Выпіў невядома што, хуткую выклікаць не дазволіў – пад Мсціславам атруціўся мужчына

51-гадовы жыхар вёскі каля Мсціслава загінуў ад атручэння невядомай вадкасцю. Па словах яго жонкі, якія прыводзяць “Магілёўскія ведамасці”, мужчына быў частым госцем на палігоне побытавых адыходаў. Там ён пабачыў пяцілітровую бутыль з нейкай вадкасцю. Пераліўшы вадкасць у дзве меншыя бутэлькі, жыхар Мсціслаўскага раёна прыйшоў дахаты і выпіў з паўлітра сваёй здабычы.

Калі праз пару гадзін яму стала дрэнна, жонка прапанавала выклікаць хуткую, але муж забараніў гэта рабіць. Нараніцу медыкі канстатавалі смерць мужчыны. Як высветлілі супрацоўнікі судовай экспертызы, у склад вадкасці ўваходзіў этыленгліколь – таксічнае рэчыва, якое і стала прычынай смерці. У большасці выпадкаў смяротная доза – усяго 100-150 мл вадкасці, якая змяшчае этыленгліколь. У выпадку своечасовага аказання медыцынскай дапамогі магчымы спрыяльны зыход.

Фота ілюстрацыйнае

Пажар на чавускай “Бабулінай крынцы”, на якім загінуў галоўны інжынер, нанес стратаў на 200 тысяч

Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства. У выніку пажару ў цэху чавускага філіяла “Бабулінай крынкі” загінуў 62-гадовы работнік прадпрыемства, галоўны інжынер. Агнём пашкоджана і знішчана маёмасць на агульную суму звыш 200 тысяч рублёў.

Працоўная версія здарэння звязвае пажар з працамі па дэмантажу труб пры дапамозе газазварачнага абсталявання, што праводзіліся нанятай арганізацыяй.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

Так і не змог забрацца ў лодку – пад Клімавічамі патануў мужчына

Трагедыя здарылася на гэтых выхадных на вадаёме каля вёскі Мілаславічы Клімавіцкага раёна. 42-гадовы жыхар Касцюковіч адпачываў на беразе разам з сябрам, лавілі рыбу. У нейкі момант касцюкаўчанін захацеў паплаваць на лодцы. Адплыўшы на 50 метраў ад берага, мужчына звалтўся ў ваду. Самастойна вярнуцца ў лодку ён не здолеў, не змог яму дапамагчы і сябар. Назаўтра ратавальнікі знайшлі ў вадаёме цела мужчыны – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

У Чавусах гарэў цэх “Бабулінай крынкі”, загінуў галоўны інжынер

Днём 21 чэрвеня у будынку цэха па перапрацоўцы і захоўванні сухога малака на тэрыторыі Чавускага філіяла «Бабулінай крынкі» адбыўся пажар. На момант прыезду ратавальнікаў увесь будынак быў ахоплены дымам, полымя пашкодзіла дах і абсталяванне.

З памяшкання цэха ратавальнікі вынеслі ў непрытомным стане работніка прадпрыемства 1961 года нараджэння – галоўнага інжынера прадпрыемства. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі была канстатавана яго смерць – паведамляе прэс-служба МНС.

Папярэдне ўстаноўлена, што ў цэху прадпрыемства сіламі іншай арганізацыі ажыццяўляўся дэмантаж труб. З-за пажару ў цэху, дзе знаходзіцца каля 450 т сухой малочнай сумесі, часткова абрынуўся дах.

Фота: МНС

На пажары ў Клімавіцкім раёне загінуў пастух

Цела 50-гадовага пастуха было знойдзена ў старожцы – паведамляе прэс-служба МНС. 

Пажар вартоўні адбыўся апоўначы з 20 на 21 чэрвеня. Загарэлася старожка на полі каля прадпрыемства “Прымежны-Агра” ў аграгарадку Звянчатка Клімавіцкага раёна. Ратавальнікі знайшлі на месцы трагедыі 50-гадовага мясцовага жыхара, які працаваў пастухом і даглядаў статак цялят на летнім выпасе. Прычына пажару высвятляецца, але гледзячы па публікацыі навіны на сайце МНС, супалі такія частыя фактары, як алкаголь і неасцярожнасць з агнём.

Фота: МНС

Плавалі на самаробным плыце – у Магілёве патануў хлопчык

Некалькі гадзін дактары змагаліся за жыццё хлопчыка 2014 года нараджэння, але выратаваць яго не ўдалося.

Кампанія падлеткаў днём 20 чэрвеня каталася на самаробным плыце на дняпроўскай затоцы ў Магілёве каля гандлёвага цэнтра “Е-Сіці”. Плыт быў імправізаваным – шчыт з дошак. Сярод іншых, на плыце плавалі два браты 2010 і 2014 гадоў нараджэння. У нейкі момант малодшы з братоў зваліўся ў ваду і пачаў тануць – ён не ўмеў плаваць.

Кампанія падлеткаў не здолела выцягнуць хлопчыка з вады самастойна. Старэйшы брат патэлефанаваў ратавальнікам, астатнія спалохаліся і разбегліся. Яшчэ жывога, дзіцёнка даставілі ў абласную дзіцячую бальніцу. Медыкі змагаліся за яго жыццё некалькі гадзін, але выратаваць хлопчыка не ўдалося – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

У меліярацыйным канале ў Глускім раёне патануў мужчына

Вечарам 17 чэрвеня цела мужчыны 1975 года нараджэння было знойдзена ў меліярацыйным канале каля вёскі Яўсеевічы Глускага раёна – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае.

Расія атакавала Адэсу, трое загінулі. Вырасла колькасць ахвяр у Крывым Рогу

Ноччу 14 чэрвеня расійскія вайскоўцы накіравалі на Адэсу чатыры ракеты “Калібр” – паведамляе Unian. Удар быў нанесены з карабля, які знаходзіўся ў Чорным моры.

У выніку паветранага бою выбуховай хваляй пашкоджаны бізнес-цэнтр, навучальная ўстанова, жылы комплекс, установы харчавання і склад у цэнтры горада. 

“Трое супрацоўнікаў склада загінулі, сем атрымалі раненні” – заявілі ў аператыўным камандаванні “Поўдзень”.

Разам з тым, колькасць ахвяр учорашняй начной атакі на Крывы Рог вырасла да 12-ці.

Фота: Аператыўнае камандаванне “Поўдзень”

Трагедыя ў Магілёве – палутарагадавалая дзяўчынка выпала з вакна шостага паверху

Вечарам 11 чэрвеня на вуліцы Якубоўскага ў Магілёве насмерць разбілася дзяўчынка палутара гадоў. Яна засталася разам з бабуляй у кватэры на шостым паверсе. Бацькі былі ў ад’ездзе. У нейкі момант бабуля выйшла на кухню, каб прыгатаваць ежу.

Падчас адсутнасці дарослай, дзяўчынка забралася праз канапу на падваконне, адчыніла вакно і выпала ўніз. Ад атрыманых траўмаў яна загінула – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Фота: Следчы камітэт

Існуе вялікая рызыка вывяржэння супервулкана ў Італіі

Яго вывяржэнне 40 000 гадоў таму – адна з магчымых прычын вымірання неандэртальцаў у Еўропе.

Міжнародны калектыў геолагаў высветліў, што магматычная камера пад супервулканам Флегрэйскія палі каля італьянскага Неапаля, нядаўна пашыралася да такой ступені, што яе горныя пароды блізкія да прарыву. Гэта аргумент на карысць магчымага хуткага вывяржэння вулкана, паведаміла прэс-служба брытанскага ўніверсітэцкага каледжа Лондана.

– Частка сцен магматычнай камеры вулкана значна саслабла і яны могуць у хуткім часе абрынуцца, хаця ціск, які аказваецца на іх, некалькі ніжэй, чым падчас апошняга частковага абуджэння Флегрэйскіх палёў каля 40 000 гадоў назад. – заявіў супрацоўнік Нацыянальнага інстытута геафізікі і вулканалогіі ў Неапалі Нікола Піна.

Панарама Неапаля і Флегрэйскіх палёў.

Вучоныя распрацавалі дакладную мадэль вулкана і актыўна назіраюць за ім з 2017 года. У апошнія некалькі месяцаў ціск у нетрах Флегрэйскіх палёў значна вырас, што звязана з назапашваннем вулканічных газаў і рухам струменяў магмы на глыбіні ў 3 кіламетры. 

Гэтыя працэсы ўжо выклікалі 600 сейсмічных штуршкоў у красавіку 2023 года, прывялі да паслаблення мяжы трываласці “накрыўкі” магматычнай камеры на 60% у параўнанні з 1984 годам.

Усё гэта, як лічаць даследчыкі, кажа аб магчымым хуткім пачатку вывяржэння Флегрэйскіх палёў, аднак пры гэтым геолагі падкрэсліваюць, што верагоднасць гэтага не з’яўляецца стопрацэнтнай. Тым не менш, уладам Італіі і іншых сумежных рэгіёнаў свету неабходна быць гатовым да гэтай сітуацыі, падсумавалі Піно і яго калегі.

Фота раёна супервулкана са спадарожніка НАСА.

Флегрэйскія палі – жарало буйнога супервулкана дыяметрам каля 12-14 км. Ён размешчаны недалёка ад сучаснага Неапаля. Вывяржэнне гэтага супервулкана каля 40 000 гадоў таму магло выклікаць выміранне неандэртальцаў у Еўропе.

Фота з адкрытых крыніц