Дзень у гісторыі. 10 студзеня. Першае ў свеце метро, першы перапіс насельніцтва на Беларусі. Жудаснае пахаладанне ў Дакоце, катастрафічная лавіна ў Перу. Нарадзіўся Пётр Магіла

1597 год. Нарадзіўся мітрапаліт Пётр Магіла. 

Рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай, епіскап Канстанцінопальскай праваслаўнай царквы, Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі, трэці Экзарх Канстанцінопальскага трону (1632-1647).

Быў прэтэндэнтам на малдаўскі трон, удзельнік Хоцінскай бітвы. 

У 1625 годзе прыняў манаскі пострыг у Кіева-Пячэрскім манастыры, у 1627 годзе стаў архімандрытам Кіева-Пячэрскай лаўры.

Падтрымліваў друкарні Украіны і Беларусі, рабіў пераклады з грэцкай мовы, складаў, пісаў кнігі, у тым ліку першы праваслаўны катэхізіс – «Праваслаўнае вызнанне веры», займаўся  развіццём праваслаўнай адукацыі, прымірэннем праваслаўных і уніятаў. 

Уладзіслаў IV у 1632 годзе афіцыйна аднавіў Кіеўскую праваслаўную мітраполію ў складзе Канстанцінопальскага патрыярхату з утварэннем новай Мсціслаўскай епархіі і назначэннем мітрапалітам Пятра Магілы. 

У 1633 годзе Магіла атрымаў каралеўскі дазвол на збудаванне ў Магілёве царквы Святога Мікалая. Па распараджэнню мітрапаліта магілёўскім біскупам Сільвестрам (Косавым) у 1637 г. была пабудавана часовая драўляная Мікольская царква.

Памёр 11 студзеня 1647 года.

Кананізаваны 8 снежня 2005 года Архіерэйскім саборам Рускай праваслаўнай царквы.

1684 год. Памёр Крыштаф Жыгімонт Пац

Вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Вялікі харунжы літоўскі, падканцлер, вялікі канцлер літоўскі (з 1658).

Атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю. Служыў у французскай, іспанскай і галандскай арміях.

Адзін з лідараў партыі, якая выступала за каранацыю Міхала Вішнявецкага і  супраць абрання Яна Сабескага.

У 1673 годзе дабіўся прыняцця закона, паводле якога кожны трэці сойм павінны быў праходзіць у Гродне (акрамя Варшавы і Кракава).

1863 год. У 6:00 раніцы ў Лондане пачало працаваць першае ў свеце метро. 

Зараз Лонданскае метро мае працягласць 402 км, яно ўключае 268 станцый і 11 ліній. 

Метро працуюць на усіх, акрамя Антарктыды, кантынентах, у 50 краінах. У Афрыцы яно ёсць толькі ў Алжыры, Егіпце, Нігерыі, Тунісе, Кот д’Івуары. 

Самыя буйныя метрапалітэны ў свеце: па колькасці станцый і ліній – Нью-Ёркскі (472 станцыі, 28 ліній), па даўжыні ліній – Шанхайскі (743 км) і Пекінскі (727 км), па гадавому пасажырапатоку – Пекінскі і Такійскі. 

Самыя кароткія лініі метро (меней за 9 км): у венесуэльскім Маракайба, індыйскім Ахмадабадзе, італьянскіх Катаніі і Генуі, украінскім Дняпры. Гётэборг, Лазана, італьянская Брэшыя, французскі Рэн – самыя маленькія гарады ў свеце, якія маюць метро. 

З 1984 года працуе метро ў Мінску: зараз гэта тры лініі працягласцю 41 км, 33 станцыі, будуецца 4-я лінія.

1890 год. Нарадзіўся Ільдэфонс Бобіч. 

Беларускі каталіцкі святар, пісьменнік, перакладчык, прыхільнік беларусізацыі касцёла. Доктар філасофіі.

Святар з 1915 года. Служыў ў прыходах Друі, Дісненшчыны, Іўі, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Супрацоўнічаў з беларускімі часопісамі «Беларус» і «Крыніца».

Аўтар апавяданняў, якія друкаваў у «Нашай ніве», у Першым беларускім календары «Нашай нівы», газеце «Biełarus» і іншых выданнях.

Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў каталіцкае богаслужэнне.

У гады Другой сусветнай вайны арыштаваны акупацыйнымі ўладамі, памёр 28 красавіка 1944 года пасля вызвалення з турмы.

І. Бобіч на фотаздымку злева

1896 год. Нарадзіўся Георгій Лаўроў. 

Савецкі беларускі архітэктар.

У 1928-1934 гадах працаваў галоўным архітэктарам у наркамаце камунальнай гаспадаркі БССР, потым пераведзены на працу ў Маскву.

Праекціроўшчык будынкаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, бібліятэкі і інтэрнатаў БДСГА ў Горках, ўніверсітэцкага гарадка і галоўнага корпуса БДУ, Політэхнічнага інстытута ў Менску, будынка драмтэатра і кінатэатра ў Оршы, будынкаў у Алушце, Албаніі, Алма-Аце, Ашхабадзе, Фрунзе, Сафіі, Бухарэсце.

Памёр 24 мая 1967 года.

1897 год. Пачаўся Першы Усерасійскі перапіс насельніцтва. 

Па даных гэтага перапісу насельніцтва Беларусі ў сучасных яе межах склала 6,38 мільёнаў чалавек. 

Насельніцтва па гарадах (тысяч чалавек): Менск – 90,9, Віцебск – 65,9, Гродна – 40,9, Гомель – 36,7, Полацк – 20,3; Асіповічы – 0,9, Бялынічы – 2,2, Бабруйск – 34,3, Быхаў – 6,4, Глуск – 5,3, Горкі – 6,7, Дрыбін – 1,2, Касцюковічы – 0,7, Клімавічы – 6,0, Клічаў – 0,6, Краснаполле – 3,2, Круглае – 1,6, Крычаў – 6,2, Магілёў – 43,1, Мсціслаў – 8,5, Прапойск – 1,0, Хоцімск – 3,0, Чавусы – 4,7, Чэрыкаў – 5,2, Шклоў – 9,7.

1905 год. Нарадзілася Таццяна Бірыч. 

Беларускі афтальмолаг, доктар медыцынскіх навук. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Герой Сацыялістычнай Працы. Заслужаны дзеяч навукі, заслужаны ўрач БССР.

Працавала загадчыкам кафедры хвароб вачэй Мінскага медінстытута, галоўным афтальмолагам краіны, старшынёй Навуковага таварыства афтальмолагаў БССР, намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета БССР (1963-1967).

Аўтар 240 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, у галіне аксігенатэрапіі хвароб вачэй, лячэння сухотаў і апёкаў вачэй, выдалення катаракты з дапамогай нізкіх тэмператур (першая ў СССР), вывучэння кровазліцця ў сятчатку ў нованароджаных пры нармальных і паталагічных родах.

Упершыню ў Савецкім Саюзе ужыла метад крыяхірургіі пры захворваннях вачэй.

Памерла 26 лютага 1993 года.

1911 год. Жудаснае пахаладанне ў Дакоце за чвэрць гадзіны. 

У горадзе Рапід-Сіці амерыканскага штата Паўднёвая Дакота цягам 15 хвілін (ёсць сведчанні, што за 5 хвілін) тэмпература апусцілася адразу на 26°С з +16  да −11°C.

Фота: Рапід-Сіці, 1912 год

1956 год. Нарадзіўся Юры Малышэўскі. 

Беларускі майстар выцінанкі. Народны майстар.

З 1987 года працуе ў мастацкай майстэрні аддзелу культуры Пружанскага райвыканкаму. Кіруе дзіцячай студыяй народнай творчасці па мастацтве выцінанкі і разьбы па дрэве.

У яго творах адлюстроўваюцца тры тэмы: жыцьцё лесу і яго насельнікаў, гісторыя роднага мястэчка, дзейнасць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Акрамя выцінанкі, працуе таксама ў жывапісе, графіцы, рэстаўрацыі. Ружанскі краязнавец.

1962 год. У 18:13 адбылася найвялікшая ў гісторыі лавін катастрофа: абвал з Невада-Уаскаран (Перу).

Аб’ём масы снегу і лёду склаў прыблізна 3 мільёны кубаметраў, а да канца руху лавіны дасягнуў 10 мільёнаў. 

Гразевы паток імчаўся ўніз з хуткасцю 110 км/гадзіну і нёс на сабе каменныя груды памерам з трохпавярховы дом. 

Лавіна прайшла 10 км і за 7 хвілін сцёрла з твару зямлі гарадок Ранраірка, 6 мястэчак і часткова разбурыла яшчэ тры. Дакладная колькасць ахвяр невядомая. Па прыблізных падліках загінула 4 000 чалавек і 10 000 хатніх жывёл.

1966 год. Нарадзіўся Яраслаў Раманчук. 

Беларускі палітык і эканаміст. Быў кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі на выбарах 2010 года.

Працаваў выкладчыкам, журналістам, дырэктарам прадпрыемства, аналітыкам, галоўным спецыялістам Камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах Вярхоўнага Савета 13-га склікання, у штотыднёвіку «Белорусская газета», кіраўніком «Навукова-даследчага цэнтра Мізэса», цэнтра «Стратэгія».

Лаўрэат многіх прэмій, у тым ліку Atlas Economic Research Foundation, імя сэра Энтані Фішэра за кнігі «Беларусь: дорога в будущее» і «Бизнес Беларуси: в круге первом».

Самы вядомы прадстаўнік і папулярызатар аўстрыйскай школы эканомікі ў Беларусі.

У 2000-2011 гадах быў намеснікам старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Дзень у гісторыі. 22 лістапада. Першы ў свеце ўдалы скачок з парашутам. Забойства Кенэдзі. Украінская “аранжавая” рэвалюцыя. У Вільні адбылося перапахаванне К. Каліноўскага

Матрона (народны каляндар). «З Матроны становіцца зіма». У Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе зіма стала 15 лістапада. А вось самы позні першы снег у вобласці ў ХХ стагодзі выпаў з 21 на 22 лістапада 1963 года.

1605 год. Адбылося заручэнне прыгажуні Марыны Мнішак і Лжэдзмітрыя I. 

Марына – дачка шляхетнага ваяводы Юрыя Мнішака, які ў 1611 годзе ўрачыста прадставіў польскаму каралю Жыгімонту III Вазе палоннага рускага цара Васіля Шуйскага. 

Быць жонкай невядомага і брыдкага былога халопа прыгажуня Марына пагадзілася з-за жадання стаць рускай царыцай.

Пры змовінах дзяўчыне былі абяцаны, акрамя грошай, гарады Ноўгарад і Пскоў, магчымасць выйсці замуж за іншага ў выпадку няўдачы Ілжэдзмітрыя. 

Вяселле з шлюбам і абвяшчэннем Марыны царыцай адбыліся ў маскоўскім Крамлі 18 траўня 1606 гады. Марына Мнішак была каранавана як руская царыца – адзіная жанчына, каранаваная ў Расіі да Кацярыны I. 

А 27 траўня Лжэдзмітрый быў зрынуты.  Роўна тыдзень панавала ў Маскве новая царыца. Выпадкова ацалела падчас выступлення супраць Лжэдзмітрыя. Пазней была адпраўлена да бацькі.

tunnel.ru

 1797 год. Француз Андрэ Жак Гарнерэн здзейсніў першы ў свеце ўдалы скачок з парашутам. 

Ён скокнуў з вышыні 1000 м (па іншых дадзеных – 680 м) з паветранага шара над паркам Монсо непадалёк ад Парыжа.

tunnel.ru

 1944 год. Памёр Кузьма Чорны (Мікалай Раманоўскі). 

Беларускі пісьменнік. 

Аўтар шэрагу кніг апавяданняў, п’ес, раманаў, гумарыстычных твораў. 

У творах імкнуўся стварыць «тыпы, якія носяць беларускія імёны» і «павінны стаць абагульненымі вобразамі, зразумелымі ўсім нацыянальнасцям». 

Перакладчык асобных твораў А. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага і інш. Пэўныя яго творы інсцэнізаваны і экранізаваны, у т.л. фільм «Ноч пры дарозе» (1992). У 1938-1939 гг. знаходзіўся ў турме НКУС.

1954 год. Нарадзілася Святлана Марозава

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Загадчык кафедры гісторыі Беларусі Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Даследчык канфесійнай гісторыі Беларусі канца XVI – 1-й паловы ХІХ стагоддзяў, уніяцкай царквы, Гродзеншчыны.

Аўтар  манаграфій «Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839)»,  дапаможніка «Берасцейская царкоўная унія 1596 г. у беларускай гістарыяграфіі», кніг, брашур.

wikimedia.org

1960 год. Выпушчана першая партыя аўтамабіляў ЗАЗ-965 “Запарожац” з канвеера Запарожскага завода “Камунар”.

Адным з узораў для “народнага аўтамабіля” паслужыў бюджэтны італьянскі “FIAT 600”. “Гарбаты” атрымаўся ў цэлым трывалым і эканамічным, валодаў добрай праходнасцю, невялікім па масе. 

Гандляваўся першы “Запарожац” за 1200 рублёў, і першая партыя машын у імгненне разышлася. У замежжа аўтамабіль прадававаўся пад брэндам “Yalta”. На гэтай жа базе завод стаў выпускаць і “інвалідкі” са змененымі механізмамі кіравання.

19 верасня 2008 года Запарожскі аўтазавод завяршыў выпуск аўтамабіля ЗАЗ-1103 “Славута” – апошняга нашчадка “гарбатага” ЗАЗ-965 з прычыны экалалагічных патрабаванняў Еўрасаюза.

tunnel.ru

1963 год. У Даласе падчас паездкі па краіне забіты прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі (1917-1963). 

35-ы прэзідэнт ЗША (1961-1963), першы прэзідэнт ЗША-каталік, першы прэзідэнт, які нарадзіўся ў XX стагоддзі, самы малады прэзідэнт краіны. 

Пад час яго прэзідэнтства адбыліся шматлікія падзеі, сярод якіх: Карыбскі крызіс,  дагавор аб забароне ядзерных выпрабаванняў, пачатак касмічнай гонкі, будаўніцтва Берлінскай сцяны, рух за грамадзянскія правы, эканамічныя рэформы.

У забойстве падазраваўся 24-гадовы Лі Харві Освальд (1939-1963), былы марскі пяхотнік, які меў кантакты як з правымі, так і з левымі групоўкамі. 

Афіцыйная версія злачынства, нібыта здзейсненага Лі Харві Освальдам, забітым праз два дні, у цяперашні час прызнана сумнеўнай.

Лі Харві Освальд жыў у 1959-1962 гадах у Мінску, працаваў на радыётэхнічным заводзе «Гарызонт». Яго куратарам з’яўляўся С.С. Шушкевіч. 

tunnel.ru

1988 год. У ЗША упершыню прадэманстраваны стратэгічны бамбавік B-2 “Стэлс” амаль нябачны для радараў. 

Пабудаваны кампаніяй Northrop. Шматмэтавы бамбавік, здольны несці ядзерную і звычайную зброю. Зніжэнне яго радыёлакацыйнай прыкметнасці дасягаецца звышплаўным спалучэннем канструктыўных вузлоў пры мінімуме выступаючых элементаў.

Размах крыла – 52,4 м, даўжыня – 21, вышыня – 5,2, максімальная ўзлётная маса – 171 тона. Адлегласць палёту з дазапраўкай – 18 500 км.

tunnel.ru

1989 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Альгерд Малішэўскі. 

Беларускі мастак -жывапісец, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў. Пісаў карціны ва ўсіх жанрах станковага жывапісу. 

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, настаўнік шматлікіх сучасных мастакоў. 

Бацька мастака Сяргея Малішэўскага.

sb.by

 2004 год. Пачалася “Аранжавая”, “Помаранчева» рэвалюцыя ва Украіне пад лозунгам “Разам нас багата, Нас не пераадолець!”. 

Кампанія агульнанацыяльных пратэстаў, мітынгаў, пікетаў, страйкаў і іншых акцый грамадзянскага непадпарадкавання, арганізаваная і праведзеная прыхільнікамі Віктара Юшчанкі, асноўнага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе-снежні 2004 года, пасля абвяшчэння Цэнтральнай выбарчай камісіяй папярэдніх вынікаў, згодна якіх перамог яго супернік — Віктар Януковіч.

Юшчанку падтрымлівалі выбаршчкі заходніх і цэнтральных рэгіёнаў, Януковіча – усход і поўдзень Украіны.

У выніку рэвалюцыі было прызначэнне судом паўтора другога туру прэзідэнцкіх выбараў, праведзена Канстытуцыйная рэформа, якая зменшыла паўнамоцтвы прэзідэнта, знізіла ўзровень значнасці спрэчных прэзідэнцкіх выбараў.

Перамогу атрымаў Віктар Юшчанка.

wikimedia.org

 2019 год. У Вільні адбылося перапахаванне ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў

Рэшткі 21 паўстанца знайшлі падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні. Сярод ідэнтыфікаваных 20-ці, лідары Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Серакоўскі. 

Дзяржаўную камісію ў справе перапахавання ўзначаліў прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс. Афіцыйны беларускі бок асаблівай зацікаўленасці не праявіў. Беларуская грамадскасць дамаглася таго, каб на кожным надмагіллі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.

Цырымонія развітання праходзіла ў Кафедральным саборы Св. Станіслава і Св. Уладзіслава. На плошчы перад саборам сабраліся сотні людзей, сярод якіх пераважалі беларусы, якія трымалі бела-чырвона-белыя сцягі, партрэты Каліноўскага.

На цырымоніі прысутнічалі прэзідэнты Літвы, Польшчы, былыя літоўскія кіраўнікі, прадстаўнікі Украіны, Латвіі. Афіцыйную дэлегацыю Беларусі прадстаўляў віцэ-прэм’ер І. Петрышэнка. Міністэрства абароны Беларусі ідэю далучыцца да ўрачыстасці праігнаравала. Прысутнічалі таксама кіраўнікі Рады БНР на чале са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай, вядомыя беларускія літаратары, мастакі, спявакі, грамадскія дзеячы, палітыкі С. Шушкевіч, А. Бяляцкі і іншыя.

Пасля імшы, ускладання кветак, прамоў, працэсія рушыла да могілак Росы. Вайскоўцы Літвы і Польшчы ў парадных мундзірах выстраіліся ў ганаровы эскорт. Наперадзе рушылі барабаншчыкі і святары. За імі – вышэйшыя асобы, потым – калона пад нацыянальнымі сімваламі сваіх краін.

Пасля пахавання паўстанцаў, прагрымеў памятны салют з усіх відаў зброі.

галоўнае фота: onliner.by