Дзень у гісторыі. 5 красавіка. Хрыстос уваскрос. Адкрыты востраў Вялікадня. Нарадзіліся мецэнат К. Радзівіл, пісьменнік Д. Пінскі, геолаг З. Гарэлік.

Міжнародны дзень маральнасці (International Day of Conscience, з  2019 года). 

Усталяваны Генеральнай асамблеяй ААН.

ААН звязвае з «маральнасцю» – мірнае суіснаванне ў свеце, цярпімасць, негвалтоўнасць у аднаведнасці з уласнымі культурнымі традыцыямі, нацыянальнымі або рэгіянальнымі звычаямі.

Задача ААН пазбавіць зямлян ад страшных войнаў, перайсці да культуры міру.

На фоне вайны ва Ўкраіне гэты дзень з’яўляецца нагодай, каб нам усім паразважаць над праблемамі сучаснай гуманітарнай катастрофы.

Міжнародны дзень супу (International soup day).

Першапачаткова, як лічаць навукоўцы, суп не варылі, бо не было адпаведнага посуду, а гатавалі ў выглядзе поліўкі з таўчонага зерня, зеляніны. Традыцыя замочваць кавалачкі хлеба ў гарачым адвары вядомая са старажытнасці ў самых розных народаў. Крыху пазней у поліўку сталі дадаваць разнастайныя інгрэдыенты.

Суп як страва ў сённяшнім разуменні, стала штодзённай ежай больш за 500 гадоў таму, калі ў людзей з’явіўся посуд, здольны вытрымаць працэс прыгатавання.

На нашых землях вадкія стравы называлі поліўкамі. Французскае слова “суп” з’явілася пазней.

У залежнасці ад інгрэдыентаў стравы, супы падаюць на сняданак, абед ці вячэру. Напрыклад, малочны суп падыходзіць і для ранішняга прыёму ежы, а суп з агародніны і мяса часцей падаюць днём ці ўвечары.

Супы стымулююць працу страўніка, спрыяючы выпрацоўцы ферментаў і страўнікавага соку. Супы валодаюць здольнасцю змяншаць рызыку з’яўлення рака і сардэчных захворванняў.

Сёння практычна любая кухня свету можа пахваліцца дзясяткамі рэцэптаў супаў, агульная колькасць якіх і не паддаецца рахунку.

У кожнай краіне ёсць нацыянальныя супы – у Вялікабрытаніі гэта празрысты суп з хвастоў кароў, у ЗША – суп з мідый, у Італіі – мінестроне. Смузі – той жа суп, толькі з садавіны. У Нямеччыне – айнтопфы – густыя супы, у якія дадаюць сардэлькі, каўбаскі, фасолю, гародніну. Вядомыя андалузскі гаспачча, дацкі гарохавы суп з вэнджанінай, індыйскі курыны суп з кары, японскі суп міса, кітайскі хога і в’етнамскі фо, венгерскі суп-гуляш, украінскі боршч, грузінскі суп-харчо. У Чэхіі і Бельгіі шануюць супы, якія гатуюцца на піве. Фінскія супы больш экзатычныя нават за японскія.

На 1-м месцы па спажыванню супоў знаходзяцца кітайцы. Заходнееўрапейцы ўжываюць супы ў меншай ступені, але Францыя – гастранамічная мека: лукавы, вішысуаз, кансамэ, крэм-пюрэ-суп.

Каляндарная змена сезонаў для прыхільнікаў смачнага і здаровага харчавання нясе з сабой і некаторыя кулінарныя перамены. На месца сытных, сагравальных і наварыстых зімовых страў прыходзіць прасцейшая і лёгкая кухня.

Беларусь, Польшча, Україна уваходзяць у дзясятку краін свету, дзе не ўяўляюць харчаванне без супу. У нас папулярнымі з’яўляюцца малочныя клёцкі, боршч чырвоны і белы, пахлёбкі, журы, поліўкі, заціркі, крупнікі, грыжанкі, юшкі, супы грыбныя, гарбузовыя, са шчаўя, фасолі, цыбулевыя.

33 год. Уваскрос Ісус Хрыстос (1 год да н. э. – 33 год н.э.). Першы Вялікдзень.

Навукоўцы лічаць, што Хрыстос памёр у 15:00 у пятніцу, 3 красавіка 33 года, а ўваскрос а 4:00 раніцы ў нядзелю, 5 красавіка 33 года.

1585 год. Кароль Стэфан Баторый задаволіў просьбу гараджан Магілёва і забараніў габрэям набываць землі і нерухомасць у горадзе.

1722 год. Галандская экспедыцыя адмірала Якаба Рагевена адкрыла востраў Вялікадня (Рапануі).

Назва ад свята Вялікадня, у якое і быў адкрыты востраў. Невялікая тэрыторыя ў прасторах Ціхага акіяна, трохкутнай формы з памерамі 18 на 16 і на 24 км. Знакамітасць ва ўсім свеце востраў атрымаў дзякуючы вялізным каменным статуям – моаі.

1793 год. Нарадзіўся Канстанцін Радзівіл

Палітычны дзеяч, мецэнат, адзін з першых беларускіх фалькларыстаў. Навагрудскі павятовы маршалак.

У сваім маёнтку пабудаваў Паланэчкаўскі палац, побач з якім быў разбіты парк у французскім стылі.

Член Віленскай адукацыйнай камісіі, тайнай арганізацыі «Нацыянальнае масонства», Патрыятычнага таварыства. Пасля задушэння паўстання дзекабрыстаў (1825) быў арыштаваны расійскай уладай, але пасля адпушчаны.

Быў камергерам расійскага імператарскага двара, хаця і не імкнуўся зрабіць службовую кар’еру. З’яўляўся куратарам і апякуном асветы ў Мінскай і Гродзенскай губернях, часопіса «Народ і час».

Сабраў у Паланечцы значную бібліятэку (4 000 тамоў), архіў, калекцыю твораў мастацтва, у якой былі партрэты прадстаўнікоў роду Радзівілаў, карціны Ю. Пешкі, Я. Рустэма, гравюры, габелены, медалі. У яго палацы ў Паланечцы бывалі многія знакамітыя ў мясцовым краі дзеячы культуры, у тым ліку паэт У. Сыракомля.

У 1850-х гадах даслаў у Рускае геаграфічнае таварыства «Статыстычны нарыс Навагрудскага павета» і «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета». Ахарактарызаваў беларускую мову («кривицкое наречие»), склаў слоўнічак мясцовых слоў, апісаў адзенне сялян Навагрудскага павета, мясцовыя сялянскія абрады на Купалле, Дзяды, куццю, вяселле навагрудскіх сялян. Запісаў 84 прыказкі, калядную, 2 купальскія і 27 вясельных песень.

У снежні ў 1863 годзе ён прасіў у віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва аб замене смяротнага прысуду З. Чаховічу – аднаму з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў. Чаховіча саслалі ў Сібір. Пазней бібліятэкай Чаховіча, вернутага з сібірскай ссылкі ў Віленскую губерню, будзе карыстацца малады Янка Купала.

1872 год. У Магілёве нарадзіўся Давід Пінскі (1872–1959).

Амерыканскі і яўрэйскі пісьменнік, пісаў на ідышы.

Пісаў на розныя тэмы, найбольшай вядомасцю карысталася яго «трагедыя пра адзінага і апошняга яўрэя», «Дзі прозвішча Цві», напісаная пасля Кішынёўскага пагрому 1903 года. У ёй аўтар у рамантычна-сімвалічнай форме спрабаваў адлюстраваць трагічную гібель старога патрыярхальнага яўрэйства ў яго барацьбе за дарагія яму ідэалы.

Аўтар многіх драм, некаторыя з якіх былі пастаўлены нават ў берлінскім “Deutsches Theater” (1910). Даследчык яўрэйскай драмы. У Нью-Ёрку выйшаў яго двухтомавік апавяданняў, у Варшаве – том драм.

Жыў у ЗША (1899–1949), потым пераехаў у Ізраіль, у Хайфу.

1889 год. У Друцку Магілёўскай губерні (зараз – Талачынскі раён) нарадзіўся Іосіф Кардовіч (1889–1967). 

Беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч.

Працаваў загадчыкам Мсціслаўскага аддзела адукацыі, намеснікам старшыні Мсціслаўскага райвыканкама, старшынёй Горацкага райвыканкама, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама (1940–1941). 

Пад час вайны быў сакратаром Бабруйскага падпольнага міжраённага камітэта КП(б)Беларусі, упаўнаважаным ЦК КП(б)Б па арганізацыі партызанскага руху ў Магілёўскай вобласці.

Адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Магілёўшчыне, генерал-маёр, старшыня Магілёўскага (1943–1948), Віцебскага (1949–1953) аблвыканкамаў.

1908 год. У Бабруйску нарадзіўся Залман Гарэлік (1908–1987).

Беларуск геолаг, тэктаніст, арганізатар геалагічнай службы Беларусі, адзін з адкрывальнікаў першых радовішчаў калійных і каменнай солі, нафты. Доктар геолага-мінералагічных навук.

Працаваў у Інстытуце геалагічных навук, начальнікам Беларускага геалагічнага ўпраўлення, дацэнтам кафедры геалогіі БДУ, галоўным геолагам Беларускага інстытута прамысловага праектавання, у Беларускім навукова-даследчым геолагаразведачным інстытуце.

Стварыў геатэктанічны кірунак у вывучэнні нетраў і мінеральных рэсурсаў. Упершыню выканаў тэктанічнае раянаванне тэрыторыі Беларусі і абгрунтаваў структурныя крытэрыі прагназавання радовішчаў соляў і нафты ў Прыпяцкім прагіне.

1914 год. У в. Пустынкі пад Мсціславам нарадзіўся Васіль Луцкін (1914–1981).

Беларускі дзяржаўны дзеяч. Выхаванец Мсціслаўскага педтэхнікума.

Выкладаў у школах Мсціслаўскага раёна, у Лепельскім артылерыйска-мінамётным вучылішчы, быў дырэктарам Мсціслаўскай СШ № 1, знаходзіўся на партыйнай рабоце ў Магілёве і Брэсце. 

У 1964–1974 гадах быў старшынёй Магілёўскага аблвыканкама. Пры яго кіраўніцтве ў вобласці з’явіліся многія прамысловыя гіганты, у тым ліку “Хімвалакно”, “Белшына“, “Магатэкс”.

1936 год. У Пінску адкрыты Музей Беларускага Палесся.

Размешчаны ў будынку езуіцкага калегіума.

У музеі працуюць часовыя экспазіцыі: «Гісторыя Піншчыны», «Прырода Палесся», «Піншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны» «Рускае мастацтва XIX–XX стст.», «Партрэтны жывапіс XVIII–XIX стст.», «Беларускі жывапіс 1950–1980-х гг.», «Промыслы і рамёствы Палесся», «Гарадскі побыт пачатку XX ст.», галерэя партызанскай славы.

У фондах музея налічваецца каля 70 000 адзінак асноўнага фонду.

1937 год. Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР зацвердзіў новы малюнак гербу БССР.

З 1995 году кіраўніцтва А. Лукашэнкі выкарыстоўвае мадыфікацыю гербу БССР – афіцыйны герб Беларусі ўсталяваны ў якасці дзяржаўнага гербу  ўказам Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году.

1972 год. Заснаванне ў в. Вязынка Маладзечанскага раёна Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка.

Займае плошчу ў  21 гектар. У запаведніку захаваны натуральны ландшафт і планіроўка былой сядзібы, а таксама найбольш старыя дрэвы. Акрамя хаты, ў якой нарадзіўся Янка Купала, захаваныя хатка дваровых, сажалка, крыніца, частка фруктовага саду, ліпавая алея, валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў паэта. 

Ёсць дуброва, пасаджаная беларускімі пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння песняра, жывая альтанка з ліпаў, канцэртная эстрада, вялікая пляцоўка для правядзення паэтычных святаў, выстаў народных майстроў і масавых гулянняў. У цэнтры запаведніка стаіць бронзавы бюст Янкі Купалы.

У адноўленым будынку свірна дзейнічае этнаграфічная экспазыцыя.

Штогод на тэрыторыі запаведніка ў дзень нараджэньня паэта (7 ліпеня) праводзяцца святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, традыцыйныя злёты студэнтаў-філолагаў БДУ.

Штогод «Вязынку» наведвае каля 100 тысяч чалавек.

Хата, у якой нарадзіўся паэт Янка Купала

1990 год. Вярхоўны Савет БССР аб’явіў 26 красавіка днём Чарнобыльскай трагедыі.

Дзень устаноўлены у памяць аб аварыі на ЧАЭС – самай вялікай тэхнагеннай катастрофе ў гісторыі чалавецтва.

Для Беларусі наступствы аварыі аказаліся найбольш цяжкімі. На тэрыторыю краіны прыпала 70% усяго радыеактыўнага забруджвання (эквівалент 100 атамных бомб, як пры бамбардзіроўцы Хірасімы). На землях забруджаных радыяцыяй  апынулася каля 2,1 мільёна чалавек – кожны пяты жыхар.

У памяць аб аварыі на ЧАЭС на 26 красавіка ў гарадах Беларусі ладзіліся мерапрыемствы “Чарнобыльскі шлях” у 1989, 1996-2020 гадах.

2015 год. Памёр Сергіуш Плева (1940–2015).

Польскі грамадскі і палітычны дзеяч, актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў Польшчы, дэпутат Сейму, сенатар.

Прымаў актыўны ўдзел у фінансаванні дзіцячых дамоў, фонду “Młoda Polonia” і іншых дзіцячых арганізацыяў. З асабістых грашовых сродкаў аплаціў знаходжанне ў Польшчы больш за 100 дзяцей польскага паходжання з Украіны.

2022 год. Прайшло пасяджэнне Савета Бяспекі ААН па Украіне.

На пасяджэнні У. Зяленскі расказаў аб ваенных злачынствах Расіі ва Украіне, у Бучы пад Кіевам.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што злачынствы здзяйсняе “краіна, якая ператварае права вета ў Свеце Бяспекі ААН у права на забойства”, “падрывае ўсю архітэктуру глабальнай бяспекі, дазваляе злу быць беспакараным і распаўсюджвацца па свеце, знішчаючы ўсё, што толькі можа працаваць на мір і бяспеку”.

Расійскі бок назваў відэакадры з Бучы “пастаноўкай” і даў украінцам здзеклівы адказ: “Мы прыйшлі да Вас не з-за ўкраінскіх земляў. Мы прыйшлі, каб прынесці доўгачаканы мір”.

Зварот У. Зяленскага да Савета Бяспекі ААН

2022 год. Памёр ураджэнец в. Равячына Горацкага раёна  Яфрэм Сакалоў (1926–2022).

Выхаванец Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Апошні кіраўнік ЦК КПБ, Герой Сацыялістычнай працы, дэпутат Вярхоўнага савета СССР (1979–1989), Народны дэпутат СССР (1989–1991).

А. Фядута некалі пра яго напісаў наступнае: “Сакалоў – амаль ідэал кіраўніка. Ніхто ніколі не чуў, каб ён узвысіў голас на падначаленага. Ніхто не бачыў яго нецвярозым. Ніхто не мог падазраваць яго ў хабарніцтве”.

У Горках на алее Славы Герояў у яго гонар устаноўлены мемарыяльны знак, пасаджаны імянны каштан.

Дзень у гісторыі. 30 верасня. Міжнародны дзень перакладчыка. Міжнародны дзень Інтэрнэту. Дзень нараджэння народнага пісьменніка Ніла Гілевіча, акадэміка Ота Шмідта, пісьменніцы Зоські Верас. Дзень памяці гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага. Прайшоў першы«Чарнобыльскі шлях»

Міжнародны дзень перакладчыка. Заснаваны Міжнароднай федэрацыяй перакладчыкаў у 1991 годзе. “Паштовыя коні прагрэсу” – так вобразна А. Пушкін назваў перакладчыкаў. Значэнне прафесіі іх у жыцці ўсяго чалавецтва з часоў разбурэння Вавілонскай вежы вялізнае, хоць і бывае незаўважным. Дата 30 верасня невыпадковая. У гэты дзень 30 верасня 420 года памёр Геранім Стрыдонскі, адзін з чатырох лацінскіх айцоў Царквы, пісьменнік, гісторык, перакладчык і апякун перакладчыкаў.

Міжнародны дзень Інтэрнэту. Заснаваны Папам Рымскім Янам Паўлам II у 1998 годзе.

У Беларусі на 9,3 мільёна жыхароў 13 мільёнаў карыстальнікаў Інтэрнэт. Вага абанентаў шырокапалоснай сувязі дасягае 90% насельніцтва.

1891 год. У Магілёве нарадзіўся Ота  Шмідт. 

Савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном. Апошні вучоны-энцыклапедыст.

Даследчык Поўначы, галоўны рэдактар першай Вялікай савецкай энцыклапедыі. 

Першы ў Магілёўскай вобласці Герой Савецкага Саюза.

Распрацаваў касмаганічную гіпотэзу ўтварэння целаў Сонечнай сістэмы ў выніку кандэнсацыі каласонечнага газава-пылавага воблака.

Яго імем названы першы савецкі навуковы ледакол, вуліцы, плошчы у 1200 населенных пунктах былога СССР. 

У Магілёве ёсць праспект імя славутага ўраджэнца. 

У 1956 годзе былі прапановы па перайменаванню Магілёва ў Шміт-на-Дняпры. 

1892 год. Нарадзілася Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая-Войцік). 

Беларуская пісьменніца і грамадскі дзеяч.

3 1909 года займалася актыўнай грамадскай дзейнасцю ў многіх арганізацыях. Член Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. 

Дзеяч беларускіх арганізацый ў Вільні: старшыня Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала», рэдактар часопіса «Беларуская борць».

Аўтар «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (1924), «Гісторыі ўжывання зёлак у лячэнні» (1934), кнігі вершаў для дзяцей «Каласкі» (1985), успамінаў пра М. Багдановіча, У. Галубка, Ядвігіна Ш. і іншых.

1896 год. Нарадзіўся Аркадзь Астаповіч

Беларускі мастак-графік. Майстар лірычнага пейзажу ў даваеннай беларускай графіцы. 

Творы экспанаваліся на першых Усебеларускіх выстаўках, выстаўцы «Выяўленчае мастацтва БССР» (Масква, 1940).

У Нацыянальным мастацкім музеі знаходзіцца больш за 200 яго твораў.

Быў рэпрэсаваны НКУС. Загінуў на фронце ў 1941 годзе. 

1931 год. Нарадзіўся Ніл Гілевіч

Дзеяч беларускай культуры, пісьменнік, літаратуразнавец, перакладчык, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і яго старшыня. Народны пісьменнік.

Кіраўнік працоўнай групы Вярхоўнага Савета па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах (1990).

Аўтар шматлікіх кніг паэзіі, п’ес, прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы.

У 20032013 гадах выйшаў яго 23-томны збор твораў.

Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў. Творы самаго Ніла Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы. 

На яго вершы напісалі музыку М. Аладаў, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, Л. Захлеўны, І. Лучанок і інш.

У гонар паэта названы прыватны Універсітэт імя Ніла Гілевіча з беларускай мовай выкладання.

1934 год. Памёр  Мітрафан Доўнар-Запольскі

Беларускі гісторык, этнограф, эканаміст, прафесар шэрагу ВНУ Украіны, Азербайджана, Беларусі, Расіі. 

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі, Літвы і Беларусі, па этнаграфіі Беларусі. 

Сустваральнік Археаграфічнай камісіі Інбелкульту. 

Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), выдадзены ў 1919 годзе на беларускай, рускай, нямецкай, французскай, англійскай мовах. 

Аўтар забароненай кнігі «Гісторыя Беларусі». 

1938 год. Падпісанне Мюнхенскага пагаднення (“Мюнхенская змова”) прэм’ер-міністрамі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і рэйхсканцлерам Германіі Адольфам Гітлерам.

Заходнімі краінамі быў санкцыянаваны пачатак захопу Чэхаславакіі фашысцкай Нямеччынай. 

Прадугледжваліся перадача Нямеччыне Судзецкай вобласці Чэхаславакіі, задавальненне за кошт Чэхаславакіі тэрытарыяльных дамаганняў Венгрыі і Польшчы.

1939 год. Памёр Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (Стары Улас). 

Беларускі паэт. Дэбютаваў з вершамі ў 1907 годзе ў «Нашай ніве». 

Шэраг вершаў надрукаваныя ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969).

У 1990 годзе выйшла яго кніга вершаў і публіцыстыкі «Год беларуса».

1989 год. У Мінску ўпершыню прайшоў «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваны да гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. 

Арганізаваны Беларускім Народным Фронтам. 

Улады БССР прызначылі на гэты дзень суботнік, але ў мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 30 тысяч чалавек, якія прайшлі праз цэнтр горада і правялі мітынг на плошчы Леніна (сённяшняя Незалежнасці).

Мерапрыемства пераўтварылася ў штогадовае апазіцыйнае шэсце, якое стала праводзіцца 26 красавіка ў Мінску і ў рэгіёнах краіны. 

Самы буйны «Чарнобыльскі шлях» прайшоў 26 красавіка 1996 года як найбольш напружаны пункт «Мінскай вясны—96». У ім узяла ўдзел каля 50 тысяч  чалавек. 

Адбываліся шматлікія бойкі з міліцыяй, арышты палітычных і грамадзянскіх актывістаў — усё пад лозунгамі пратэсту супраць палітыкі А. Лукашэнкі.

Лідар БНФ Зянон Пазняк пасля акцыі выехаў з краіны.

1994 год. Памёр Мікалай Казак

Беларускі мастак, класік геаметрычнага мастацтва.

Яго маніфэст «Physical Art — Action of Positive and Negative», напісаны ў Рыме параўноўвалі з творамі расійскіх канструктывістаў і Казімірам Малевічам.

Яго выставы ладзіліся ў ЗША, Італіі, Францыі, Аргенціне, СССР.

Чытаў лекцыі па мастацтве ў Беларускай хатцы ў Брукліне. 

Архіў дакументаў, рукапісы, малюнкі, здымкі (каля 350 адзінак) Казака захоўваецца ў Smithsonian Archives of American Art.