Верагодна, знойдзены парэшткі трох чалавек – на камбінаце ў Светлагорску адбыўся выбух

Днём 7 чэрвеня на цэлюлозна-кардонным камбінаце ў горадзе Светлагорску Гомельскай вобласці здарыўся выбух у цэху выпаркі скіпідару – пішуць “Светлагорскія навіны”.

У выніку былі пашкоджаны будаўнічыя канструкцыі ўчастка і найбліжэйшых будынкаў. Работнікі Светлагорскага РАНС цяпер праводзяць комплекс выратавальных работ, разбор будаўнічых канструкцый, якія абрынуліся, і пошук работнікаў прадпрыемства.

Па паведамленні начальніка Светлагорскага РАНС Андрэя Высоцкага, падчас пошукава-выратавальнай працы на месцы аварыі выяўлены парэшткі, як мяркуецца, трох чалавек.

Фота: “Светлагорскія навіны”

На пажары ў Магілёве загінула пенсіянерка

Трагедыя адбылася вечарам 31 мая ў шматпавярховым доме па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве. У кватэры на чацвёртым паверсе здарыўся пажар, падчас якога загінула пенсіянерка 1956 года нараджэння. Яе цела было знойдзена на балконе. Дачка ахвяры і яе сын, што таксама пражывалі ў кватэры, на момант пажару адсутнічалі дома. Прычыны ўзгарання высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

На лецішчы пад Асіповічамі гарэла цэлая сям’я – бацька загінуў, маці атрымала апёкі, дзеці выратаваліся

Трагедыя адбылася ў дачным доміку ў вёсцы Станцыя Ясень Асіповіцкага раёна. позна вечарам 28 мая ў хаце пачаўся пажар. У гэты час там знаходзілася сям’я з чатырох чалавек, бацька 1963 года нараджэння, маці 1975-га і дзве іх дачкі 2000 і 2019 гадоў нараджэння.

Да прыбыцця пажарных жанчына і дзеці здолелі самі выратавацца з дома праз вакно, пры гэтым маці атрымала апёкі 46% цела. Цела яе мужа было знойдзенае ў доме ратавальнікамі. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Пад Магілёвам на пажары загінуў мужчына

Трагедыя адбылася апоўначы ў аграгарадку Раманавічы Магілёўскага раёна. Пажар узнік у кватэры шматпавярховіка на вуліцы Фабрычнай. Ратавальнікамі на месцы ўзгарання было знойдзена цела мужчыны 1973 года нараджэння, які нідзе не працаваў. Прычыны пажару высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Бабруйскам алабай насмерць загрыз жанчыну

Трагедыя здарылася сёння ў аграгарадку Кавалі Бабруйскага раёна. Паводле звестак следства, днём 20 мая ў двары аднаго з прыватных падворкаў аграгарадка Кавалі знайшлі цела 66-гадовай мясцовай жыхаркі. Побач з ёй на прывязі знаходзіўся сабака пароды алабай.

Загінулую знайшоў знаёмы гаспадара падворка, ён адцягнуў жывёлу і выклікаў хуткую. Нягледзячы на намаганні ўрачоў выратаваць жанчыну не ўдалося. Яна жыла праз некалькі дамоў ад месца трагедыі – паведамляе Следчы камітэт.

У Магілёве мужчына рухнуў з высоткі

У магілёўскіх пабліках паявілася відэа відавочцаў, якія распавядаюць пра трагедыю на вуліцы Астроўскага ў Магілёве. З верхняга паверха высоткі насупраць гіпермаркета “Green” выпаў мужчына і на месцы памёр. “Проста рухнуў як мяшок” – каментуюць падзею відавочцы. Гэта быў суіцыд альбо няшчасны выпадак – пакуль не паведамляецца.

З этычных меркаванняў выява заблюраная.

У Бабруйску пара зняла кватэру на суткі і загінула ў ёй

Жыхары Бабруйска, 25-гадовы мужчына і 55-гадовая жанчына знялі кватэру на суткі, а назаўтра іх знайшлі нежывымі. На кухні працавалі тры газавыя канфоркі пліты – мяркуецца, што пара запаліла агонь, каб сагрэцца. Дзверы і вокны заставаліся зачыненымі на ноч, смерць адбылася з-за атручэння ўгарным газам – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Фота ілюстрацыйнае

Заведзены дэльтаплан зарубіў планерыста лопасцямі насмерць пад Магілёвам

Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, трагедыя адбылася ў прыватным гаражы пасёлка Вейна Магілёўскага раёна. 29-гадовы мужчына, які даўно займаўся дэльтапланерызмам і неаднаразова падымаўся ў паветра, днём 11 мая прыйшоў рыхтаваць да наступных палётаў сваю тэхніку. Перад гэтым ён набыў новыя дэталі для яе і ўдасканаліў свой апарат.  

Правяраючы стан свайго дэльтаплана, у дзень трагедыі мужчына запусціў рухавік і пацягнуў за рычаг. Лопасці, якія знаходзіліся ў складзеным гарызантальным стане, пачалі круціцца і прычынілі яму цялесныя пашкоджанні, не сумяшчальныя з жыццём.

Фота: Следчы камітэт

У Слаўгарадзе патанула пенсіянерка

Днём 7 мая ў Слаўгарадзе на вуліцы Чырвонафлотскай, у рацэ Сож было выяўлена цела жанчыны. Як высветлілася, патанулая была 1952 года нараджэння, пенсіянеркай – паведамляе прэс-служба МНС. Абставіны гібелі жанчыны высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

Жанчына патанула ў ёмістасці для вады ў Магілёве – МНС

Днём 1 мая было знойдзена цела магілёўскай пенсіянеркі 1959 года нараджэння, якая патанула ў металічнай ёмістасці для вады на вуліцы Бетховена ў Магілёве. Афіцыйных падрабязнасцяў пакуль не паведаляецца. Цела жанчыны было вынята з ёмістасці ратавальнікамі – паведамяе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае