Не вывезенае смецце, у няскошанай траве пусткі. Клімавічы вачыма санэпідэмстанцыі

Цэнтральныя часткі такіх гарадоў, як Клімавічы, дагледжаныя да бляску. Крок у бок і трапляеш у іншы свет. Яго пабачылі супрацоўнікі Клімавіцкага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Яны бэсцяць нядбайных гараджанаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў за псаванне вобразу прыбранага гораду.

«Адразу адзначу, што выяўленыя факты парушэнняў у вочы кідаліся адразу. А ўсё таму, што на фоне добрага ці практычна ідэальнага тое, што не адпавядае неабходным стандартам, рэзка выбіваецца з роўнага шэрагу», – каментуе ўбачанае мясцовай раёнцы «Родная ніва» кіраўніца службы Ірына Лазоўская.

rodniva.by

«Ідзем па вуліцы Янкі Купалы, адзначаем, што ўсе прыдамавыя тэрыторыі абкошаны, вакол прыгажосць, у кветніках кветкі цешаць вока мінакоў, – апавядае яна. – Як гаворыцца, што ўсё так выдатна, што нават прычапіцца няма да чаго – і раптам бачым невялікі астравок зямлі, зарослы травой, а пасярэдзіне – яго студня».

На адной з вуліц некалі стаяла гарадская лазня. Яе знеслі.

«А цяпер тут каласіцца бур’ян у рост чалавека», – падае абурэнне Лазоўскай выданне райвыканкаму.

rodniva.by

Заяўляецца, што па ўсіх выяўленых парушэннях санітарнай службай кіраўнікам арганізацыяў дасланыя рэкамендацыйныя лісты з указаннем тэрмінаў іх устаранення. Калі тое не будзе зроблена то будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

 

У Клімавічах тля атакавала ліпы. Дрэвы «заплакалі»

Тлю актывізавала спякотнае надвор’е. Ледзь заўважная жамяра харчуецца лістотай дрэва, перакусваючы капіляры. Паратунак для дрэваў – пахаладанне.

«Звярніце ўвагу на лісце ліпаў у нашым горадзе. Яны ўсцяж у тлі, якая бязлітасна грызе лісцейка, разбураючы капіляры. Вось і пакутуюць нябогі дрэвы, і плачуць», – б’е трывогу мясцовая раёнка «Родная ніва».

stroy-podskazka.ru

Як сцвярджаюць спецыялісты, спякотнае надвор’е стварае спрыяльныя ўмовы для масавага размнажэння шкоднікаў. Да ліпкай вадкасці, якае капае з дрэва, часта дадаюцца павуцінкі, утвораныя ў выніку лінькі тлі.

Ліпкія выдзяленні жыццядзейнасці жамяры для ліпы бяспечныя. Аднак, тля сілкуецца клеткавым сокам лісця, што адмоўна адбіваецца на стане дрэва. Яно слабне і можа загінуць.

Ліпа – неабходнае дрэва для гарадскога асяроддзя. Яно добра расце, выдатна адаптуецца да забруджвання атмасферы аўтатранспартам і прамысловымі прадпрыемствамі. Ліпа назапашвае ў лістоце вялікую колькасць цяжкіх металаў, што істотна аптымізуе стан навакольнага асяроддзя.

Пра важнасць ліпы для гораду і яе адметнасць у свеце раслін пісаў Магілёў.media ў адной са сваіх публікацыяў. 

Ліпа – найулюблёнае дрэва беларуса. Яе высаджваюць пры гарадскіх магістралях, у дварах жылой забудовы, у асяродках адпачынку. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня водар ад гэтага дрэва насычае паветра.

Ліпа – сімвал кахання, урадлівасці, дабрабыту, вернасці, дружбы, міру, справядлівасці, альтруізму, удачы. Яшчэ яна – сімвал сужэнскай любові, гасціннасці і сціпласці.

На ўсходзе Магілёўшчыны актывізавалася перавозка тавараў чыгункай

На станцыі Клімавічы за два апошнія месяцы павялічыўся грузапаток больш чым удвая. Чыгункай вязуць драўніну, угнаенні, будаўнічыя матэрыялы. Стала больш пасажыраў.

“Калі ў маі тут на пагрузку было адпраўлена 437 вагонаў, то ў чэрвені — 1039. Такая ж лічба была і ў ліпені”, – кажуць клімавіцкія чыгуначнікі.

Паводле кіраўніцы чыгуначнай станцыі Лідзіі Нерасценкі дадатковыя аб’ёмы перавозак далі работнікі лясной гаспадаркі.  Па ліквідацыі наступстваў навальніцаў буралом вывозяць на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Піламатэрыялы пастаўляюць у Расію ды Азербайджан. 

Штодня да 10 вагонаў ідуць на адгрузку прадукцыі клімавіцкага цэха Беларускага цэментнага завода. Будаўнічыя матэрыялы прыбываюць для мясцовых прадпрыемстваў. На станцыю для сельгаспрадпрыемстваў рэгулярна прыбываюць угнаенні, піша  клімавіцкая газэта “Родная ніва”.

Друз, адсеў і іншыя матэрыялы прыходзяць для ДРБУ-172, цэгла, блокі – для ПМК № 256. Камбінат хлебапрадуктаў адпраўляе спажыўцам муку, вотруб’е і іншую прадукцыю.

Кіраўніца чыгуначнай станцыі кажа, што ў параўнанні з мінулым годам на 35 працэнтаў вырас аб’ём пасажыраперавозак. У чэрвені білетная каса рэалізавала 30 тысяч білетаў. 

Ілюстрацыі з рэсурсу www.rodniva.by

У Клімавічах на пяць месяцаў закрыюць мост у цэнтры гораду, для пешаходаў наладзяць пантон

Абяцаюць, што за рамонт маста цераз раку возьмуцца з гэтага тыдня.

Знаходзіцца пераправа на цэнтральнай вуліцы райцэнтру вуліцы Леніна. Каля праблемнага ўчастка дарогі для пешаходаў разгорнуць пантон, а для транспарту прадугледжаны аб’езд, піша  мясцовая раёнка «Родная ніва».

Рамонт маста будзе трываць 5 месяцаў. За працу ўзялася мінскае прадпрыемства «Спецмостбуд».

Сёлета ў сакавіку паведамлялася, што на рамонт маста збіраліся «накіраваць 800 тысяч рублёў». Адзначалася, што выдзяленне фінансавых сродкаў «добрая навіна для клімаўчан».

У Клімавічах таксама скупалі цукар. Чыноўнікі запэўніваюць, што яго назапашана дастаткова

Жыхары райцэнтру, як і многія ў Беларусі, сталі закупляць цукар у запас. Іх сталі дакараць, што яны паддаліся чуткам аб дэфіцыце і падаражэнні прадукту. Каб супакоіць насельніцтва паведамілі пра назапашаныя тоны цукру.

Начальнік аддзелу эканомікі райвыканкаму Галіна Зубарава кажа, што цукар адносіцца да сацыяльна значных тавараў і цана на яго рэгулюецца дзяржавай. Урадам вызначаныя гранічныя максімальныя надбаўкі.

Паводле чыноўніцы ў крамы РАЙПО «ужо паступіла 14 тон цукру», а «у гандлёвыя аб’екты сістэмы Еўрагандаль – 3 тоны». Таксама ёсць ён і ў крамах сеткі «Нівагандаль», у гандлёвых абʼектах малога бізнесу, піша клімавіцкая раёнка «Родная ніва».

Паводле яе павялічаны попыт на цукар назіраўся і ў сярэдзіне мінулага года. Гэта было звязана з пладова-ягаднымі нарыхтоўкамі, якія робіць насельніцтва на зіму. Тады цукар адсутнічаў у некаторых крамах пару дзён. А потым сітуацыя стабілізавалася.

 

У Клімавіцкім раёне затрымалі нелегала, які быў абвешчаны ў міжнародны вышук

Аперацыя “Нелегал Трафік” праводзілася па ўсёй Беларусі і ў краінах АДКБ з 27 чэрвеня па 4 ліпеня. “Нелегал – 2022” – першы этап масштабнай аперацыі спецслужб, якая закліканая зменшыць пагрозы ад нелегальнага трафіку мігрантаў у межах краін Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. 

Магілёў.media паведамляў, што ў межах аперацыі “Нелегал” на Магілёўшчыне выявілі двух грамадзян Расіі і аднаго грамадзяніна Казахстана. І, як стала вядома з нататкі газеты “Родная ніва”, падчас аперацыі таксама быў затрыманы нелегал, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Пра яго грамадзянства, абставіны затрымання і прычыны вышуку не паведамляецца.

Важна адзначыць, што на трафік людзей, якія імкнуцца нелегальна перасячы межы суседніх дзяржаваў, уплываюць, акрамя іншага, рэпрэсіўныя метады пераследу іншадумства рэжымамі краін, што ўваходзяць у АДКБ.  

У Беларусі за час аперацыі “Нелегал трафік” было выяўлена каля 1,5 тысяч выпадкаў парушэння міграцыйнага заканадаўства. За грубае парушэнне правілаў перабывання ў краіне з Беларусі выгнаныя 140 замежнікаў, супраць 15 узбуджаныя крымінальныя справы. Усяго па краіне затрыманыя 10 чалавек, якія былі абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Аперацыя “Нелегал трафік” праводзіцца шляхам адпрацоўкі месцаў кампактнага перабывання замежных грамадзян – а гэта вакзалы, рынкі, інтэрнаты, здымныя кватэры – паведаміў сайту МУС Беларусі начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

фота носіць ілюстрацыйны характар

фота: Бераставіцкая газета 

У Клімавіцкім раёне згарэла 250 тон сена, у Асіповіцкім гарэла трава

Як паведамляе Магілёўскі рэгіянальны аддзел МНС, за мінулыя суткі ў вобласці былі зарэгістраваныя два пажары.

З аграгарадка Макеевічы ў 01:57 ночы паступіў званок пра ўзгаранне навеса з сенам. Усе 250 тон сена разам з навесам згарэлі. Пацярпелых няма, прычыны пажару высвятляюцца.У Асіповіцкім раёне палала сухая расліннасць.

Фота: “Родная ніва”

 

У Клімавіцкім раёне зноў пагроза шаленства

Раённы выканаўчы камітэт абвясціў каранцін па шаленстве на тэрыторыі аграгарадка Макеевічы, паведамляе газета “Родная ніва”. Характэрна, што з году ў год Клімавіцкі раён становіцца адным з самых небяспечных па распаўсюджанасці шаленства сярод жывёл.

У 2021 годзе ў Клімавіцкім раёне былі зарэгістраваныя пяць выпадкаў шаленства ў дзікіх і свойскіх жывёл – лісы, янота, бадзяжнага і хатняга сабак, каровы на малочна-таварнай ферме – паведамляе раённы цэнтр эпідэміялогіі.

У 2014 годзе ў гэтым жа раёне было зафіксавана 13 выпадкаў шаленства. 

 

Фота носіць ілюстратыўны характар

Забаранілі купацца ў Шклове і Клімавічах

Па выніках лабараторнага аналізу проб вады спецыялістамі Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі забаронена купацца яшчэ ў двух вадаёмах на Магілёўшчыне.

Як паведамляе газета «Родная ніва» у сувязі з тым, што вада не адпавядае санітарным і эпідэміялагічным паказчыкам забарона накладзеная на купанне ў сажалцы, што ў Клімавічах і на раце Асцёр, каля дзіцячага аздараўленчага лагера «Арлёнак» у Клімавіцкім раёне.

Не даступным для акунання стаў і пляж у Шклове. Гаворка пра той, што на правым беразе Дняпра ля лядовай арэны.

Тым часам, Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі адправіў у Магілёўскі гарвыканкам і райвыканкам хадайніцтвы аб забароне купання дзяцей, дарослых і займацца воднымі відамі спорту на ўсіх мясцовых пляжах.

Сярод іх гарадскі на Дняпры, а таксама ў вёсцы Палыкавічы. Акрамя таго на Пячэрскім, Грабянеўскім вадасховішчах і на возеры ў вёсцы Вільчыцы.

Санэпідстанцыя адзначае, што гарадская і раённая ўлады не прынялі рашэння аб забароне купання на гарадскім пляжы і пляжы ў вёсцы Палыкавічы па рэкамендацыі службы тыднёвай даўніны.

 

 

Лічба дня. У Клімавічах на кірмаш вакансіяў прыйшло 10 чалавек

Дваіх працадаўца запрасіў на сумоўе, яшчэ двое пагадзіліся паехаць на навучальныя курсы.

Апошні кірмаш вакансіяў, пра які напісала мясцовая газета «Родная ніва» праходзіў 9 чэрвеня на прадпрыемстве «Камунальнік». Паводле выдання па працаўладкаванне звярнуліся 10 чалавек.

Клімавічы, райцэнтр на ўсходзе Магілёўшчыны. Да Магілёва 140 кіламетраў. Да беларуска-расійскай мяжы напрасткі пад тры дзясяткі.

Да пандэміі шмат мясцовых жыхароў выязджала ў суседнюю краіны ў заробкі. У прыватных гутарках жыхары раёну адзначалі: каб не Расія не ведалі б, што рабіць. Па іхных словах і наведваюцца туды дагэтуль, але зарабіць, як раней не ўдаецца.

Паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці ў 2020 годзе (свяжэйшых звестак адшукаць не ўдалося) узровень беспрацоўя ў раёне 0,3 працэнты ад колькасці працаздольнага насельніцтва. Ад 2007-га колькасць беспрацоўных на Клімавіччыне няўхільна змяншалася. Пятнаццаць гадоў таму яна складала 1,4 працэнты.

Насельніцтва раёну ў 2019 годзе складае амаль 24 тысячы чалавек. Годам раней колькасць працаздольнага насельніцтва сягала 54,9 працэнты.

Адшукаць больш менш дакладныя дадзеныя па існуючых у раёне вакансіях не ўдалося. На сайце, які падаецца, як электронны цэнтр насельніцтва Клімавічаў нямала прадпрыемстваў, арганізацыяў і прадпрымальнікаў, якія чакаюць работнікаў. Беглы аналіз заробкаў паказаў, што іхны памер ад 300 рублёў да 1300 і вышэй.