3 ліпеня ў гісторыі. Вызваленне Мінска ад маскоўскай і фашысцкай акупацый. Наступ на Тэўтонскі ордэн. Пачатак абароны Магілёва.

Дзень незалежнасці Беларусі (Дзень Рэспублікі).

Галоўнае афіцыйнае дзяржаўнае свята.

Ад 1991 да 1996 года Дзень незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня. У 1990 годзе дэпутатамі Вярхоўнага савету 12 склікання была зацверджана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Праз год ёй быў нададзены статус закону.

3 ліпеня стала Днём незалежнасці рашэннем А. Лукашэнкі. З яго ініцыятывы ў 1996 годзе правялі рэферэндум, адным з пытанняў якога было змяненне даты адзначэння Дня незалежнасці. Ён быў прымеркаваны да Дня вызвалення Мінску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Той рэферэндум пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі. 1996 год лічыцца пачаткам усталявання ў Беларусі дыктатарскага рэжыму. Паводле апанентаў улады і міжнароднай супольнасці, правядзенне рэферэндуму праходзіла з істотнымі парушэннямі заканадаўства.

1410 год. Злучаныя польска-літоўскія войскі пад кіраўніцтвам Уладзіслава II Ягайлы рушылі да мяжы Тэўтонскага ордэна.

Ягайла прасунуўся ў глыб Тэўтонскіх тэрыторый на чале арміі з складзенай прыкладна з 20 000 конных шляхціцаў, 15 000 узброеных людзей простага паходжання, і 2 000 прафесійных вершнікаў, якіх у асноўным нанялі ў Чэхіі.

Паход завяршыўся перамогай пад Грунвальдам 15 ліпеня.

1660 год. Войска Паўла Сапегі вызваліла Мінск з-пад акупацыі маскоўскага войска.

Мінск прабыў пад уладай маскоўцаў 5 гадоў.

Тады ішла 13-гадовага вайна, распачатая ўсходнім суседам. Шырокай беларускай грамадскасці пра яе стала вядома з кнігі гісторыка Генадзя Сагановіча «Невядомая вайна».

Наступствы той вайны для земляў Беларусі былі катастрафічныя. Да вайны насельніцтва Мінску складала 7 000 чалавек. Па вайне, у 1667-м налівалася толькі 300 двароў. Даваенную колькасць насельніцтва ўдалося аднавіць Мінску толькі праз 100 год.

1828 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Чартарыйскі (1828-1894).

Польскі палітычны дзеяч. Паходзіў з роду князёў Чартарыйскіх. Лідар кансерватыўнай плыні польскай эміграцыі («Атэль Ламбер»).

У час паўстання 1863-1864 гадоў прадстаўнік на Захадзе польскага Нацыянальнага ўрада, супрацоўнічаў з партыяй «белых».

Старшыня гісторыка-літаратурнага таварыства ў Парыжы. Пераехаў у Галіцыю, у 1876 заснаваў у Кракаве Музей Чартарыйскіх.

Памёр 23 чэрвеня 1894 года.

1896 год. Нарадзіўся Яраслаў Кастыцэвіч (1896-1971).

Беларускі педагог, грамадскі і царкоўны дзеяч.

Адзін з арганізатараў і дырэктар Беларускай дзяржаўнай гімназіі ў Бельску Падляскім, дырэктар беларускага ліцэю.

У Бельску Падляскім на будынку ліцэю імя Браніслава Тарашкевіча ў яго гонар усталявана мемарыяльная дошка. Яго імя носіць комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску Падляскім.

Памёр 1 красавіка 1971 года.

1901 год. Нарадзіўся Аляксандр Крыт, вядомы як айцец Андрэй (1901-1983).

Рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа.

Змагар за беларушчыну, праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Член Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, ЗША. Святар у прыходзе Жыровіцкай Божай Маці ў Кліўлендзе (штат Агаё).

Памёр 21 мая 1983 года.

1916 год. Адбыўся суд па справе аб катастрофе лайнера “Тытанік”

“Тытанік” затануў падчас свайго першага рэйса, у ноч з 14 на 15 красавіка 1912 года ў паўночнай частцы Атлантыкі. 

Ён сутыкнуўся з айсбергам і праз 2 гадзіны 40 хвілін затануў. Ён меў на борце 1316 пасажыраў і 891 члена экіпажа, усяго 2207 чалавек (62% планавай загрузкі). 

Катастрофа “Тытаніка” стала легендарнай і з’явілася адным з самых буйных у гісторыі караблекрушэнняў. Усяго загінула 1496 чалавек. 

Параход “Карпат” падабраў 711 выратаваўшыхся чалавек.

Суддзі пастанавілі, што “карабель затануў з прычыны сутыкнення з айсбергам, выкліканага празмернай хуткасцю, з якой яго вялі”.

Маральнаму асуджэнню падвергнуўся Стэнлі Лорд – капітан парахода “Каліфорнія”, які, на думку экспертаў, знаходзіўся за 6 міль ад месца трагедыі. Ён быў абвінавачаны ў самым страшным па марскіх законах злачынстве – неаказанні дапамогі  людзям.

Толькі пасля смерці Лорда, у 1962 годзе, высветлілася, што ён – невінаваты.

1918 год. У Магілёве нарадзіўся Рыгор Бярозкін (1918-1981).

Беларускі літаратуразнавец, крытык, журналіст.

Вучыўся на педрабфаку ў Магілёве, на літаратурным факультэце МДПІ.

Працаваў у часопісе «Полымя рэвалюцыі», у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў, у  газеце «Літаратура і мастацтва».

Арыштаваны НКУС БССР у красавіку 1941. Знаходзіўся пад следствам у Мінску. 26 чэрвеня 1941 уцёк з-пад канвоя. Ваяваў пад Сталінградам, Кіевам, у Карпатах.

Пасля вайны быў карэспандэнтам газеты савецкай ваеннай адміністрацыі ў Германіі «Советское слово».

Паўторна арыштаваны 9 жніўня 1949 года і ў 1950 асуджаны на 10 гадоў лагераў. Знаходзіўся ў зняволенні ў Карагандзінскай і Омскай абласцях. У 1955 годзе вызвалены.

Працаваў у часопісе «Советская Отчизна», газеце «Літаратура і мастацтва», у бюлетэне «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Шмат публікаваўся, імкнуўся аднавіць імёны рэпрэсаваных паэтаў.

Памёр 1 снежня 1981 года. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

1939 год. У п. Брожа Бабруйскага раёна нарадзіўся Міхаіл Болбас.

Беларускі вучоны ў галіне эксплуатацыі аўтамабільнага транспарту, заслужаны работнік адукацыі Беларусі.

Амаль усё жыццё прысвяціў працы ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Прайшоў шлях ад аспіранта да прафесара, ад намесніка дэкана да прарэктара БНТУ, рэктара Рэспубліканскага інстытута інавацыйных тэхналогій БНТУ.

М. Болбас – апошні справа

1941 год. Пачалася 23-х дзённая абарона Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Трывала да 26 ліпеня. Абаронцы Магілёва скавалі значныя войскі гітлераўцаў і развеялі міф пра іх непераможнасць.

Вакол горада сканцэнтраваліся часткі 13-й савецкай арміі – 61-ы стралковы (53, 110 і 172 дывізіі), 20-ы механізаваны, 4-ы паветрана-дэсантны корпусы, рэшткі 8-10 дывізій – усяго каля 100 000 салдат і афіцэраў. Сам горад абараняла 172-я дывізія М. Раманава.

10-11 ліпеня вермахт пачаў фарсіраваць Дняпро сіламі 24, 46 і 47 матарызаваных корпусаў. 12 ліпеня нямецкая танкавая дывізія Модаля імкнулася прарвацца да Магілёва з боку Бабруйска. Тут, на Буйніцкім полі, абарону трымаў 388 стралковы полк С. Куцепава 172-й дывізіі. Пасля цяжкага 14-гадзіннага боя пад Буйнічамі немцы адступілі і пакінулі  39 падбітых сваіх танкаў і бронемашын. У раёне Старого Быхава нямецкая 4-я танкавая дывізія прарвалася да Крычава. 14 ліпеня авангард 3-й танкавай дывізіі абайшоў  Магілёў і захапіў Чавусы. На гэтым скончылася акружэнне Магілёва. Пасля штурма (17-25 ліпеня) і вулічных баёў, 23-24 ліпеня савецкія войскі пачалі пакідаць Магілёў. У ноч на 26 ліпеня нямецкія войскі ўвайшлі ў горад.

Падзеі, звязаныя з абаронай Магілёва адлюстраваныя ў фільмах «Дняпроўскі рубеж», «Бітва за Маскву», «Жывыя і мёртвыя». У памяць аб баях 172 стралковай дывізіі ў 1995 годзе адкрыты мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».

1941 год. Урад БССР пераехаў з Магілёва ў гарадскі пасёлак Лёзна.

У Магілёве ўрад знаходзіўся з 25 чэрвеня да 3 ліпеня. Прыкладна ў гэты час недзе згубіўся з будынка абкама партыі Крыж Еўфрасінні Полацкай. З Лёзна ўрад пераехаў ў Рослаўль Смаленскай вобласці, потым – у Гомель, потым – у Маскву.

У гэтым будынку размяшчаўся ўрад БССР 25 чэрвеня-3 ліпеня 1941 года

1944 год. Падчас аперацыі “Баграціён” савецкія войскі вызвалілі Мінск ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Зараз у гэты дзень святкуецца Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Вялікую дапамогу войскам аказвалі беларускія партызаны, якія ўладкоўвалі засады на шляхах адыходу немцаў, грамілі варожыя штабы і асобныя часткі, захоплівалі пераправы, знішчалі масты. Да 12 ліпеня групоўка нямецка-фашысцкіх сіл пад Мінскам была ліквідаваная. Па савецкіх дадзеных, з нямецкага боку страты склалі звыш 70 000 чалавек забітымі і каля 35 000 палоннымі (у тым ліку 12 генералаў).

Ліквідацыя мінскай групоўкі немцаў, у давяршэнні да разгрому віцебскай і бабруйскай груповак, стварыла спрыяльнае становішча для далейшага наступлення галоўных сіл савецкіх войскаў на захад. Былі нанесены моцны ўрон нямецкім дывізіям. У стратэгічным фронце ворага быў прабіты шырокі пралом працягласцю да 400 км, 30 непрыяцельскіх дывізій былі знішчаны або адрэзаны. Войскі Чырвонай Арміі атрымалі магчымасць імкліва прасоўвацца да заходніх межаў Савецкага Саюза.

Мінск 3 ліпеня 1944 года. Мастак Валянцін Віктаравіч Волкаў

1958 год. Нарадзіўся Генадзь Лаўрэцкі.

Беларускі архітэктар і гісторык архітэктуры. Кандыдат мастацтвазнаўства. Узначальвае архітэктурна-мастацкі савет Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы.

Навуковы кіраўнік і аўтар праектаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры Віцебскай Дабравешчанскай царквы, Гродзенскай Барысаглебскай царквы, Полацкай Спаскай царквы (прырабіў цыбулепадобны купал, пакрыты пазалотай, якой там ніколі не было). 

Вельмі крытыкуецца гісторыкамі, архітэктарамі (А. Краўцэвіч, А. Астаповіч, У. Папруга), якія ўказваюць на тое, што У. Лаўрэцкі выйшаў за межы сваёй кампетэнцыі па рэстаўрацыі шэрагу помнікаў.

Суаўтар мемарыяла ахвярам трагедыі на Нямізе (2000).

2009 год. У Магілёве адкрыты мемарыял дзецям ваенных гадоў «Дзеці міра – дзецям вайны».

Размяшчаецца на вуліцы Лазарэнкі. Аўтары праекта – мінскія архітэктар І. Марозаў і скульптар У. Слабодчыкаў.

Мемарыял тэматычна звязаны з размешчаным побач помнікам воінам-вызваліцелям, што робіць іх адзіным комплексам-ансамблем. Пабудаваны на ахвяраванні жыхароў Беларусі.

Дзень у гісторыі. 2 лютага. Параза на Стрэве. Абранне каралём Ягайлы. Нарадзіліся рэфарматарка Бона Сфорца, асветнік Пётр Скарга, паўстанец Кастусь Каліноўскі

Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў (World wetlands day, з 1997 года).

Устаноўлены ў гонар  падпісання ў іранскім горадзе Рамсар “Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях”. 

Асноўнай мэтай канвенцыі з’яўляецца захаванне і рацыянальнае выкарыстанне водна-балотных угоддзяў як сродку дасягнення ўстойлівага развіцця ва ўсім свеце. 

Слова “балота” паходзіць з балта-славянскіх моў. Таму нядзіўна, што прарадзімай славян называюць багністую мясцовасць паміж Беларускім Палессем і Балтыйскім морам.

Водна-балотныя ўгоддзі – адны з самых прадуктыўных, з’яўляюцца прадуцэнтамі кіслароду, месцамі біялагічнай разнастайнасці, крыніцамі вады і першаснай прадуктыўнасці, ад якіх залежыць існаванне шматлікіх відаў раслін і жывёл, памяншэнне ўтрымання вуглякіслага газу ў паветры.

Балота Ельня 

Грамніцы (Стрэчанне).

Дзень прынясення ў Іерусалімскі храм немаўляці Ісуса Хрыста яго бацькамі на 40-вы дзень пасля Нараджэння і на 32-гі дзень пасля Абразання. У Іерусалімскім храме Святое сямейства сустрэў  (адсюль «стрэчанне») на ганку Сімяон Багапрыімец. 

 «Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы», «Грамніца – хлебу палавіца».

У гэты дзень, у 1914 годзе зафіксаваны самы ранні сход снега на Магілёўшчыне.

Невядомы аўтар. «Стрэчанне», 1731 год. Успенская царква, аграгарадок Басценавічы  Мсціслаўскага раёна

1348 год. Бітва на рацэ Стрэве каля Коўна паміж арміяй Тэўтонскага ордэна і злучанымі войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Смаленскага княства. 

Перад бітвай ордэнскае войска – прускія рыцары і наёмныя – англійскія, французскія і іншыя – на працягу тыдня спусташала землі Панямоння. 

Гэта быў паход ці не ўсёй Еўропы супраць ВКЛ. Саюзныя войскі Альгерда і Кейстута складалася, апроч уласна ліцвінаў, з атрадаў Уладзіміра-Валынскага, Бярэсця, Віцебска, Смаленска, Полацка.

Бітва скончылася вельмі цяжкай паразай вялікалітоўскіх сіл, сярод загінулых адзначаны князь Нарымонт, але і заваёўнікі стратэгічна нічога не выйгралі.

1348 год. У бітве на Стрэве загінуў Нарымонт-Глеб Гедзімінавіч. 

Князь полацкі (1336-1345), пінскі.

Другі сын Гедзіміна. Быў князем у Ноўгарадзе (1333-1335), атрымаў у кармленне Ладагу, Арэшак, Карэлу і палову Капор’я. Ускосна згадваецца як полацкі кароль у дагаворы Смаленска з Рыгай (1340).

Пасля 1345 года атрымаў Пінскае княства, якое заставалася і за яго нашчадкамі – Нарымонтавічамі да канца XIV стагоддзя. 

З’яўляўся буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, найуплывовейшым князем ВКЛ. Супраць яго і Яўнута выступілі браты Альгерд і Кейстут, што прымусіла да ўцёкаў у 1345 годзе да залатаардынскага хана Джанібека (Альгерд перадаў Полацкае княства свайму сыну Андрэю).

Нарымонт вярнуўся ў ВКЛ і браў удзел у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна.

1386 год. Вялікі князь ВКЛ Ягайла абраны каралём Польшчы пад імем Уладзіслаў II Ягайла. 

Ягайла – старэйшы сын вялікага князя Альгерда ў другім яго шлюбе, з цвярской князёўнай Ульянай Аляксандраўнай, князь віцебскі, вялікі князь літоўскі (1377–1392), кароль польскі (1386–1434) і вярхоўны князь літоўскі (з 1392).

Падпісаў Крэўскую унію (1385) – дынастычны саюз паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ, прыняў каталіцтва і быў ахрышчаны як Уладзіслаў у Кракаве, ажаніўся з каралевай Ядвігай.

У 1410 годзе разам з Вітаўтам кіраваў саюзным войскам у час Грунвальдскай бітвы.

Ягайла заклаў падмурак для шматвяковай польска-літоўскай уніі, заснаваў дынастыю Ягелонаў – галіну Гедзімінавічаў, якая да канца XVI стагоддзя правіла ў ВКЛ і Польшчы і стала адной з самых уплывовых дынастый у канцы сярэдневяковай і ранняй сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

1494 год. Нарадзілася Бона Сфорца. 

Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста.

Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі.

Правяла эканамічную рэформу Валочная памера (1557) на прынцыпах інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, з выкарыстаннем меліярацыі, палепшанага севазварота, з унармаваным падаткаабкладаннем.

Паспрыяла пашырэнню найноўшых заходнееўрапейскіх кулінарных, культурных, тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу ў Польшчы і ВКЛ. З яе дзейнасцю звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны (апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў), прыпраў (шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру), а таксама аліўкаў,  разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і іншых. Найбольш яскравым новаўвядзеннем лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцаў.

Памерла 19 лістапада 1557 года.

Імем Боны Сфорцы была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз – плошча Леніна).

Бона Сфорца пэндзля Банавентуры Дамброўскага, 1840-я гады

1536 год. Нарадзіўся Пётр Скарга. 

Царкоўны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, пачынальнік польскай аратарскай прозы. 

Прафесар, першы рэктар Віленскай акадэміі, стваральнік і першы рэктар полацкага езуіцкага калегіума, заснавальнік калегіумаў у Рызе і Дэрпце (Тарту). Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596 года. 

Празваны сучаснікамі Златавустам. У ХІХ стагоддзі разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны, бо папярэджваў, што прамаруджванне цэнтралізацыі ўлады шкодна адаб’ецца на лёсе краіны.

Памёр 12 верасня 1612 года.

1838 год. Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. 

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў.

Прымаў удзел у таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. На Гародзеншчыне ствараў рэвалюцыйныя арганізацыі, у 1862 годзе з паплечнікамі распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» – першай у гісторыі газеты на беларускай мове. 

У 1862 годзе ачоліў Літоўскі правінцыяльны камітэт па падрыхтоўцы паўстання, у студзені 1863 распачаў паўстанне, 1 лютага 1863 года узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі.

29 студзеня 1864 года выдадзены царскім уладам камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам. 

Публічна павешаны 22 сакавіка 1864 года на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зроўнены з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы у Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе на Украіне створаны беларускі добраахвотнікі полк імя Каліноўскага.

1892 год. Памёр Люцыян Крашэўскі. 

Беларускі і польскі мастак, фатограф. Прыродазнавец, краязнавец. Брат Юзэфа Крашэўскага і Каятана Крашэўскага. Ілюстратар іх твораў. 

Аказваў дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863–1864 гадоў, за што быў сасланы на Урал.

Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. У ссылцы навучыўся фатаграфаваць, рабіў здымкі краявідаў Панямоння.

1892 год. Уільям Пэйнтэр атрымаў патэнт на металічны бутэлькавы корак, які быў названы Crown Cork – кронен-корак. 

У 1880-я гады коркі, якія ўжываюцца для бутэлькавай укупоркі розных напояў, не зачынялі бутэльку досыць шчыльна і нярэдка разбураліся. У выніку якасць напою псавалася, вуглякіслы газ не ўтрымліваўся ўнутры, а звонку трапляла паветра. 

Каб вырашыць гэтую праблему, амерыканскі вынаходнік У. Пэйнтэр з Балтымора, вынайшаў корак у форме кароны, які герметычна закаркоўваў бутэлькі. 

Корак меў гафрыраваны фланцавы край і тонкі ўкладны дыск з кары коркавага дуба на донцы. Такі корак просты і эканамічны ў вырабе. Кронен-корак шырока выкарыстоўваецца і дагэтуль, толькі колькасць зубцоў на гафрыраваным фланцавым краі паменшана з 24 да 21.

1902 год. Нарадзіўся Станіслаў Грынкевіч. 

Беларускі лекар-псіханеўролаг, пісьменнік, культурны, грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, перакладчык, папулярызатар навукі.

Вучыўся на медыцынскіх факультэтах Віленскага, Познаньскага ўніверсітэта. Працаваў лекарам-псіханеўролагам у клініках Познаньскага ўніверсітэта, Беластока, Вільні, быў прызнаны найлепшым маладым псіхіятрам Польшчы 1937 года. 

Выкладаў гігіену ў Віленскай беларускай гімназіі, псіхіятрыю ў Медыцынскім інстытуце ў Новай Вілейцы. Узначальваў Беларускае навуковае таварыства, актыўна друкаваўся ў беларускіх газетах і часопісах.

З лекцыямі па медыцыне ездзіў па заходнебеларускіх мястэчках і вёсках.

Аўтар прац «3 зацемак аб характары беларусаў», «Аб праве на Бацькаўшчыну», «Гігіена псіхічная як праблема асноўных адносін да жыцця», «Псіхааналіз і праблемы літаратурныя і грамадскія», «Узгадаванне характару», «Народ», кніг «Парады хворым і здаровым», «Аб тэатры», шэрагу п’ес, апавяданняў, аповесцяў, эсэ.

З прыходам у Вільню савецкіх войск арыштаваны, але здолеў уцячы з цягніка падчас вывазу вязняў. У гады нямецкай акупацыі ў Вільні браў удзел у нацыянальным падполлі. Арыштаваны НКДБ у 1944 годзе і вывезены спачатку ў Мінск, потым у Магілёў.

18 мая 1945 года ваенным трыбуналам прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 25 ліпеня 1945 года ў Магілёве. Існуюць таксама версіі, што памёр на этапе, альбо ў лагеры.

1957 год. Нарадзіўся Аляксей Ляляўскі. 

Беларускі рэжысёр тэатра лялек, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

У 1982–1986 гадах працаваў галоўным рэжысёрам Магілёўскага тэатра лялек. З 1986 года – галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод найлепшых пастановак для дзяцей у Магілёўскім тэатры «Віні-Пух і ўсе, усе, усе…» паводле А. Мілна, «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н. Слепаковай паводле Шарля Перо, «Дзед і жораў» В. Вольскага.

Цікавыя і моцныя яго пастаноўкі і для дарослых.

Ставіў спектаклі ў тэатрах Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Славеніі.

1983 год. Трагічна загінуў на пажары Мікола Прашковіч. 

Беларускі дысідэнт, перакладчык, адзін з самых таленавітых беларускіх літаратуразнаўцаў ХХ стагоддзя.

Адзін з першых пачаў даследаваць паэзію Сімяона Полацкага, абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Паэзія Сімяона Полацкага”. Першым напісаў вялікі артыкул пра творчасць Ларысы Геніюш «Шлях паэта» (1967).

Спецыялізаваўся па старажытнай беларускай літаратуры. Некаторыя яго выступленні ў друку вылучаліся асаблівай палемічнай завостранасцю і атрымалі шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. 

Даверлівы, адкрыты і залішне эмацыянальны М. Прашковіч быў выкарыстаны КДБ, пад пільным наглядам якога знаходзіўся, для дыскрэдытацыі некаторых патрыётаў, фабрыкацыі справы і выкрыцця ў 1973–1974 гадах «гнязда беларускіх нацыяналістаў» у АН БССР, у выніку чаго пацярпела цэлая група беларускіх навукоўцаў.

Па абвінавачанні ў беларускім нацыяналізме ў 1974 годзе быў звольнены з работы ў АН БССР.

Пэўны час заставаўся беспрацоўным, затым працаваў грузчыкам, карэктарам у часопісе «Родная прырода» і газеце «Вечерний Минск».

Алесь Белакоз і Мікола Прашковіч (справа)