Сталі вядомы планы па рамонту аўтадарог на тэрыторыі Магілёўскага раёна – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”
Тут плануецца адрамантаваць 19,058 км дарог. Гэта 2,06% ад агульнай працягласці дарог альбо 5,4% ад агульнай працягласці дарог з цвёрдым пакрыццем. Астатнія ўчасткі дарог, верагодна, знаходзяцца ў ідэальным стане.
Начальнік філіяла “Магілёўаблдарбуда” Дзмітрый Канцавы паведаміў, што яго прадпрыемства ДРБУ №128 абслугоўвае 921 км мясцовых аўтадарог, з якіх 351 км асфальтабетонных і цэментабетонных. У 2023 годзе на бягучы рамонт мясцовых раённых дарог выдзелена з рэспубліканскага бюджэту 5 814 300 рублёў, а на ўтрыманне дарог з абласнога бюджэту – 1 973 400 рублёў.
Планамі прадугледжаны рамонт участкаў дарог Завадская Слабада – Каменка – Арлянка (3,14 км), Вендараж – Бярозаўка (0,63 км), на якіх жвіровае пакрыццё будзе заменена на асфальт. Яшчэ будуць адрамантаваны 3 км дарог з жвіровым пакрыццём, дарога ў в. Сафіеўка. Усяго асфальтабетоннае пакрыццё будзе пакладзена на 16,06 км аўтадарог.
Акрамя таго, плануецца паставіць новыя прыпынкі на аўтадарозе да аг. Раманавічы, на аўтадарозе Сідаравічы – Днепр, правесці ямачны рамонт, замяніць дарожныя знакі, афарбаваць і абнавіць гарызантальную разметку дарог.
Фота мае ілюстрацыйны характар, з адкрытых крыніц
Tag: асфальт
Не хапіла асфальту. Вяскоўцы з Бялыніцкага раёну заклікаюць уладу адрамантаваць 500 метраў дарогі
Паводле жыхароў пасёлку, які разлёгся вакол чыгуначнай станцыі Друць, сёлетняй вясной дарогу да Бялынічаў рамантавалі, аднак, іхнае паселішча гэтыя працы абмінулі.
Вяскоўцы наракаюць, што іхны бальшак увесь у калдобінах. Яго разбіла сельскагаспадарчая тэхніка і лесавозы. Каб супакоіць незадаволенасць мясцовай грамадскасці заасфальтавалі пляцоўку, дзе звычайна разварочваецца аўтобус з райцэнтру ды спыняюцца аўтамабілі з дачнікамі.
Дарожнікі, паводле пасялкоўцаў, не дарамантавалі да іх участак у 500 метраў.
«Няўжо цяжка было заадно ўкатаць і гэтыя няшчасныя некалькі сотняў метраў?!»- абураюцца вяскоўцы ў лісце бялыніцкай раёнцы «Зара над Друццю».
Як адзначае выданне, у кепскім стане і дарогі ў самім пасёлку. Яны таксама ў выбоінах. «Зара над Друццю» піша, што чакае ад дарожнікаў адказу на яе запыты.
фота: zara.by
У Бабруйску правалілася дарога, не вытрымаўшы маршруткі
Яміна на праезнай частцы ўтварылася ў выніку вымывання грунту вадой.
Як паведамляе тэлеграм-канал газеты «Вечерний Бобруйск» правал утварыўся на праезнай частцы вуліцы Арджанікідзэ. Праезд па ёй перакрыты.
Асфальт праваліўся пад вагою маршруткі, якая стаяла перад чыгуначным пераездам, удакладняе выданне.
На праблемным участку дарогі працуюць камунальнікі.
У Хоцімску на адной з вуліц паклалі асфальт, але ходнік «патануў»
«Цяпер дзеткі гэтай вуліцы павольна і, самае галоўнае, бяспечна будуць дабірацца ў дзіцячы сад, школу, парк адпачынку», напісала мясцовая раёнка «Шлях Кастрычніка».
Радавацца за жыхароў не спяшайцеся.
«Пасля з’яўлення тратуара ўзнікла новая праблема – падчас першага ж моцнага дажджу частка тратуара папросту патанула ў вадзе з-за адсутнасці вадасцёку», – канстатуе выданне Хоцімскага райвыканкаму.
Выратавала вуліцу адна з жыхарак райцэнтру, якая паскардзілася ў раённую газету. Тая адрасавала жаночае абурэнне ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкаму.
«У хуткім часе праблеме далі рады і тратуар больш не будзе хавацца пад вадой», – з упэўненасцю заяўляе «Шлях Кастрычніка».