1410 год. Адбылася бітва пры Грунвальдзе.
Паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і Польскім каралеўствам і ВКЛ – з другога адбылася вырашальная бітва “Вялікай вайны” 1409-1411 гадоў.
У выніку гэтага пабоішча польска-літоўска-рускія войскі пад камандаваннем польскага караля Уладзіслава II Ягайлы разграмілі галоўныя сілы Ордэна, якія ўзначальваў вялікі магістра Ульрых фон Юнгінген. Грунвальдская бітва нанесла смяротны ўдар па нямецкай экспансіі на Усход, на балтыйскія і ўсходнеславянскія землі.
Вялікае Княства Літоўскае атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі і ў Еўропу.
У гонар бітвы названы вуліцы ў Брэсце, Гарадку, Гродне, Полацку, Магілёве.
У гонар гадавіны бітвы ў Дудутках 22-23 ліпеня 2023 года пройдзе чарговы маштабны беларускі фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд».
1606 год. Мяшчане Магілёва ўварваліся ў ратушу і разагналі старую раду.
Была абрана новая, у складзе якой пераважалі незаможныя рамеснікі.
Падзея адбылася падчас гарадскога паўстання 1606-1610 гадоў, якое распачалося 20 чэрвеня 1606 года пад кіраўніцтвам саладоўніка Стахора Мітковіча.
Новая рада кіравала Магілёвам больш за два гады, асаблівая ўвага надавалася інтарэсам гарадскіх нізоў.
Нагадаем, што ў гэты час Магілёў налічваў 15 000 жыхароў, 2211 дамоў, 18 цэхаў, меў права на правядзенне двух рэгулярных кірмашоў.
1669 год. Скончылася вывяржэнне вулкана Этна на Сіцыліі.
Яно цягнулася з 11 сакавіка. Падчас катаклізму загінула 50 мястэчак і гарадоў, 100 000 чалавек.
Вулкан нарадзіўся 600 000 гадоў таму і з’яўляецца галоўнай славутасцю вострава Сіцылія. Гэта самы высокі з дзеючых у Еўропе і адзін з самых актыўных вулканаў у свеце.
1861 год. Памёр Адам Ежы Чартарыйскі (1770-1861).
Польскі і расійскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Намагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года.
Удзельнічаў у абарончай вайне супраць Расіі (1792). Служыў у расійскім конна-гвардзейскім палку, камер-юнкерам і ад’ютантам Аляксандра I, пасланнікам у Сардзініі, міністрам замежных спраў (1804-1806), куратарам Віленскай навучальнай акругі (1803-1824).
Аўтар плана аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Рэдактар Канстытуцыі Каралеўства Польскага, сенатар-ваявода і член Адміністрацыйнай рады ў Варшаве.
Падчас Паўстання 1830-1831 гадоў узначаліў Сенат і кансерватыўны Нацыянальны ўрад у Варшаве.
З 1831 года ў эміграцыі ў Англіі, Францыі развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў. Развіваў ідэі славянскага федэралізму без Расіі.
Мецэнат літаратуры і навукі. Аўтар палітычных і публіцыстычных твораў, успамінаў, навуковых даследаванняў, вершаў.
1876 год. Нарадзілася Алаіза Пашкевіч (Цётка, 1876-1916).
Беларуская паэтэса, адна са стваральнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, адна з пачынальніц беларускай прозы.
Удзельніца пецярбургскага гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы». Аўтар кніг «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першага «Беларускага лемантара», «Гасцінец для малых дзяцей», вершаў, публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, даследаванняў па гісторыі беларускага тэатра.
Асноўныя матывы яе паэзіі – любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу.
Памерла 18 лютага 1916 года.
1900 год. Нарадзіўся Уладзімір Дубоўка (1900-1976).
Беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык.
Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».
У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».
Арыштаваны ў 1930 годзе. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.
Памёр 20 сакавіка 1976 года.
1925 год. Адноўлена дзейнасць Беларускага камітэта ў Варшаве.
Грамадска-палітычная арганізацыя, створаная ў верасні 1919 года пад старшынствам ураджэнца Мсціслаўшчыны Лявона Дубейкаўскага для «культурна-асветнай працы і дабрачыннасці на карысць беларусаў, якія жылі ў Польшчы.
Адноўлены камітэт узначалілі Лявон Більдзюкевіч і Янка Пачопка.
1937 год. Адчынены канцэнтрацыйны лагер Бухенвальд.
Афіцыйна створаны ў 1937 у наваколлях Веймара, аднак першыя зняволеныя з’явіліся тут яшчэ ў 1933, калі лагер называўся Этэрсберг. За 8 гадоў каля 250 000 чалавек будуць вязнямі Бухенвальда, з іх памруць або будуць забітыя больш за 56 000 чалавек.
Спачатку нямецкія антыфашысты, а потым, у гады Другой сусветнай вайны, прадстаўнікі многіх іншых нацыянальнасцей утрымліваліся тут. Асабліва шмат зняволеных загінула ў філіяле Бухенвальда “Дора”, дзе ў падземных цэхах вырабляліся самалёты-снарады “Фаў”.
Лагер вызвалены 10 красавіка 1945 года амерыканскімі войскамі.
1938 год. У Гомелі адкрыўся Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі.
У 1950 годзе калектыў пераехаў у Мінск.
У 2008 годзе тэатру прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».
Ставяцца спектаклі для дзяцей, вячэрнія спектаклі для дарослых.
Тэатр гастраляваў у шматлікіх еўрапейскіх краінах.
1940 год. Памёр самы высокі мужчына ў свеце.
Роберт Першінг Уодлоу нарадзіўся ў 1918 годзе ў Олтане, штат Ілінойс.
Калі 27 чэрвеня 1940 года яму ў апошні раз вымяралі рост, ён быў роўны 2,72 м пры размаху рук 2,88 м. Яго максімальная вага дасягала 222,7 кг. Да апошняга дня ён працягваў расці, і да дня смерці яго рост цалкам мог дасягнуць 2,74 м.
1949 год. Нарадзіўся Леанід Лісоўскі.
Географ, краязнавец, байкапісец.
Выхаванец геаграфічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута. Дацэнт Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта.
Даследчык прыроды Палесся, яго экалагічных праблем. Аўтар больш за 300 навуковых прац.
Аўтар баек для «Вожыка».