1492 год. Памёр Казімір Ягелончык (1427-1492).
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.
Бацька 13 дзяцей. Пры ім дзяржава “прырасла” землямі ў выніку разгрома крыжакоў у трынаццацігадовай вайне, Тэўтонскі ордэн стаў васалам.
Ім аказвалася матэрыяльная дапамога студэнтам з дзяржаўнага скарбу, выдадзены першы Судзебнік, ліквідаваны ўдзельныя княствы (1471), пакладзены пачатак палітычнага панавання шляхецкага стану.
1630 год. Закладзены маўзалей Тадж-Махал.
Закладзены ў Агры – тагачаснай сталіцы індыйскай імперыі Вялікіх Маголаў у памяць аб гібелі падчас родаў (нараджала 14-е дзіця) Арджуманд Бану, якая пры каранацыі атрымала імя Мумтаз-Махал, або “Абранніца Палаца” – каханай жонкі імператара Шах-Джахана.
Будаўніцтва працягвалася 22 гады і было скончана ў 1652 годзе.
Аўтарам праекту шэдэўра сусветнай архітэктуры быў сам Шах-Джахан, галоўным архітэктарам – Устад-Іса. На будоўлі бралі ўдзел больш за 20 000 чалавек, акрамя індыйскіх майстроў, удзельнічалі лепшыя дойліды з Персіі, Малой Азіі, Самарканда, Венецыі.
Тадж-Махал поўнасцю пабудаваны з белага мармуру. Яго архітэктурны дызайн заснаваны на араба-мусульманскай канцэпцыі абсалютнай сіметрыі, дзе кожны элемент гарманічна ўпісваецца ў галоўную структуру збудавання. Будынак стаіць на высокай квадратнай платформе. Галоўны купал падымаецца на 64 м і акружаны чатырма малымі купаламі. Усю кампазіцыю завяршаюць чатыры мінарэты. Знутры і звонку маўзалей упрыгожаны цудоўным раслінным арнаментам, а скляпеністыя пераходы – арабскай вяззю, якая захавала ў камені тэксты некаторых сур з Карана.
Архітэктурны ансамбль маўзалея ўключае таксама мячэць, гасцявы дом і парк.
1692 год. У 11:43 хвіліны ўсе прыродныя стыхіі абрынуліся разам на Порт-Раяль, горад-сталіцу на Ямайцы.
Бязлітасныя піраты, куфры са скарбамі, караблі пад пірацкімі сцягамі, пах пораху, разбой, п’янлівы смак рому – усё гэта знакамітая пірацкая сталіца – Порт-Раяль.
І вось Усявышні вырашыў пакараць жыхароў Порт-Раяля за разгул і бясчынствы. Землятрус практычна цалкам разбурыў 10-тысячны горад з некалькімі цэрквамі, чатырма рынкамі, сінагогай, каралеўскімі пакгаўзамі, складамі, з больш за сотню корчмамі, звярынцам, ваеннымі пляцамі і мастамі, а затым 2/3 гарады затапіў акіян.
Хваля цунамі разам з апоўзнямі змыла ў мора большую частку горада з 5 000 жыхарамі. У гавані Порт-Раяля затанула каля 50 караблёў, 1800 гарадскіх будынкаў было разбурана.
Порт-Раяль быў хутка адбудаваны нанова. Але яго быццам хтосьці пракляў: праз 11 гадоў амаль усе пабудовы ў горадзе знішчыў моцны пажар, а “дабілі” пірацкую сталіцу ўраганы.
1825 год. Нарадзіўся Эдвард Паўловіч (1825-1909).
Беларускі мемуарыст, мастак і асветнік.
Капііст з палотнаў Эрмітажа, палотнаў заходніх мастакоў падчас падарожжа па Еўропе.
Аўтар кнігі “Некалькі словаў літвіна”, у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету, некалькіх кніг па краязнаўстве, малюнкаў прысвечаных Наваградчыне. Заснавальнік у Наваградку жаночага пансіёну і нядзельнай школы для сялян, аматарскага тэатру, бібліятэкі, ініцыятар адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу.
Удзельнік паўстання 1863 года.
Памёр 10 лютага 1909 года ў Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках.
1880 год. Нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі (1880-1943).
Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.
Займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу, у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе праводзіў доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902), член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.
Стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906), кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільне. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.
Удзельнік Усебеларускага з’езда (1917), міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918), упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР. Пашыраў сетку беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педінстытутам, загадваў кафедрай тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў Варшаўскай політэхнікі, кафедрай хімічнай тэхналогіі Віленскага універсітэта (1940-1941).
Падчас вайны кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні, быў бургамістрам Мінска (1942-1943), намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай. У Вільні дапамагаў у выратаванні габрэяў.
Даследваў праблемы перапрацоўкі садавіны і гародніны, пякарства, спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва, ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў і іншыя.
Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.
1908 год. Нарадзіўся Уладзімір Галубовіч (1908-1962).
Беларускі і польскі археолаг, этнограф, тапаніміст.
У 1935-1939 гадах вёў раскопкі на тэрыторыі Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Навагрудскага, Лідскага і іншых раёнаў. Склаў археалагічныя карты даследаваных тэрыторый. Вывучаў старажытныя Вільню, Мінск, Гродна. Працаваў ў Вільні, у Інстытуце гісторыі АН БССР, Торуньскім і Уроцлаўскім універсітэтах.
Памёр 7 красавіка 1962 года ў Стакгольме.
1937 год. У в. Ганаўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Пётр Дзмітрачкоў (1937-2021).
Беларускі гісторык, прафесар.
Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута, дэкан геаграфічнага і дэкан гістарычнага факультэтаў МДУ імя А.Куляшова (1975-2005).
Заслужаны работнік адукацыі, уладальнік медаля Ф. Скарыны.
Даследчык пытанняў зараджэння і развіцця дзяржаўнасці на беларускіх землях, этнічнай гісторыі Беларусі.
1958 год. Пачалося будаўніцтва горада Наваполацка.
Пастаўлена першая палатка будаўнікоў будучага Наваполацка. Горад узнік у сувязі з будаўніцтвам нафтаперапрацоўчага завода, спачатку як рабочы пасёлак Полацкі (1959).
Сучасную назву атрымаў у 1963 годзе.
Уваходзіў у лік гарадоў-“стотысячнікаў”, але зараз насельніцтва 96,3 тысячы (2023 год).
Працуюць прадпрыемствы нафтахіміі ААТ “Нафтан”, будматэрыялаў, харчовай прамысловасці, ЦЭЦ, трамвай (як і ў Віцебску, Мінску, Мазыры).
1972 год. Нарадзіўся Сяржук Кулягін.
Беларускі журналіст, краязнавец, паэт, бард, уладальнік аграсядзіб.
Сузаснавальнік фестываля “Вялікая бард-рыбалка” (з 2010 года, Чыгірынскае вадасховішча, Быхаўскі раён), член Беларускага геаграфічнага таварыства, клуба аматараў беларускай гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, актыўны дзеяч “Зялёнага турызму”.
1976 год. Памёр Міхась Машара (1902-1976).
Беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.
Мае багатую творчую біяграфію: рэдагаваў у Вільні газету “Наша воля”, працаваў у дзіцячым часопісе “Заранка”, у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова”, часопісе “Полымя”, “Настаўніцкай газеце”, на радыё.
Аўтар зборнікаў вершаў, паэм, п’ес, раманаў, кнігі ўспамінаў.
Вершы, напісаныя пад час зняволення ў віленскіх Лукішках тайна вынесла і выдала асобным зборнікам “Малюнкі” Зоська Верас.
Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля, “Апавяданні” Г. Сянкевіча, “Уральскія сказы” П. Бажова, “Калевалу” і інш.
Памёр 7 чэрвеня 1976 года.
1998 год. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе перамагла літоўскую каманду 5:0.
Дасягнута самая буйная перамога ў гісторыі беларскага футбола. Гульня адбылася на мінскім стадыёне “Дынама”. Трэнерам быў Г. Кандарацьеў.
А вось 30 сакавіка 2021 года разгромна саступіла Бельгіі (0:8) – набуйнейшае паражэнне у гісторыі зборнай Беларусі.