Дзень у гісторыі. 11 лютага. Заснаванне Японіі і Ватыкана. Ялцінская канферэнцыя. Нарадзіліся мастак Н. Орда, тэлевядучы Ю. Жыгамонт

Сусветны дзень хворага (World Day of the Sick, з 1993 года). 

Дзень заснаваны 13 мая 1992 года па ініцыятыве Папы Рымскага Іаана Паўла II. Пантыфік мэту Дня вызначыў так: “даць адчуць супрацоўнікам шматлікіх медыцынскіх каталіцкіх арганізацый, вернікам, усёй грамадзянскай супольнасці неабходнасць забеспячэння лепшага догляду хворых і нямоглых, аблягчэння іх пакут”.

Дата была абраная ў сувязі з тым, што менавіта ў гэты дзень у французскім мястэчку Лурд шмат стагоддзяў таму адбылася з’ява Маці Божай. Святая Дзева, Лурдская Маці Божая, якая ацаліла хворых і стала сімвалам выратавальніцы хворых.

Ігнат (народны каляндар). 

«Ігнат Грамніцам рад», «падае руку грамнiцам», радуецца пералому зімы.

660 год да нашай эры. Дзень заснавання японскай дзяржавы.

Ураджэнец вострава Кюсю Дзіму (? – 585 да н. э.), які лічыў сваёй прамаці багіню сонца Аматэрасу, заваёўвае краіну Ямата і займае яе пасад.

Ён прымае тытул Сына Неба і засноўвае імператарскую дынастыю, якая кіруе ў Японіі і дагэтуль. Гэты дзень лічыцца датай заснавання японскай дзяржавы. З 1336 святкуецца як самурайскае свята “Кігэнсэцу” – Дзень заснавання дзяржавы.

Сёння Японія – адзіная ў свеце імперыя, член “Вялікай сямёркі”, вялікая эканамічная дзяржава, што займае 3-4 месцы ў свеце па ВУП, 4-е – па аб’ёму экспарта і 6-е па імпарту, 11-е па колькасці насельніцтва (125 мільёнаў чалавек), з вельмі высокім узроўнем жыцця і з самай высокай сярэдняй працягласцю жыцця (85 гадоў). 

Адзіная краіна ў свеце, супраць якой была выкарыстана ядзерная зброя.

1661 год. У Магілёве адбылося славутае паўстанне гараджан супраць расійскай улады – калі лічыць па новым стылі.

Паводле Магілёўскай хронікі Сурты і Трубніцкіх, у 1661 годзе “месяца лютага 1-га дня на святога Трыфана высеклі ў Магілёве гараджане магілёўцы маскоўскі гарнізон.” 1 лютага – гэта 11 лютага па грыгарыянскім календары. 

У верасні 1654 г. Магілёў перайшоў без боя на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу, але хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці, якія выліліся ў паўстанне 1661 года.

У звычайны рынкавы дзень царскія вайскоўцы пачалі крыўдзіць і зневажаць гандлярак. Паводле легенды, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстання. На гукі звону збегліся гараджане, неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін напружанага бою была знішчаная практычна ўся маскоўская залога (па розных ацэнках, ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек). Уцяклі толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили». Тры ваяводы і некалькі афіцэраў былі захоплены ў палон і адпраўлены ў Варшаву.

1807 год. Нарадзіўся Напалеон Орда. 

Беларускі і пoльскі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.

Скончыў Свіслацкую гімназію. За ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве быў арыштаваны і выключаны з Віленскага універсітэта. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. 

Жыў на эміграцыі ў Францыі. Браў урокі музыкі ў Ф. Шапена. Аўтар твораў для фартэпіяна – рамансаў, паланэзаў, серэнад, мазурак. Працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Наведаў шмат мясцін Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы. Замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей. Даў абяцанне намаляваць усе замкі Беларусі, пакуль яны не разбурыліся.

Яго выявы Мірскага і Нясвіжскага замкаў, былі выкарыстаны дзеля афармлення беларускіх грашовых купюраў (узору 2000 года).

Памёр 26 красавіка 1883 года.

Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, Пінская мастацкая школа. Працуе раённы музейны комплекс Н. Орды ў в. Варацэвічы Іванаўскага раёна, у Іванава пастаўлены адзіны ў Еўропе помнік. Адноўлена сядзіба, у якой нарадзіўся мастак.

1877 год. Нарадзіўся Антон Неканда-Трэпка. 

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, педагог.

Удзельнік пецярбургскага Беларускага гуртка народнай прасветы, студэнцкага руху. Сустваральнік Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца».

У Мінску працаваў у польскай гімназіі, у наркамасветы БССР, намеснікам дырэктара Мінскага беларускага педагагічнага інстытута, уваходзіў у склад прэзідыума Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. У сакавіку 1919 года арыштаваны ВЧК і інтэрніраваны ў Смаленск.

З лета 1920 года жыў у Вільні, выкладчык і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, сузаснавальнік Таварыства беларускай школы, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, Беларускім выдавецкім таварыстве, Беларускім музеі імя І. Луцкевіча. Выдаў падручнікі па фізіцы і матэматыцы для сярэдніх школ.

У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС, сасланы ў Сібір. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса. Памёр 12 лютага 1942 года на наступны дзень апасля 65-годдзя па дарозе да месца дыслакацыі вайсковай часці.

Фота: А. Неканда-Трэпка з жонкай Юліяй

1924 год. Памёр урадэнец Полацка Дзміцер Кайгародаў (1846–1924)

Прыродазнавец, падарожнік, аўтар феналагічных карт, заснавальнік рускай феналогіі, аўтар першых радыёперадач па прыродазнаўстве, прафесар. 

Пасля выйсця ў адстаўку з армейскай службы, заняўся навукай. У 1875-1905 гадах узначальваў кафедры лясной тэхналогіі, ляснога інжынернага мастацтва ў Пецярбургскім лясным інстытуце.

Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-папулярных работ, дапаможнікаў, падручнікаў, у тым ліку «Кароткі агляд расліннага царства па кліматычных паясах»,  комплекснай праграмы па прыродазнаўстве. Распрацоўшчык экскурсійнага метаду, першых календароў назіранняў для школы, заснавальнік Дня птушак.

Стварыў феналагічную сетку для правядзення біякліматычнага раянавання еўрапейскай часткі Расіі, сярод яго карэспандэнтаў былі і жыхары Беларусі, у тым ліку навучэнцы магілёўскіх школ.

Як папулярызатар прыроды, мноства сваіх артыкулаў, казак прыродазнаўчага зместу рэгулярна размяшчаў у дзясятках часопісаў.

Лічыў прыроду крыніцай музычнай, мастацкай, паэтычнай творчасці, натхнення. Аўтар некалькіх рамансаў.

Імя Кайгародава носіць Феналагічная камісія Рускага Геаграфічнага таварыства, вуліца ў Пецярбургу.

Ягоны ўнучаты пляменнік – А. Кайгарадаў (1881-1951) – беларускі акадэмік, кліматолаг, рэктар БДСГА, сустваральнік гідраметэаралагічнай службы, першы кіраўнік Беларускай навукова-даследчай геафізічнай абсерваторыі.

1929 год. Утварэнне суверэннай дзяржавы Ватыкан. 

Ватыкан стаў суверэнным у выніку Латэранскіх (па назве палаца) пагадненняў паміж Італьянскім каралеўствам  і Апостальскай Сталіцай, паміж прадстаўніком караля Віктара Эмануіла III прэм’ер-міністрам Б. Мусаліні і кардыналам П’етра Гаспары. 

Пагадненнямі скончыўся канфлікт паміж бакамі, які цягнуўся з 1870 года.

Ватыкан – карлікавая дзяржава, самая маленькая ў свеце, размешчана ў заходняй частцы Рыма, на Ватыканскім пагорку(“vaticinia” – “прадказанне”), на плошчы ў 44 гектары. Насельніцтва каля 900 чалавек. 

Гэта – абсалютная тэакратычная манархія на чале з Папай Рымскім. 

Значную частку тэрыторыі займае сабор святога Пятра і аднайменны пляц, якія з’яўляюцца цэнтрам пакланення каталікоў усяго свету, акрамя іх тут яшчэ месцяцца саборы Санта-Марыя-Маджорэ, Латэранскі, Ватыканская абсерваторыя. 

Практычна ўвесь перыметр краіны – каля 3200 метраў – абмежаваны сцяной, якая спыняе незаконныя пранікненні.

Ватыкан мае сваю армію са 117 швейцарскіх гвардзейцаў. Грашовая адзінка – еўра. Чаканіцца абмежавана і ватыканскі еўра (у асноўным для нумізматаў).

1945 год. Завяршылася Крымская (Ялцінская) канферэнцыя “вялікай тройкі”. 

Кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі быў прыняты план пасляваенага ўладкавання Еўропы, узгоднены дзеянні для дасягнення капітуляцыі Германіі. У «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» былі уключаны раздзелы пра разгром, акупацыю Германіі, рэпарацыі, аб Польшчы, Югаславіі, Кітаі і Японіі і іншыя. У выніку выканання СССР дамоў па Польшчы, БССР страціла Беластоцкую вобласць.

1952 год. У в. Ялізава Асіповіцкага раёна нарадзілася Людміла Паўлікава (Хейдарава). 

Беларуская паэтэса.

Працавала ў навукова-даследчых установах Мінска,  на Беларускім тэлебачанні.

Аўтар вершаў, многіх зборнікаў паэзіі, паэм, філасофскай кнігі, кніг апавяданняў, раманаў, перакладаў на беларускую мову асобных твораў  А. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Ахматавай, М. Валошына, Б. Пастэрнака, М. Цвятаевай, В. Мандэльштама, з літоўскай, украінскай, польскай.

Лаўрэат Літаратурных прэмій імя А. Адамовіча, часопіса “Дзеяслоў”, “Залаты апостраф”.

1959 год. У Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага цырку з першым паказам. 

Умяшчальнасць залы цырка – 1668 месцаў, цырк разлічаны для паказу нумароў розных жанраў – ад воднай феерыі да паветраных нумароў. 

Першы ў Беларусі цырк «Цырк братоў Нікіціных» на 800 месцаў быў адкрыты ў Мінгску 16 лістапада 1884 года.

Будаўніцтва новага цырка пачалося ў кастрычніку 1954 года на беразе р. Свіслач. Уяўляе сабой круглае купальнае збудаванне з прамавугольным у плане трохпавярховым службовым корпусам. Галоўны фасад аформлены каланадай карынфскага ордара. 

Будынак рэканструяваны ў 2008–2010 гадах.

Зараз у Беларусі працуюць толькі Мінскі і Гомельскі цыркі.  А вось у 1930-я гады працавалі ў Віцебску, Мінску, Магілёве, Гомеле, Бабруйску.

1968 год. Нарадзіўся Юрый Жыгамонт. 

Беларускі акцёр і тэлевядучы.

Яшчэ з дзяцінства цікавіўся гісторыяй, рэтра-рэчамі. Рана пачаў вандраваць. “Стопрацэнтны беларускі падарожнік” бо вандруе толькі ў межах Беларусі і аб гэтым ніколькі не шкадуе.

Акцёр тэатру і кіно, працуе ў Тэатры юнага гледача, прымае ўдзел у спектаклях «Маленькі лорд Фаўнтлярой», «Тарас на Парнасе».

З 2006 года быў вядучым тэлепраекту «Падарожжы дылетанта», «Новыя падарожжы дылетанта», «Прыгоды дылетанта» на тэлеканале «СТБ». З 2017 года «Падарожжа дылетанта» выходзіў на партале TUT.BY.

Самымі дарагімі для сябе кнігамі лічыць Біблію і паэму «Новая зямля» Якуба Коласа.

Дзень у гісторыі. 2 лютага. Параза на Стрэве. Абранне каралём Ягайлы. Нарадзіліся рэфарматарка Бона Сфорца, асветнік Пётр Скарга, паўстанец Кастусь Каліноўскі

Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў (World wetlands day, з 1997 года).

Устаноўлены ў гонар  падпісання ў іранскім горадзе Рамсар “Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях”. 

Асноўнай мэтай канвенцыі з’яўляецца захаванне і рацыянальнае выкарыстанне водна-балотных угоддзяў як сродку дасягнення ўстойлівага развіцця ва ўсім свеце. 

Слова “балота” паходзіць з балта-славянскіх моў. Таму нядзіўна, што прарадзімай славян называюць багністую мясцовасць паміж Беларускім Палессем і Балтыйскім морам.

Водна-балотныя ўгоддзі – адны з самых прадуктыўных, з’яўляюцца прадуцэнтамі кіслароду, месцамі біялагічнай разнастайнасці, крыніцамі вады і першаснай прадуктыўнасці, ад якіх залежыць існаванне шматлікіх відаў раслін і жывёл, памяншэнне ўтрымання вуглякіслага газу ў паветры.

Балота Ельня 

Грамніцы (Стрэчанне).

Дзень прынясення ў Іерусалімскі храм немаўляці Ісуса Хрыста яго бацькамі на 40-вы дзень пасля Нараджэння і на 32-гі дзень пасля Абразання. У Іерусалімскім храме Святое сямейства сустрэў  (адсюль «стрэчанне») на ганку Сімяон Багапрыімец. 

 «Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы», «Грамніца – хлебу палавіца».

У гэты дзень, у 1914 годзе зафіксаваны самы ранні сход снега на Магілёўшчыне.

Невядомы аўтар. «Стрэчанне», 1731 год. Успенская царква, аграгарадок Басценавічы  Мсціслаўскага раёна

1348 год. Бітва на рацэ Стрэве каля Коўна паміж арміяй Тэўтонскага ордэна і злучанымі войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Смаленскага княства. 

Перад бітвай ордэнскае войска – прускія рыцары і наёмныя – англійскія, французскія і іншыя – на працягу тыдня спусташала землі Панямоння. 

Гэта быў паход ці не ўсёй Еўропы супраць ВКЛ. Саюзныя войскі Альгерда і Кейстута складалася, апроч уласна ліцвінаў, з атрадаў Уладзіміра-Валынскага, Бярэсця, Віцебска, Смаленска, Полацка.

Бітва скончылася вельмі цяжкай паразай вялікалітоўскіх сіл, сярод загінулых адзначаны князь Нарымонт, але і заваёўнікі стратэгічна нічога не выйгралі.

1348 год. У бітве на Стрэве загінуў Нарымонт-Глеб Гедзімінавіч. 

Князь полацкі (1336-1345), пінскі.

Другі сын Гедзіміна. Быў князем у Ноўгарадзе (1333-1335), атрымаў у кармленне Ладагу, Арэшак, Карэлу і палову Капор’я. Ускосна згадваецца як полацкі кароль у дагаворы Смаленска з Рыгай (1340).

Пасля 1345 года атрымаў Пінскае княства, якое заставалася і за яго нашчадкамі – Нарымонтавічамі да канца XIV стагоддзя. 

З’яўляўся буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, найуплывовейшым князем ВКЛ. Супраць яго і Яўнута выступілі браты Альгерд і Кейстут, што прымусіла да ўцёкаў у 1345 годзе да залатаардынскага хана Джанібека (Альгерд перадаў Полацкае княства свайму сыну Андрэю).

Нарымонт вярнуўся ў ВКЛ і браў удзел у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна.

1386 год. Вялікі князь ВКЛ Ягайла абраны каралём Польшчы пад імем Уладзіслаў II Ягайла. 

Ягайла – старэйшы сын вялікага князя Альгерда ў другім яго шлюбе, з цвярской князёўнай Ульянай Аляксандраўнай, князь віцебскі, вялікі князь літоўскі (1377–1392), кароль польскі (1386–1434) і вярхоўны князь літоўскі (з 1392).

Падпісаў Крэўскую унію (1385) – дынастычны саюз паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ, прыняў каталіцтва і быў ахрышчаны як Уладзіслаў у Кракаве, ажаніўся з каралевай Ядвігай.

У 1410 годзе разам з Вітаўтам кіраваў саюзным войскам у час Грунвальдскай бітвы.

Ягайла заклаў падмурак для шматвяковай польска-літоўскай уніі, заснаваў дынастыю Ягелонаў – галіну Гедзімінавічаў, якая да канца XVI стагоддзя правіла ў ВКЛ і Польшчы і стала адной з самых уплывовых дынастый у канцы сярэдневяковай і ранняй сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

1494 год. Нарадзілася Бона Сфорца. 

Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста.

Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі.

Правяла эканамічную рэформу Валочная памера (1557) на прынцыпах інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, з выкарыстаннем меліярацыі, палепшанага севазварота, з унармаваным падаткаабкладаннем.

Паспрыяла пашырэнню найноўшых заходнееўрапейскіх кулінарных, культурных, тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу ў Польшчы і ВКЛ. З яе дзейнасцю звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны (апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў), прыпраў (шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру), а таксама аліўкаў,  разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і іншых. Найбольш яскравым новаўвядзеннем лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцаў.

Памерла 19 лістапада 1557 года.

Імем Боны Сфорцы была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз – плошча Леніна).

Бона Сфорца пэндзля Банавентуры Дамброўскага, 1840-я гады

1536 год. Нарадзіўся Пётр Скарга. 

Царкоўны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, пачынальнік польскай аратарскай прозы. 

Прафесар, першы рэктар Віленскай акадэміі, стваральнік і першы рэктар полацкага езуіцкага калегіума, заснавальнік калегіумаў у Рызе і Дэрпце (Тарту). Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596 года. 

Празваны сучаснікамі Златавустам. У ХІХ стагоддзі разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны, бо папярэджваў, што прамаруджванне цэнтралізацыі ўлады шкодна адаб’ецца на лёсе краіны.

Памёр 12 верасня 1612 года.

1838 год. Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. 

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў.

Прымаў удзел у таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. На Гародзеншчыне ствараў рэвалюцыйныя арганізацыі, у 1862 годзе з паплечнікамі распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» – першай у гісторыі газеты на беларускай мове. 

У 1862 годзе ачоліў Літоўскі правінцыяльны камітэт па падрыхтоўцы паўстання, у студзені 1863 распачаў паўстанне, 1 лютага 1863 года узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі.

29 студзеня 1864 года выдадзены царскім уладам камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам. 

Публічна павешаны 22 сакавіка 1864 года на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зроўнены з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы у Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе на Украіне створаны беларускі добраахвотнікі полк імя Каліноўскага.

1892 год. Памёр Люцыян Крашэўскі. 

Беларускі і польскі мастак, фатограф. Прыродазнавец, краязнавец. Брат Юзэфа Крашэўскага і Каятана Крашэўскага. Ілюстратар іх твораў. 

Аказваў дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863–1864 гадоў, за што быў сасланы на Урал.

Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. У ссылцы навучыўся фатаграфаваць, рабіў здымкі краявідаў Панямоння.

1892 год. Уільям Пэйнтэр атрымаў патэнт на металічны бутэлькавы корак, які быў названы Crown Cork – кронен-корак. 

У 1880-я гады коркі, якія ўжываюцца для бутэлькавай укупоркі розных напояў, не зачынялі бутэльку досыць шчыльна і нярэдка разбураліся. У выніку якасць напою псавалася, вуглякіслы газ не ўтрымліваўся ўнутры, а звонку трапляла паветра. 

Каб вырашыць гэтую праблему, амерыканскі вынаходнік У. Пэйнтэр з Балтымора, вынайшаў корак у форме кароны, які герметычна закаркоўваў бутэлькі. 

Корак меў гафрыраваны фланцавы край і тонкі ўкладны дыск з кары коркавага дуба на донцы. Такі корак просты і эканамічны ў вырабе. Кронен-корак шырока выкарыстоўваецца і дагэтуль, толькі колькасць зубцоў на гафрыраваным фланцавым краі паменшана з 24 да 21.

1902 год. Нарадзіўся Станіслаў Грынкевіч. 

Беларускі лекар-псіханеўролаг, пісьменнік, культурны, грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, перакладчык, папулярызатар навукі.

Вучыўся на медыцынскіх факультэтах Віленскага, Познаньскага ўніверсітэта. Працаваў лекарам-псіханеўролагам у клініках Познаньскага ўніверсітэта, Беластока, Вільні, быў прызнаны найлепшым маладым псіхіятрам Польшчы 1937 года. 

Выкладаў гігіену ў Віленскай беларускай гімназіі, псіхіятрыю ў Медыцынскім інстытуце ў Новай Вілейцы. Узначальваў Беларускае навуковае таварыства, актыўна друкаваўся ў беларускіх газетах і часопісах.

З лекцыямі па медыцыне ездзіў па заходнебеларускіх мястэчках і вёсках.

Аўтар прац «3 зацемак аб характары беларусаў», «Аб праве на Бацькаўшчыну», «Гігіена псіхічная як праблема асноўных адносін да жыцця», «Псіхааналіз і праблемы літаратурныя і грамадскія», «Узгадаванне характару», «Народ», кніг «Парады хворым і здаровым», «Аб тэатры», шэрагу п’ес, апавяданняў, аповесцяў, эсэ.

З прыходам у Вільню савецкіх войск арыштаваны, але здолеў уцячы з цягніка падчас вывазу вязняў. У гады нямецкай акупацыі ў Вільні браў удзел у нацыянальным падполлі. Арыштаваны НКДБ у 1944 годзе і вывезены спачатку ў Мінск, потым у Магілёў.

18 мая 1945 года ваенным трыбуналам прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 25 ліпеня 1945 года ў Магілёве. Існуюць таксама версіі, што памёр на этапе, альбо ў лагеры.

1957 год. Нарадзіўся Аляксей Ляляўскі. 

Беларускі рэжысёр тэатра лялек, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

У 1982–1986 гадах працаваў галоўным рэжысёрам Магілёўскага тэатра лялек. З 1986 года – галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод найлепшых пастановак для дзяцей у Магілёўскім тэатры «Віні-Пух і ўсе, усе, усе…» паводле А. Мілна, «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н. Слепаковай паводле Шарля Перо, «Дзед і жораў» В. Вольскага.

Цікавыя і моцныя яго пастаноўкі і для дарослых.

Ставіў спектаклі ў тэатрах Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Славеніі.

1983 год. Трагічна загінуў на пажары Мікола Прашковіч. 

Беларускі дысідэнт, перакладчык, адзін з самых таленавітых беларускіх літаратуразнаўцаў ХХ стагоддзя.

Адзін з першых пачаў даследаваць паэзію Сімяона Полацкага, абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Паэзія Сімяона Полацкага”. Першым напісаў вялікі артыкул пра творчасць Ларысы Геніюш «Шлях паэта» (1967).

Спецыялізаваўся па старажытнай беларускай літаратуры. Некаторыя яго выступленні ў друку вылучаліся асаблівай палемічнай завостранасцю і атрымалі шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. 

Даверлівы, адкрыты і залішне эмацыянальны М. Прашковіч быў выкарыстаны КДБ, пад пільным наглядам якога знаходзіўся, для дыскрэдытацыі некаторых патрыётаў, фабрыкацыі справы і выкрыцця ў 1973–1974 гадах «гнязда беларускіх нацыяналістаў» у АН БССР, у выніку чаго пацярпела цэлая група беларускіх навукоўцаў.

Па абвінавачанні ў беларускім нацыяналізме ў 1974 годзе быў звольнены з работы ў АН БССР.

Пэўны час заставаўся беспрацоўным, затым працаваў грузчыкам, карэктарам у часопісе «Родная прырода» і газеце «Вечерний Минск».

Алесь Белакоз і Мікола Прашковіч (справа)

Дзень у гісторыі. 29 студзеня. Дзень беларускай навукі і дзень без інтэрнэту. Арышт Кастуся Каліноўскага. Нарадзіліся дзеяч БНР Антон Луцкевіч, футбаліст Сяргей Бароўскі

Дзень мабілізацыі супраць ядзернай пагрозы (Day of mobilization against the nuclear threat, з 1985 года). 

Адзначаецца з моманту прыняцця Дэлійскай дэкларацыі аб прынцыпах свабоды ад ядзернай зброі і негвалтоўнага міру. Дэкларацыя змяшчае заклік да спынення гонкі ядзернага ўзбраення, скарачэння і паступовай ліквідацыі ядзерных арсеналаў і ліквідацыі пагрозы ядзернай вайны.

Заснавальнікі даты сцвярджаюць, што магчымасці ратавання ад уздзеяння ядзернага выбуху вельмі абмежаваныя. У выніку буйнамаштабнай ядзернай вайны адбудзецца глабальная кліматычная катастрофа.

Хоць ядзерная зброя выкарыстоўвалася ў ваенных дзеяннях усяго двойчы, у 1945 годзе, усе наступныя дзесяцігоддзі міжнародная дыпламатыя і ваенная стратэгія дзяржаў знаходзіліся пад моцным уплывам планаў вядзення магчымай ядзернай вайны, якія распрацоўваліся. 

Трынітраталуолавы эквівалент бомбы, скінутай на Хірасіму, складаў 13 кт. Выбуховая моц савецкай стратэгічнай ракеты SS-18, у 1540 разоў больш.

Занепакоенасць выклікае агрэсія Расіі, якая мае значны ядзерны арсенал, супраць Украіны.

Міжнародны Дзень Без інтэрнэту (International Internet-Free Day), апошняя нядзеля студзеня. 

Сваю гісторыю гэтае свята вядзе з пачатку 2000-х гадоў, а ініцыятарам яго ўстановы, па адных дадзеных, з’яўляецца “Брытанскі Інстытут сацыяльных вынаходстваў”, а па іншых – брытанскі некамерцыйны анлайн-праект “DoBe.org”.

Галоўная мэта дадзенага свята – цалкам адцягнуць людзей ад кампутараў і глабальнай сеткі хаця б на адзін дзень, каб пражыць гэты дзень выключна ў “рэальным” свеце, мець зносіны з іншымі людзьмі выключна “ўжывую” або прысвяціць яго свайму ўлюбёнаму хобі, вядома ж, не звязанаму з інтэрнэтам.

Дзень беларускай навукі (з 1993 года). 

Апошняя нядзеля студзеня. Вядучым даследчым і навуковым цэнтрам краіны з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, заснаваная ў 1928 годзе. У Нацыянальнай акадэміі працуе больш за 18 тысяч даследчыкаў, тэхнікаў, дапаможнага і абслуговага персаналу, сярод якіх нямала дактароў і кандыдатаў навук.

Адзін з найважнейшых паказчыкаў навуковай дзейнасці – навукаёмістасць ВУП – у апошнія гады складае каля 1%. Гэта вышэй, чым у большасці краін СНД, але значна ніжэй, чым у развітых краінах. У краінах супастаўных з Беларуссю па памеры і насельніцтве – Фінляндыі і Швецыі – навукаёмістасць ВУП роўная 3%.

1720 год. Нарадзіўся Францішак Багамолец. 

Польскі і беларускі драматург, публіцыст, выдавец. Выкладчык у Віленскім, Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. Вылучаўся шматбаковай дасведчанасцю. 

Заснаваў і рэдагаваў у Варшаве часопісы «Wiadomości Uprzywilejowane Warszawskie», «Kurier Warszawski».

Аўтар вершаў, больш за 20 камедый для школьнага тэатра, у якіх з пазіцый памяркоўнага асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы шляхты. Складаў вершы.

Апублікаваў хронікі М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, М. Кромера, А. Гваньіні, лісты Я. Каханоўскага, П. Каханоўскага, С. Любамірскага, М. Сарбеўскага.

Выступаў супраць засілля ў літаратуры лацінскай мовы, але дапускаў запазычанні з блізкароднасных моў, у тым ліку з беларускай. Збіраў беларускія прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў дапоўніць зборнік С. Рысінскага.

Меў непасрэднае дачыненне да першай польскай оперы – «Ашчасліўленая беднасць», напісанай паводле яго лібрэта кампазітарам М. Каміньскім і пастаўленай 11 ліпеня 1778 ў Нацыянальным тэатры ў Варшаве.

Памёр 24 красавіка 1784 года.

1864 год. У Вільні арыштаваны Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі. 

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Царскім уладам ён быў выдадзены камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам.

Публічна павешаны 22 сакавіка 1864 года на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зраўняныя з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы ў Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе на Украіне створаны беларускі полк імя Каліноўскага.

1878 год. Нарадзіўся Уладзімір Самойла. Беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф.

Удзельнік беларускага літаратурна-грамадскага руху, адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук» (1906). Супрацоўнічаў у мінскіх і віленскіх перыядычных выданнях «Минский курьер», «Наша ніва».

Хатні настаўнік Івана Луцэвіча, адыграў значную ролю ў творчым станаўленні Янкі Купалы, адзін з першых высока ацаніў яго здольнасці і літаратурную творчасць.

Аўтар артыкулаў, эсэ прысвечаных творчасці расійскіх і замежных пісьменнікаў.

З 1918 года жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіі і публіцыстам у газетах «Віленская мова», «Віленскія навіны», быў адным з вядучых публіцыстаў заходнебеларускага друку вызваленчага кірунку, рэцэнзентам на выданні Інбелкульта і Акадэміі Навук, працаваў бібліятэкарам Беларускага музея імя І. Луцкевіча.

Арыштаваны НКУС у кастрычніку 1939 года. Вязень беластоцкай турмы. 

Расстраляны, верагодна, у 1941 годзе.

1884 год. Нарадзіўся Антон Луцкевіч. 

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, мовазнаўца, выдавец. 

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет “Наша доля” і “Наша ніва”, адзін з выдаўцоў газеты “Гоман”. Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада – старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў.

Грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі. 

Арыштаваны НКУС 30 верасня 1939 года ў Вільні. Перавезены ў мінскую турму, 14 чэрвеня 1941 года прыгавораны да 8 гадоў лагераў. Памёр 23 сакавіка 1942 года ў лагеры ў Аткарску Свярдлоўскай вобласці.

1904 год. У Магілёўскім Іосіфаўскім кафедральным саборы праасвяшчэнным Максімам быў прачытаны народу Найвышэйшы маніфест аб вайне з Японіяй і здзейснены малебен аб дараванні перамогі расійскім войскам. 

У маі 1910 года тут 3 дні знаходзіліся мошчы Святой Еўфрасінні Полацкай, якія накіроўваліся з Кіева ў Полацк. Праз 25 гадоў, 29 студзеня 1929 года гарадскія улады вырашылі сабор зачыніць. У 1932 годзе, у будынку адкрыўся музей гісторыі рэлігіі і атэізму. У 1937 годзе было прынята рашэнне аб зносе сабора і будаўніцтве гасцініцы “Дняпро” для новай беларускай сталіцы ў Магілёве.

Сабор Святога Іосіфа – першы ўзор класіцызму ў культавым дойлідстве на тэрыторыі Беларусі, праваслаўны сабор на Саборнай плошчы ў Магілёве. Першы камень у падмурак будучага сабора, ля пляцоўкі з драўлянай царквой Уваскрэсення Хрыстова, быў закладзены 29 мая 1780 г. Кацярынай ІІ і аўстрыйскім імператарам Іосіфам II.

Храм быў пабудаваны ў 1798 годзе па праекце М. Львова і ўпрыгожаны карцінамі і іконамі Ул. Баравікоўскага.

У кастрычніку 2011 года намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка заявіў, што Іосіфаўскі сабор у ліку першых стаіць у чарзе на аднаўленне разбураных архітэктурных помнікаў Магілёва. Прайшло 11 гадоў, але ніякіх выразных крокаў па аднаўленні святыні не зроблена.

1924 год. Нарадзіўся Арцём Баханькоў. 

Беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў ў Інстытуце мовазнаўства акадэміі навук, загадчыкам кафедры беларускай мовы пры Прэзідыуме НАН Беларусі.

Даследаваў лексіку, дыялекталогію, гісторыю беларускай мовы, лексіку мовы Ф. Скарыны. Аўтар і суаўтар шматлікіх даследаванняў, сярод якіх «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Беларуска-рускі слоўнік».

Памёр 12 жніўня 2001 года.

1956 год. Нарадзіўся Сяргей Бароўскі. 

Беларускі футбаліст і трэнер.

У 1972-1987 гадах – гулец, у 1984-1985 – капітан  мінскага «Дынама». У чэмпіянаце СССР правёў 400 матчаў, з іх 270 у вышэйшай лізе. Чэмпіён СССР (1982).

У 1981-1985 гадах выступаў за зборную СССР, у 1982 годзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету ў Іспаніі.

У 1989 годзе пачаў трэнерскую кар’еру: нацыянальная зборная, у розных клубах Латвіі, Малдовы, Літвы, Украіны, Беларусі (“Металург”, “Дынама” Мінск, “Шахцёр”, БАТЭ).

Пад яго кіраўніцтвам зборная атрымала адну з найвядомейшых перамог – у 1995 годзе над зборнай Нідэрландаў (1:0) і адно з найцяжэйшых паражэнняў – у 2000 годзе ад Андоры (0:2).

У 2014 годзе прывёў салігорскі «Шахцёра» да перамогі ў Кубку Беларусі 2013/2014, вывеў яго ў раўнд плэй-оф Лігі Еўропы, на 3 месца чэмпіяната Беларусі.

З 2019 года трэнер каманды «Іслач».

10 сутак арышту далі жыхару Бялыніч за нацысцкую сімволіку – гэта ж не Пагоня

10 сутак адміністрацыйнага арышту – такое пакаранне вынесена ў канцы 2022 года жыхару Бялыніцкага раёна, які размясціў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы выяву нацысцкай сімволікі – паведамляе мясцовая газета. Канфіскаваны мабільны тэлефон.

У лістападзе 2022 года праваахоўнікі выявілі, што ў фотаальбоме 42-гадовага грамадзяніна Украіны – жыхара Бялыніцкага раёна – на яго старонцы ў сацсетцы ў адкрытым доступе захоўваюцца тры фотаздымкі з выявамі свастыкі –  крыжа з чатырма канцамі, загорнутымі пад прамым кутом у правы бок.

Віну сваю мужчына прызнаў цалкам і падчас судовага разбору патлумачыў, што гэтыя фотаздымкі ён размясціў яшчэ ў 2012-2013 гадах, бо раней цікавіўся разнастайнымі сімваламі і іх паходжаннем, у тым ліку тымі, што выкарыстоўваліся ў фашысцкай Германіі.

Сімволіка Трэцяга рэйху і да гэтага часу была ўнесена ў рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, выкарыстанне якіх цягне адказнасць.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Дзень у гісторыі. 3 студзеня. Пачатак будаўніцтва Бруклінскага моста. Нарадзіліся архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, палітык Уладзімір Канаплёў

1738 год. Нарадзіўся Казімір Нарбут. 

Мысліцель, асветнік і філосаф эпохі Асветніцтва, член ордэна піяраў. Прафесар філасофіі.

Вучыўся ў піярскіх навучальных установах ВКЛ, у Рыме. Працаваў прафесарам і прэфектам піярскіх калегіумаў, прэфектам піярскай друкарні, пробашчам у розных гарадах.

Аўтар падручніка «Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі», курса «Эклектычная філасофія». Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу «Ваенная навука прускага караля для яго генералаў». У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. 

Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве, лічыў свецкую этыку адной з асноўных адукацыйных дысцыплін. Член «Таварыства па складанні элементарных кніг», напісаў 2 раздзелы для школы «Статута парафіяльных школ» і настаўленне «Аб інспектаванні школ».

Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі.

Памёр 17 сакавіка 1807 года.

 

1834 год. У в. Асінаўка Магілёўскай губерні (цяпер – Віцебскі раён) нарадзіўся Зміцер Сямёнаў. 

Першы беларускі, другі рускі метадыст,  папулярызатар геаграфічнай адукацыі, пісьменнік.

Настаўнічаў у Віцебску, Пецярбургу. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў Расіі настаўніцкіх семінарый. Першая такая семінарыя адкрыта ў Маладзечне ў 1864 годзе. 

Дырэктар Кубанскай, Закаўказскай (г. Горы) настаўніцкіх семінарый. 

Стаў другім, пасля К. Ушынскага метадыстам геаграфіі, рускай мовы. 

Першым у Расіі стаў друкаваць у педагагічных часопісах паурочныя распрацоўкі па прадметах. 

Распрацаваў шэраг першых наглядных дапаможнікаў для гімназій. Аўтар геаграфічнай хрэстаматыі «Айчыназнаўства» (6 тамоў), метадычнага дапаможніка для настаўнікаў “Каментары да нагляднага навучання па карцінках”, больш за 300 артыкулаў педагагічнага, біяграфічнага, крытычнага і гістарычнага зместу. 

Распрацоўшчык краязнаўчага (радзімазнаўчага) прынцыпу выкладання геаграфіі. Яго ідэі закладзены ва ўведзеным у 1996 годзе вучэбным прадмеце для беларускай пачатковай школы “Мая Радзіма – Беларусь”. 

Памёр 21 сакавіка 1902 года.

1855 год. Памёр Антон Марціноўскі. 

Беларускі выдавец і публіцыст, апякун здольнай моладзі. Адзін з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства, літаратурна-грамадскага аб’яднання шрубаўцаў, рэдактар «Вулічныя навіны», «Dziennik Wileński», уладальнік друкарні, у якой друкаваліся «Статут ВКЛ» (1819), літаратурныя творы. 

Сакратар Камісіі Часовага ўрада ВКЛ (1812). Марціноўскі стаў узорам новага тыпу патрыёта Беларусі: будучы палякам, любіць Беларусь, а будучы беларусам, любіць Польшчу.

1870 год. У Нью-Ёрку пачалося будаўніцтва Бруклінскага моста праз праліў Іст-Рывер. 

Да будаўніцтва прыцягнулі 2 000 транспартных сродкаў і 150 000 гараджан. Мост будаваўся 13 гадоў, злучае Манхэтэн і Бруклін, яго даўжыня  1 825 метраў (цэнтральны пралёт – 486 метраў) пры шырыні 26 метраў, максімальная вышыня над Іст-Рывер – 41 метр. 

Палатно маста ўтрымліваецца чатырма тросамі дыяметрам каля паўметра, прычым кожны з іх складаецца з 5434 сталёвых жыл. Гэтыя апорныя тросы абапіраюцца на дзве пабудаваныя ў гатычным стылі вежы, якія ўзвышаюцца над вадой на 84 метры.

Бруклінскі мост – папулярнае месца адпачынку і веласіпедных прагулак для жыхароў Нью-Ёрка, адзін з сімвалаў горада.

1888 год. Дзень нараджэння саломінкі для кактэйляў. 

Першую штучную саломінку для кактэйлю вынайшаў амерыканскі прадпрымальнік Марвін Стоўн, уладальнік фабрыкі па вытворчасці папяровых цыгарэтных мунштукоў. 

Ён вынайшаў яе падчас дэпрэсіі, калі папіваў кактэйль праз жытнюю саломінку. Некаторыя валокны жытняй саломінскі расшчапіліся і падчас чарговага ўцягвання вадкасці загразлі ў Марвіна на зубах. І гэта моцна яго раздражняла. 

Тады ён узяў палоску паперы і намазаў яе край па ўсёй даўжыні клеем, наматаў спіраллю на аловак, а затым зняў атрыманую трубачку. Але звычайная папера хутка намакала і пераставала трымаць форму. Тады ён стаў выкарыстоўваць устойлівую паперу з манільскай пянькі, а дыяметр абраў такім, каб праз трубачку не праскоквала цытрынавая костачка.

Яшчэ ў старажытныя часы сярод арыстакратаў Егіпта і Месапатаміі лічылася модным піць праз залатую або срэбную трубачку.

У 1906 годзе была вынайдзена аўтаматычная машына для вырабу папяровых саломінак. У 1939 годзе амерыканец Джозэф Фрыдман заснаваў карпарацыю “Flexible Straw Corporation” і стаў выпускаць гафраваную саломінку, якая магла згінацца над шклянкай. Фрыдман знайшоў рынак збыту не толькі ў рэстаранах, але і ў шпіталях: ляжачых пацыентаў было зручна паіць з іх дапамогай.

У ІІ палове XX стагоддзя балтыморац Ота Дайфенбах вынайшаў пластыкавую саломінку для піцця.

1900 год. Нарадзіўся Аляксандр Адамовіч

Партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. Намеснік наркама земляробства БССР. Працаваў на дзяржаўных і партыйных пасадах па ўсёй краіне, у тым ліку ў Бабруйску, Клімавічах. Загадваў аддзелам друку ЦК КП(б)Б, быў намеснікам рэдактара газеты «Беларуская вёска».

Арыштаваны НКУС 19 ліпеня 1930 года. Пакаранне адбываў у Салавецкім, Беламорска-Балтыйскім лагерах. Расстраляны 15 верасня 1937 года каля станцыі Сягежа ў Карэліі.

1905 год. Нарадзіўся Уладзімір Хадыка. 

Беларускі паэт, перакладчык.

Настаўнічаў, служыў у Чырвонай Арміі, працаваў сакратаром Дудзіцкага сельсавета. Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, лірычных цыклаў.

Пераклаў на беларускую мову аповесць К. Гарбунова «Ледалом», кнігу выбраных твораў У. Бахмецьева «Людзі і рэчы», шэраг твораў М. Горкага, якія ўвайшлі ў 5 і 6-ы тамы Збору твораў М. Горкага на беларускай мове, раман М. Шолахава «Ціхі Дон» і іншыя. На яго верш «Расцём і дужэем» А. Туранкоў напісаў песню.

У лістападзе 1936 года арыштаваны НКУС, у 1937 асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у лагерах Сібіры. 

Загінуў 12 мая 1940 года на будоўлі чыгункі каля Улан-Удэ.

1944 год. Нарадзіўся Міхаіл Раманюк. 

Беларускі мастацтвазнавец, мастак, этнограф. Кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар. Даследчык народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі, зрабіў мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне беларускага народнага адзення ХІХ— пачатку ХХ стагоддзяў. 

Аўтар альбомаў, кніг, серыі паштовых марак па народнаму адзенню, сцэнічных касцюмаў для розных мастацкіх калектываў, альбома «Беларускія народныя крыжы».

Кансультант «Беларусьфільма».

Памёр 4 верасня 1997 года.

Марка з малюнкам Раманюка

1946 год. Нарадзіўся Тадэвуш Кандрусевіч. 

Каталіцкі архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі (да 3 студзеня 2021 года). Доктар тэалогіі. Член Мальтыйскага ордэна.

Служыў у Літве, Расіі і Беларусі. 

Адлічаны з Гродзенскага педінстытута за наведванне касцёла і ўдзел у набажэнствах. Скончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут, каўнаскую Духоўную семінарыю. Працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў. Вынайшаў «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».

Служыў у Вільні, Друскеніках, біскупам Мінскай дыяцэзіі (1989-1991), у Расіі (1991-2007), архібіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім (2007-2021), заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў і прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізіса» на беларускай мове, заснаваў маскоўскі Каледж каталіцкай тэалогіі імя святога Тамаша Аквінскага з 3 філіяламі, «Радыё Марыя» і Вышэйшую духоўную семінарыю «Марыя — Каралева Апосталаў» у Санкт-Пецярбургу,

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян. Заявіў аб наяўных падставах меркаваць, што прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі праходзілі несумленна.

31 жніўня 2020 года, пасля вяртання з паездкі ў Польшчу, беларускія памежнікі адмовілі мітрапаліту ва ўездзе ў краіну. МУС Беларусі прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.

24 снежня 2020 года вярнуўся ў Беларусь і 3 студзеня 2021 года завяршыў пастырскую дзейнасць.

1947 год. Нарадзіўся Васіль Гігевіч. 

Беларускі пісьменнік.

Настаўнічаў у Харкаўскай вобласці, арганізатар ашмянскай раённай газеты «Красное знамя», працаваў на Барысаўскім шклозаводзе, на кінастудыі «Беларусьфільм», у часопісе «Маладосць».

Аўтар апавяданняў, 10 зборнікаў прозы, раманаў.

Выкарыстоўваючы своеасаблівыя мастацкія формы, даследуе сучасныя праблемы існавання цывілізацыі ў Сусвеце: паводзіны звычайнага чалавека, які па няволі апынуўся ў чужым грамадстве; магчымасці найноўшых тэхналогій стварыць штучны розум, каб устанавіць дыктат над людзьмі; рэакцыя зямлян на незвычайныя бытавыя праявы, якія выкліканы кантактамі з іншапланецянамі.

1954 год. У в. Акулінцы Магілёўскага раёна нарадзіўся Уладзімір Канаплёў. 

Беларускі палітык, спартыўны функцыянер. Выхаванец геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.

Працаваў настаўнікам, намеснікам дырэктара школы ў Шклове, у Шклоўскім РАУС, памочнікам дэпутата Вярхоўнага Савета А. Лукашэнкі, галоўным памочнікам прэзідэнта. 

Дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, узначальваў дэпутацкую фракцыю “Згода”, быў намеснікам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу I і II склікання, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь III склікання. 

Прэзідэнт Федэрацыі гандбола. Падтрымаў стварэнне рэгіянальнага часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, выданне манаграфіі П. Лярскага “Прырода Магілёўскай вобласці”, праект мемарыялізацыі навуковай спадчыны вучоных-географаў Магілёўскага педінстытута.

2005 года. Указам прэзідэнта зацверджаны гербы Бабруйска, Дрыбіна, Слаўгарада, Чавус, Асіповічаў, Клічава, Касцюковічаў, Краснополля.

2008 год. Памерла Вольга Ладыгіна. 

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Працавала архітэктарам, галоўным архітэктарам Белдзяржпраекта, у Белдзяржпраекце, Дзяржбудзе, старшынёй праўлення Саюза архітэктараў БССР (1961-1965).

Аўтар шматлікіх праектаў па ўсёй Беларусі, а таксама моста праз р. Дняпро (1955) і Палаца культуры вобласці (1976) у Магілёве.

2018 год. Памерла Людміла Яфімава. 

Народная артыстка Беларусі, харавы дырыжор.

Прадстаўнік Ленінградскай школы харавога дырыжыравання.

Працавала ў Мінскім музычным вучылішчы імя Міхаіла Глінкі, дзе заснавала канцэртны хор. З 1987 года мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы. 

Выканаўчай манеры Яфімавай былі ўласцівы глыбокае пранікненне ў змест твору, апора на класічны вакал.

Узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай Беларускай праваслаўнай царквы.

Навіны пабрацімаў. На Мікалаеўшчыне арыштаваныя беларускія асфальтныя заводы

Пад арышт трапілі дзве кампаніі, якія належаць грамадзянам Беларусі. Кошт канфіскаванай маёмасці ацэньваецца ў 50 мільёнаў грыўнаў (звыш 1 мільёна 300 тысяч долараў ЗША па курсе на 19 верасня, ММ).


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Следчыя ўстанавілі, што ў рэгіёне дзейнічае некалькі кампаній, уладальнікі якіх рэзідэнты Беларусі. Прыбытак ад іх дзейнасці ішоў у беларускі бюджэт і, імаверна, выкарыстоўваўся для фінансавання расійскай агрэсіі, піша  інфармацыйна-аналітычны партал «UA.NEWS», спасылаючыся на звесткі мікалаеўскай паліцыі.

Паводле выданьня, следчыя правялі некалькі ператрусаў і спынілі два модульных заводы па вырабе асфальту. 

Таксама канфіскаваныя спецтэхніка і аўтамабілі, якія праводзілі рамонт дарог. Кошт выяўленай маёмасці складае 50 мільёнаў грыўнаў. Арыштаваную маёмасць перадалі ў аддзел АРМА (спецыяльны орган, які ўпаўнаважаны фармаваць і рэалізоўваць дзяржаўную палітыку ў сферы выяўлення ды вышуку актываў, якія могуць быць арыштаваныя ў рамках крымінальнай вытворчасці, а таксама па кіраванні такімі актывамі, ММ).

“UA.NEWS” нагадвае, што раней Падольская раённая пракуратура Кіева арыштавала і перадала Агенцтву па вышуку і кіраванні актывамі тры асфальтабетонныя заводы, якія працуюць на тэрыторыі Украіны, але належаць Беларусі.

Агенцтву АРМА таксама былі перададзеныя 50 беларускіх вагонаў-цыстэрнаў, якія прыбылі ва Украіну напярэдадні вайны.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

фота: ua.news

«Звыш 7 тысяч вагонаў застаюцца ва Ўкраіне», начальнік Беларускай чыгункі

Паводле Ўладзіміра Марозава, рухомы састаў, які застаецца ва Ўкраіне, «мае не зразумелы статус». Урадовец цвердзіць, што ўкраінскі бок «на кантакт не выходзяць».

“У нас ёсць такая інфармацыя: яны (вагоны, ММ) праходзяць па крымінальнай справе, як бы яны перавозілі незразумела што, таму на іх, нібыта, накладзены арышт праваахоўнымі органамі Украіны. Мы разумеем, што гэта не так. І хутчэй за ўсё вагоны выкарыстоўваюцца для перавозкі. Вагоны могуць удзельнічаць у розных падзеях. Пакуль афіцыйна ні Міністэрства інфраструктуры Украіны, ні Украінская чыгунка на кантакт па гэтым пытанні з намі не выходзяць”, – даводзіцца бачанне сітуацыі начальнік Беларускай чыгункі тэлеканалу «СТВ».

Па словах Марозава, на 24 лютага ва Украіне засталося больш за 7 тысяч беларускіх вагонаў, як самой чыгункі, так і прадпрыемстваў.

Ён адзначае, што “вагоны былі і з прадуктамі нафтаперапрацоўкі, хімічнымі ўгнаеннямі, будаўнічымі і харчовымі грузамі – уся наменклатура, чым гандлявалі з Украінай на той момант”.

“Гэта сур’ёзная лічба. Гэта рэспубліканская дзяржаўная ўласнасць. Задача: вярнуць і ацаніць шкоду. 5 тысяч для Беларускай чыгункі – гэта амаль 900 мільёнаў рублёў. Гэтая інфармацыя абмяркоўвалася на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Гэтыя вагоны нам патрэбны. Яны нам для мадэлі патрэбны, для забеспячэння патрэбнасці ў перавозках. І мы такую праграму з улікам магутнасцяў нашых двух заводаў распрацавалі на пяцігоддзе”, – тлумачыць кіраўнік ведамства.

Днямі праблемы з наяўнасцю ў Беларускай чыгункі мінералавозаў прызнаў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак. Ён казаў, што паколькі рухомы састаў застаўся ва Украіне, то неабходна абзавесціся новым.

Арыштаваныя ўкраінскімі ўладамі вагоны для перавозкі беларускіх калійных угнаенняў збіраецца замяніць тымі, што вырабіць Магілёўскі вагонабудаўнічы завод, пісаў Магілёў.media

Украінскі бок арышт беларускага чыгуначнага рухомага саставу тлумачыць парушэннямі мытнага заканадаўства.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Сяргей Боршч, Сяргей Дзябольскі, Юрый Джэнжэра, Сяргей Ганічаў, Яўген Грыцук, Анастасія Гунько, Арцём Забеленкаў, Наталля Карнеева, Сяргей Кзендзікаў, Дзмітрый Ляўковіч, Алена Латушка, Алена Малькевіч, Ігар Пастухоў, Святлана Саковіч, Сяргей Франчук, Леанід Чырыкаў, Віталь Фесік, Мікіта Саідаў.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі, а іх крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Яна Пінчук

Этапавалі з Расіі ў Беларусь.

Паводле Генеральнай пракуратуры, Яна Пінчук выдадзеная Расіяй Беларусі для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Абвінавачаная ўжо ў Беларусі.

Яе вінавацяць у адміністраванні «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў і інкрымінуюць «распальванне сацыяльнай варожасці», закліку да «дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання».

Пінчук пагражае да 19 гадоў пазбаўлення волі.

Яе арыштавалі ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 года і ўтрымлівалі ў няволі. Беларускія сілавікі абвясцілі дзяўчыну ў вышук.

Камітэт правоў чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь Яны Пінчук і забяспечыць абарону яе жыцця і недатыкальнасці да разгляду камітэтам яе скаргі. У Маскве праігнаравалі рэкамендацыі.

Наталля Ганчарэнка

Асуджаная на 3 гады абмежавання волі ў калоніі адкрытага тыпу («хіміі») і вызваленая ў залі суду.

Паводле праваабаронцаў, Наталля Ганчарэнка ўтрымлівалася ў няволі з 31 мая 2022 года ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, што “груба парушалі грамадскі парадак”.

У «пакаяльным відэа», якое з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах, яна «прызналася», што перакрывала рух транспарту падчас жнівеньскіх акцый пратэсту ў 2020 годзе, была падпісаныя на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама зарэгістравалася ў плане «Перамога».

Справу на Ганчарэнкі разглядаў суд Маскоўскі раёну Мінска пад старшынствам суддзі Юрыя Машкета.

Ганчарэнка прызнаная праваабарончай супольнасцю палітзняволенай.

Святлана Грышкевіч

Арыштаваная на 12 дзён адміністрацыйнага арышту.

Учыніла, нібыта, «дробнае хуліганства».

Паводле праваабаронцаў, экскурсаводка і блогерка на «пакаяльным» відэа кажа, што на адной з экскурсіяў «дапусціла некарэктныя выказванні на адрас Лукашэнкі».

Уладзіслаў Багамольнікаў

Праваслаўны святар арыштаны на 14 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў у яго кватэры сілавікі выламалі дзверы.

Уладзіслаў Багамольнікаў – клірык прыходу храму Богаяўлення Мінску, загадчык Царкоўна-гістарычнага музею БПЦ, сябра епархіяльнага суда Менскай епархіі.

Ён вядомы тым, што служыў на Плошчы Перамен літургію па забітаму Раману Бандарэнку, а таксама абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня і журналіста Ігара Лосіка.

Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна

Ажаніліся ў следчым ізалятары №1 Мінску, пішуць іхныя калегі.

Абодва прызнаныя праваабарончай супольнасцю, палітвязнямі.

Яны фігуранты «справы БелаПАН». Спачатку ім было выстаўлена абвінавачанне ў «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» – за аплату штрафаў удзельнікам масавых пратэстаў 2020 года ў Беларусі. Пазней ім выставілі абвінавачванне ў «здрадзе дзяржаве».

Былы намеснік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна знаходзяцца пад вартай з 12 студзеня 2021 году. Іхныя калега, былы дырэктар Дзмітрый Наважылаў і Ірына Леўшына, якая замяніла яго на гэтай пасадзе – з 18 жніўня.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Алесь Пушкін

Зняволены мастак пакараны пяццю месяцамі ў памяшканні камернага тыпу, паведамляюць праваабаронцы.

Гэтак званая камеры ПКТ – спецыяльнае памяшканне, у якою адпраўляюць вязняў за парушэнні правілаў унутранага парадку ў калоніі.

Алесь Пушкін утрымліваецца ў калоніі «Ваўчыныя норы», якая месціцца ў Івацэвічах. У калоніі мастак знаходзіцца з сярэдзіны красавіка. 

Ён асуджаны на 5 гадоў за партрэт удзельніка антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, выстаўленне якога ўлады палічылі “рэабілітацыяй нацызму”, і “здзекам над дзяржаўнымі сімваламі”.

Наталля Таран

Асуджаная на 3 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

74-гадовую жыхарку Бабруйску мясцовы суд прызнаў вінаватай у “абразе Лукашэнкі, паклёпе на яго і знявазе прадстаўніка ўлады”.

Паводле праваабаронцаў, працэс быў закрытым і падрабязнасці абвінавачвання пенсіянеркі не вядома.

Анатоль Букас

Адпраўлены судом на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Былога галоўнага рэдактара газеты «Борисовские новости» затрымалі разам з жонкай 8 жніўня. У іхным доме быў ператрус. Жонку Букаса пазней вызвалілі.

Уладзімір Рабчанка 

Асуджаны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 3500 рублёў.

Суддзя Алег Харошка з Гомельскага абласнога суду прызнаў 63-гадовага мужчыну ў «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці розні» і «публічнай знявазе прадстаўніка ўлады».

Паводле праваабаронцаў, Рабчанка пакінуў крытычны каментар пад пастом пра намесніка міністра МУС РБ Генадзя Казакевіча, а таксама крытыкаваў іншых міліцыянтаў, суддзяў, дзяржаўных службоўцаў.

Аляксандр Баран

Каталіцкі святар, асуджаны на 17 дзён адміністрацыйнага арышту.

Прызнаны вінаватым у «парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

Увесну ксяндзу прысуджалі былі 10 дзён арышту, але тады ён адседзеў 8 дзён – яго адпусцілі за некалькі дзён да Вербніцы.

Паводле праваабаронцаў, за кратамі ўтрымліваюцца чатыры святары.

Ксёндз Андрэй Вашчук адбывае 30 дзён арышту нібыта за перапост апошняга слова Змітра Дашкевіча. Праваслаўны бацюшка Сяргей Разановіч і пастар баптысцкай царквы Віталь Чычмароў праходзяць у крымінальных справах.

Усяго пацярпелі ад рэпрэсій за апошні час не менш за 30 святароў.

Павел Мазурэнка

Затрыманы.

32-гадовага жыхара Мінску вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і перакрыцці транспарту. Тое ён казаў у «пакаяльным відэа», якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Валерыя Шалесная

Затрыманыя.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што дзяўчына разам з сяброўкамі прыняла ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску.

У Магілёве затрыманы крымінальны аўтарытэт, якога раней лічылі датычным да групоўкі «чорных рыэлтараў»

Гаворка пра жыхара Магілёва Артура Баханькова. Пра яго незалежным медыям стала вядома ў 2017 годзе пасля таго, як агучылі вырак «чорным рыэлтарам». Ён умысля стаў за пракурорам каб, па ягоных словах, засведчыць, што на свабодзе і не мае дачынення да забойства людзей.

Пра зняволенне Баханькова ў Магілёве гавораць даўно. Ускосна гэта пацвярджае паведамленне ў тэлеграм-канале «МВД Беларуси». У відэароліку пазнаецца Баханькоў, хоць ягоны твар зарэтушаваны.

У допісе гаворыцца, што «мужчына неаднаразова судзімы» і «ніякага ўплыву ў крымінальным асяроддзі не мае». А затрыманы ён за вымагальніцтва і паклёп.

Разам з ім зняволены і яго памагаты – 27-гадовы жыхар Магілёва.

Пасля суду над «чорнымі рыэлтарамі» Баханькоў не хаваў ад журналістаў, што мае крымінальнае мінулае. Па ягоных словах ён шэсць год быў фігурантам справы «чорных рыэлтараў». Яго падазравалі ў забойстве двух чалавек. Двойчы арыштоўвалі, але вызвалялі. На судзе дапытвалі як сведку.

Баханькоў называе сябе ідэйны праціўнікам смяротнага пакарання. Апошнія 13 год ён вегетарыянец, выступае супраць забойства любой жывой істоты. Сваім духоўным настаўнікам лічыць індыйскага праведніка Сацья Саі Бабу. Пад уплывам ягонага вучэння да свайго прозвішча дадаў часцінку «дэ» – Артур дэ Баханькоў. Казаў, што піша «духоўную» кнігу, у якой выкладае сваё разуменне жыцця. На памяць цытуе фрагменты Бібліі, якімі абгрунтоўвае сваю пазіцыю.

11 жніўня 2017 году дваіх «чорных рыэлтараў» асудзілі да расстрэлу. Магілёўскі абласны суд прызнаў іх вінаватымі ў забойстве шасці чалавек і падрыхтоўцы да ўчынення забойства трох.

Яшчэ двух фігурантаў асудзілі да 24 і 22 гадоў калоніі.