схілах кратэра.

фота: gstatic.com

Лак для валасоў стаў тэрмічнай бомбай і ледзь не забіў бабруйчанку

Бабруйчанка  распыляла лак для валасоў побач з уключанай газавай плітой. Успышка газу ледзь не спаліла яе. Летась з-за запалення адзення ад газавай пліты загінуў магілёвец. Драма і трагедыя нагадалі, што парушэнне правіл пажарнай бяспекі можа прывесці да траўмы і нават смяротнага выпадку.  

Бабруйск. У двухпакаёвай кватэры шматкватэрнага жылога дома на вуліцы Гогаля дама паважанага ўзросту прыводзіла сябе ў парадак. Рабіла гэта яна на кухне каля працуючай газавай пліты. Успышка пароў распыленага лаку для валасоў аказалася вельмі моцнай і нечаканай для гаспадыні. У выніку 59-гадовая жанчына атрымала тэрмічныя апёкі і была шпіталізавана. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС.  Гаспадарам пашчасціла, што ўспышка не выклікала яшчэ і пажар. 

Магілёў. Гэта не першы ў вобласці выпадак апёкаў грамадзян ад газавых пліт. Напрыканцы мінулага году падобны выпадак быў на вуліцы Папаніна. Ад газавай пліты загарэлася адзенне мужчыны. Нягледзячы на “тэрмічныя апёкі полымем 1-4 ступені 45% цела” яго сям’я выклікала хуткую толькі праз 7 гадзін. Ужо ў шпіталі мужчына памёр. 

МНС падкрэслівае, што балоны з аэразолямі нельга награваць, трымаць каля газавай пліты, радыятара ацяплення, каля крыніц адкрытага агню і кідаць у агонь, а іх змесціва нельга распыляць блізка ад агню. Таксама важна памятаць, што прадукты хімічнай прамысловасці (у тым ліку лакі і фарбы) з’яўляюцца лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі. У абодвух выпадках назіралася відавочнае парушэнне правіл эксплуатацыі газавых прылад і агрэгатаў. 

І яшчэ, памятайце, што лепш выклікаць хуткую дапамогу ў небяспечнай для здароўя сітуацыі, чым потым кусаць локці і шкадаваць з-за сваёй нездагадлівасці ці абыякавасці. Не трэба займацца і самалячэннем.

Дзень у гісторыі. 8 кастрычніка. Выданне «Граматыкі словеньска языка». Вызваленне Чавусаў ад маскоўскай акупацыі. Самы разбуральны пажар у гісторыі ЗША

1500 год. У час знаходжання ў Браславе Вялікага князя ВКЛ Аляксандра гораду дараваны прывілей на магдэбургскае права (няпоўнае).  

Герб «Вока прадбачання»  горад атрымаў 2 чэрвеня 1792 г. у адпаведнасці з прывілеем Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 

Горад вядомы з 1065 года. Мае 9,4 тысяч жыхароў, цэнтр турызму нацыянальнага значэння. 

У горадзе праводзіцца штогадовы фестываль “Віва Браслаў”.

1586 год. У Вільні ў друкарні Мамонічаў выдадзена першая друкаваная граматыка царкоўнаславянскай мовы –  «Граматыка словеньска языка»

Аўтарства трактату прыпісваецца Іаану Дамаскіну, пераклад на царкоўнаславянскую мову – Іаану Экзарху. 

Некаторыя даследчыкі лічаць аўтарам гэтага выдання Івана Фёдарава.

1660 год. Каля Чавусаў войска Рэчы Паспалітай адбіла наступленне рускай арміі, што вымусіла яе адступаць да Смаленска. 

Чавусы былі вызвалены ад маскоўскай акупацыі.

1831 год. Нарадзіўся Міхал Ельскі. 

Беларускі скрыпач, кампазітар, музычны пісьменнік.

Актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця Беларусі, дабрачынных канцэртаў, сустваральнік Мінскага музычна-літаратурнага таварыства (1880).

Сабраў дзесяткі народных мелодый, напісаў працы «Народныя танцы Мінскай губерні», «Вывучэнне музыкі».

Аўтар каля 100 музычных твораў.

Выступаў з канцэртамі ў беларускіх і еўрапейскіх гарадах.

1871 год. У ЗША адбыўся самы разбуральны пажар у гісторыі краіны. 

Ці то з-за каровы, якая збіла ліхтар у хляве, ці то з-за злодзея, які быў неасцярожны з агнём, выгарэў увесь цэнтр Чыкага з 48 кварталамі. 

З 300 тысяч жыхароў 90 тысяч засталіся без прытулку. Загінула каля 300 чалавек.

1899 год. На тэрыторыі Магілёўскай губерні ўсталявалася самае ранняе снежнае покрыва за ўвесь час метэаназіранняў.

1902 год. У в. Выдранка Краснапольскага раёна нарадзіўся Канстанцін Кернажыцкі

Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук

Даследаваў аграрную гісторыю Беларусі познефеадальнай і капіталістычнай эпох, эвалюцыю феадальнага спосабу вытворчасці, капіталізму.

Разам з Дз. Дудковым абгрунтаваў капіталістычны характар аграрнага ладу Беларусі пасля сялянскай рэформы 1861 года.

Адзін са складальнікаў зборніка дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (1936).

Памёр у ГУЛАГу ў 1942 годзе.

1910 год. Пайшла з жыцця Марыя Канапніцкая.

Паэтэса, перакладчыца, буйнейшы майстар польскай рэалістычнай літаратуры.

Змагарка за правы жанчын. Блізкая сяброўка Элізы Ажэшкі. 

Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я. Лучынам.

Аўтар цыклаў вершаў, эпічных паэм, зборнікаў апавяданняў,  цыклаў народных песняў «З лугоў і палёў», «На жалейцы», кнігі «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899).

Асноўныя матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці.  

1943 год. Загінуў Андрэй Мрый. 

Беларускі празаік, журналіст, перакладчык. Ураджэнец в. Палуж Краснапольскага раёна.

Вязень ГУЛАГу. 

Найбольш вядомы сваім сатырычным раманам на савецкую рэчаіснасць «Запіскі Самсона Самасуя».

Супрацоўнік часопіса «Наш край», інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша», стылістычны рэдактар у газеце «Звязда».

У Магілёве яго імя носіць бульвар.

1967 года. У Вялікабрытаніі ўпершыню прыняты закон, які рэгламентуе ўтрыманне алкаголю ў крыві вадзіцеляў.

Калі б гэты закон не быў прыняты і паліцыя не кантралявала вадзіцеляў на алкаголь, то наша краіна  за 10 гадоў страціла б 62 000 чалавек.

1991 год. Памерла Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая-Войцік). 

Беларуская пісьменніца і грамадскі дзеяч.

Аўтар «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (1924), «Гісторыя ўжывання зёлак у лячэнні» (1934), кнігі вершаў для дзяцей «Каласкі» (1985), успамінаў пра М. Багдановіча, У. Галубка, Ядвігіна Ш. і іншых.

 

Тры чалавекі загінулі на Магілёўшчыне за суткі – пажары і іншыя надзвычайныя здарэнні

У Магілёве на праспекце Шмідта ў сваёй кватэры загінуў шасцідзесяцігадовы мужчына. Пажар адбыўся ў памяшканні на чацвёртым паверсе пяціпавярховага жылога дома. 

У Круглым пасля апёкаў, атрыманых на пажары ў неэксплуатаваным аднапавярховым жалезабетонным будынку памёр яшчэ адзін жыхар вобласці – паведамляе прэс-служба МНС. 

Гібель яшчэ аднаго чалавека зафіксавана ў Быхаўскім раёне. Падрабязнасці трагедыі не паведамляюцца.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У Горацкім раёне згарэла вясковая крама

Пажар адбыўся ў пасёлку Сенькава, верагодна з-за электрапрыбораў.

Паведамленне пра ўзгаранне вясковай крамы паступіла да пажарнай службы ноччу 14 верасня. Як выявілася па прыездзе пажарных экіпажаў, полымя ахапіла ўнутранае памяшканне магазіна, пашкодзіўшы тавары і вітрыны. Дзве халадзільныя ўстаноўкі аказаліся пашкоджанымі, а таксама прагарэла аздабленне столі на плошчы 2 квадратных метры. Пацярпелых няма. Прэс-служба МНС паведамляе, што верагоднай прычынай пажару з’яўляюцца парушэнні ў правілах эксплуатацыі электраабсталявання і электрасетак.

Вёска Сенькава знаходзіцца амаль у васьмі кіламетрах ад раённага цэнтра.