Мокры снег і каля нуля – надвор’е на новы тыдзень

На пачатку тыдня надвор’е на Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклона, што рухаецца з Бранскай вобласці Расіі ў Валагодскую – адзначае Белгідрамет. 13 лістапада чакаецца перавага воблачнага надвор’я. У многіх раёнах пройдуць дажджы, часам з мокрым снегам. Тэмпература днём да +6°С.

14 лістапада Беларусь апынецца пад уплывам вільготнай няўстойлівай паветранай масы і атмасферных франтоў, якія перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы. Будзе воблачна з праясненнямі. Уначы, днём месцамі – дождж, мокры снег. Уначы і раніцай чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах месцамі галалёдзіца. Вецер пераменных напрамкаў умераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу -3 +2°С, максімальная днём +1 +8°С.

15 лістапада прыйдуць прахалодныя няўстойлівыя паветраныя масы.  Будзе воблачна з праясненнямі, месцамі чакаюцца ападкі – снег, мокры снег. Уначы і раніцай слабы туман і галалёд, на дарогах месцамі галалёдзіца. Тэмпература паветра ночу каля 0, днём +1°С.

Такое ж надвор’е чакаецца таксама ў чацвер і пятніцу – кая 0, дождж і мокры снег. У выходныя крыху пахаладае – да -2°С ноччу. Днём +1 +2°С, без істотных ападкаў.

Фота: mogilev.media

Gastrofest у Магілёве ўжо з наступнага чацвярга – 38 рублёў за сэт, 12 рэстаранаў

Шосты беларускі Gastrofest стартуе 16 лістапада і працягнецца да 3 снежня. Сёлета ён праходзіць ва ўссіх абласных цэнтрах і Мінску. Кошт за адзін сэт у сталіцы – 47 рублёў, тады як у іншых гарадах 38. У Магілёве ўдзел у фэсце бяруць дванаццаць рэстаранаў – “Эдысан”, “101”, “Карчма на Шклоўскім базары”, “Амазонка”, “Цокаль”, “Churchill”, “Дзве палачкі”, “Рахмат”, “Ван Гог”, “Белы ліс”, “Хінкальня” і “Луна”.

Большасць прапанаваных сэтаў сумарна важаць больш за кілаграм. Падрабязнасці пра ўсе прапановы можна знайсці тут – у праграме фестываля.

Gastrofest – гэта серыя гастранамічных фестываляў, якая прыйдзецца даспадобы ўсім аматарам смачнай ежы і якасных напояў. Ва ўсіх фестываляў розная тэма, але адна механіка. Установы прапануюць свае лепшыя сэты па фіксаваным кошце ў пэўны адрэзак часу, а наведвальнікі аддаюць свае галасы за лепшы пачастунак. 

Фота: Gastrofest.by

Пенсіянерка загінула на пажары ў Чавускім раёне

Трагедыя адбылася вечарам 11 лістапада. Пажар успыхнуў у прыватным доме ў вёсцы Хацетава Чавускага раёна. У ім загінула гаспадыня, пенсіянерка – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны пажару і гібелі ўстанаўліваюцца.

Фота ілюстрацыйнае

“Шчырасць адзіноты” Базыля Камарова – куды схадзіць у Магілёве на кароткім выхадным

У Выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва на вуліцы Болдзіна праходзіць юбілейная выстава вядомага мастака Базыля Камарова “Шчырасць адзіноты”. Гэтая выстава ўключае некалькі мастацкіх цыклаў і серый, а таксама асобных твораў жывапісу і графікі, сабраных ў адной зале.

Творчасць Базыля Камарова адрозніваецца глыбокай праработкай гістарычнай і архітэктурнай спадчыны роднага краю. Яго творы з выявамі старажытнага Магілёва лічацца ў шэрагу лепшых рэканструкцый сярэдневяковых беларускіх гарадоў.

Базыль Камароў нарадзіўся 12 ліпеня 1953 года ў в. Міхайлаўск Магілёўскага раёна. З 1965 г. вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. У 1972 годзе скончыў аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). 

Фота: mogilevnews.by

Пад Слаўгарадам узброены мужчына ўступіў у канфлікт з кампаніяй, забіў чалавека і застрэліўся сам

Вечарам 11 лістапада кампанія мужчын адпачывала ў альтанцы на беразе возера каля вёскі Малая Зімніца Слаўгарадскага раёна. Прыблізна ў 17.00 у іх адбыўся канфлікт з незнаёмцам. Як потым высветлілася, ім быў 66-гадовы, неаднаразова судзімы мясцовы жыхар. Падчас канфлікта пажылы незнаёмец стрэліў у аднаго з сяброў кампаніі і знік у накірунку лесапаласы. Ад агнястрэльнага ранення 31-гадовы мужчына загінуў на месцы. 

Па трывозе быў падняты асабовы склад Слаўгарадскага РАУС, у пошуках злачынцы ім аказалі дапамогу праваахоўнікі суседніх раёнаў, а таксама салдаты ўнутраных войскаў – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Ім удалося заблакаваць 66-гадовага рэцыдывіста ў лесапаласе, пасля чаго мужчына застрэліўся. Падрабязнасці трагедыі чакаюцца бліжэйшым часам.

Фота: УУС

Магілёвец на запраўцы двойчы пабіў мужчыну, што нібыта падглядваў за яго жонкай

Прычым у другі раз п’янага хулігана не змаглі стрымаць супрацоўнікі міліцыі, якія прывялі яго на запраўку для разбіральніцтва.

На аўтазапраўцы ў вёсцы Карытніца Бялыніцкага раёна 45-гадовы жыхар Магілёва двойчы напаў на мужчыну, дадзеныя якога не паведамляюцца. Першы напад адбыўся каля 22 гадзін 55 хвілін. У стане алкагольнага ап’янення, магілёвец двойчы ўдарыў мужчыну – у твар і шыю. На судзе ён прызнаў віну часткова, патлумачыўшы, што першапачаткова наносіў удары пацярпеламу, паколькі той, са слоў жонкі абвінавачанага, абражаў яе, не прапусціў у туалет і падглядваў за ёй, калі яна там знаходзілася.

Гісторыя са збіццём працягвалася і далей – піша “Зара над Друццю”. Трохі пазней у гэты ж дзень, быўшы ў стане алкагольнага ап’янення, знаходзячыся на тэрыторыі АЗС N°69 “Беларуснафты”, куды прыбыў па патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі для разбіральніцтва, ён ізноў нанёс пацярпеламу ўдар рукой у вобласць твару.

Магілёўца асудзілі да абмежавання волі на тэрмінам на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З абвінавачанага на карысць пацярпелага спагнана 700 рублёў маральнай шкоды.

Фота ілюстрацыйнае

Педафілу з Асіповіч далі дзесяць гадоў, ахвярай была яго дачка

Дзяўчынка баялася бацьку, паколькі ён пастаянна біў маці, быў неўраўнаважаны і агрэсіўны. Яна стараліся сцерці з памяці непрыемныя зносіны, нікому пра гэта не расказвала. Пачынаючы з лета 2020 года мужчына неаднаразова ўчыняў у адносінах да старэйшай дачкі, якой было на той момант 8 гадоў, дзеянні сексуальнага характару.

Следствам былі ўстаноўленыя пяць эпізодаў гвалту. Зараз мужчыне прызначана 10 гадоў зняволення – піша “Асіповіцкі край”.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве дэфіцыт цэмента

Чытачы mogilev.media паведамляюць пра праблемы з пакупкай цэмента ў будаўнічых крамах абласнога цэнтра. Рэдакцыя пацвярджае – практычна ва ўсіх спецыялізаваных магазінах, якія ўдалося наведаць у цэнтры горада і на ўскрайках, цэменту ў продажы няма, што ў малых пакунках, што ў мяшках па 25 кілаграмаў. Няма яго і на запраўках – але ў першую чаргу таму, што тут яго продаж у зімні перыяд забаронены.

Спецыялісты тлумачаць дэфіцыт цэмента нізкімі вытворчымі магутнасцямі на беларускіх прадпрыемствах. У Беларусі працуе тры заводы па вырабе гэтай прадукцыі – у Крычаве, Касцюковічах і пасёлку Краснасельскі. Сумарна яны пастаўляюць каля 3 мільёнаў тон штогод, тады як народная гаспадарка ў Беларусі патрабуе ў сярэднім 2,5 – 3 тоны на год і яе попыт кожны год вырастае. Улічваючы, што значная частка цэмента ідзе таксама на экспарт, атрымліваецца недахоп на ўнутраным рынку.

“Магілёўскія ведамасці” пры гэтым пішуць пра рост вытворчасці на прадпрыемстве “Крычаўцэменташыфер” – “адгрузка прадукцыі вырасла на 4,1 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а запасы цэменту скараціліся больш як у 4 разы. На знешні рынак адгружана больш за 700 тыс. тон цэменту, што больш, чым за аналагічны леташні перыяд у 1,8 разоў.”

Але, як бачым, рост вытворчасці на адным прадпрыемстве на нязначныя 4,1% мала ўплывае на забяспечанасць унутранага рынка. Вось як тлумачаць спецыялісты перыядычны дэфіцыт цэмента ў краіне: “Праблема ў тым, што цэмент сёння – гэта адзін з галоўных экспартных тавараў Беларусі. За год за межы краіны вывозіцца прыкладна каля 1 млн тон цэменту. Вось вам і прычына дэфіцыту на ўнутраным рынку. Не памылюся, калі скажу, што сёлета, калі ў “Беларуськалія” ўзніклі праблемы са збытам угнаенняў, экспарт цэменту стане другім значэнню пасля нафты і нафтапрадуктаў крыніцай паступлення грошай у дзяржбюджэт.”

Фота: mogilev.media

Будзем з яблыкамі

Амаль дзве тысячы тон яблыкаў закладуць у стабілізацыйны фонд Магілёўскага раёна – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”. 

Закладку сельскагаспадарчай прадукцыі ў стабілізацыйны фонд у Магілёўскім раёне ажыццяўляюць тры суб’екты гаспадарання – ААТ “Фірма “Кадзіна”, фермарская гаспадарка Зайцава В.М. і ТАА “АРНІКА-Агра”.

Так, “Фірма “Кадзіна” плануе закласці ў стабілізацыйны фонд 630 тон капусты, гаспадарка Зайцава – 315 тон капусты, 100 тон буракоў і 93 тоны цыбулі, а “АРНІКА-Агра” – 1962 тон яблыкаў.

Заяўляецца, што для падтрымання таварнага віду і смакавых якасцей на ўвесь перыяд захоўвання і рэалізацыі агародніны і садавіны створаны ўсе неабходныя для гэтага ўмовы.

Фота ілюстрацыйнае

Калі маці вярнулася да ванны, яе 11-месячная дачка ўжо плавала тварам уніз

Трагедыяй ледзь не завяршылася купанне двух малечаў у Бабруйску. 32-гадовая жанчына падрыхтавала ванную для сваіх дзетак, 2-гадовага хлопчыка і 11-масячнай дачкі. Пасадзіўшы малых у ванную, яна выйшла, а калі праз некалькі секунд вярнулася, то дачка ўжо плавала ў вадзе тварам уніз – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. Маці дастала дзаўчынку з вады, крыкнула мужу, той патэлефанаваў у хуткую і пачаў рабіць рэанімацыйныя мерапрыемствы. Медыкі даставілі дзяўчынку ў гарадскую дзіцячую бальніцу з дыягназам «утапленне». Яе ўдалося выратаваць. Цяпер жыццю і здароўю дзіцяці нічога не пагражае.

Паведамляецца, што сям’я характарызуецца станоўча і не знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Жанчына ў дэкрэце, яе муж часова не працуе.

Фота ілюстрацыйнае