Сусед з віламі, пашкоджаныя трэнажоры, скрадзеная водка — тыповыя здарэнні ў магілёўскай глыбінцы

У аддзел мсціслаўскай міліцыі паступалі розныя паведамленні — ад тэлефонных махляроў да мужчыны з відамі, што крадзе слупы ў суседзяў

Патэлефанаваць у дзяжурную службу мясцовага РАУСа была вымушана жыхарка Мсціслаўля. Жанчыну абурыла тое, што сусед незаконна вырваў з яе плота слупы і пачаў бегаць па дваровай тэрыторыі з віламі. Яшчэ адна мсціслаўчанка звярнулася ў міліцыю, бо стала ахвярай тэлефонных злачынцаў. Жанчына паведаміла, што пасля размовы па тэлефоне з яе нумара сталі спісваць грашовыя сродкі.

З заявай аб псаванні маёмасці звярнуліся ў праваахоўныя органы і мясцовыя камунальшчыкі. Справа ў тым, што невядомымі быў пашкоджаны трэнажор на спартыўнай пляцоўцы каля дома 39, размешчанага па вуліцы Кірава — паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”. 

Па ўсіх прыведзеных фактах праводзіцца праверка.

Да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты. 28-гадовы мсціслаўчанін, які ў краме “Капеечка” выкраў бутэльку гарэлкі. Такі ўчынак будзе каштаваць яму ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь, гэта значыць ад 75 да 1100 рублёў.

Фота ілюстрацыйнае

У Горацкім раёне механізатар спрабаваў выкрасці з поля 3 тоны ячменю

З поля паблізу вёскі Вялікая Каралеўка Горацкага раёна рабочы сельгасарганізацыі спрабаваў выкрасці больш за 3 тоны збожжа насеннага ячменю – паведамляе МУС.

Устаноўлена, што днём механізатар на грузавой аўтамашыне, якая не належыць гаспадарцы, пад’ехаў да збожжаўборачнага камбайна, на якім працаваў, і ссыпаў у кузаў збожжа. Пасля спрабаваў выехаць з поля з грузам, аднак быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

3160 кг збожжа насеннага ячменю агульным коштам больш за 1300 рублёў канфіскаваны і перададзены на захоўванне гаспадарцы.

Заведзена крымінальная справа.

Фота: МУС.

Магілёўцы скралі дарагі алкаголь у краме

У Магілёве ў адной з прадуктовых крамаў быў выкрадзены дарагі алкаголь на буйную суму – паведамляе МУС.

Сышчыкі высветлілі, што да крадзяжу маюць дачыненне два прыяцелі 22 і 20 гадоў. Маладыя людзі загадзя дамовіліся, што прыйдуць у краму па спіртное, але плаціць не стануць.

Яны зайшлі ўнутр гандлёвага памяшкання, у прадуктовы кошык паклалі бутэлькі, а пасля адышлі далей ад касы, каб перакласці алкаголь у заплечнікі. Калі маніпуляцыі былі завершаны, хлопцы пакінулі краму, не заплаціўшы. Пазней алкаголь яны перапрадалі.

Узбуджана крымінальная справа.

Фота: скрыншот МУС.

У Магілёўскім раёне механізатар скраў угнаенні на 3 тысячы рублёў

Падчас агляду дома 39-гадовага жыхара Магілёўскага раёна супрацоўнікі міліцыі знайшлі каля дзясятка каністраў угнаенняў – паведамляе УУС.

Высветлілася, што ўгнаенні мужчына выкраў з сельгаспрадпрыемства, дзе ён працуе механізатарам.

Агульная сума ўрону склала 3425 рублёў. Угнаенні вернуты ў гаспадарку.

Па факце крадзяжу следчымі ўзбуджана крымінальная справа.

Фота: УУС

У магілеўчанкі скралі дарагі ровар

У жыхаркі Магілёва быў выкрадзены ровар у фае аднаго з інтэрнатаў – паведамляе прэс-служба УУС.

Сышчыкі высветлілі, што на ровары з’ехаў нецвярозы 40-гадовы рабочы аднаго з прадпрыемстваў горада, раней ужо неаднаразова судзімы за крадзяжы і рабаванні. Праз некаторы час ён зламаў чужую маёмасць, упаўшы з яе, а пасля схаваў ровар у кустах, спадзеючыся пазней вярнуцца за ім і перапрадаць.

Цяпер выкрадзенае вернута ўладальніцы, у дачыненні да фігуранта ўзбуджана крымінальная справа.

Фота: УУС

Начальніца аддзела ў крычаўскай бальніцы прыпісвала сабе рабочы час, скраўшы амаль 700 рублеў

Загадчык аддзела прававой і кадравай работы крычаўскай раённай бальніцы ўносіла недакладныя звесткі ў табель уліку працоўнага часу, учыніўшы такім чынам крадзеж амаль у 690 рублёў.

Падчас расследавання ўстаноўлена, што жанчына з карыслівых памкненняў, каб завалодаць грашовымі сродкамі, выкарыстоўвала службовыя паўнамоцтвы па складанні графікаў працоўнага часу і табеляў уліку працоўнага часу і з канца студзеня па канец ліпеня 2022 складала графікі і табелі, у якіх пазначала загадзя ілжывыя звесткі аб адпрацаваным ёй працоўным часе.

Такім чынам яна ўчыніла крадзеж на агульную суму 689,7 руб.

А каб схаваць ад супрацоўнікаў міліцыі гэты крадзёж, унесла загадзя ілжывыя звесткі ў загад галоўнага доктара ўстановы аб аб’яўленні ёй працоўных дзён і адгулаў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Суд пастанавіў прызначыць работніцы раённай бальніцы пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады са штрафам у памеры 50 базавых велічынь і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі абавязкамі, тэрмінам на 5 год з адтэрміноўкай на адзін год.

Фота ілюстрацыйнае

Амаль тону камбікорма скраў жывёлавод у Асіповічах

Дваццаць мяшкоў кармавых сумясяў для буйной рагатай жывёлы знайшлі на падворку ў 30-гадовага мужчыны ў Асіповічах. Працуючы жывёлаводам у адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў горада, на працягу некалькіх месяцаў ён выкрадаў пшанічныя бялкова-крухмальныя прадукты прама з мясцовых пашаў. Усяго скрадзена было 950 кілаграмаў кармоў – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама. Заведзена крымінальная справа.

Фота: УУС, скрыншот

У Бялынічах затрымалі педафіла – прыставаў да дзяцей, зацягнуў дзяўчынку ў закінуты будынак

Затрымаць яго дапамог школьнік – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

У пачатку траўня ў Бялынічах п’яны 40-гадовы мужчына зацягнуў 7-гадовую дзяўчынку ў закінуты будынак і здзейсніў да яе дзеянні сэксуальнага характару. Крыкі дзіцяці пачуў старшакласнік, які праходзіў непадалёк. Хлопец кінуўся на дапамогу дзіцяці і, не спалохаўшыся, даў адпор гвалтаўніку, а пасля выклікаў супрацоўнікаў міліцыі. Мужчыну затрымалі.

Як выявілася, вечарам 3 мая і раніцай 4 мая 2023 года мужчына, знаходзячыся ў нецвярозым стане, учыніў распусныя дзеянні ў адносінах да некалькіх малалетніх дзяўчынак, якія гулялі на дзіцячай пляцоўцы і ў гарадскім скверы.

Пазней стала вядома, што ён жа датычны і да крадзяжу мабільнага тэлефона, прычым гэта ўжо не першае яго злачынства такога кшталту. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Фота ілюстрацыйнае

Дванаццаць рулонаў сена скраў жыхар Быхава ў Слаўгарадскім раёне

Прапажу заўважыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства “Урэчанскі” Слаўгарадскага раёна і падаў сігнал у міліцыю. Вечарам 15 ліпеня на полі прадпрыемства каля вёскі Рабінаўка злодзеяў затрымалі – на чале з 25-гадовым жыхаром Быхава яны спрабавалі вывезці тры рулоны сенажу на аўтамашыне. Усяго, як высветлілася, быхаўчанін спрычыніўся да крадзяжу дванаццаці рулонаў сена за некалькі дзён – піша газета “Прысожскі край”.

Фота: “Прысожскі край”

У нейкі момант бабуля адчула прысутнасць чужога ў доме і азірнулася – следчыя змаглі знайсці злодзея

83-гадовая жыхарка Бабруйска была цвёрда ўпэўненая, што калітка яе гаспадаркі зачыненая знутры, а магчымасць адкрыць яе з вуліцы не дапускалася. Пагэтаму жанчына спакойна займалася справамі па доме. У нейкі момант бабуля адчула прысутнасць чужога чалавека ў доме і азірнулася. Сапраўды, у калідоры стаяла незнаёмая жанчына, на выгляд 50-60 гадоў. Пасля роспытаў, як няпрошаная госця трапіла ў хату (тая адказала, што нібыта брамка была адчыненая), гаспадыня сказала ёй сыходзіць, і маладзейшая жанчына знікла.

Праз некалькі хвілін, ачуняўшы ад шоку, жанчына выявіла прапажу 650 рублёў, якія яна захоўвала ў пашпарце ў шафе ў спальні.

На брамцы спецыяліст Бабруйскага МРА Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз выявіў след рукі, які, як высветлілася пры праверцы па дактыласкапічным уліку, належыць раней неаднаразова судзімай 66-гадовай бабруйчанцы. Па гэтай інфармацыі супрацоўнікі міліцыі ў тыя ж суткі затрымалі жанчыну. У зробленым крадзяжы яна прызналася і вярнула выкрадзеную суму – распавяла афіцыйны прадстаўнік упраўлення ГКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская.

Фота ілюстрацыйнае