16 і 17 чэрвеня ў Горках пройдзе рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці “Славянскі карагод”. Чакаецца насычаная праграма першага дня і гала-канцэрт у другі дзень фэста.
У першы дзень фестываля можна будзе наведаць выстаўкі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дзіцячых малюнкаў, бібліятэчныя выставы і фотазоны. Неад’емнай часткай фестывалю з’яўляецца творчая пляцоўка майстроў, дзе будуць адбывацца майстар-класы па салома- і лозапляценні, кераміцы, разьбе па дрэве, мастацкай апрацоўцы бяросты, вырабе народных лялек-абярэгаў, валянні з воўны.
Дзеці ў першы дзень фэста таксама знойдуць чым заняцца, бо для будзе арганізаваны конкурс дзіцячага малюнка на асфальце і дзіцячы плэнэр “Мой родны горад”. Як і ў папярэднія гады будуць пляцоўкі для гульняў і атракцыёны, а таксама продаж разнастайных сувеніраў, цацак і слодычаў.
Менавіта ў асноўны дзень фестываля на тэрыторыі розных ўстаноў адукацыі з 12-й да 18-й гадзіне пройдзе прагляд конкурсных праграм у розных намінацыях: па інструментальным і тэатральным жанры, па вакалу і харэаграфіі, у выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Разынкай першага дня фестывалю будзе прадстаўленне дзіцячай студыі батлеечных лялек “Дзіва”, а таксама фестываль фарбаў “Белхолі”, што пройдзе з 16-й па 18-й гадзіне ў гарадскім амфітэатры. Адбудзецца таксама квэст-кульня і вечаровая дыскатэка – паведамляе інфармацыйны рэсурс horki.info.
На наступны дзень гарадское свята працягнецца выставай прац пераможцаў фестываля і акцыяй пажадання фестывалю. Працягнуць таксама працаваць выстаўкі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і горад майстроў, а таксама пляцоўкі з атракцыёнамі і гульнямі, продаж сувеніраў і слодычаў. Завершыцца двухдзённае свята цырымоніяй ўзнагароджання пераможцаў X рэгіянальнага фестывалю дзіцячай творчасці “Славянскі карагод” і заключным гала-канцэртам.
Санстанцыя правяла паўторную праверку на возеры каля базы адпачынку “Мерэя” ў Леніно Горацкага раёна. 7 чэрвеня тут уводзілася першая ў гэтым сезоне забарона на купанне – паведамлялі mogilev.media. Цяпер жа наяўнасць кішачнай палачкі не перавышае нормы – піша “Горацкі веснік”. Пагэтаму ўсе абмежаванні для купання на гэтай зоне адпачынку знятыя.
Па іншых афіцыйна зацверджаных зонах адпачынку вынікі даследаванняў спроб вады не перавышаюць нарміруючых значэнняў.
Разам з капітальным рамонтам дома нумар 4 па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Горках зрабілі ўкладку новага асфальта – распавядае рэсурс horki.info. Вось толькі любы дождж увесь двор гэтага дома ператварае ў басейн.
Мясцовыя жыхары скардзяцца, што прайсці па заасфальтаваным двары пасля кожнага дажджу немагчыма – прыходзіцца хадзіць па газонах, па траве.
– Пасля дажджу каля дома не прайсці ні праехаць. – расказаў выданню адзін з жыхароў – Тыя, хто выконваў рамонт, ад пачатку ведалі, што тут трэба было праектаваць зліўную сістэму. І абяцалі гэта зрабіць. Але, як відаць, не зрабілі.
Толькі на мінулым тыдні ў Магілёўскай вобласці былі вызначаны больш за 60 месцаў, дзе дазволена купацца – пісалі mogilev.media. А ўжо на гэтым тыдні ў адным з вадаёмаў Горацкага раёна выявілі кішэчную палачку.
Супрацоўнікі Горацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўзялі пробы вады ў адведзеных для купання вадаёмах раёна. Аказалася, што ў адным з азёр купанне трэба абмежаваць.
Вынікі даследаванняў паказалі, што індыкатарны мікрабіялагічны паказчык на кішачную палачку (E.coli) перавышае нарміруючыя значэнні ў вадаёме базы адпачынку “Мерэя” прадпрыемства “Праметэй” у аграгарадку Леніно – паведамляюць horki.info.
Расказваем пра шосты месяц года – максімальна інфарматыўна і паэтычна.
Чэрвень – разгар лета. 22 чэрвеня – дзень летняга сонцастаяння, у Магілёве ён доўжыцца больш за 17 гадзін. Але толькі ў 15% выпадках чэрвень самы цёплы месяц лета. Чэрвеньскія тэмпературы вышэйшыя за майскія на 3,5-4°С. Яго сярэдняя тэмпература складае 16,5°С у Бабруйску, 15,9°С у Горках, 16,3°С у Магілёве.
Змарыўся несці ношку лета Чырвоны Чэрвень-чараўнік, Прысеў пад ліпай і да флейты Губамі млявымі прынік.
Дрыжыць пялёстачак рамонка На вейках змружаных вачэй, Струменьчыкам мядовым тонкім Павольна музыка цячэ.
Цячэ — і сонным ліпам сніцца Руплівых пчол гудлівы хор, I сонца спелаю суніцай У стоме хіліцца за бор.
Алег Мінкін
Ва ўмовах бесхмарных начэй пад раніцу на зямлю кладзецца шчодрая раса, асабліва паблізу вадаёмаў і на нізкіх месцах.
Як брыльянты, рассявае Ночка летняя расіцу, Туманамі спавівае Луг зялёны над крыніцай. А як раніца настане, Бліскі сонца загуляюць, – Рос прыходзіць адцвітаньне, Туманы у рэчцы таюць. Як брыльянты, гінуць росы На зялёнай сенажаці; Сонца косы, нашы косы Не даюць паўдня ім знаці!
Янка Купала
Але і ў чэрвені бываюць халады. Абсалютны мінімум тэмператур склаўся ў 1930 годзе ў Горках, калі тэмпература склала -2,1°С. У 1949 годзе у Крычаве фіксаваліся замаразкі у ноч з 14 на 15 чэрвеня. А ў Магілёве апошні замаразак рэгістраваўся 11 чэрвеня 1982 года, у Клічаве – 12 чэрвеня таго ж года.
Сапраўды “Да Духа не скідай кажуха” (Духаў Дзень – на 51 дзень пасля Вялікадня, у гэтым годзе – 5 чэрвеня).
У лесе яшчэ цвітуць чарніцы, брусніцы. З’яўляюцца кветкі на леташніх парастках маліны. Чэрвень – разліўное мора кветак на лугах.
А тая ранiчка на полi У часе летняга расквету! Эх, выйдзi ў поле, брат, дасвету: Не будзеш каяцца нiколi. Зiрнi, прыслухайся наўкола: Як цiхамiрна, як вясёла. I ў кожным дрэве, i былiнцы, I ў малюпасенькай раслiнцы, Ну, ва ўсiм чысценька дазвання Блукае радасць спадзявання. Куды нi глянь – усё ў настроi I ў добрай згодзе мiж сабою; Само паветра жыва, дыша, Бы ў iм хтось хвалы жыццю пiша…
Якуб Колас.
Бліжэй да сярэдзіны месяца з’яўляюцца спелыя плады суніц лясных, потым – садовых. У лясах вырастаюць грыбы – “каласавікі”, сярод якіх падбярозавікі, падасінавікі, сыраежкі, баравікі.
Шмат працы ў агароднікаў: праполка, прарэжванне, паліванне культур, маладыя ўсходы бульбы патрабуюць акучвання – двойчы на месяц.
“На ўвесь голас” яшчэ спяваюць птушкі. Ліецца звонкая песня жаўрука. Усяго на некалькі гадзін на суткі змаўкаюць салавей, перапёлка, драч. Але ў канцы чэрвеня з ляснога “хору” выпадаюць многія галасы: трэба выкормліваць патомства, некаторыя віды птушак селі на гнёзды ў другі раз – не да песень.
Выбуховым чынам размнажаюцца насякомыя, у тым ліку шкоднікі садоў, агародаў, на барацьбу з якімі ідзе шмат сіл і сродкаў.
Цікавыя факты.
Лета – перыяд года з устойлівай сярэднесутачнай тэмпературай вышэй за +15°С. Яно на тэрыторыі Магілёўскай вобласці цёплае, у сярэднім дастаткова вільготнае. У вобласці феналагічнае лета пачынаецца ў 2-3 дэкадзе мая. Працягваецца ў сярэднім да 21-27 верасня: 149 дзён у Бабруйску, 139 – у Горках.
Падчас вяртання чэрвеньскіх халадоў магчыма выпадзенне снегу, як гэта было 6 чэрвеня 1962 года. Але звычайна чэрвень умерана цёплы і вільготны месяц.
У чэрвені ў сярэднім 11 дзён з максімальнай тэмпературай +20 +25°С, 8 – з тэмпературай +15 +20°С, адзін з тэмпературай больш за +30°С.
За месяц выпадае каля 80 мм ападкаў. У сярэднім здараецца 8 дзён з навальніцай. У чэрвені 1989 года у Горках і Слаўгардзе іх было па 18.
Навальніцы часцей за ўсё здараюцца паміж 15:00 і 18:00. На 20 навальніц прыпадае адзін выпадак з градам.
У Краснаполлі мясцовыя футбалісты былі накаўціраваны гульцамі ФК “Горкі”, якія забілі гспадарам пятнаццаць галоў, а слаўгарадскія футбалісты на свой Дзень горада прайгралі з буйным лікам гасцям з Клімавічаў: 0-6. Па суме двух гульняў гаспадары атрымалі 21 гол ад сваіх гасцей.
Самым выніковым матчам трэццяга тура 2-й лігі па футболе Магілёўскага дывізіёна “Усход” атрымалася сустрэча паміж краснапольскімі і горацкімі футбалістамі. Тры дзясяткі гледачоў, якія сабраліся на футбольным стадыёне ў Краснаполлі ўбачылі поўнае знішчэнне і прыніжэнне мясцовай каманды на полі. Ужо ў першым тайме горацкія футбалісты забілі шэсць галоў гаспадарам, якія не змаглі нават “размачыць” браму гасцей.
Другі перыяд стаўся яшчэ большай ганьбой для краснапольскіх футбалістаў, якія прапусцілі ад гасцей дзевяць мячоў. Горацкія хаўбекі і форварды проста разрывалі абарону гаспадароў, якая сыпалася на вачах. Вынік матча сведчыць пра поўнае дамінаванне на полі гасцей, якія не прапусцілі ніводнага гола ад краснапольцаў і рэкордна выйгралі 0-15. У гэтым матчы нешматлікія заўзятары змаглі пабачыць галы на любы густ, ад мячоў з гульні да мячоў з пенальці і стандартных палажэнняў. Праўда, забівала толькі адна каманда.
Па-іншым сцэнары развіваўся матч паміж слаўгарадскімі і клімавіцкімі футбалісталі. Матч быў уключаны ў праграму свята горада, пра што раней пісаліmogilev.media. Аднак гэта не дапамагло мясцовым футбалістам паказаць якасную гульню. Сотня слаўгарадскіх футбольных заўзятараў пабачыла больш-менш упартую барацьбу ў першым тайме. Менавіта ў першых 45 хвілін сладгарадскія футбалісты змаглі хоць крыху супрацьстаяць клімавіцкім гульцам, якія тым не менш змаглі двойчы забіць гаспадарам.
У другім тайме футбалісты з Клімавічаў выглядалі яшчэ больш упэўнена і рашуча. Барацьбу гасцям гаспадары не змаглі навязаць, працусціўшы ў першыя дваццаць хвілін другога перыяду яшчэ два мячы. Аднак на гэтым клімавіцкія гульцы не спыніліся і вырашылі дабіць суперніка на хатнім стадыёне, забіўшы ў суме за ўвесь тайм чатыры мячы. Адзначым, што матч быў з невялікім наборам парушэнняў правілаў, пагэтаму за ўсю гульню суддзя не паказаў ніводнай жоўтай карткі.
Мсціслаўская міжраённая прыродаахоўная інспекцыя затрамала каля аграгарадка Леніно Горацкага раёна рыбака на лодцы і з двума сеткамі. Усяго мужчына вылавіў сем карасёў і аднаго рака, прычым лоўля ажыццяўлялася не толькі забароненымі сродкамі, але і ў перыяд нераста. Інспектары налічылі рыбаку штраф у 151,5 базавую велічыню, альбо 5 605 рублёў штрафа – піша “Горацкі веснік”.
10-гадовы хлопчык у Горках атрымаў удар каменем у твар падчас гульні з сябрамі. Камень у яго без усялякай прычыны кінуў мясцовы жыхар, які стаяў побач – піша звязаны з сілавікамі Тэлеграм-канал.
Як высветлілася, кампанія дзяцей гуляла ў двары з мячом, калі да іх прывязаўся 60-гадовы мясцовы жыхар. Мужчына адабраў у дзяцей мячык, а потым праз нейкі час кінуў яго ўбок. Калі дзеці забралі мяч і працягвалі гуляць, мужчына спачатку стаяў збоку, назіраючы за імі, а потым кінуў у групу хлопчыкаў камень. Той патрапіў пад вока аднаму з дзяцей, пакінуўшы траўму.
Праваахоўнікі затрымалі мужчыну. Раней ён быў судзімы за злоснае хуліганства. Прычын свайго цяперашняга ўчынку жыхар Горак патлумачыць не змог.
Казус з рамонтам аварыйнага дома адбыўся ў аграгарадку Леніно Горацкага раёна. Падчас сустрэчы кіраўніцтва Горацкага райвыканкама з жыхарамі пасёлка выявілася, што запланаваны на 2023 год капітальны рамонт дома №33 па вуліцы Ленінскай быў аднабакова адменены камунальным прадпрыемствам – піша “Горацкі веснік”.
Вялікія расколіны сцен у пад’ездзе, абсыпаная тынкоўка фасада, разбураны ганак і пастаяннае заліццё кватэр пасля дажджу – пра гэтыя і іншыя праблемы жыхары дома не аднойчы паведамлялі спецыялістам УКПП «Камунальнік». У 2020 годзе на фасадзе ўстанавілі маячкі, якія ўжо далі расколіны, пазней паабяцалі правесці капітальны рамонт. Ён быў запланавана на 2023 год, але чамусьці са спісу аб’ектаў, якія падлягаюць грунтоўнаму рамонту, дом прыбралі.
Адзінае, што зрабілі камунальнікі – адбілі віслыя кавалкі тынкоўкі з фасада, так і пакінуўшы іх пад вокнамі.
Як растлумачыў намеснік дырэктара УКПП “Камунальнік” Андрэй Новікаў, аб’ект сапраўды быў запланаваны для капрамонту. Але, паводле дзейнага заканадаўства, у першую чаргу рамантуюць дамы, у якіх людзі гатовыя фінансава ўдзельнічаць ва ўцяпленні фасадаў.
Але ж справа ў тым, што жыхары гэтага дома таксама былі гатовыя заплаціць за ўцяпленне. Спецыялісты ж камунальнага прадпрыемства прыйшлі да высновы, што фасад будзе пакрывацца пенаполіўрэтанавай сумессю, даволі вялікі пласт якой павінен забяспечыць уцяпленне фасада. Атрымалася, што за саміх жыхароў вырашылі, што іх грошы на гэты від работ не патрэбны, таму рамонт будзе весціся на іншых аб’ектах.
“Горацкі веснік” піша, што старшыня райвыканкама паручыў унесці прапановы па рамонце дома.
Дзень Перамогіў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў.
Вялікая Айчынная вайна – частка Другой сусветнай вайны 1939–1945 гадоў, пачалася досвіткам 22 чэрвеня 1941 года, калі фашысцкая Германія напала на СССР. На баку Нямеччыны выступілі Румынія, Італія, 23 чэрвеня да іх далучылася Славакія, 25 чэрвеня – Фінляндыя, 27 чэрвеня – Венгрыя, 16 жніўня – Нарвегія.
Вайна доўжылася амаль чатыры гады і стала самым буйным узброеным сутыкненнем у гісторыі чалавецтва. На фронце, які распасціраўся ад Баранцава да Чорнага мораў, абапал у розныя перыяды вайны адначасова ваявалі ад 8 мільёнаў да 13 мільёнаў чалавек, ужывалася ад 6 тысяч да 20 тысяч танкаў, ад 85 да 165 тысяч гармат і мінамётаў, ад 7 тысяч да 19 тысяч самалётаў.
Падчас вайны ў Беларусі загінула больш за 2,3 мільёны жыхароў, былі разбураны і разрабаваны 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў (на 80-90% былі разбураны Мінск, Гомель, Віцебск), 9200 вёсак.
Улада і апазіцыя адзіны ў тым, што свята – усенароднае. Іх пазіцыі, аднак, адрозніваюцца ў падыходах да “напаўнення” свята, да таго, хто павінен быць у калонах на парадах. Так, 9 мая 1994 года АМАПне прапусціў на мінскую плошчу Перамогі народнага пісьменніка, франтавіка, пісьменніка Васіля Быкава.
У Дзень Перамогі выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб заснаванні медаля “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” на георгіеўскай стужцы. Ён стаў самым масавым медалём: 14,9 млн. узнагароджаных. Асобы, якія атрымалі медаль, мелі права на ўзнагароды юбілейнымі медалямі да 20, 30, 40, 50, 60, 65, 70, 75 год Перамогі.
1878 год. У сям’і беларуса – выхадца з Чавускага павета нарадзіўся сын, географ Міхаіл Самбікін(1878–1968).
Вядомы савецкі фізіка-географ, метэаролаг, прафесар, член-карэспандэнт Галоўнай геафізічнай абсерваторыі Пецярбургскай акадэміі навук.
У 1934–1941 гадах працаваў прафесар і загадчыкам кафедры метэаралогіі Беларускай сельгасакадэміі, прафесарам кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута.
1913 год. Нарадзіўся Васіль Івашын (1913–2009).
Беларускі літаратуразнаўца, акадэмік НАНБ, АПН СССР, Расійкай акадэміі адукацыі, доктар філалагічных навук, прафесар, даследчык літаратурнай спадчыны Янкі Купалы.
Скончыў Мінскі педінстытут. Працаваў у Віцебскім педвучылішчы,у Інстытуце літаратуры АН БССР, дырэктарам НДІ педагогікі Міністэрства адукацыі БССР (зараз – Нацыянальны інстытут адукацыі).
Аўтар навуковых прац па пытаннях тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры, літаратурных сувязей, метадалогіі і методыкі выкладання літаратуры ў школе. Аўтар падручніка па беларускай літаратуры для 8-9 класаў.
1929 год. У в. Продзвіна Бабруйскага раёна нарадзіўся Людвіг Асецкі (1929–2005).
Беларускі графік, заслужаны дзеяч мастацтваў. Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у ім, быў старшынём Мастацкага фонду БССР.
Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, манументальнага жывапісу, графіцы.
Стварыў ілюстрацыі да кніг «Мы раскажам пра Мінск», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» І. Мележа і іншыя.
Да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча падрыхтаваў серыю «Ад родных ніў».
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Літаратурным музеі імя Я. Купалы, Беларускім музеі Вялікай Айчыннай вайны, музей сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.
1929 год. Пачала працу камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР.
Камісія 27 чэрвеня 1929 года зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі. Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынём ДПУ БССР Р. Рапапортам справа так званага “Саюза вызвалення Беларусі”, па якой увясну-ўлетку 1930 былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 многія з іх былі асуджаны.
З гэтага часу пачалася палітыка абмежавання мовы тытульнай нацыі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 года, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.
1953 год. У Мінску выйшаў першы нумар часопісу «Маладосць».
Штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс Саюза пісьменнікаў Беларусі на беларускай мове.
Публікуе прозу, паэзію, публіцыстыку, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады. Тыраж на канец 2022 года склаў 460 экзэмпляраў.
Выйшла больш за 830 нумароў.
У 2002-2012 гадах уваходзіў у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”, затым у складзе рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда”. З 2021 года ўваходзіць у склад выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
У часопісе друкаваліся В. Быкаў – “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Круглянскі мост”, У. Караткевіч – “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, І. Шамякін – “Ах, Міхаліна, Міхаліна”, І. Чыгрынаў – «Плач перапёлкі» і іншыя.
1986 год. У Мсціславе адкрыты мемарыяльны комплекс Курган Славы.
Прысвечаны землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
1995 год. Адчынены Мціслаўскі гістарычна-археалагічны музей – адзіны ў Магілеўскай вобласці гісторыка-археалагічны.
Створаны ў чэрвені 1988 года. Значная частка экспанатаў была атрымана падчас археалагічных раскопак Л. Аляксеева, М. Ткачова, А. Трусава.
Пастаянная экспазіцыя займае тры залы: “Духоўныя крыніцы зямлі Мсціслаўскай”, “З гісторыі Мсціслаўшчыны ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя”, “Павятовы горад Мсціслаў”. Колькасць экспанатаў музея перавышае 20 000, з іх болей за 12 000 уваходзіць у асноўны фонд.
Найбольш цікавай калекцыяй з’яўляецца “Археалогія”.
З 2007 года музей прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў”.
2002 год. Апублікаваны канчатковы варыянт Рамкавай канвэнцыі ААН па змене клімату.
Сярэднія тэмпературы на Беларусі павялічаліся амаль на 1⁰С, клімат памякчэў, стаў менш кантынентальным, зіма ў сярэднім стала цяплей на 5-6⁰С у параўнанні з 1960-мі гадамі.
2005 год. У Магілёвена плошчы Славы адкрыта першая чарга Алеі Славы “Гонар і слава Магілёўшчыны”.
На ёй 137 дошак з імёнамі Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў Магілёўскай вобласці.
Першым Героем Савецкага Саюза стаў акадэмік О. Шміт ў 1937 годзе, апошнім – воін-“афганец” А. Мельнікаў у 1988 годзе пасмяротна.
2005 год. У Буйнічах Магілёўскага раёна адчыніўся заасад.
Заснаваны ў 2004 годзе пры Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы імя К. Арлоўскага яго дырэктарам Г. Маліноўскім.
Размяшчаецца на правым беразе Дняпра на плошчы ў 124 га. Асноўную частку заасада займаюць прасторныя вальеры, у якіх жывуць насельнікі беларускіх лясоў і экзатычныя для Беларусі звяры.
Да заасаду прымыкае стылізаваная «Этнаграфічная беларуская вёска» – музей пад адкрытым небам. Тут можна наведаць дом каваля, ганчара, азнаёміцца з побытам беларускага народа пачатку ХХ стагоддзя. У маёнтку памешчыка размясціліся кафэ і гасцініца, у сялянскіх хатах – майстэрні рамеснікаў і сувенірныя крамы.
2009 год.Свой першы рэйс здзейсніў цягнік на чыгуначнай міні-дарозе ў заасадзе ў Буйнічах.
Першымі пасажырамі сталі ветэраны вайны і школьнікі Буйніцкай школы.
Цягнік можа развіваць хуткасць да 10 км/г. Працягласць дарогі складае 2 км і дазваляе пазнаёміцца бліжэй з насельнікамі заасада: зубрамі, еўрапейскай ланню і плямістым аленем, казулямі.
Падарожнічаючы па чыгунцы, можна назіраць разгалінаваную сістэму каньёнаў, якія ўтварыліся на тэрыторыі заасаду ў ледніковы перыяд. У зоне інтэнсіўнага наведвання заасада частка каньёна ператворана ў штучны вадаём, на якім жывуць прадстаўнікі вадаплаўнай фаўны краіны – качкі і лебедзі.