Мужчына загінуў на пажары ў Горацкім раёне

Пра пажар у вёсцы Казлы паведамілі суседзі, а таксама пра тое, што ў хаце павінен быў знаходзіцца чалавек. Па прыездзе выратавальнай каманды дом гарэў адкрытым полымем – паведамляе прэс-служба МНС. Цела 47-гадовага мужчыны было знойдзенае на падлозе ў жылым памяшканні дома. Ён пражываў у хаце сваёй маці, якой не стала ў мінулым годзе.

фота: МНС

Школьніца ў Горках села не на той аўтобус, і яе высадзілі пасярод поля

Высветлілася, што інструкцыі на падобны выпадак проста не існуе.

Дзевяцігадовая Караліна дабіралася са школы дадому самастойна, але замест свайго рэйса села на прыгарадны маршрут да іншай вёскі. Памылку яна заўважыла, калі аўтобус ужо выехаў з горада і ў дзяўчынкі пачалася паніка. Далейшыя дзеянні пасажыраў і кіроўцы аўтобуса прадэманстравалі, што ўцямнага алгарытма паводзін пры падобных абставінах многія не ўсведамляюць. У выніку школьніца апынулася адна ў стрэсавым стане пасярод чыстага поля. Яе маці прыйшлося самастойна шукаць і забіраць дзяўчынку, супакойваць яе і загойваць душэўную траўму.

– Дакладнай інструкцыі, як павінен дзейнічаць у такой сітуацыі вадзіцель, няма. – патлумачыла “Горацкаму весніку” інжынер па пасажырскіх перавозках Аўтапарка № 17 Ганна Зінковіч – Але з улікам таго, што выпадкі, калі дзеці блытаюць маршруты, адбываюцца часта, усе работнікі аўтапарка ведаюць, што нават калі ў дзіцяці няма даведкі ці білета, яго не трэба высаджваць. Канкрэтна ў дадзеным выпадку гэта было зроблена па просьбе самога дзіцяці.

Шматлікія пасажыры рэйса Горкі-Добрая пацвярджаюць, што дзяўчынка настойвала на высадцы, спрабавалі прыняць удзел у сітуацыі.

– Дзяўчынка заплакала, калі ўбачыла, што аўтобус выязджае з горада, пачала тэлефанаваць маме. – расказвае адна з пасажырак гэтага рэйса Дар’я Пешчур – Гэта заўважылі пасажыры, сталі яе супакойваць. Яна падышла да кіроўцы, я дапамагла ёй адчыніць дзверы да яго. Кіроўца яе супакойваў і прасіў не хвалявацца, але дзяўчынка настойвала, каб яе высадзілі.

Выпадкі з дзецьмі, якія блытаюць свае маршруты і апынаюцца адны ў стрэсавай сітуацыі – частае здарэнне. У канкрэтна гэтым выпадку з Каралінай Сушковай праблема магла быць вырашаная, калі б прысутныя дарослыя зрабілі званок маці дзяўчынкі і ўзгаднілі з ёй далейшыя дзеянні. Школьніца магла праехаць да канца маршрута і вярнуцца назад – дарога да Добрай недалёкая, альбо яе магла забраць маці з бліжэйшага населенага пункта. 

Выпадак у Горках падкрэсліў неабходнасць уважлівага кантролю з боку дарослых за сітуацыяй, у якой апынаюцца бездапаможныя дзеці. 

Фота ўзята з адкрытых крыніц і носіць ілюстратыўны характар

Прадавачка ў Горках траціла выручку з крамы ў онлайн-казіно

Сума страты склала 16 тысяч рублёў. 

Пачынаючы з ліпеня 2022 года 42-гадовая жанчына, касір адной з крам у мікрараёне Будаўнікоў у Горках, перастала здаваць выручку ад гандлю – паведамляе “Горацкі веснік”. Усе грошы яна пускала на стаўкі ў онлайн-покер у адным з віртуальных казіно. Калі кіраўніцтва крамы пачало высвятляць прычыну непаступлення сродкаў ад продажаў, высветлілася, што сума растрачаных грошай склала 16 тысяч. Супраць жанчыны ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле “Прысваенне”.

Дзяўчаты-вершніцы з Горак і Магілёва пераможна выступілі на нацыянальных спаборніцтвах па конным спорце

Турнір па пераадоленню перашкод прайшоў на базе Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяціборстве за канцавым прыпынку тралейбуса №2 каля буйніцкага заасаду. 

Прадстаўніцы Магілёўскай вобласці заваявалі шэраг узнагарод на рэспубліканскіх спаборніцтвах і спартакіядзе ДЮСШ Беларусі, якія адбыліся на ўскрайку Магілёва – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. 

Магіляўчанка Антаніна Катулькіна на кані Зеўс перамагла ў маршруце з вышынёй перашкод да 130 см і заваявала срэбраныя медалі ў маршрутах з вышынёй перашкод да 120 см на Зеўсе і Сенатары. Другое і трэцяе месцы ў розных маршрутах заняла таксама Ганна Матэсева на Бае з Горак.

А вось вершніцы з Горацкай ДЮСШ сталі пераможцамі ў камандным.

Паглядзіце, якая лесвіца вядзе да паліклінікі ў Горках – фота

Лесвіца, якая вядзе да паліклінікі з боку Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі не толькі не абсталяваная пандусам, прыступкі на ёй проста развальваюцца – піша horki.info.

– Добра, цяжарная тут зможа падняцца, хоць гэта даволі цяжка з жыватом. А з каляскай? – задае пытанне адна з чытачак рэсурса – Хадзіць тут вельмі складана, многія прыступкі ў дрэнным стане. Вядома, жадаецца, каб і пандус тут з’явіўся, але на гэта ці наўрад можна разлічваць хоць бы прыступкі паправілі.

 

Гарэў палац культуры сельгасакадэміі ў Горках, у будынку былі людзі

Пацярпелых няма – усе супрацоўнікі своечасова пакінулі памяшканні. Трохпавярховы будынак палаца культуры горацкай акадэміі загарэўся 10 кастрычніка каля 11 гадзін раніцы, паведамляе прэс-служба абласнога МНС. 

Пажар адбыўся на першым паверсе ў дапаможным памяшканні танцавальнага класа. Заняткі ў гэтым класе на момант здарэння не праводзіліся. У выніку пажару ў дапаможным памяшканні пашкоджана маёмасць, абгарэлі сцены і столя.

Тэрытарыяльная абарона будзе трэніравацца ў Горках

З 11 кастрычніка і да канца працоўнага тыдня ў Горацкім раёне будуць праходзіць заняткі па мабілізацыйнай падрыхтоўцы. Пра гэта паведамляе “Горацкі веснік”. 

Па словах ваеннага камісара Горацкага і Дрыбінскага раёнаў Аляксандра Шкіндзерава, мэтай іх правядзення з’яўляецца ўдасканаленне практычных навыкаў і ўмення службовых асоб у арганізацыі і выкананні мерапрыемстваў па фарміраванні тэрытарыяльных войскаў. А таксама адпрацоўка пытанняў узаемадзеяння паміж службовымі асобамі ў кіраванні фарміраваннем тэрытарыяльных войскаў у розных умовах абстаноўкі, вызначэнне гатоўнасці пункта прыёму асабовага складу да прыёму мабілізацыйных рэсурсаў.

У Горках месяцамі не могуць прыбраць сметніцу

Безліч старых аўтамабільных пакрышак валяецца за кантэйнернай пляцоўкай каля школы №4 у Горках. Праз многія пакрышкі ўжо даўно прарасла трава. Фота з горацкай сметніцы рэсурсу horki.inf выслаў адзін з чытачоў.

 

Дзеці ў Горках ходзяць у школу па калена ў брудзе

У сухое надвор’е гэтая дарога выглядае іначай – згаджаюцца мясцовыя жыхары – але хадзіць у школу трэба кожны дзень.

Так выглядае дарога да школы №4 у Горках з боку прыватнага сектара. Гэтыя фотаздымкі ў рэдакцыю horki.info адправіла адна з чытачак. 

– Калі дажджы, некаторым бацькам даводзіцца падвозіць дзяцей, іншыя ходзяць, можна сказаць, па калена ў брудзе, прыціскаюцца да плота, каб не запэцкацца. – дабавіла жыхарка.

Мужчына падстрэліў сябе ў жывот з бацькоўскай “аўтаручкі” ў Горках

Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Самаробную прыладу для стральбы завадскімі патронамі 66-гадовы жыхар Горак знайшоў у сваёй гаспадарцы. Прыладу прыхаваў яго бацька ў адной з пабудоваў на падворку. Там жа таксама знайшлося некалькі патронаў рознага калібру. Раней усё гэта належыла бацьку пацярпелага, патлумачыў ён следчым органам.

Выпіўшы, жыхар Горак вырашыў праверыць самаробную агняпальную зброю, але спачатку яна не стрэліла. Калі ж ён павярнуў прыладу руляй да сябе, стрэл адбыўся. З агняпальным раненнем жывата ён быў шпіталізаваны ў раённую лякарню.

Акрамя аўтаручкі-самапалу, у сядзібе былі знойдзеныя таксама два патроны, якія прадстаўляюць сабой цалкам дзейсныя боепрыпасы – паведамляюць у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.

Па факце знаходжання ў доме мужчыны боепрыпасаў супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.