Парушэнні – на кожным аб’екце. Санстанцыя праверыла шаўрмічныя і блінныя

Санітарная служба Магілёўскай вобласці правяла наглядныя мерапрыемствы на пяцідзесяці аб’ектах хуткаха грамадскага харчавання, што гатуюць шаўрму, блінчыкі з начынкамі і г.д. На ўсіх аб’ектах былі выяўлены парушэнні – паведамляе “Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”.

У пяці выпадках было зафіксавана выкарыстанне прадуктаў, у якіх завяршыўся тэрмін прыдатнасці. Сярод парушальнікаў – кафэ хуткага абслугоўвання ІП Рошчына ў Крычаве, па вуліцы Ленінскай, 46А, а таксама выязны гандаль ІП Ахрорава ў Чэрыкаве па вуліцы Ленінскай каля аўтавакзала.

У дзевяці выпадках парушаліся ўмовы захоўвання прадуктаў. Такое было выяўлена ў міні-кафэ «Грыльяж» ІП Рэянтовіч у Бабруйску, на вуліцы 50 год ВЛКСМ, 108, а таксама на фудтраку «Шава Бро» ў Магілёве, каля гандлёвага цэнтра «Арбат».

На астатніх аб’ектах былі выяўлены нездавальняючы санітарна-тэхнічны стан памяшканняў, адсутнасць медыцынскіх аглядаў, выкарыстанне прадуктаў з недаставернай маркіроўкай і іншае.

Фота ілюстрацыйнае

У Бабруйску закладчыцамі сталі маці ў дэкрэце і яе 18-гадовая сяброўка

Дзве жанчыны 23 і 18 гадоў былі затрыманыя аператыўнікамі наркакантролю Бабруйска. Старэйшая з жанчын пры гэтым знаходзіцца ў адпачынку пасля нараджэння дзіцяці. Абедзьве фігуранткі набывалі ў наркамаркеце вялікія партыі альфа-PVP, фасавалі і пакідалі ў закладках – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Пры жанчынах і ў схованках было знойдзена 40 грамаў гэтага наркатычнага рэчыва. Зараз ім пагражае да 15 гадоў зняволення.

Фота: УУС, скрыншот

У Магілёве на пажары загінула жанчына, двух суседзяў зверху выратавалі

Позна вечарам 7 лістапада, каля 22.30 здарыўся пажар у кватэры на другім паверсе пяціпавярховіка па Пушкінскім праспекце, 45 у Магілёве. Ратавальнікамі на месцы трагедыі было знойдзена цела жанчыны 1976 года нараджэння, гаспадыні кватэры. З кватэры на трэцім паверсе былі выратаваныя маці і сын, 1965 і 1989 гадоў нараджэння, з атручэннем прадуктамі гарэння. Яны шпіталізаваныя. Яшчэ чатырох чалавек, у тым ліку двух дзяцей эвакуявалі з іншых кватэр дома. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

У Горках зноў правядуць грамадскае абмеркаванне аднаго дрэва

Ужо ў трэці раз за год горацкі райвыканкам выносіць на грамадскае абмеркаванне лёс аднаго дрэва. Mogilev.media пісалі пра першае падобнае мерапрыемства 3 красавіка. Тады рашаўся лёс бярозы, што расла на вуліцы Якубоўскага. Затым 26 красавіка вырашаўся лёс бярозы на вуліцы Пагодзінскай. Сёння, 8 лістапада ў 14.30 у Горацкім райвыканкаме пройдзе абмеркаванне вішні на вуліцы Фрунзэ, каля дома нумар 7. Мяркуецца, што дрэва перашкаджае ў эксплуатацыі гэтага дома.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Магілёўскі “Барысфен” атрымаў дзявятую перамогу з дзевяці і лідзіруе ў чэмпіянаце

Баскетбольны клуб “Барысфен” абыграў каманду “Мінск рэзерв” з разгромным лікам 94:68 у дзявятым туры групы А чэмпіянату Беларусі па баскетболе. Гэта дзявятая перамога запар у магілёўскай каманды. “Барысфен” займае першы радок у турнірнай табліцы групы А, маючы 18 ачкоў. На другім радку ў групе – “Гродна 93” з 14 баламі. У групе “Б” лідзіруе “Гродна 93 ГрГУ” з 12 ачкамі, але ў гэтай групе прайшло толькі шэсць гульняў.

Наступную гульню “Барысфен” правядзе на выездзе супраць “Гродна 93” 14 лістапада.

Фота: bcborisfen.by

Пачалася рэканструкцыя галоўнай бальніцы Бабруйска, знакамітую мазаіку на ёй – знішчаць

З будынка бабруйскай бальніцы імя У. Марзона ўжо выселілі ўсіх пацыентаў, будынак рыхтуюць да зносу – паведамляе bobr.by. На месцы старога чатырохпавярховага корпуса бальніцы плануецца пабудаваць новы, шасціпавярховы.  Разам са старым корпусам “марзонаўкі” знікне і самы пазнавальны бабруйскі арт-аб’ект – першая ў горадзе мазаіка, створаная мясцовым мастаком Сямёнам Абрамавым у 1968 годзе.

Галоўны герой на мазаічным пано – чалавек у медыцынскай масцы, які стаіць на варце грамадскага здароўя. Як толькі стала вядома аб зносе будынка, аўтар мазаікі выказаўся за захаванне свайго твора і нават прапанаваў варыянты. Але, відаць, да яго не прыслухаліся. Мазаіку разбяруць разам са сцяной, якую яна ўпрыгожвае.

Пра пагрозу знішчэння знакавага для Бабруйска арт-аб’екта mogilev.media пісалі яшчэ ў лютым гэтага года.

Вось як каментуюць чытачы рэсурса bobr.by навіну пра страту пано:

– Шкада, што знікне мазаічнае пано. Памятаю яго яшчэ з дзяцінства. І хоць гэты доктар у масцы з сэрцам у руках мне здаваўся далёка не самым добрым, усё ж аб’ект вядомы. У кожнага мастака сваё бачанне… Маглі б знайсці варыянты для захавання. Шкада, што горад губляе сваю самабытнасць і ўсё паступова зліваецца няхай і ў сучасна-адрамантаваную, але шэрую масу…

Фота: bobr.by

У Бабруйску затрымалі бутлегера з 500 літрамі алкаголю

Моцны алкаголь без акцызных марак мужчына прадаваў у інтэрнэце – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Супрацоўнікі АБЭЗ УУС Бабруйскага гарвыканкама выявілі 32-гадовага дырэктара фірмы з Мінска, які прадаваў у інтэрнэце моцны алкаголь без беларускіх акцызных марак. У яго канфіскавана амаль 500 літраў тавару на агульную суму больш за 21 тысячу рублёў. Цяпер яму пагражае штраф на 3 700 рублёў.

Фота: УУС, скрыншот

У Магілёве на будаўніцтве школы загінуў рабочы

Вечарам 5 лістапада на будаўнічай пляцоўцы новай школы ў Магілёве загінуў рабочы, мужчына 50 гадовага ўзросту – паведамляе Следчы камітэт. Падчас работ па ўладкаванні маналітных участкаў ён ўпаў з рыгеля першага паверха на жалезабетонную паверхню. Следчыя высветлілі, што ў парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі працоўны знаходзіўся на рыгелі без страховачнага рамяня і ў незашпіленай касцы.

Фота: Следчы камітэт

У Краснапольскім раёне перакуліўся аўтамабіль, вадзіцель загінуў

5 лістапада каля 12:20 на 119 км аўтадарогі Буда-Кашалёва – Чачэрск – Краснаполле 62-гадовы жыхар Гомеля, праязджаючы на аўтамабілі Opel небяспечны паварот, не справіўся з кіраваннем і перакуліўся.

Вадзіцель ад атрыманых траўм памёр у бальніцы. 61-гадовай пасажырцы аказана медыцынская дапамога – паведамляе ДАІ.

Фота: ДАІ

Маці і сын выжылі, атруціўшыся ўгарным газам пад Магілёвам

30-гадовая жанчына і яе дзесяцігадовы сын былі шпіталізаваныя са свайго дома ў вёсцы Боўшава Магілёўскага раёна пасля атручэння ўгарным газам – піша афіцыйны сайт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Атручэнне адбылося з-за таго, што занадта рана была зачынена пячная задзвіжка.

Фота ілюстрацыйнае