Не хапіла асфальту. Вяскоўцы з Бялыніцкага раёну заклікаюць уладу адрамантаваць 500 метраў дарогі

Паводле жыхароў пасёлку, які разлёгся вакол чыгуначнай станцыі Друць, сёлетняй вясной дарогу да Бялынічаў рамантавалі, аднак, іхнае паселішча гэтыя працы абмінулі.

Вяскоўцы наракаюць, што іхны бальшак увесь у калдобінах. Яго разбіла сельскагаспадарчая тэхніка і лесавозы. Каб супакоіць незадаволенасць мясцовай грамадскасці заасфальтавалі пляцоўку, дзе звычайна разварочваецца аўтобус з райцэнтру ды спыняюцца аўтамабілі з дачнікамі.

Дарожнікі, паводле пасялкоўцаў, не дарамантавалі да іх участак у 500 метраў.

«Няўжо цяжка было заадно ўкатаць і гэтыя няшчасныя некалькі сотняў метраў?!»- абураюцца вяскоўцы ў лісце бялыніцкай раёнцы «Зара над Друццю».

Як адзначае выданне, у кепскім стане і дарогі ў самім пасёлку. Яны таксама ў выбоінах. «Зара над Друццю» піша, што чакае ад дарожнікаў адказу на яе запыты.

фота: zara.by