За гвалт над шасцігадовай затрыманы педафіл

Па гарачых слядах быў затрыманы 66-гадовы жыхар аднаго з раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці, які здзейсніў сэксуальны гвалт над 6-гадовай дзяўчынкай. Як паведамляе прэс-служба УУС, пенсіянер пазнаёміўся з дзяўчынкай у гандлёвым цэнтры і прапанаваў праводзіць дадому. Замест гэтага ён завёў малалетнюю ў бязлюднае месца, дзе здзейсніў з ёй гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару.

Дзяўчынка расказала пра гэта сваёй маці, і тая тэрмінова выклікала міліцыю. Праз некалькі гадзін мужчына быў затрыманы.

Фота: УУС, скрыншот

На дзень пажылога чалавека магілёўскія цырульні зробяць зніжкі

Больш за дзясятак магілёўскіх цырульняў зробяць зніжкі для пенсіянераў на дзень пажылога чалавека, што адзначаецца 1 кастрычніка, і ў бліжэйшыя даты. Так, ужо з 29 верасня простая стрыжка для пенсіянераў у цырульні ў гасцініцы “Турыст” будзе каштаваць 5 рублёў. З 1 па 3 кастрычніка цырулні на вуліцы Крывуліна і Каштанавай прапануюць зніжкі ад 10% да 50% за мадэльную стрыжку і на ўсе віды паслуг. Поўны спіс прапановаў па акцыі можна знайсці тут.

Фота ілюстрацыйнае

Ад старой лядоўні ў Бабруйску ўспыхнула кватэра

На шчасце, гаспадароў не было дома. Днём 26 верасня пажар здарыўся ў кватэры на чацвёртым паверсе пяціпавярховіка па вуліцы Крылова ў Бабруйску. Ратавальнікі паспелі загасіць полымя і не далі перакінуцца яму на суседнія кватэры – паведамляе прэс-служба МНС.

Прычынай узгарання стала маразільная камера 2004 года выпуска, тэрмін эксплуатацыі якой даўно мінуў. На момант пажару гаспадары знаходзіліся на лецішчы, таму пацярпелах няма.

Фота: МНС

Кошты завышаліся ў восем разоў – дзяржкантроль накрыў кампанію, пастаўшчыка ў бальніцы і школы

Магілёўская арганізацыя пастаўляла ва ўстановы адукацыі і аховы здароўя садавіну і гародніну па завышаных цэнах – заяўляюць у Камітэце дзяржкантроля. У асобных выпадках аптовая надбаўка перавышала дапушчальную ў 8 разоў.

У прыватнасці, пры пастаўцы цыбулі магілёўскаму цэнтру па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый прымянялася аптовая надбаўка 250 працэнтаў. Пры пастаўцы бульбы адной з раённых бальніц – 280 працэнтаў пры дазволеным узроўні не больш як 30 працэнтаў. Нанесены дзяржаве ўрон склаў больш за 85 тыс. рублёў.

Фота: Дзяржкантроль

Суседзі выратавалі пенсіянерку на пажары ў Асіповічах

Раніцай 26 верасня пажар адбыўся ў прыватным доме па вуліцы Веры Харужай у Асіповічах. Яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў, гаспадыня дома – пенсіянерка 1939 года нараджэння – была выратаваная мясцовымі жыхарамі. З апёкамі, яна шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

У Горках праходзіць конкурс фігур з рулонаў саломы – фота

Раённая газета “Горацкі веснік” абвясціла конкурс на лепшую фігуру з саломы, усталяваную арганізацыямі сферы культуры і адукацыі на палях Горацкага раёна. У конкурсе ўдзельнічаюць тры дзіцячыя школы мастацтваў і два раённыя дамы культуры. Прыняць удзел у конкурсе можна тут.

Фота: Горацкі веснік

Ужо некалькі гадоў – вось такі ўваход у бальніцу пад Асіповічамі

Асфальт перад галоўным уваходам у бальніцу сястрынскага нагляду ў вёсцы Дараганава Асіповіцкага раёна мае такі выгляд ужо некалькі гадоў. Падчас правядзення рамонтных работ на падземных камунікацыях дарожнае пакрыццё было ўскрытае, ды так справу і пакінулі.

“Напэўна, на тое ёсць нейкія аб’ектыўныя прычыны, але ж роўнасць дарогі каля важнага сацыяльнага аб’екта, галоўнай установы аховы здароўя цэлага сельсавета – аб’ектыўная неабходнасць. – адзначае на сваіх старонках раённае выданне “Асіповіцкі край” – Цяжка хворым, рухома-абмежаваным пацыентам сталага веку кожны крок даецца з цяжкасцю, а тут яшчэ штучна створаныя перашкоды ў дадатак.”

Фота: Асіповіцкі край

І нават фарфоравыя статуэткі – бабруйскага злодзея знайшлі па адбітку пальца

Калі 62-гадовая жыхарка Бабруйска прыйшла з працы дахаты, то не знайшла ў сваёй кватэры ноўтбук, фен і фарфоравых статуэтак. А знайшла п’янага сына, які адпачываў пасля кампаніі з выпадковым знаёмым. Пакуль маці была на працы, сын выпіваў і дазволіў незнаёмаму мужчыне правесці сябе дадому. Тут двое субутыльнікаў працягвалі даганяцца півам, а калі гаспадар заснуў, госць вынес з кватэры што ўдвлося.

Злодзея знайшлі дзякуючы адбітку пальца – паведамляе прэс-служба Камітэта судовых экспертыз. Ім апынуўся 39-гадовы жыхар Бабруйска. Сваю віну ён прызнаў цалкам, але рэчы не вярнуў, бо ўжо паспеў прадаць.

Фота: Судовыя экспертызы

“Зменш 500 чалавек” – што не так з магілёўскімі Дошкамі гонару

Карыстальнікі соцсетак заўважылі прыкрыя памылкі на магілёўскіх дошках гонару. “Новая пампезная Дошка гонару ў цэнтры Магілёва. – піша ў сваім інстаграме вядомы гарадскі блогер з нікам prasalovich – А ведаеце, чаму “зменш 500 чалавек”? Таму што на суседняй шыльдзе – “звыш 500 чалавек”!”

“А гэты выпадак я нават памылкай не наважваюся назваць – працягвае назіральнік – А раптам гэта праява лакальнай гендэрнай рэвалюцыі? Памятаеце сацыяльную рэкламу “Человек изобрела колесо”? Дык, можа, таму і ў Мугілеві “суб’ект” – “лепшая”?”

Mogilev.media прыглядзеліся да магілёўскіх Дошак гонару і знайшлі не толькі пацвярджэнне прыведзеным памылкам, але і яшчэ пару. На той жа гарадской Дошцы спартсмен, у гонар якога названая школа Алімпійскага рэзерву “Багіма” Алег Рыгоравіч Мішчанка пададзены з ініцыяламі – А.Г. Мішчанка. 

На асноўнай Дошцы гонару Магілёўшчыны, якая размяшчаецца за аблвыканкамам, беларусізацыі не паддалося ўжо імя дырэктара прадпрыемства “БелЭмса” Тэйіпа Учара.

Фота: mogilev.media, prasalovich

На Мікалаеўскіх сажалках пад Круглым пройдзе дзень адкрытых дзвярэй

27 верасня, у гонар сусветнага дню турызму, “Мікалаеўскія сажалкі” правядуць Дзень адчыненых дзвярэй. З 10.00 і да 18.00 будзе арганізавана бясплатнае наведванне экспазіцый музея СССР і дома мастака М.У. Неўрава. У рэстаране “Белы ветразь” у гэты дзень усім наведвальнікам будуць прапанаваны стравы беларускай нацыянальнай кухні – паведамляе раённая газета “Сельскае жыццё”.

Турыстычны комплекс Мікалаеўскія сажалкі размешчаны на тэрыторыі Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці ў асяроддзі каскаду сажалак і прылеглага Грыбінскага вадасховішча.

Фота: beltour.by