Следчыя абнародавалі падрабязнасці забойства са згвалтаваннем дзяўчынкі 25 гадоў таму

Забойца гвалтаваў таксама і сваю ўласную дачку, а падчас следства высветлілася, што ў канцы 1970-х, калі яму не было яшчэ і 20-ці, ён здзейсніў яшчэ два забойствы.

Следчы Камітэт Беларусі апублікаваў падрабязнасці пра забойства дзяўчынкі на Магілёўшчыне, што было раскрыта праз 25 гадоў.

26 ліпеня 1998 года ў Магілёве знікла адзінаццацігадовая дзяўчынка. Праз два дні яе абвугленае цела са слядамі згвалтавання і нажавымі раненнямі знайшлі грыбнікі ў лесе. На працягу дваццаці пяці гадоў следчыя час ад часу вярталіся да справы, і ў самы апошні час ім удалося знайсці новую зачэпку.

У пачатку жніўня 2023 года па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства быў затрыманы 63-гадовы мужчына. Падчас допыту ён прызнаўся, што ў 1998 годзе згвалтаваў і забіў дзяўчынку. Як высветлілася, яна была сяброўкай яго дачкі.

Мужчына, як бацька сяброўкі, а значыць, добра знаёмы чалавек, завёў дзяўчынку ў лес. Там ён пасцяліў загадзя падрыхтаваную прасціню, заткнуў ахвяры рот анучай, а затым згвалтаваў і ўдарыў нажом у спіну. Закідаў цела сухім галлём, абліў бензінам і падпаліў – расказаў ён следчым на допыце.

Таксама стала вядома, што пазней, у 2009 годзе ён згвалтаваў сваю ўласную дачку і пад пагрозай нажа патрабаваў ад яе нікому не расказваць. За гэтае злачынства ён ужо адсядзеў свой тэрмін. Акрамя таго, следчыя атрымалі інфармацыю, што ў канцы 1970-х гадоў – а гэта значыць, што яму тады не было і дваццаці гадоў – мужчына здзейсніў два забойствы.

Фота: скрыншот з відэа Следчага Камітэта

Магілёвец ускрыў сем аўто, каб паехаць да сяброўкі

30-гадовы мужчына, раней судзімы за разбой, ускрыў сем машын – паведамляе УУС. Ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

Пасля перапіскі са сваёй дзяўчынай, якая знаходзіцца ў суседняй краіне, хлопец вырашыў паехаць да яе.  Мужчына ўскрыў шэраг транспартных сродкаў, але шэсць з іх завесці не змог, а ў сёмы заглух матор. Пашпарту і правоў на кіраванне аўто ў хлопца пры сабе не было.

Следчымі ўзбуджана крымінальная справа.

Фота: УУС

Магілёўскі прагулачны цеплаход, аказваецца, працаваў з рызыкай для пасажыраў

Магілёўская транспартная пракуратура выявіла парушэнні ў бяспецы на цеплаходзе “Магілёў”, уладальнікам якога з’яўляецца”Магілёўзелянбуд”. Так, у машынным аддзяленні цеплахода захоўваліся лёгкаўзгаральныя вадкасці, суднавае электраабсталяванне выкарыстоўвалі з пашкоджанай ізаляцыяй. Патрабаванні, якія прад’яўляюцца да эвакуацыі людзей у выпадку ўзнікнення пажару, у поўным аб’ёме не выконваліся – піша БелТА. Уласніку цеплахода выпісаны прадпісанні па выкараненні недахопаў.

Фота з адкрытых крыніц

Нарадзіла ў ваннай і выкінула – шакуючыя падрабязнасці пра нованароджанаю на казырку дома ў Магілёве

Жыхарка Магілёва схавала цяжарнасць ад свайго мужа і, паводле яе словаў, збіралася адвезці нованароджаную дачку ў бальніцу, каб адмовіцца ад яе – так яна ўжо рабіла раней. Але па факце – паклала дзяўчынку ў пакет і выкінула з балкона. 

Следчы камітэт апублікаваў падрабязную справаздачу пра шакуючы выпадак, што адбыўся ў Магілёве ў красавіку гэтага года. Нагадаем, у чатыры гадзіны раніцы 17 красавіка на казырку паштовага аддзялення дома №24 па вуліцы Габраўскай было знойдзена нованароджанае дзіця. У той жа дзень знайшлі і маці – 34-гадовую жанчыну, якая ўжо мела трох дзяцей.

Па дадзеных следства, нарадзіўшы даношаную і здаровую дзяўчынку, жанчына загарнула нованароджаную ў аднаразовую пялёнку і два ручнікі, паклала яе ў падвойны пакет разам з неаддзеленым паследам і туга завязала ручкі на вузел. А затым, адчыніўшы акно балкона, скінула ўпакаваны скрутак з дачкой з вышыні не менш як 1,5 метра на прылеглы дах.

Першапачаткова жанчына расказвала следчаму, што не падазравала аб сваёй цяжарнасці і толькі пасля псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы стала відавочна, што жанчына ўжо на ранніх тэрмінах ведала пра яе. Аднак звяртацца ў жаночую кансультацыю для пастаноўкі на ўлік па цяжарнасці яна не стала, вырашыўшы, што народзіць самастойна, а затым адмовіцца ад дзіцяці, як рабіла ўжо некалькі гадоў таму, калі цяжарнасць аказалася непажаданай.

Ад мужа цяжарнасць яна таксама схавала, бо ведала, што той будзе супраць адмовы ад дзіцяці. Каб у мужа не ўзнікала пытанняў наконт яе цяжарнасці, жанчына сказала, што ў яе ўрачы выявілі дабраякасную пухліну, для выдалення якой ёй давядзецца легчы ў бальніцу.

Уначы 17 красавіка жанчына самастойна нарадзіла ў ванным пакоі здаровую дзяўчынку. Муж і дзеці спалі.

Падчас допытаў жанчына расказала следчаму, што пакуль усе спяць, яна разлічвала на таксі адвезці нованароджаную ў бальніцу, дзе збіралася ад яе адмовіцца. А каб сваім плачам дзяўчынка не разбудзіла блізкіх, жанчына выставіла яе за вакно.

Згодна з заключэннем стацыянарнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы жанчына знаходзілася ў сваім розуме.

Фота: Следчы камітэт

У Магілёве пройдуць спаборніцтвы яркага аўтаспорта “Джымхана батл” – відэа

“Джымхана” – гэта разнавіднасць аўтаспорта, якая была прыдуманая ў Японіі. “Джымхана” адрозніваецца складанымі трасамі і экстрэмальнымі ўмовамі – цяжкую трасу неабходна праехаць за максімальна кароткі час.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Навіны Магілёўскага рэгіёну (@mogilev.media)

У 2023 годзе ў Беларусі прайшло ўжо два этапы Кубка па “Джымхане” – «ADT Gymkhana Battle», у Мінску і Слуцку. Трэці этап Кубка пройдзе ў Магілёве ў суботу 26 жніўня.

Спаборніцтвы пройдуць на Пушкінскім праспекце, пагэтаму частка гэтай цэнтральнай вуліцы будзе перакрытая для аўтатранспарта. Праспект будзе перакрыты пачынаючы з 10.00. З гэтага часу пачнуцца падрыхтоўчыя працы – размяшчэнне аўтадылераў, рэтра аўтамабіляў, байкераў.

У 13.00 намечаны аўтапрабег удзельнікаў спаборніцтваў і аўтадылераў у суправаджэнні байкераў і ДАІ па горадзе. З 13.30 да 15.00 пройдуць кваліфікацыйныя заезды на пляцоўцы перад ДК вобласці.

Узнагароджанне адбудзецца на сцэне каля Палаца ў 19.00. Для гледачоў прадугледжаны партэр на 500 месцаў – паведамляе тэлеграм-канал Магілёў – мой горад!”.

Фота: adt.by

У магілеўчанкі скралі дарагі ровар

У жыхаркі Магілёва быў выкрадзены ровар у фае аднаго з інтэрнатаў – паведамляе прэс-служба УУС.

Сышчыкі высветлілі, што на ровары з’ехаў нецвярозы 40-гадовы рабочы аднаго з прадпрыемстваў горада, раней ужо неаднаразова судзімы за крадзяжы і рабаванні. Праз некаторы час ён зламаў чужую маёмасць, упаўшы з яе, а пасля схаваў ровар у кустах, спадзеючыся пазней вярнуцца за ім і перапрадаць.

Цяпер выкрадзенае вернута ўладальніцы, у дачыненні да фігуранта ўзбуджана крымінальная справа.

Фота: УУС

Трактар у Княжыцах касіў траву на ўзбочыне і зачапіў п’яную жанчыну, якая там ляжала

У аграгарадку Княжыцы Магілёўскага раёна трактар “Беларус” праводзіў працы па пакосу травы на ўзбочынах дарог. Падчас гэтых прац механізм зачапіў нецвярозую 49-гадовую жанчыну, што спала ў кювеце. На шчасце, жанчына не атрымала цяжкіх траўм – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

На Святым возеры ў Магілёве патануў падлетак

Хлопчык 2007 года нараджэння плаваў разам з сябрам у 20 метрах ад берага. Дзеці прыйшлі купацца на Святое возера ў Магілёве кампаніяй без дарослых.

У нейкі момант хлопец знік пад вадой, а яго сябар паплыў на бераг за дапамогай – паведамляе прэс-служба МНС. На маторнай лодцы на месца трагедыі накіраваліся 3 вадалаза-выратавальнікі і 1 медыцынскі работнік станцыі АСВОД «Грабянеўская».

У 19:30 работнікі АСВОД дасталі дзіця з вады. Працаўнікі хуткай медыцынскай дапамогі пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў канстатавалі смерць дзіцяці. Цела знаходзілася за 20 метраў ад берага, на глыбіні каля 2 метраў.

Фота: МНС

На школьным базары ў Магілёве за парушэнні закрылі шапік прадпрымальніка

Дзяржкантроль знайшоў мноства парушэнняў у рабоце гандлёвай кропкі на школьным базары ў Магілёве – паведамляе прэс-служба ведамства. 

Так, гандлёвая надбаўка на тавары магла сягаць 65-105% пры дазволеных 40% максімум. Акрамя таго, амаль 500 адзінак тавараў не мелі ніякіх суправаджальных дакументаў пра іх паходжанне і якасць. Дзейнасць аб’екта прыпыненая.

Фота з адкрытых крыніц

У «Е-Сіці» здарыўся пажар

Пажар адбыўся 15 жніўня ў Магілёве ў гандлёвым цэнтры “Е-Сіці”, у дапаможным памяшканні на 1 паверсе, якое арандуе клінінгавая кампанія – паведамляе МНС.

Узгаранне ліквідаваў дырэктар кампаніі з дапамогай парашковых вогнетушыцеляў да прыбыцця ратавальнікаў.

У выніку пажару пашкоджаны стэлаж з асабістымі рэчамі, закураны сцены і столь у памяшканні. Пацярпелых няма.

Прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС