Студэнту ў Клімавічах забаранілі карыстацца стыпендыяй, бо ўсё спускаў на алкаголь

Па заяве пракурора студэнт Клімавіцкага аграрнага каледжа быў пазбаўлены права самастойна распараджацца стыпендыяй і наогул сваімі грашыма. Хлопец яшчэ непаўнагадовы і жыве без бацькоў. Пагэтаму ён цалкам знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні, а законным яго прадстаўніком быў прызначаны дырэктар каледжа.

Падчас судовага пасяджэння, на якім разглядалася справа студэнта, абвінавачванне заявіла, што адзінокі хлопец выкарыстоўвае сваю стыпендыю і сацыяльныя выплаты не па прызначэнні – зусім не набывае сабе ежы і сродкаў гігіены, а ўсе грошы пускае на цыгарэты і алкаголь. Таксама – прапускае заняткі ў каледжы. Па хадайніцтве пракурора студэнту было забаронена самастойна распараджацца стыпендыяй і іншымі выплатамі да дасягнення васямнаццацігадовага ўзросту – піша “Голас Касцюкоўшчыны”.

Фота ілюстрацыйнае

За мінулы год на Магілёўшчыне спіртным атруціліся 165 чалавек. Рэкорд па праміле – 7,2%

У крыві 62-гадовага жыхара Горацкага раёна пасля яго смерці было выяўлена 7,2 праміле этылавага спірту. Гэта адпавядае прыкладна двум-тром бутэлькам гарэлкі, выпітым за кароткі прамежак часу – паведамляюць у Камітэце судовых экспертыз. Гэты выпадак стаў антырэкордам у 2023 годзе на Магілёўшчыне. 7% алкаголю ў крыві эксперты выявілі ў целе 61-гадовага мужчыны з Асіповіцкага раёна, 6,4% – у 42-гадовага жыхара Краснаполля. Самая ж высокая канцэнтрацыя спірту ў крыві была зафіксаваная ў 2022 годзе – крыху больш за 10%.

Усяго на Магілёўшчыне за 2023 год спіртным атруціліся 165 чалавек. Абсалютная большасць з іх выпівалі алкаголь на аснове этылавага спірту, гэта значыць, што прычынай іх смерці стала не якасць, а колькасць выпітага. У мінулыя гады статыстыка па Магілёўскім рэгіёне была яшчэ больш бязрадаснай – 182 смяротных выпадкі ў 2022 годзе і 214 у 2021.

Фота ілюстрацыйнае

У Хоцімску атруцілася школьніца – яна ў рэанімацыі

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, 6 снежня ў бальніцу ў непрытомным стане дастаўлена 12-гадовая дзяўчынка з прыкметамі атручэння алкаголем.

Устаноўлена, што напярэдадні вечарам яе маці разам з сужыцелем і знаёмым сям’і распівалі спіртное. Перыядычна кампанія дарослых выходзіла на балкон пакурыць. Дзеці, якіх у сям’і пяцёра, заставаліся ў кватэры. Толькі раніцай наступнага дня мужчына звярнуў увагу, што старэйшая падчарыца знаходзіцца ў несвядомым стане і неадкладна выклікаў хуткую, – паведамляе СК.

Дзяўчынка знаходзіцца ў рэанімацыі, яе стан ацэньваецца як цяжкі.

Атрымана інфармацыя, што сям’я знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, зараз вырашаецца пытанне аб адабранні дзяцей.

Па дадзеным факце следчыя праводзяць праверку.

Фота: Следчы Камітэт.

Ва ўсіх гарадах сетка дзяржаўных крамаў “Родны кут”, а ў Крычаве — магазін “Родны хмель”, фотафакт

Дзяржаўная крама ў Крычаве, дзе барыжаць алкаголем, называецца вельмі паказальна — “Родны хмель”. Знаходзіцца яна недалёка ад аўтастанцыі і мясцовага рынку ў раёне так званай “Маскоўскай”, на досыць бойкім месцу. 

На мясцовым узроўні не проста не робяць з тым, каб людзі сталі менш піць, а наадварот каб піткоў пабольшала. Хмель мусіць стаць родным, каб такую “цёплую” назву ўспрынялі крычаўляне і пачалі актыўна набываць розныя алкагольныя напоі, папаўняючы мясцовы бюджэт. 

Але для паказухі варта правесці два-тры дні ў год “дзень цвярозасці”, пагэтаму паведамленне пра гэтыя мерапрыемствы вешаецца на дзверы і пішацца вялікімі літарамі, каб бачылі як мясцовае чынавенства нібыта турбуецца за людзей. 

Але да такога наймення крамы мала дзе дадумаліся, але ў Крычаве яна мала ў каго выклікае дысананс, а тым больш у “клапатлівых” дзяржаўных служачых мясцовага райвыканкама. Атрымліваецца, што родны кут ніяк не можа абыйсціся без роднага хмеля, бо іначай і не пражывеш у цяперашняй суворай беларускай рэчаіснасці.

Фота mogilev.media

Магілёўцы скралі дарагі алкаголь у краме

У Магілёве ў адной з прадуктовых крамаў быў выкрадзены дарагі алкаголь на буйную суму – паведамляе МУС.

Сышчыкі высветлілі, што да крадзяжу маюць дачыненне два прыяцелі 22 і 20 гадоў. Маладыя людзі загадзя дамовіліся, што прыйдуць у краму па спіртное, але плаціць не стануць.

Яны зайшлі ўнутр гандлёвага памяшкання, у прадуктовы кошык паклалі бутэлькі, а пасля адышлі далей ад касы, каб перакласці алкаголь у заплечнікі. Калі маніпуляцыі былі завершаны, хлопцы пакінулі краму, не заплаціўшы. Пазней алкаголь яны перапрадалі.

Узбуджана крымінальная справа.

Фота: скрыншот МУС.

Магілёвец скраў у сябра карту і атаварваўся па ёй у крамах

У Ленінскі РУУС г. Магілёва звярнуўся 51-гадовы мясцовы жыхар, які распавёў, што ў яго з раней выкрадзенай банкаўскай карты былі зняты грашовыя сродкі – паведамляе прэс-служба. Праваахоўнікі высветлілі, што карту скраў знаёмы заяўніка – 43-гадовы магілёвец, раней неаднаразова судзімы, у тым ліку і за крадзяжы.

Магілёўцы распівалі спіртныя напоі на кватэры ў заяўніка, а калі гаспадар жылля сышоў спаць у іншы пакой, госць скраў яго банкаўскую карту і пайшоў па крамах набываць спіртное. Калі грошы на плацежным сродку скончыліся, ён выкінуў карту і пайшоў дадому. У дачыненні да фігуранта  ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Скралі грошай і бутэльку гарэлкі – дайджэст тыповых здарэнняў з глыбінкі на Магілёўшчыне

У жыхаркі Мсціслава сужыцель забраў 185 рублёў, а крычаўлянін скраў карту сабутэльніка і разгуляўся на поўную.

Два здарэнні, звязаныя з грашыма, адбыліся ў Мсціславе. У першым выпадку жыхарка горада паведаміла аб тым, што сужыцель забраў у яе 185 рублёў і купіў на іх спірт.

Другі не менш занятны. Мсціслаўчанка давала грошы брату мужа на лячэнне. Аднак ён іх не вяртаў. Больш за тое, у сацсетцы апублікаваў паведамленне аб тым, што менавіта яна вінна яму грошы. 

Адбыўся таксама крадзёж на вуліцы Кірава, дзе ў мужчыны з аўтамабіля выцягнулі дакументы, а ў краме “Дабраном” жанчына скрала бутэльку гарэлкі – паведамляе раённая газета “Святло кастрычніка”.

Нетрывіяльны выпадак здарыўся і ў Крычаве. Два таварышы выпівалі разам. У працэсе адзін выкраў у другога банкаўскую карту, палічыўшы гэта лёгкай здабычай. Спачатку “закляты сябар” закупіўся прадуктамі і спіртым, а пасля вырашыў яшчэ прагуляцца па крамах Крычава. Агулам разгуляўся на суму ў 258 рублёў – паведамляе газета “Крычаўскае жыццё”. 

Фота ілюстрацыйнае 

Рыбачылі і выпівалі – рыбалка на возеры ў Клімавіцкім раёне скончылася трагедыяй

На возеры ў Клімавіцкім раёне патануў 41-гадовы мужчына, які спрабаваў дагнаць лодку. Яго цела з дна вадаёма паднялі работнікі асвода.

Сталі вядомымі падрабязнасці трагедыі, пра якую пісалі mogilev.media. Загінулы з’яўляўся жыхаром г. Касцюковічаў, і разам з 64-гадовым знаёмым яны прыехалі на возера паблізу вёскі Якімовічы Клімавіцкага раёна каб парыбачыць. Паралельна з лоўляй рыбы мужчыны ўжывалі спіртное. 

Увечары 41-гадовы касцюкаўчанін вырашыў праверыць закінутыя прыстасаванні для лоўлі шчупака, для чаго адштурхнуў маторную лодку ад берага, каб маторам не закрануць дно. Лодку стала адносіць ад берага, і мужчына паплыў даганяць яе. Дагнаў, але забрацца ў лодку не змог і стаў тануць. Яго напарнік паспяшаўся на дапамогу, але з-за таго што не ўмеў плаваць, не змог дабрацца да лодкі, якая знаходзілася на глыбіні паведамляе раённая газета “Родная ніва”. 

Супрацоўнікаў міліцыі і ратавальнікаў пасля здарэння выклікалі ўжо відавочцы драматычнай падзеі. Цела патанулага са дна паднялі супрацоўнікі клімавіцкага асвода, а яго лодку даставілі на бераг.  

Фота: “Родная ніва” і з адкрытых крыніц

Пад Крычавам мужчына падпаліў дом з дзецьмі і жонкай

25-гадовы жыхар аграгарадка Чырвоная Буда ў п’яным стане пасварыўся з жонкай і паспрабаваў падпаліць дом. Ён асуджаны за пагрозу забойствам.

Мужчына са сваёй жонкай і двума малалетнімі дзецьмі быў дома ў той вечар у стане алкагольнага ап’янення. Апоўначы ў іх з жонкай узнікла сварка, і хлопец стаў пагражаць жонцы, што заб’е яе і падпаліць дом. У пацвярджэнне сваіх слоў ён выйшаў у веранду, сарваў са сцяны шпалеры і падпаліў іх. Пасля гэтага малады мужчына плюхнуў на падпаленыя шпалеры бензін з каністры. Уваходныя дзверы загарэліся і ў дом, дзе знаходзілася яго жонка і дзеці, паваліў чорны дым – паведамляе пра злачынства раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Жанчына замкнулася знутры на металічны кручок, а каб упусціць паветра ў дом, разбіла вокны ў пакоі. Потым мужчына пабаяўся, што спаліць дом і затушыў пажар. Пасля гэтага сышоў з дому. Пра здзейснены ўчынак ў міліцыю паведаміла сястра пацярпелай, таму хлопца хутка затрымалі. Мужчына прызнаў сваю віну і раскаяўся аб сваім учынку, што стала змякчальнай акалічнасцю на судзе.

Была заведзена крымінальная справа, згодна якой маладога мужчыну пакаралі пазбаўленнем волі на 1 год 6 месяцаў. Пры гэтым прызначэнае пакаранне не будзе прыведзена ў выкананне, калі на працягу года мужчына не здзейсніць новае злачынства, а таксама будзе пастаянна апавяшчаць аддзел міліцыі аб сваім месцазнаходжанні. 

Фота ілюстрацыйнае

Больш за 10 праміле – трагічны алкагольны рэкорд у Бабруйску

Судовыя эксперты падвялі сумныя вынікі алкагольных смерцяў за 2022 года на Магілёўшчыне.

У Бабруйску было знойдзена цела 72-гадовага мужчыны, у крыві якога канцэнтрацыя алаколя склала рэкордныя 10,3 праміле. Для падобнага паказніка мужчына павінен быў выпіць каля 2 літраў гарэлкі за кароткі прамежак часу.

8,6 праміле выявілі ў крыві 65-гадовай жанчыны, што памерла ў Магілёўскім раёне ў 2022 годзе. Гэта антырэкорд сярод жанчын. 

Наогул для чалавека ў сярэднім смяротнай лічыцца доза алкаголю, якая паказвае больш за 5 праміле. Але здараюцца і нечаканыя выпадкі. Так, самым вядомым зафіксаваным выпадкам з’яўляецца паказчык у 13,74 праміле – такі вынік паказаў тэст у мужчыны, якога патрульныя знайшлі на абочыне ў польскім горадзе Тарноўска Воля ў ліпені 2013 года. Да шчасця, гэты чалавек не быў за рулём, і ён выжыў.

Папярэдні рэкорд выжывальнасці паказаў 67-гадовы жыхар баўгарскага горада Плоўдзіў. Тэст паказаў вынік у 9,14 праміле. Прычым пажылы аматар спіртнога апынуўся на бальнічным ложку выпадкова. Туды ён патрапіў не з-за алкагольнага атручвання, а пасля таго як яго збіў аўтамабіль. Зрабіўшы аналізы, медыкі не паверылі сваім вачам і паўтарылі даследаванне 5 разоў.

Фота: Судовыя экспертызы