Казна Магілёўшчыны трымаецца на адлічэннях падаходнага падатку

Паступленні ад падаходнага падатку сягаюць 327 мільёнаў рублёў, або 42,8 працэнтаў кансалідаванага бюджэту Магілёўскай вобласці.

За першае сёлетняе паўгоддзе ў рэгіянальную скарбніцу паступіла 763,5 мільёны рублёў.

У параўнанні з тым жа перыядам мінулага году даходы павялічыліся на 73,8 мільёны рублёў або на 10,7% у фактычным вылічэнні, інфармуе абласное ўпраўленне Міністэрства па падатках і зборах.

Удзельная вага прадпрыемстваў у фармаванні бюджэту Магілёўскай вобласці склала 20,1 працэнтаў.

У лідарах два заводы, якія вырабляюць алкаголь. Услед за «Магілёўэнерга» і прадпрыемствам з замежным капіталам «Кранахем», ідуць Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод і «Бабруйскі бровар».

 

Каровы дохнуць і не хочуць цяліцца. У Клімавіцкім раёне зменшыўся каровін статак амаль на 2 тысячы галоў

Кіраўніцтва раёну патрабуе карміць і даглядаць жывёлаў згодна з існуючымі нормамі і правіламі. Чыноўнікі ўпікаюць аграрыям, што тыя не выконваюць працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.

Па стану на 1 ліпеня ў сельгасарганізацыях раёну буйной рагатай скаціны было 22870 галоў. Гэта на 1862 жывёлы менш, чым летась.

Асноўнымі прычынамі зніжэння пагалоўя ската называецца «недаатрыманне прыплоду і павелічэнне выбыцця жывёлаў», піша газета Клімавіцкага райвыканкаму «Родная ніва».

За першыя сёлетнія паўгода ў сельгаспрадпрыемствах надаілі 7964,7 тоны малака (гэта 64,5% да ўзроўню мінулага года).

Малако гатунку «Экстра» прадаюць толькі з трох ферм сельгасарганізацыяў.

Старшыня райвыканкаму Дзмітрый Хайноўскі патрабуе ад кіраўнікоў «калгасаў» выправіць сітуацыю і арганізаваць кармленне і догляд жывёлы згодна з існуючымі нормамі і правіламі.

Паводле яго, некаторыя спецыялісты “па-ранейшаму не выконваюць вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну, што наўпрост адбіваецца на выніках працы”.

“Гаспадаркі недаатрымліваюць фінансавыя сродкі”, – наракае ён.

Весткі з палёў – злівалі паліва, кралі камбікорм, а дырэктар калгаса завышаў справаздачы

60-гадовы кіраўнік калгаса ў Чавускім раёне даваў даручэнні сваім падначаленым аб унясенні несапраўднай інфармацыі ў справаздачы. У выніку яго непрафесійнай дзейнасці, як мяркуюць следчыя органы, калгас пазбавіўся каля 50 скацін на агульную суму больш 23 тысяч рублёў, гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канал «МВД Беларуси».

У Шклоўскім раёне супрацоўнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў выносіў з фермы камбікорм і ўгнаенні, а тры яго хаўруснікі дапамагалі вывезці іх на машыне і прадаць фермеру з Брэсцкай вобласці. Усяго было складзена больш за 3,5 тоны камбікармоў і каля 600 літраў угнаенняў.

У Магілёўскім раёне, каля вёскі Забор’е, падчас міліцэйскага рэйда быў выяўлены факт змовы чатырох супрацоўнікаў аднаго з сельгаспрадпрыемстваў. Яны злілі са сваіх адзінак тэхнікі – аўтамабіля, трактара і камбайна – 230 літраў паліва і прадалі жыхару Магілёва, піша «Прыдняпроўская ніва.

Пераплата ў 280%. Дзяржкантроль выявіў факты «неабгрунтаванага пасярэдніцтва» і прапанаваў, як яго выкараніць

Уведзена забарона на выдачу пасярэднікам экспартных ветэрынарных дакументаў.

Сельгаспрадпрыемствы сістэматычна пераплачваюць пасрэдніцкім звёнам у сярэднім 30-60 працэнтаў ад першапачатковай цаны, набываючы ветэрынарныя прэпараты, сродкі аховы раслін, запчасткі, канстатуе па выніках праверак Камітэт дзяржкантролю.

У асобных выпадках пераплаты сягалі 240%, як пры закупцы дэзынфекцыйных дыванкоў у мінскага пасярэдніка, піша Белта

Адзін з мясакамбінатаў, закупляючы ў пасярэдніка ветпрэпараты для патрэб гаспадарак сыравіннай зоны і ўласнага спажывання з нацэнкай да 280 працэнтаў. Пераплата толькі сёлета склала 14 тысяч рублёў.

Падобныя выпадкі кантралёры лічыць «неабгрунтаваным пасярэдніцтвам» і каб выкараніць яго з ініцыятывы Камітэту дзяржкантролю ад 23 чэрвеня ўведзена забарона на выдачу пасярэднікам экспартных ветэрынарных дакументаў.

А, матэрыялы праверак накіраваны ў праваахоўныя органы для прававой ацэнкі.

 

У Клімавічах таксама скупалі цукар. Чыноўнікі запэўніваюць, што яго назапашана дастаткова

Жыхары райцэнтру, як і многія ў Беларусі, сталі закупляць цукар у запас. Іх сталі дакараць, што яны паддаліся чуткам аб дэфіцыце і падаражэнні прадукту. Каб супакоіць насельніцтва паведамілі пра назапашаныя тоны цукру.

Начальнік аддзелу эканомікі райвыканкаму Галіна Зубарава кажа, што цукар адносіцца да сацыяльна значных тавараў і цана на яго рэгулюецца дзяржавай. Урадам вызначаныя гранічныя максімальныя надбаўкі.

Паводле чыноўніцы ў крамы РАЙПО «ужо паступіла 14 тон цукру», а «у гандлёвыя аб’екты сістэмы Еўрагандаль – 3 тоны». Таксама ёсць ён і ў крамах сеткі «Нівагандаль», у гандлёвых абʼектах малога бізнесу, піша клімавіцкая раёнка «Родная ніва».

Паводле яе павялічаны попыт на цукар назіраўся і ў сярэдзіне мінулага года. Гэта было звязана з пладова-ягаднымі нарыхтоўкамі, якія робіць насельніцтва на зіму. Тады цукар адсутнічаў у некаторых крамах пару дзён. А потым сітуацыя стабілізавалася.

 

«Культавая «Бярозка» у Горках у запусценні – ні ўласнік, ні гарадскія структуры не могуць даць рады праблеме

«Бярозка» – танцпляцоўка ў цэнтры Горкі. Дзесяцігоддзямі яна была асяродкам гуртавання мясцовай моладзі. Тут ладзіліся дыскатэкі, поп і рок канцэрты. У 2000-х змена культурных тэндэнцый прывяла да яе заняпаду.

У 2018 годзе на танцпляцоўку звярнулі ўвагу мясцовыя актывісты. На круглым стале па пытаннях развіцця гарадскіх культурных асяродкаў была ўхваленая прапанова стварыць на месцы «Бярозкі» творчую пляцоўку, нагадвае рэсурс Horki.info.

Мясціна, на якой размяшчаецца танцпляцоўка, ужо мае новага ўласніка. На аўкцыёне зямельны ўчастак у 2015 годзе набыў прадпрымальнік Сяргей Цароў.

Ён планаваў пабудаваць тут жылы дом, але ўжо пасля здзелкі высветлілася, што, паводле генеральнага плана развіцця Горак, на месцы былой танцпляцоўкі, павінна быць размешчана выставачная прастора пад адкрытым небам.

Іншага прызначэння тэрыторыі не дапускаецца, і паўплываць на гэта на мясцовым узроўні немагчыма – генплан зацвярджаецца міністэрствам архітэктуры Рэспублікі Беларусь.

«Падчас пакупкі мне ніхто не ўказаў на гэтую дэталь, – каментуе сітуацыю Сяргей Цароў. – Цяпер я проста кожны год плачу падаткі за гэтую тэрыторыю і толькі».

У такой сітуацыі верагодныя два варыянты развіцця – альбо ўласнік зменіць свае планы на тэрыторыю «Бярозкі» і абсталюе тут выставачную прастору пад адкрытым небам, альбо ён дачакаецца зменаў у генеральным плане гораду, што дазволіць рэалізаваць праект з будаўніцтвам жылога дому.

Падлічана медыянная зарплата па Беларусі – Магілёўшчына на дне

На Магілёўшчыне самыя нізкія заробкі ў краіне. Яны складаюць 1046 рублёў «бруднымі», а пасля адлічэння ўсіх падаткаў і выплат, на руках застаецца 900-920 рублёў.

Гэта вынікае з апублікаванага рэйтынгу медыянных заробкаў у Беларусі. Яго абнаўляюць толькі два разы на год: у студзені і ліпені.

Падлік жа медыяннай зарплаты дае больш рэалістычныя сацыялагічныя назіранні, запэўнівае рэсурс banki24.by.


Медыянная зарплата вылічваецца на падставе падзелу ўсіх работнікаў напалам. Паводле размеркавання даходаў, медыянная зарплата заўсёды ніжэй, чым сярэдняя.


На Магілёўшчыне медыянны заробак складае – 1046 рублёў, а пасля выплаты падаткаў працаўнік мае 900-920 рублёў. Разлік сярэдняга заробку па рэгіёну дае больш радасныя лічбы – 1278 рублёў. Розніца між медыянным і сярэднім заробкамі складае 18,1%.


Сярэдняя заработная плана вылічваецца штомесяц і дае слабае ўяўленне пра рэальнае размеркаванне даходаў, паколькі існуе няроўнасць паміж зарплатамі прадстаўнікоў вышэйшых колаў і асноўнай масы.


Для параўнання

Найвышэйшыя медыянныя зарплаты ў Мінску – 1448 рублёў пры сярэдняй 2197. Розніца 34,1% і гэта самы высокі працэнт па Беларусі.

У Віцебскай вобласці медыянны заробак – 1046 рублёў. Сярэдні – 1323 рублі (21%);

У Брэсцкай – 1087 рублёў і 1341 рубель (18,9%);

У Гродзенскай – 1388 рублёў і 1576 рублёў (розніца 21,4%);

У Гомельскай – 1080 рублёў і 1412 рублі (23,5%).

 

На Магілёўшчыне за першую палову 2022 году пажары забралі жыцці 48 чалавек

За гэты час адбылося 390 пажараў. З 48 загінулых – 35 былі ў стане алкагольнага ап’янення.

Разам з тым, паводле начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Дзямідава, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году колькасць смерцяў на пажарах зменшылася на 19 працэнтаў. Летась загінула – 59 чалавек, паведамляе сайт газеты «Голас Касцюкоўшчыны»

Па словах Сяргея Дзямідава асноўнай прычынай смерцяў, звязаных з пажарамі застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Гэта прывяло да гібелі 41 чалавека. 35 чалавек на момант узнікнення пажару знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

 

На Магілёўшчыне чакаецца навальніца з дужымі парывамі ветру

Магчымыя зрыванні слаба ўмацаваных канструкцыяў, дахаў будынкаў, абрыванні лініяў сувязі і электраперадач, перабоі энергазабеспячэння, падзенні дрэваў, узнікненні лясных пажараў, а таксама пажараў у жылых і вытворчых будынках. Не выключаецца гібель людзей у вадзе падчас купання, адзначана ў паведамленьні на тэлеграм-канале “МЧС Беларуси”.

Чакаецца пераменная воблачнасць. Па ўсходзе кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Вецер паўночны 5-10 м/с, парывы да 14 м/с, месцамі, пераважна па ўсходняй палове, 15-20 м/с. Тэмпература паветра 20 26°С, па паўднёвым захадзе да 28°С.

Белгідрамедцэнтр абвясьціў жоўты ўзровень небясьпекі. 

 

Два жыхары Горацкага раёна злавілі злодзея – ён паспеў абнесці вясковую краму

Аляксандр Міхайлоўскі і Аляксандр Ляўтко праходзілі міма сельскага магазіна ў роднай вёсцы Копцеўка, калі заўважылі, што адно з вокан узламанае. Пашкоджанымі былі рашотка і шклопакет. 

Неўзабаве, побач з крамай два Аляксандры пабачылі незнаёмага нецвярозага мужчыну. Пры сабе ў яго былі і скрадзеныя ў краме тавары – паведамляе  Магілёўскае абласное Упраўленне ўнутраных спраў. 

Жыхары Копцеўкі на месцы затрымалі падазроную асобу і выклікалі міліцыю. Віна затрыманага была ўстаноўленая ў ходзе далейшых следчых мерапрыемстваў, а пільныя сяльчане атрымалі падзякі і каштоўныя падарункі.